Сонечным восеньскім ранкам 19-гадовы Ілья сышоў з цягніка на перон сталічнага вакзала. У руках — невялікая сумка з асабістымі рэчамі і — у падтрымку трывалых стэрэатыпаў — пакет са шматком сала. У думках — трывожнае чаканне новага жыцця і дзёрзкая, якая бывае толькі ў маладосці, надзея на лепшае. Гэта ўсё, з чым юнак пакінуў сваю радзіму — Украіну — у пошуках мірнага жыцця.
Гісторыі тысяч у гісторыі аднаго з тых, хто вымушаны шукаць новую радзіму, — у матэрыяле нашага карэспандэнта.
Калі вайна ўжо нібыта і не бяда…
Мы размаўляем з хлопцам у адным з кафэ Мінска. Ілья на выгляд яшчэ амаль падлетак. Але за мінулы год ён значна пасталеў — думкамі, развагамі, планамі на жыццё. Ён узгадвае падзеі апошняга года жыцця ў Краматорску і імкнецца прыгадаць: калі ўзнікла разуменне таго, што трэба з’язджаць — тады, калі пачаліся хваляванні, ці тады, калі загрымелі першыя ўзрывы, ці тады, калі разам з іншымі хлопцамі Ілья апынуўся на нейкім “рубяжы” і з голымі рукамі нібыта процістаяў узброеным па поўнай людзям…
— Насамрэч, гэта, напэўна, натуральнае жаданне кожнага чалавека — не ведаць вайны і не жыць ёй, — гаворыць хлопец. — Таму і цяжка сёння прыгадаць, калі з’явілася рашэнне пакінуць Радзіму.
Самыя актыўныя баявыя дзеянні Ілья разам з аднагодкамі перажылі яшчэ ў горадзе. Але потым, з набліжэннем восені, а разам з тым і з разуменнем таго, што тут, у Краматорску, не будзе ні добрай адукацыі, ні работы, якая б дазваляла выжыць студэнту не з самай забяспечанай сям’і, а, галоўнае, з разуменнем таго, што ўся няпэўнасць і непрадказальнасць ваеннага часу па-ранейшаму застаецца рэальнасцю, усё ж канчаткова вырашыў: трэба з’язджаць.
Сёння Ілья нібыта жартуе, а насамрэч з горыччу гаворыць пра тое, што яму, напэўна, лёсам было наканавана апынуцца на “перадавой”. Бо нарадзіўся і жыў да нядаўняга часу ён у Дабраполлі — гэта за нейкую сотню кіламетраў ад Данецка. Пасля прыехаў у Краматорск, паступіў у мясцовую машынабудаўнічую акадэмію. І там, і там жыхары ў той ці іншай ступені зведалі на сабе жахі таго, што на афіцыйнай мове называецца “актыўнай фазай канфлікту”.
— Зрэшты, нам яшчэ пашанцавала, — усур’ёз гаворыць хлопец. — Вось у Славянску сапраўды бяда: разбураны горад, магчыма, не так, як Ленінград у 1943-м, але недалёка ад таго, велізарныя чэргі па звычайную ваду, адсутнасць электрычнасці. І, нягледзячы на гэта, там засталіся жыць людзі. У Краматорску ж найбольш разбураны ўскраіны — менавіта там вяліся самыя актыўныя баі.
І ў гэтым слове — “пашанцавала” — ты, далёкі ад баявых дзеянняў, страляніны і ўзрываў, разумееш усю перавернутасць таго сусвету, калі вайна сама па сабе ўжо нібыта і не бяда, а баявыя дзеянні ўспрымаюцца як непазбежнае і ацэньваюцца з пункту гледжання “ўсё знікла ці штосьці засталося”. І гэта не цынізм, а проста спосаб выжывання.
— Знаходзячыся там, мы быццам і прызвычаіліся — і да раптоўных абстрэлаў, і да ўзрываў, і да ўсіх бытавых цяжкасцей. Звыкліся хутка. Нібы не нашы бабулі і дзядулі, а мы ў 40-я ваявалі. І нават шкло ў вокнах гэтак жа крыж-накрыж заклеена ў многіх кватэрах. І ў нас так было, — прыгадвае хлопец. — І з дзяўчатамі мы сустракаліся, і з сябрамі гулялі ў горадзе. Часам ідзеш увечары, бачыш светлавую ракету і разумееш: зараз пачнецца атака. І сапраўды, праз хвіліну — абстрэлы, узрывы… А мы як ішлі, так і ідзём. Мы ж, лічы, падлеткамі былі, толькі ў гульні камп’ютарнай зброю бачылі.
Далей Ілья прыгадвае сутычкі з узброенымі людзьмі, штурмы, і ўсё — са смехам. Але за гэтым — і ў мяне, і ў яго — разуменне: яго жыццё, як і жыццё яго безразважлівых сяброў, магло скончыцца там зусім недарэчна.
Лёгка не будзе
Хлопцу пашанцавала. Прычым двойчы. Найперш у тым, што застаўся жывым. А яшчэ і ў тым, што ў Беларусі ў яго ёсць сваякі. Гэта і стала вызначальным у рашэнні прыехаць сюды. Хоць разумеў: лёгка не будзе — у чужым горадзе, без адукацыі, вопыту работы і значных фінансавых запасаў.
— Мяне сустрэлі сваякі. Да гэтага я іх не ведаў асабіста, шмат з імі перапісваўся і запытваўся, ці магчыма прыехаць, усё ж гэта няпроста: прыняць, лічы, незнаёмага чалавека з такой масай праблем. Але людзі адразу адгукнуліся, прынялі і дапамаглі вызначыцца з першымі крокамі, — адзначае Ілья. — Зараз жа я хачу ім аддзячыць тым, каб хутчэй стаць на ногі і тым самым даказаць: усё было недарэмна.
Ужо на другі дзень у Беларусі хлопца закруціла імклівае жыццё мігранта: наведванне мясцовага міграцыйнага аддзела, атрыманне медыцынскай даведкі, якая пацвярджае адсутнасць пагрозы для грамадства, афармленне іншых дакументаў.
— Як аказалася, мяне, згодна з заканадаўствам, можна прылічыць да этнічных беларусаў — дзякуючы гэтаму ў далейшым працэдура атрымання часовага пасведчання на права жыхарства можа быць значна прасцейшай, — расказвае Ілья. — Адразу ж даведаліся і пра спецыяльны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 420, дзякуючы якому многае асабіста мне было зрабіць прасцей.
Дарэчы, самым важным у дакуменце для Ільі стала тое, што грамадзяне Украіны, якія прыбылі з Данецкай вобласці, могуць прэтэндаваць на атрыманне адукацыі — як сярэдняй, так і прафесійнай — на бясплатнай аснове. Улічваючы год вучобы ў машынабудаўнічай акадэміі, Ілья найперш накіраваўся ў БНТУ.
— Але там мяне разгледзелі выключна як замежніка і прапанавалі кантракт і інтэрнат за 300 долараў, іншымі словамі, была магчымасць навучацца толькі як замежнаму грамадзяніну на платнай аснове, — адзначае хлопец. — Зрэшты, усё правільна, мне ніхто нічога не абавязаны: ва ўказе права вырашаць прымаць на навучанне ці не такіх студэнтаў, як я, нададзена менавіта ўстанове адукацыі. Таму пайшоў шукаць іншыя варыянты. Звярнуўся ў Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Там прынялі без аніякіх праблем, нават нягледзячы на пэўнае спазненне ў тэрмінах.
З разлікам толькі на сябе
Вось так Ілья стаў навучэнцам 1 курса каледжа. Сёння ён ужо дагнаў па праграме сваіх аднагрупнікаў. Здае кантрольныя, экзамены.
І ў гэтым яго “ніхто нічога мне не абавязаны” ўся сённяшняя жыццёвая філасофія хлопца. Ён не разлічвае на нейкія асаблівыя адносіны да сябе, ільготы, дапамогу звонку. Толькі на сябе. Калі ж атрымлівае падтрымку, то заўсёды з вялікай удзячнасцю.
А праблем, нават нягледзячы на прынятыя дзяржавай меры, на ўзроўні жыцця простага чалавека хапае. І часам там, дзе па паперах неабходна зрабіць адзін крок, у рэальнасці нярэдка аказваецца, што сотню. Складана з жыллём: пакуль што ўдалося знайсці толькі месца ў пакоі за 170 умоўных адзінак. Знайсці працу таксама было няпроста. Яно і зразумела: студэнтаў, якія жадаюць падзарабіць, у Мінску дастаткова, і далёка не кожны наймальнік будзе абцяжарваць сябе атрыманнем дазволу на работу замежнага грамадзяніна. Але Ілья, зноў-такі з яго “мне ніхто нічога не абавязаны”, раз за разам пракручваў аб’явы аб вакансіях і ўрэшце знайшоў тое, што яму падыходзіць.
— Адказнасці зараз больш. Але мне падабаецца. А там сядзіш і чакаеш. Не ведаеш, што будзе далей, і, галоўнае, разумееш: ад цябе нічога не залежыць.
Я вельмі рады, што тут. Тут мноства магчымасцей. І сядзець ныць у сталіцы, што няма чым заняцца ці дзе зарабіць, — гэта трэба быць апошнім гультаём, — бескампрамісна лічыць юнак. — Я столькі тут пабачыў за пару месяцаў, столькі падзей пазітыўных, цікавых адбылося, што сумаваць у цэлым не прыходзіцца. Падпрацоўваў у масоўцы на здымках кінафільма. І цікава, і грошы заплацілі. Наведваў лекцыі вядомых прафесараў і нават меў цікавую гутарку-дыскусію з прадстаўніком ААН, быў на сустрэчах з беларускімі пісьменнікамі.
У планах хлопца — атрыманне адукацыі. Спачатку ён мае намер атрымаць адукацыю электрыка, на каго зараз і вучыцца. Гэта, так бы мовіць, для цела. А для душы марыць атрымаць гуманітарную адукацыю. У свой час ён зачытваўся філосафамі, і толькі рэаліі жыцця прымусілі шукаць больш прыкладную прафесію.
І, гледзячы на Ілью, разумееш: усё ў яго атрымаецца. Ну не можа не атрымацца — з такой працаздольнасцю, мэтанакіраванасцю, уменнем разлічваць на ўласныя сілы. І нязменным энтузіязмам.
— Увогуле, у вас выдатна. Спачатку я наогул бясконца захапляўся. Калі ж у мяне ў метро скралі сумку з усімі дакументамі, крыху загасла гэтае захапленне, — смяецца хлопец. — Праўда, калі назаўтра ў аддзеле міліцыі вярнулі скрадзенае, тое ж адчуванне вярнулася. Узровень развіцця ў вас зусім іншы. Знешняя карцінка куды больш прывабная. Людзі?.. Урэшце, тыя ж, што і ў нас. Проста нашы людзі вельмі стаміліся. Не, нават не так: знясілелі. Разумееце розніцу? Прычым не толькі за апошні год. Намнога раней. Знясілелі ад штодзённай барацьбы за кожную грыўну, толькі каб пракарміць сям’ю. І жыць ім ад гэтага нават не хочацца, не гаворачы ўжо пра нейкія грамадзянскія пазіцыі… Спачатку кідаліся ад адной ідэі да іншай… Пакуль не зразумелі: усё пустое… І сёння поўнасцю знясіленыя. Таму і злыя. На жыццё, на ўсё навокал.
На пытанне ж, ці збіраецца з часам вярнуцца на Радзіму, Ілья надоўга задумваецца.
— Ведаеце, у мяне зараз адчуванне, як у галоднага чалавека, якому раптам выпала магчымасць наесціся. Вось наталяю я гэты “голад”, і ўсё не хапае. Чаго? Вам цяжка, напэўна, зразумець, але радасна ад самых простых рэчаў: таго, што можна вучыцца, таго, што можна працаваць, таго, што можна выйсці з пэўнымі планамі на дзень і яны ўвасобяцца, таго, што можна проста жыць, а не існаваць з паўсядзённым трывожным чаканнем. Адмовіцца ад гэтага? Не. Магчыма, калісьці гэтае адчуванне і знікне. Але не зараз.
Алена МАРКЕВІЧ.