Яе ўрок літаратуры — гэта заўсёды дыялог. Што дапамагае Таццяне Зубовіч выхаваць любоў да беларускага слова

- 9:00Главная, Образование

На сваіх уроках настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Слуцка Таццяна Зубовіч імкнецца да таго, каб яе вучні бездакорна ведалі і разумелі родную умову. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Любоў да Купалы і Коласа

Гэтаму яе, маленькую дзяўчынку, з 5 класа вучылі настаўнікі рускай і беларускай мовы Маяцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна Святлана Дайновіч і Ніна Зіневіч. Гледзячы на іх, на тое, як паво­дзяць сябе з вучнямі і з якой адданасцю право­дзяць кожны ўрок, Таццяна Зубовіч паабяцала сама сабе, што таксама стане такой настаўніцай.

“Я настолькі палюбіла беларускую мову, што не ўяўляла, як можна размаў­ляць на іншай, — прызнаецца педагог. — Калі заканч­вала школу, беларуская мова станавілася папулярнай. Хацелася, каб не толькі настаўнікі валодалі родным словам, але і каб дзеці захапляліся ім. Таму заўсёды нагадваю вучням, што па-беларуску можна не размаўляць, але трэба помніць, што мы — беларусы, а значыць, павінны разумець беларускае слова”.

Выхаваць любоў да беларускага слова Таццяне Зубовіч у многім дапамагае беларуская літаратура. Найбольш удала гэтага ўдаецца дасягнуць дзякуючы творам Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча.

“Гэта класікі нашай літаратуры, таму не дзіўна, што яны заўсёды першымі трапля­юць у спіс, які падабаецца дзецям, — зазначае Т.Зубовіч. — Але я, настаўніца, павінна зрабіць так, каб вучням падабаўся кожны паэт і пісьменнік, жыццё і творчасць якога вывучаем. Я ніколі не размяжоўваю аўтараў на цікавых і нецікавых, на тых, хто варты ўвагі альбо не. Кожны з іх меў свой стыль напісання, і пра гэта таксама расказ­ваю дзецям”.

У навучанні дзяцей Таццяна Зубовіч на першае месца заўсёды ставіць выхаванне, а пасля — адукацыю. Настаўніца ўпэўнена: для навучэнцаў прыкладам павінен быць педагог.

“Выхаванне пачынаецца з першага кроку, як толькі настаўнік увайшоў у клас, — упэўнена Т.Зубовіч. — Дзеці звяртаюць увагу на тое, як педагог выглядае, як размаўляе з імі. Для сябе я даўно вызначыла, што поспех і дасягненні ў любым кірунку з’яўляюцца тады, калі ёсць жаданне і імкненне сябе рэалізаваць, калі ёсць падтрымка. Тое самае тычыцца і вучняў. Калі бачу, што ім цікава беларуская мова, але не­шта незразумела, заўсёды дапамагаю разабрацца”.

У мінулым навучальным годзе ўсе вучні, у якіх выкладала Таццяна Антонаўна, выб­ралі для сябе ў якасці профільнага прадмета беларускую мову, якую пасля здавалі падчас ЦЭ і ЦТ. Доказам таго, што настаўніцы ўдалося выхаваць у іх любоў да роднага слова і мовы, з’яўляюцца высокія вынікі на алімпіядах і міжнародных конкурсах.

“Рэната Ганчар тры гады запар атрымлівала дыпломы ІІ ступені на абласным этапе алімпіяды сярод навучэнцаў 9, 10, 11 класаў, а таксама дыплом І ступені на заключным, рэспубліканскім, этапе алімпіяды па беларускай мове, — з гордасцю пераліч­вае педагог. — Акрамя Рэнаты, сваімі дасягненнямі нас парадаваў Мікіта Уласевіч. У яго, калі вучыўся ў 9 класе, быў дыплом ІІ ступені на абласной алімпіядзе. Праз год, у 10 класе, наш вучань атрымаў на другім этапе дыплом І ступені, а ў мінулым навучальным годзе — дыплом ІІІ ступені”.

Тэматычны алфавіт

Каб даходліва растлумачыць новую тэму па беларускай мове, Таццяна Антонаўна складае схемы і табліцы, вядзе канспекты і вучыць гэтаму дзяцей. Калі тэма складаная і ўспрымаецца цяжка, настаўніца арганізуе індывідуальныя заняткі. У першую чаргу яны неабходны, калі вывучаецца лексіка. З-за таго, што вучні жывуць у рускамоўным асяроддзі, яе вывучэнне даецца ім найбольш складана.

“Праводжу індывідуальныя, стымулюючыя і дадатковыя заняткі па гэтай тэме, а таксама арганізуем анлайн-кансультацыі, калі ў гэтым ёсць патрэба, — тлумачыць Таццяна Зубовіч. — У нас з вучнямі створана група ў Viber, дзе мы абмяркоўваем заданні, якія даю для самастойнай работы па той ці іншай тэме”.

Карысць такога падыходу ва ўзаемадзеянні з вучнямі відавочная: настаўнік заўсёды на сувязі і можа яшчэ растлумачыць тое, што ўжо пройдзена. Да таго ж дзеці таксама могуць дапамагаць і падказваць адно аднаму, калі звернуцца з адпаведным пытаннем у чат. Такая групавая работа дапамагае не толькі ў засваенні ведаў, але і збліжае навучэнцаў.

“Заданні, якія даю, служаць для трэніроўкі, для папаўнення лексічнага запасу слоў і для адпрацоўкі пэўнага правіла, але ні ў якім разе не для кантролю ведаў, — запэўнівае Таццяна Антонаўна. — Я вельмі люблю вучыцца і знаходзіць нешта новае, што пасля можна ўкараніць на практыцы. Калі заняткі праходзяць аднолькава, па адным і тым жа прынцыпе і алгарытме, гэта надакучвае”.

Педагог заўсёды вучыцца і імкнецца да большага. Для старэйшых вучняў, якія выб­ралі ў якасці профільнага прадмета беларускую мову, настаўніца стварыла Google-клас.

“Гэты падыход адпавядае прынцыпу змешанага навучання, — тлумачыць Т.Зубо­віч. — Дзеці далучаюцца да таго класа, які ствараю, праз тэлефон ці камп’ютар. Туды ім дасылаю заданні, якія складаю сама. Усе яны — гульнявыя і дазваляюць утры­маць увагу. Вызначаная форма работы вучням вельмі падабаецца, яны ўвесь час цікавяцца, ці будзем працаваць у Google”.

На пачатку ўрока, калі плануецца па­чаць вывучэнне новага матэрыялу, педагог любіць змадэляваць праблемную сітуацыю, якая падвядзе да наступнай тэмы.

“Такі падыход можна выкарыстоўваць у вывучэнні абсалютна любой тэмы, — адзначае Таццяна Антонаўна. — У апошні раз карысталася ім, калі клас праходзіў словаўтварэнне, яго розныя спосабы”. 

Па беларускай літаратуры вучні больш за ўсё не любяць вучыць біяграфіі пісьмен­нікаў. Каб дапамагчы ім у гэтым, Таццяна Зубовіч прымяняе “Тэматычны алфавіт”. Згодна з правіламі, навучэнцам трэба выпісаць з біяграфіі аўтара словы на вызначаную літару. Пасля гэтая падказка дапамагае ім пераказваць тэкст.

“Напрыклад, разглядаем Яна Баршчэўскага, — прыводзіць прыклад настаўніца. — Значыць, з яго біяграфіі трэба ў першую чаргу выпісаць словы на літару “я” — з яе пачынаецца імя пісьменніка. І так робім з кожнай наступнай літарай”.

Удалым інструментам у рабоце з творамі беларускай літаратуры Таццяна Зубовіч называе рабочыя лісты. Апошняя тэма, якую вывучаў 9 клас, была прысвечана Еўфрасінні Полацкай. Каб дзеці запомнілі пра яе як мага больш, педагог прапанавала выпісаць на рабочы ліст усе словы, што з ёй звязаны, і тлумачэнні да іх. Безумоўна, вывучэнне пачалося з тлумачэння імені першай беларускай асветніцы.

“У рабочы ліст дзеці ўпісвалі тлумачэнне яе твораў, што значаць іх назвы і пра што яны напісаны, — дадае настаўніца. — Таксама часта прымяняю падчас урокаў як мовы, так і літаратуры прынцып дапоўненага выразу з апавядання, якое праходзім, альбо з правіла, якое трэба вывучыць”.

Разважаючы пра тое, як педагог выз­начае паспяховасць сваіх урокаў і што дзецям падчас іх было цікава, Таццяна Антонаўна зазначае, што тут няма вялікіх сакрэтаў. Самы важны складнік паспяховасці — гэта калі настаўнік заўважае работу вучняў падчас заняткаў. Калі навучэнцы ўступалі ў дыскусію, былі актыўнымі і задавалі пытанні, значыць, урок быў на карысць і школьнікам, і педагогу.

“Я павінна бачыць, як урок адгукаецца ў вучняў, — падкрэслівае Таццяна Антонаўна. — Іх зацікаўленасць і ўключанасць таксама вельмі важныя, таму раблю ўсё магчымае, каб падчас заняткаў працаваў увесь клас”.

Урок беларускай літаратуры, які праводзіць Таццяна Антонаўна, — гэта заўсёды дыялог. Каб пабудаваць яго і зрабіць актыўным, педагог карыстаецца напрацоўкай “Тры пытанні”. Яе сэнс у тым, што падчас самастойнага чытання нейкага літаратурнага артыкула кожны вучань можа задаць тры пытанні і атрымаць на іх адказы. Такая актыўная групавая работа накіравана на тое, каб дзеці самастойна вызначалі ключавыя моманты, а пасля маглі абмеркаваць іх з аднакласнікамі.

Ці любяць дзеці пісаць сачыненні і ці зніжае настаўніца адзнакі, калі разумее, што правярае спісаную работу? Таццяна Зубовіч гаворыць, што ёсць вучні, якія з за­давальненнем усё пішуць самі і вельмі трапна і ўдала раскрываюць акрэсленую для работы тэму, выказваючы свае думкі і разважанні. Але і тых навучэнцаў, хто любіць спіс­ваць, таксама хапае. Тым не менш адзнакі настаўніца за гэта не зніжае.

“Адразу бачна, калі вучні спісалі з электронных крыніц, але яны стараюцца гэтага не рабіць, — запэўнівае Таццяна Антонаўна. — Спісанае сачыненне можна пазнаць па словах-штампах, некаторых спецыфічна пабудаваных выразах. Але адзнакі за гэта не зніжаю, таму што заўсёды хачу падтры­маць вучня, стымуляваць яго. Нізкая адзнака не зро­біць жаданне вывучаць беларускую літаратуру ці мову больш моцным, наадварот, выкліча абыякавасць і раўнадушша. Мне як настаўніку гэта не цікава. Таму я падтрымліваю сваіх навучэнцаў і ўсяляк іх заахвочваю. Калі вучань будзе бачыць станоўчы водгук на сваю работу, добрую адзнаку, то ён заўсёды будзе прыходзіць на заняткі з задавальненнем і цікавасцю. А гэта і ёсць першы крок да таго, каб захапіць дзіця прадметам”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА