Дырэктар сталічнай школы № 194 Арцём Сідаровіч: формула поспеху педагога — талент, працавітасць, творчасць

- 9:04Главная, Образование

Кіраўнік павінен быць лідарам у сваім калектыве, самастойна вызначаць мэты і задачы, якія стаяць перад установай, выкарыстоўваць нестандартны падыход да вырашэння пытанняў, падкрэсліў Арцём Сідаровіч у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”.

За свой сямігадовы педагагічны стаж 26-гадовы Арцём Сідаровіч паспеў тройчы заняць кіруючыя пасады: стаў дырэктарам Гайненскай сярэдняй школы Лагойскага раёна, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сталічнай гімназіі № 3, а з мінулага года — дырэктарам сярэдняй школы № 194 Мінска.

— У дзяцінстве я марыў стаяць каля дошкі і вучыць дзяцей. Бліжэй да 11 класа пачаў больш свядома звяртаць увагу на прафесію настаўніка, — гаворыць Арцём Аляксандравіч. — Вучыўся ў сярэдняй школе № 161 Мінска, дзе вялікі ўплыў на мяне аказала класны кіраўнік Алена Яўгенаўна Тамашэвіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая стала сапраўдным прыкладам і ўзорам для пераймання. Гледзячы на тое, як яна вядзе ўрокі, як адносіцца да свайго прадмета і да нас, вучняў, я зразумеў, што хачу стаць такім, як мой педагог.

У 2014 годзе Арцём Аляксанд­равіч паступіў у БДУ на гістарычны факультэт і пасля двух курсаў, у 19 гадоў, уладкаваўся на работу настаўнікам гісторыі ў сталічную сярэднюю школу № 32. У 2018 годзе маладога настаўніка запрасілі ўзначаліць сельскую школу на Лагойшчыне. Як так атрымалася? Будучы кіраўнік меў рэзюмэ ў інтэрнэце, і аднойчы яму патэлефанавалі з аддзела адукацыі раёна. 

— За час маёй сямігадовай кар’еры я сутыкаўся з рознымі перашкодамі і праблемамі: сумяшчаў вучобу і работу, прайшоў шлях ад настаўніка гісторыі да дырэктара, удзельнічаў у конкурсах прафмайстэрства. Сёлета заняў 2-е месца ў фінале рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” у намінацыі для кіраўнікоў, — расказаў суразмоўнік. — Асабістым прыкладам натхняў і сваіх калег да ўдзелу ў конкурсах. Лічу, што кі­раўнік павінен быць лідарам у сваім калектыве, самастойна вызначаць мэты і задачы, якія ста­яць перад установай, выкарыстоў­ваць нестандартны падыход да вырашэння пытанняў.

Арцём Сідаровіч выпрацаваў для сябе формулу поспеху, у аснове якой закладзена сем прынцыпаў: паляпшаць і ўдасканальваць; вучыцца новаму; “Ты гэта зможаш!”; адзін у полі не воін (работа ў камандзе); сям’я — пераможны старт (гарманічнае спалучэнне асабістага жыцця з паспяховай кар’ерай); заўсёды думаць пазітыўна і зара­джаць энтузіязмам; выдатна выглядаць і сябе адчуваць.

Арцём Аляксандравіч працуе з камандай са 120 педагогаў, з якімі рэалізуе праекты, праводзіць дыялогавыя пляцоўкі, майстар-класы. Так, зараз калектыў школы прымае ўдзел у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання вопыту стваральнай дзейнасці і наасфернага светапогляду ў дзяцей і навучэнскай моладзі як фактару станаўлення і развіцця чалавека — стваральніка новай цывілізацыі — наасферы”.

Цэнтральнай яго ідэяй з’яўляецца неабходнасць фарміравання вопыту стваральнай дзейнасці старшакласнікаў на этапе дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі ва ўстановах адукацыі. У рамках праекта праходзяць сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі на вытвор­часць, ва ўстановы адукацыі, майстар-класы, дні прафарыентацыі і прафесійныя суботы. Гэты праект створыць умовы для развіцця такіх прафесійных якасцей выпускніка, як міждысцыплінарнасць, лічбавая мабільнасць, гатоўнасць да бесперапыннага развіцця і сама­адукацыі, да праектнай і каманднай работы, фарміравання ўніверсальных кампетэнцый у сферы ІКТ, запатрабаваных работадаўцамі.

— Вучні ўжо да 11 класа павінны дакладна ведаць, кім хочуць быць. Для гэтага ў школе арганізоўваюцца профільныя класы па вывучэнні на павышаным узроўні прадметаў, — гаворыць Арцём Аляксандравіч. — Ёсць задума з наступнага навучальнага года адкрыць авіяцыйны клас. Ужо сёння наладжана цеснае супрацоўніцтва з Нацыянальным аэрапортам Мінск, вучні рэгулярна наведваюць яго структурныя падраздзяленні. 

Навучэнцы школы займаюць прызавыя месцы ў алімпіядах, ін­тэлектуальных і творчых конкурсах. Так, вучні 8 класа сталі лаўрэатамі гарадской канферэнцыі навучэнцаў па астраноміі і ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені. Таксама дыпломам ІІІ ступені адзначаны 9-класнікі ў заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па астраноміі. Іх настаўнік фізікі і астраноміі — Мікіта Аляксеевіч Макарэвіч. Пад яго кіраўніцтвам на YouTube рэалізуецца праект “ФДУ — фізіка для ўсіх” па стварэнні відэаролікаў для выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Тут змяшчаецца дадатковы матэрыял па найбольш цяжкіх тэмах і відэаінструкцыі для выканання лабараторных і практычных заданняў. 

Пад кіраўніцтвам Таццяны Зэлікаўны Буркоўскай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры, навучэнка 7 класа Марыя Алуф перамагла на гарадской алімпіядзе па рускай мове і літаратуры, узнагароджана дыпломам ІІ ступені. У школе арганізавана работа музычнай і харэаграфічнай накіраванасці, дзейнічаюць калектывы: цымбалістаў, інструментальны ансамбль “Звонкія найгрышы”, ансамбль гітарыстаў “Вясёлка”, ансамбль скрыпачоў “Арко”, фартэпіянныя ансамблі. Вучні, якія іх наведваюць, становяцца прызёрамі творчых выпрабаванняў. Так, ансамбль цымбалістаў “Вясёлыя ноткі” пад кіраўніцтвам Людмілы Пятроўны Макаравай стаў лаўрэатам V Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Планета дружбы” (дыплом ІІ ступені), а трыа цымбалістаў “Сябры” — лаўрэатам І Рэспубліканскага шматжанравага конкурсу мастацтваў да Года міру і стварэння “Васільковы небасхіл” (дыплом І ступені). Харэаграфічны ансамбль “Лялькі” пад кіраўніц­твам Ірыны Іванаўны Стахоўскай — дыпламант VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, узнагароджаны дыпломам ІІ ступені IX Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Новыя вяршыні — 2023”.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара