Пачынаючы працоўную дзейнасць, кожны спецыяліст спазнае пэўныя цяжкасці. Як з імі спраўляецца малады педагог-псіхолаг, які сам павінен аказваць падтрымку ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагога-псіхолага сярэдняй школы № 1 Валожына Мінскай вобласці Інгі Юшчанка.
Маладая кроў
Люблю гутарыць з маладымі педагогамі, бо менавіта гэтыя спецыялісты, на мой погляд, здольныя ўдыхнуць новае жыццё ў самыя звычайныя школьныя працэсы. У маладога спецыяліста ў пачатку яго дзейнасці яшчэ няма практычнага вопыту, затое ёсць жаданне мяняць свет да лепшага.
Мая суразмоўніца не выключэнне.
Інга Юшчанка, педагог-псіхолаг валожынскай сярэдняй школы № 1, родам з гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна. У школе яна захаплялася гісторыяй Беларусі і роднай мовай, таму выбрала для сябе прафесію педагога, а крыху пазней звузіла свой выбар да педагога-псіхолага. Маючы мэтавае накіраванне, атрымлівала прафесію ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, які скончыла ў 2020 годзе. Такім чынам, Інга Дзмітрыеўна на сёння ўжо не мае статусу маладога спецыяліста, але ўсё яшчэ малады педагог-псіхолаг, які знаходзіцца ў самым пачатку свайго працоўнага шляху.
— Самым нечаканым для мяне, маладога педагога-псіхолага, на першым рабочым месцы было тое, што я трапіла ў вялікую па мерках нашага горада школу, — расказвае Інга Юшчанка. — Давялося працаваць з дзецьмі самых розных катэгорый, у тым ліку з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама дзецьмі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Скажу шчыра: пры навучанні з такімі дзецьмі я не сутыкалася. Гэта і было самай вялікай цяжкасцю ў пачатку прафесійнага шляху. Паступова я з гэтым спраўляюся, вучуся да гэтай пары і шукаць іншае месца работы пакуль не збіраюся. Працую я практычна з усімі навучэнцамі школы, а гэта больш за 600 дзяцей, і, зразумела, мне вельмі дапамагаюць калегі — сацыяльны педагог школы і класныя кіраўнікі.
Сучасныя падлеткі — гэта…
— Гэта дзеці, якія нарадзіліся са смартфонам у руках, калі можна так сказаць, — працягвае фразу Інга Дзмітрыеўна. — Іх не адарваць ад інтэрнэту, і яны часам маюць зносіны на незразумелай мне мове. Таму сучаснаму педагогу неабходна ісці ў нагу з часам, каб разумець гэтую катэгорыю дзяцей. Як гэта рабіць? Думаю, галоўнае — паказаць, што ты зацікаўлены ў тым, каб зразумець падлетка, калі ты шчыра цікавішся яго жыццём, пытаеш у яго, што значыць пэўнае слова, якое ён выкарыстоўвае. Я цікаўлюся ў навучэнцаў, у якія гульні яны гуляюць, у што я магу пагуляць — і гэта выклікае давер, дзіця пачынае смялей уступаць са мной у кантакт.
Па словах маладога педагога-псіхолага, падлеткі прыходзяць на кансультацыю з рэальнымі праблемамі. Асноўная з іх — булінг, прычым не толькі ў рэальным, але і ў віртуальным жыцці. Другая праблема — адносіны з педагогамі, бацькамі. Іншым разам дзіцяці хочацца проста прыйсці да псіхолага і пагутарыць, зняць напружанне, стрэс пасля ўрока, выгаварыцца, пасядзець і супакоіцца — стабілізаваць свой эмацыянальны стан. Дзіця прыходзіць у кабінет псіхолага, садзіцца ў мяккае крэсла, і пачынаецца нязмушаная размова.
Паміж двух агнёў
Бывае, што падлетак не знаходзіць агульную мову з дарослым — часцей гэта настаўнік ці бацькі дзіцяці. Што ў такім выпадку рабіць педагогу-псіхолагу? Стаць на бок дзіцяці? Інга Юшчанка ўпэўнена, што псіхолаг павінен быць аб’ектыўным, калі ў вучня не складваюцца адносіны з настаўнікам. Ён павінен выслухаць абодва бакі і прапанаваць ім кампраміснае рашэнне. Часцей за ўсё скаргі бываюць на дысцыпліну навучэнца, прычым настаўнік сам прыводзіць вучня да педагога-псіхолага. І тут важна пачуць абедзве пазіцыі, зразумець, чаму дзіця не выконвае патрабаванняў настаўніка.
— Я складаю рэкамендацыі для педагога, прапаноўваючы яму больш увагі ўдзяліць менавіта гэтаму дзіцяці. Магчыма, такога вучня трэба перасадзіць на іншае месца ў класе і праблема вырашыцца. Можа, вучань дабіваецца ўвагі настаўніка, каб яго больш выклікалі на ўроку, — дзеліцца Інга Дзмітрыеўна.
Калі ж дзіця скардзіцца педагогу-псіхолагу на праблемы з бацькамі, асабліва калі яго сям’я нядобранадзейная, то з ёй трэба працаваць комплексна. Разам з сацыяльным педагогам і класным кіраўніком Інга Юшчанка наведвае сям’ю навучэнца, бо важна ўсведамляць, у якіх умовах жыве дзіця, ці ёсць у яго неабходныя школьныя прылады, месца і ўмовы для адпачынку. Сям’я запрашаецца на пасяджэнні “Бацькоўскага ўніверсітэта”, які дзейнічае ў сярэдняй школе № 1 Валожына.
— Заўважу, што большасць праблем у нядобранадзейных сем’ях з-за таго, што тата злоўжывае алкаголем, — працягвае педагог-псіхолаг. — Таму для татаў у нашай школе працуе клуб “Тата+”, дзе бацькі ў рамках групавой работы набіраюцца вопыту ў выхаванні сыноў і дачок. Мы разумеем, што прафілактычныя гутаркі на татаў не аказваюць належнага ўздзеяння, таму і запрашаем іх у клуб. Пасяджэнні клуба для татаў адбываюцца раз у чвэрць. Прыемна, што яны ідуць дамоў пасля пасяджэння клуба з пазітывам, гэта відавочна. Яны бачаць, што праблема іх сям’і не ўнікальная, што яе можна вырашыць. Прычым мужчыны самі генерыруюць цікавыя ідэі, напрыклад, ствараюць агульны чат у Viber, каб працягнуць зносіны і абмеркаваць набалелыя праблемы. Калі чалавек не адзін, калі ён адчувае падтрымку — яму значна лягчэй з усім справіцца.
Дзіцячыя “Зносіны”
У падлеткавым узросце ўменне будаваць адносіны з равеснікамі — адно з самых важных у жыцці. Дзіця можа дрэнна ведаць матэматыку і пісаць з памылкамі, але калі яно ўмее наладжваць узаемаадносіны з навакольнымі людзьмі, ствараць вакол сябе зону камфортных зносін і заводзіць сяброў, то такое дзіця здолее дасягнуць многага.
— Для падлеткаў у нашай школе другі год працуе клуб “Зносіны”, — адзначае Інга Дзмітрыеўна. — Мы праводзім трэнінгі з навучэнцамі на самыя запатрабаваныя ў дзяцей тэмы. У рамках трэнінгаў выкарыстоўваю розныя метады, прычым вельмі добры эфект даюць арт-тэрапеўтычныя методыкі і “мазгавы штурм”. Дзеці дзеляцца набалелым, а равеснікі падказваюць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Таксама мне падабаецца выкарыстоўваць у рабоце з падлеткамі метафарычныя карты — у пачатку і канцы трэнінгавых заняткаў. Заўважыла, што хлопцам і дзяўчатам больш за ўсё падабаюцца казачныя карты: дзеці ёсць дзеці. Выбіраючы карту, яны паказваюць свой эмацыянальны стан, настрой, ім прасцей такім чынам выявіць сябе, пачаць гаварыць. На адну з апошніх сустрэч клуба “Зносіны” я запрашала вучняў 7 класа, з якімі мы працавалі на згуртаванне. Вынікі сацыяметрыі паказалі, што ў гэтым класе ёсць ізаляваныя вучні, і мне захацелася палепшыць мікраклімат у класе.
Як падагульніла малады педагог-псіхолаг Інга Юшчанка, самае цяжкае ў рабоце з сучаснымі падлеткамі — гэта кібербулінг, які складана адсачыць і выявіць. Яшчэ яна прызналася, што ёй было б нялёгка працаваць з дзіцем з суіцыданебяспечнымі паводзінамі, але, на шчасце, яна з гэтым не сутыкалася, хаця гатова, бо нядаўна прайшла курсы крызіснай падтрымкі.
Удачы, Інга Дзмітрыеўна!
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара