Імя Ірыны Карлюковай, начальніка цэнтра развіцця кар’еры ГрДУ імя Янкі Купалы, добра знаёма настаўнікам Гродзеншчыны, якія рыхтуюць алімпіяднікаў, бо яна каля 20 гадоў дапамагае ім у гэтай няпростай справе, выступаючы трэнерам каманд матэматыкаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўніцкія гены
Ірына Аляксандраўна скончыла Купалаўскі ўніверсітэт у 1998 годзе па спецыяльнасці “Матэматыка”, а праз год — і магістратуру па спецыяльнасці “Прымяненне вылічальнай тэхнікі, матэматычнага мадэлявання і матэматычных метадаў у навуковых даследаваннях”.
— Адразу пасля ўніверсітэта я пайшла працаваць у школу-ліцэй № 1 Гродна — зараз гэта Гродзенская гарадская гімназія. Там жа з 2002 па 2013 год была трэнерам каманды матэматыкаў. З 2004 года пачала працаваць у роднай альма-матар на розных пасадах. З красавіка 2019 па верасень 2021 года была дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Апошнія паўтара года працую начальнікам цэнтра развіцця кар’еры. І ўвесь час актыўна ўзаемадзейнічаю са школьнымі настаўнікамі і іх вучнямі, — расказала І.А.Карлюкова, магістр тэхнічных навук, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.
Дарэчы, яна з педагагічнай дынастыі. Бабуля Лідзія Паўлаўна была настаўніцай пачатковых класаў, дзядуля Васіль Яўсеевіч працаваў у музычным каледжы, тата Аляксандр Васільевіч выкладаў у Купалаўскім універсітэце і таксама актыўна займаўся алімпіядным рухам. А мама Люцына Браніславаўна, хоць і атрымала матэматычную спецыяльнасць у ГрДУ, усё жыццё працавала ў дзіцячым садзе спачатку выхавальніцай, а потым намеснікам загадчыка. Таму можна смела сказаць, што Ірыне Аляксандраўне любоў да педагогікі перадалася на генетычным узроўні.
І.А.Карлюкова займаецца прафарыентацыйнай работай, супрацоўнічаючы з установамі Слоніма, Шчучына, Воранава, гімназіяй № 3 Гродна, праводзіць заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяд, чытае лекцыі “Нестандартныя спосабы рашэння задач па матэматыцы” на курсах у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Да таго ж яна арганізатар дыстанцыйнай і вочнай алімпіяд па матэматыцы для вучняў 4—8 класаў, пастаянны член журы раённых і абласных алімпіяд па матэматыцы.
Інтэнсіў + даступнасць = перамога
— Зараз я займаюся правядзеннем заняткаў у школе дакладных навук пры факультэце матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ, узначальваю журы абласной алімпіяды па матэматыцы, чытаю лекцыі на зборах па падрыхтоўцы да Рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў Гродзенскай вобласці, — паведаміла начальнік цэнтра развіцця кар’еры Купалаўскага ўніверсітэта.
На факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ ў 2014 годзе былі арганізаваны курсы “Алімп”. На іх праводзяцца заняткі па падрыхтоўцы навучэнцаў Гродна і вобласці да алімпіяд па матэматыцы. З 2022 года курсы функцыянуюць у рамках школы дакладных навук, дзе навучаннем дзяцей займаюцца лепшыя выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта і трэнеры каманд школьнікаў Гродзенскай вобласці.
— Мая дакладна выбудаваная сістэма работы з адоранымі школьнікамі, іх трэнерамі і бацькамі дае высокія вынікі: за апошнія дзесяць гадоў слухачы ШДН і факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі дасягнулі поспехаў на розных матэматычных спаборніцтвах. Так, нашы выхаванцы станавіліся прызёрамі раённай алімпіяды 179 разоў, абласной — 108, рэспубліканскай — 41 і нават міжнароднай — 2 разы. Інтэнсіўная падрыхтоўка, даступная нашым слухачам, не толькі садзейнічае засваенню асноўнага вучэбнага і дадатковага алімпіяднага матэрыялу, але і прывівае школьнікам цікавасць да навукі і даследаванняў, — пераканана Ірына Аляксандраўна.
Навучэнцы займаюцца 4 гадзіны на тыдзень ва аўдыторыях ГрДУ ў групах па 8—12 чалавек. Падчас школьных канікул алімпіяднікі трэніруюцца больш інтэнсіўна — па 4—6 гадзін у дзень. Заняткі праводзяцца як у традыцыйнай форме лекцый і практык, так і ў незвычайных фарматах — матэматычных баях, “каруселях”, заліках-практыкумах.
На лекцыях слухачы курсаў знаёмяцца з асноўнымі тыпамі алімпіядных задач і метадамі іх рашэння, разбіраюць заданні, якія прапаноўваліся на алімпіядах рознага ўзроўню ў Беларусі, Расіі і за мяжой.
— Нашы заняткі будуюцца на аснове праграмы факультатываў для навучэнцаў 7—9, 10—11 класаў агульнаадукацыйных устаноў “Рыхтуемся да алімпіяд па матэматыцы”, зацверджанай Мінадукацыі. Штогод колькасць гадзін на пэўную тэму вар’іруецца і залежыць ад узроўню падрыхтоўкі школьнікаў. Тэмы праходзяць цыклічна: спачатку рашаюцца асноўныя задачы, праз нейкі час разглядаюцца новыя аспекты і заданні па гэтай тэме, — дадала выкладчыца.
Па яе словах, узровень складанасці задач залежыць ад таго, да якога этапу алімпіяды рыхтуюцца юнакі і дзяўчаты. Яны не толькі вучацца рашаць алімпіядныя задачы, прымяняючы базавыя навукова-тэарэтычныя веды, але і вучацца выбіраць найбольш рацыянальныя метады рашэння і аргументаваць зроблены выбар, прыводзіць тэарэтычныя абгрунтаванні рашэння задач, а таксама самастойна працаваць з дадатковымі крыніцамі інфармацыі па вывучаемых тэмах. Такім чынам школьнікі пачынаюць шлях у навуку. Усе слухачы курсаў у абавязковым парадку прымаюць удзел у І (школьным) і ІІ (раённым) этапах алімпіяды. Удзел у ІІІ (абласным) этапе вызначаецца па абласным рэйтынгу.
— З 2020 года Купалаўскі ўніверсітэт стаў арганізоўваць у перыяд з верасня па студзень штотыднёвыя вэбінары па падрыхтоўцы навучэнцаў 8—9 класаў да алімпіяд па матэматыцы. У мінулым навучальным годзе было праведзена 16 вэбінараў. Іх удзельнікамі былі педагогі і навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Варта адзначыць вынік удзельніка вэбінараў Аляксандра Страчынскага, вучня 9 класа Радунскай школы, які сёлета заваяваў дыплом ІІ ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, — расказала Ірына Карлюкова.
Сёлетнімі новымі праектамі сталі летняя і восеньская школы “Алімп ШДН — 2023” для навучэнцаў 8—9 класаў па матэматыцы. У іх рамках школьнікі ў анлайн-рэжыме на платформе Zoom вывучылі такія тэмы, як “Дзялімасць. Простыя і састаўныя лікі. НАД, НАК. Алгарытм Эўкліда”, “Метад матэматычнай індукцыі”, “Інварыянты”, “Расфарбоўка”, “Геаметрыя”, атрымалі сціслыя канспекты і заданні для самастойнай работы.
У дапамогу педагогам
Для навучання настаўнікаў методыкам падрыхтоўкі да алімпіяд Купалаўскі ўніверсітэт праводзіць аўтарскія курсы. Напрыклад, праграма курсаў “Нестандартныя падыходы да рашэння задач па матэматыцы” разлічана на 16 аўдыторных гадзін. Удзел у аўтарскіх курсах бяруць настаўнікі школ не толькі Гродзенскай, але і Брэсцкай вобласці. Універсітэцкія выкладчыкі знаёмяць педагогаў з аўтарскай методыкай выкладання тэм алімпіяднай тэматыкі, а таксама разбіраюць праблемныя моманты найбольш складаных тэм. Акрамя гэтага, педагогі атрымліваюць доступ да аўтарскіх вучэбных матэрыялаў з дапамогай воблачных тэхналогій. Па заканчэнні курсаў слухачам выдаецца пасведчанне аб навучанні.
— Я чытаю лекцыі па тэмах “Нестандартныя спосабы рашэння задач па матэматыцы”, “Рашэнне алімпіядных задач па матэматыцы”, “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій на ўроках матэматыкі”. Акрамя таго, рэгулярна падчас школьных канікул праводзім для настаўнікаў тэматычныя навукова-метадычныя семінары “Ад творчага пошуку, удасканалення прафесійных кампетэнцый да алімпу”. Іх мэта — абмеркаванне і аптымізацыя педагагічных і прадметна-змястоўных аспектаў адукацыйнага працэсу, — адзначыла Ірына Аляксандраўна.
Семінары праводзяць і яе калегі. Напрыклад, “Як правесці інтэрнэт-заняткі па гісторыі Беларусі” і “Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі і сэрвісу Web 2.0 у адукацыйным працэсе” — тэмы, якія выкладае старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін А.У.Каляга. З метадамі падрыхтоўкі школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання па біялогіі знаёміць старшы выкладчык кафедры батанікі Л.В.Кавалеўская, з цяжкасцямі тэставых заданняў па беларускай мове — кандыдат фiлалагiчных навук дацэнт кафедры беларускага i супастаўляльнага мовазнаўства М.А.Якалцэвіч і інш.
— Падрыхтоўка школьнікаў да алімпіяд — выдатны варыянт павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і дасягнення імі новых прафесійных вяршынь. Гэта магчымасць раскрываць перад таленавітымі вучнямі, якія хочуць атрымаць новыя веды, усю прыгажосць, практычную значнасць, цікавыя напрамкі свайго прадмета, што не вывучаюцца ў школьным курсе, — падкрэсліла выкладчыца.
Ірына Карлюкова ўзнагароджана чатырма прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі.
Шмат увагі ў Купалаўскім універсітэце ўдзяляецца і даследчай рабоце школьнікаў. Выкладчыкі ГрДУ выступаюць членамі журы канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Хрустальная Альфа”. Дарэчы, яе секцыю “Матэматыка” ўзначальвае І.А.Карлюкова. Да таго ж яна член журы адкрытай рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў устаноў ССА і студэнтаў малодшых курсаў УВА “Ад Альфы да Амегі…”.
— Многія гродзенскія каманды пад маім кіраўніцтвам станавіліся пераможцамі і прызёрамі розных матэматычных турніраў. Даследчая работа Андрэя Хомбака прызнана адной з лепшых на абласной канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Хрустальная Альфа”, а таксама атрымала дыпломы на Рэспубліканскай канферэнцыі школьнікаў па матэматыцы і XIV Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе, — не без гордасці паведаміла суразмоўніца.
Адзін у полі не воін
— Падрыхтоўкай вучня да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах павінна займацца каманда педагогаў. Настаўніку вельмі складана ў адзіночку падрыхтаваць алімпіядніка. Бывае, што не хапае часу, а часам і ведаў. Таму наш універсітэт аказвае дапамогу педагогам у падрыхтоўцы навучэнцаў да рэспубліканскай алімпіяды ў рамках школ юных (матэматыкаў, хімікаў, біёлагаў, філолагаў, журналістаў). Для дасягнення высокіх вынікаў настаўнік і выкладчык павінны спрацаваць камандай: педагогу варта пракантраляваць, што школьнік рашаў на курсах, разабраць незразумелыя моманты і дапамагчы ў рашэнні дамашняга задання. Педагогі часта наведваюць тыя заняткі курсаў, на якіх разбіраюцца найбольш складаныя тэмы, тым самым павышаючы свае прафесійныя кампетэнцыі, — пераканана Ірына Карлюкова.
Яна лічыць, што падрыхтоўка школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах, незалежна ад вынікаў, садзейнічае павышэнню цікавасці вучняў да вывучаемых прадметаў, паглыбленню іх тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, вучыць прымяняць атрыманыя веды ў самых розных сферах, пашырае кругагляд, развівае абстрактнае і лагічнае мысленне, садзейнічае самарэалізацыі асобы.
— Удзел у алімпіядах дае школьнікам больш свабоды, а таксама вучыць іх шукаць і знаходзіць арыгінальныя рашэнні. Навучыўшыся выконваць нестандартныя алімпіядныя заданні, вучань лёгка здасць ЦТ і ЦЭ, — адзначыла выкладчыца. — Дарэчы, з 2023 года пашыраны льготы для паступлення ў рэгіянальныя ўніверсітэты, у тым ліку і ў ГрДУ, для пераможцаў трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама для пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд.
Да таго ж гэтымі днямі, да 8 снежня, Купалаўскі ўніверсітэт праводзіць папярэдні этап шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды па 10 вучэбных прадметах. Уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені атрымаюць права на залічэнне ў ГрДУ без уступных экзаменаў пры паступленні на 26 спецыяльнасцей. З умовамі і тэрмінамі правядзення алімпіяды можна азнаёміцца на сайце www.abit.by.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва гераіні