Ёсць кантакт, або Любімая прафесія для нераўнадушнага чалавека

- 12:04Рознае, Сацыяльны ракурс

Наладзіць поўны кантакт са сваімі падапечнымі школьнікамі, іх бацькамі, калегамі, супрацоўнікамі праваахоўных і сацыяльных органаў, іншых службаў — не толькі справа гонару для кожнага сацыяльнага педагога, але і абавязковая ўмова яго паспяховай работы. А калі ўсё атрымліваецца? Зразумела, калі абраная спецыяльнасць падабаецца, калі падтрымлівае калектыў, калі ёсць магчымасць для прафесійнага росту. Усе гэтыя і яшчэ многія складнікі трывала задзейнічаны ў рабоце сацыяльнага педагога сярэдняй школы № 76 Мінска Марыны Станіславаўны Мястоўскай.

Мы вучымся

“Змяніцца не можа ніхто, але стаць лепшым можа кожны”, — сустракае наведвальнікаў выказванне на стэндзе ля кабінета сацыяльна-педагагічнай службы. Тут таксама нумар тэлефона даверу для дзяцей і падлеткаў, нумары ўчастковага інспектара, інспектара МНС, інфармацыя аб акцыі “Не — наркотыкам”, шмат іншых звестак. У самім кабінеце інфармацыі, плакатаў, стэндаў яшчэ больш. На адным з іх надпіс, які працягвае думку, вынесеную на стэнд у калідоры, — “Найлепшы спосаб зрабіць дзяцей добрымі — гэта зрабіць іх шчаслівымі”. І ўсё ў гэтым пакоі яркае, прыцягальнае, пазітыўнае. Адразу зразумела, што тут часта бываюць дзеці. “Канечне, — пацвярджае мае назіранні Марына Станіславаўна. — У нас тут столькі дзяцей, бывае, збіраецца, што месца не хапае”.
Яна сама ў гэтым кабінеце пяты год. Прыйшла ў школу, калі яшчэ вучылася на 5 курсе факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. На 4 курсе студэнтцы, якая прыехала ў Мінск са Смаргоні, давялося папрацаваць псіхолагам у дзіцячым садзе. Але, калі прыйшла ў школу, зразумела, што менавіта сацыяльная педагогіка яе работа, і работа любімая. А я пераконваюся, што размаўляю са спецыялістам, які, безумоўна, знайшоў сябе ў жыцці, які, бясспрэчна, знаходзіцца на сваім месцы. І гэта, пагадзіцеся, найлепшае, што можа здарыцца з чалавекам у яго прафесійнай дзейнасці.
Малады педагог не хавае таго, што даволі шмат тых, хто, як і яна, закончыўшы педагагічную ўстанову вышэйшай адукацыі, не збіраецца рабіць педагогіку справай усяго жыцця. “Некаторыя аднакурснікі здзіўляюцца, што я не толькі дагэтуль працую сацыяльным педагогам, але і не маю намеру работу мяняць”, — гаворыць М.С.Мястоўская. Яна ж не толькі не збіраецца, яна ўпэўнена, што сацыяльная педагогіка — гэта ўсур’ёз і надоўга. Так, у школу Марына Станіславаўна прыйшла студэнткай, а калі закончыла ўніверсітэт, то дзякуючы вопыту работы падчас студэнцтва адразу атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю, на што мела права дзякуючы таму, што закончыла ўстанову з дыпломам з адзнакай. Зараз рыхтуецца да таго, каб у 2015 годзе прайсці атэстацыю на першую катэгорыю. Прычым Марына Станіславаўна збіраецца працягнуць распрацоўку тэмы, калісьці абранай для дыпломнай работы ў БДПУ імя Максіма Танка, звязанай з работай з дзецьмі, у адносінах да якіх прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Працаваць у 76-й школе Марыне Станіславаўне падабаецца яшчэ і таму, што тут увесь калектыў на чале з дырэктарам Аленай Васільеўнай Паланевіч цудоўны, як гаворыць мая суразмоўніца. “І намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Кімаўна Сурма вельмі падтрымлівае з самага пачатку маёй работы ў школе, — кажа М.С.Мястоўская. — Такая шчырая падтрымка, паверце, дарагога каштуе”.
Не так даўно маладога, але ўжо даволі вопытнага педагога запрасілі на сустрэчу з першакурснікамі ў родную ўстанову вышэйшай адукацыі. “Многія прыходзяць на факультэт, добра не разумеючы, што такое сацыяльная педагогіка, — заўважае мая суразмоўніца. — Я настройвала студэнтаў на тое, што на нашым факультэце вельмі цікава вучыцца, а потым і працаваць па спецыяльнасці. Мне самой, напрыклад, заўсёды падабалася, што ў нас было многа практычных заняткаў, прычым практыка пачынаецца з першага семестра. У нас, напрыклад, першая практыка была ў дзіцячым доме — гэта адразу акунула ў прафесію. А на курсе псіхалогіі праводзяцца заняткі па такіх цікавых напрамках, як казкатэрапія, драматэрапія. Усё гэта на практыцы, з рэальнымі людзьмі, як з дзецьмі, так і з дарослымі. Такая работа вельмі многа дае”.

Нам цікава

Мікрараён, у якім размясцілася сталічная школа № 76, своеасаблівы. Першае, што заўважаеш, калі падыходзіш да ўстановы, — некалькі інтэрнатаў, дзе, відавочна, жывуць простыя, не самыя заможныя беларускія сем’і. У старой школе (1961 года пабудовы, як сведчыць надпіс пры ўваходзе) зараз 235 навучэнцаў. Дзесяць з іх — з катэгорыі дзяцей, у адносінах да якіх прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адзінаццаць стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.
“Мне з гэтымі падлеткамі цікавей за ўсё працаваць. І я лічу, што справа не ў лічбах, не ў колькасці такіх дзяцей, а ў тым, што мы здольныя зрабіць, каб ім дапамагчы. У падлетка, якога ўдаецца разварушыць, уцягнуць у агульнашкольныя справы, перш за ўсё мяняюцца вочы: з пустых яны ператвараюцца ў напоўненыя цікавасцю. Мне сацыяльная педагогіка тым і падабаецца, што можна атрымаць практычны, заўважны вынік”, — гаворыць Марына Станіславаўна. Яна наогул такая: ніякіх скаргаў на цяжкую работу з непаўналетнімі правапарушальнікамі, нядобранадзейнымі сем’ямі, невялікую зарплату, ненармаваны, па сутнасці, працоўны дзень. Бо яна аптымістка, а яшчэ прафесіянал, нягледзячы на малады ўзрост.
Адно з пацвярджэнняў прафесіяналізму педагога — 2 месца на сёлетнім гарадскім конкурсе сацыяльных педагогаў. Перада мной на стале ляжыць яшчэ адна грамата, атрыманая літаральна днямі за 2 месца, якое навучэнцы школы занялі ў раённым конкурсе экалагічнай моды “Галерэя ўзораў”. За спінай маёй суразмоўніцы яшчэ шмат грамат і дыпломаў, як яе асабістых, так і вучнёўскіх, сабраных пад агульнай шыльдай “Поспех”. Прычым частка гэтага агульнага поспеху створана і ствараецца з дапамогай тых самых цяжкіх падлеткаў, якіх сацыяльны педагог з дапамогай калег, канечне, заахвочвае да творчай дзейнасці.
Між іншым адзін са стэндаў у кабінеце сацыяльна-педагагічнай службы адведзены пад выказванні аб тым, якое права ў жыцці дзеці лічаць для сябе найбольш важным. Прычым гэта словы навучэнцаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Адно выказванне, зусім простае, асабліва мяне ўразіла. Хлопчык так вызначыў сваё галоўнае права: “Быць здаровым і шчаслівым”. Ці не ўсе мы жадаем гэтага? Толькі вось на старце не ў кожнага сустракаецца чалавек, здольны дапамагчы вызначыцца з правільным шляхам да таго самага шчасця.
“Гэтым дзецям звычайна больш цікавая вуліца, чым школа, — разважае М.С.Мястоўская. — Але калі яны бачаць вынік, і вельмі нядрэнны вынік, якога мы разам дасягаем, то ў іх з’яўляецца матывацыя. Мы ўдзельнічаем у такой колькасці розных конкурсаў, што абавязкова для кожнага знойдзецца штосьці цікавае. Зараз вось збіраемся ўдзельнічаць у раённым конкурсе “За здаровы лад жыцця”, рыхтуем плакат па прафілактыцы СНІДу. Абавязкова ўдзельнічаем у прававых конкурсах, перамаглі ў конкурсе “Дзве зоркі”, у якім удзельнічалі педагог і навучэнец, атрымалі на ім і прыз глядацкіх сімпатый”.
— А як, на ваш погляд, лепш за ўсё праводзіць прафілактыку наркаманіі? Гэта надзвычай актуальная праблема зараз, — пытаюся я ў педагога.
— Тут, лічу, важна не перагрузіць падлеткаў інфармацыяй, дэманстрацыяй наглядных матэрыялаў па тэме, — адказвае яна. — Бо залішняя інфармацыя можа падштурхнуць нездаровую цікаўнасць.
Прыкметна ж дапамагчы ў прафілактыцы наркаманіі здольны, напрыклад, ролевыя гульні, упэўнена Марына Станіславаўна — так многія праблемы, звязаныя з наркаманіяй, становяцца відавочнымі для падлеткаў.
І тут, у прафілактыцы наркаманіі, іншых дрэнных звычак, поле дзейнасці спецыяліста, безумоўна, больш шырокае, чым вучэбныя класы, бо працаваць даводзіцца, канечне, не толькі з дзецьмі. Увага накіравана на сем’і навучэнцаў, а яшчэ сяброў, бо сацыяльны педагог сустракаецца і з імі, каб паўплываць на сваіх асабліва няўрымслівых падапечных.
“Гляджу на цяперашніх школьнікаў і разумею, што калі для мяне ў іх узросце галоўнай была сям’я, то зараз для многіх — вуліца і вулічныя кампаніі. Спрабую змяніць гэтыя арыенціры”, — кажа М.С.Мястоўская. Галоўны прынцып пры гэтым, як у медыкаў, — не нашкодзіць. З многімі так званымі цяжкімі падлеткамі педагогу ўдаецца наладзіць настолькі даверлівыя адносіны, што тыя тэлефануюць ёй вечарам: “Марына Станіславаўна, я ўжо дома, усё добра, не хвалюйцеся”.

Ідзём да прафесіі

Супрацоўнічаць Марыне Станіславаўне, каб спрыяць паспяховай сацыялізацыі падлеткаў, неабходна, канечне, і з калегай — педагогам-псіхолагам Таццянай Аляксандраўнай Дударчык, іншымі педагогамі, прадстаўнікамі праваахоўных органаў, раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, БРСМ, іншых службаў. “Многія гэтыя арганізацыі знаходзяцца непадалёк ад школы, што спрашчае ўзаемадзеянне”, — заўважае М.С.Мястоўская. Адна ж арганізацыя размяшчаецца не тое што недалёка, а літаральна ў самой установе адукацыі.
Справа ў тым, што школу № 76 сталіцы смела можна назваць унікальнай, бо тут знаходзіцца гарадскі рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі на базе вучэбна-вытворчага камбіната. У ВВК падлеткаў не толькі з Савецкага, але і з іншых раёнаў сталіцы навучаюць азам прафесій кухара, цырульніка, прадаўца, швачкі, медсястры, сакратара, ёсць яшчэ заняткі па аўтасправе. У канцы навучальнага года, падчас экзаменаў у камбінаце, у школе праходзяць цэлыя прафесійныя шоу.
Але на гэтым прафарыентацыйная работа не заканчваецца, і самы актыўны ўдзел у ёй прымае сацыяльны педагог, бо, як пераканана Марына Станіславаўна, каб дапамагчы сучасным дзецям і падлеткам паспяхова сацыялізавацца, работы па адным-двух напрамках недастаткова, неабходна задзейнічаць усе рэсурсы, каб вывесці навучэнцаў з віртуальнага свету ў рэальны, падрыхтаваць да дарослага жыцця. І прафарыентацыйная работа тут зусім не на апошнім месцы.
Выступленне М.С.Мястоўскай на сёлетнім гарадскім конкурсе якраз і засноўвалася на рабоце па прафарыентацыі школьнікаў. Прэзентацыя вопыту педагога называлася “Лабірынт выбару прафесіі”. У ёй, напрыклад, былі прадстаўлены прафарыентацыйная гульня, прычым арыентаваная на ўсіх школьнікаў — ад першакласнікаў да будучых выпускнікоў, гульнятэка “Вясёлка прафесій” для самых маленькіх, анлайн-дыягностыка “Лабараторыя самапазнання”, “Лабараторыя прафесіязнаўства” з прафесіяграмамі канкрэтных прафесій, “Тэрыторыя для розуму і росту” з указаннем на сайты беларускіх устаноў адукацыі, іншая інфармацыя, пададзеная творча, цікава для навучэнцаў.
Рыхтавацца да конкурсу Марыне Станіславаўне, між іншым, было прасцей, дзякуючы напрацаванаму вопыту. Буйнамаштабная школьная гульня “Прафлабірынт”, якая стала адным з краевугольных камянёў прэзентацыі, праводзіцца ў школе не першы год, штомесячна, у кожную чацвёртую суботу. Справа гэта, канечне, не толькі сацыяльнага педагога, але і ўсёй школы, і вучэбна-вытворчага камбіната таксама. Навучэнцы малодшых класаў, напрыклад, прыходзяць у ВВК, каб паглядзець, чаму навучыліся старшакласнікі, па меры сваіх магчымасцей удзельнічаюць у прыгатаванні страў. Дзяўчаты, якія вучацца на цырульнікаў, заплятаюць сваім малодшым сяброўкам косы. А для старэйшых гэта своеасаблівыя майстар-класы, дзе можна прадэманстраваць атрыманыя навыкі. “Задзейнічаны ўсе, — кажа Марына Станіславаўна. — Дзяцей у школе не так многа, і мы маем магчымасць дайсці да кожнага”.
Але і гэта не ўсё. Для дзевяцікласнікаў тут ёсць курс па выбары прафесіі, на якім выкладаюць спецыялісты-псіхолагі гарадскога Цэнтра прафесійнай арыентацыі моладзі. А гэта яшчэ адзін крок на агульным шляху выхаваўчай работы.

* * *

…Падчас нашай размовы з Марынай Станіславаўнай у кабінет заглянула намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Кімаўна Сурма. “Самае галоўнае, што чалавек хоча вучыцца, сам навучае іншых і імкнецца павышаць свой прафесійны ўзровень, — выказалася вопытны педагог наконт работы сваёй маладой калегі. — У Марыны Станіславаўны вельмі цяжкі ўчастак работы, але яна на ім ужо значна вырасла, і мы яе падтрымліваем ва ўсіх пачынаннях. Будзе каму пакінуць змену”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы № 76 Мінска.