Уладзімір Махнач: «Пошук адказаў заўсёды збліжае»

- 16:10Высший пилотаж, Персона

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Махнача, дэкана факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута дадатковай адукацыі БДУ, юныя географы і геолагі перамагаюць на міжнародных алімпіядах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У жніўні нашы старшакласнікі сталі сярэбранымі прызёрамі XIV Усерасійскай адкрытай палявой алімпіяды юных геолагаў, а затым заваявалі два сярэбраныя і тры бронзавыя медалі на XVI Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі. Падрыхтоўкай абедзвюх каманд займаліся вы, Уладзімір Віктаравіч. У чым жа сак­рэт поспеху?

— Падрыхтоўка да алімпіяд — шматступеньчаты працэс. Адбор кандыдатаў пачынаецца на гарадскім і раённым этапах, дзе мы заўважаем патэнцыяльных удзель­нікаў міжнародных спаборніцтваў. Прычым важна не проста выбраць тых, хто паказвае веды, але і тых, хто ўмее працаваць у камандзе. Калі прыязджаюць старшакласнікі з розных рэгіёнаў і школ, то самае галоўнае для куратара — аб’яднаць іх у каманду, якая пасля зможа зрабіць немагчымае. Напрыклад, алімпіяды па геалогіі часта палявыя, а ў такіх умовах павінна быць сапраўдная згуртаванасць каманды. Мне як яе кіраўніку даводзіцца падбіраць ключы да кожнага ўдзельніка, каб не толькі разгледзець усе іх здольнасці і магчымасці, а і з’яднаць каманду.

Да таго ж алімпіяднікамі становяцца дзеці з крэатыўным мысленнем, якія не баяцца складанасцей і нечаканасцей. Бо вельмі часта на міжнароднай алімпіядзе трапляюцца нестандартныя заданні, якія патрабуюць творчага падыходу. І яшчэ адно важнае патрабаванне да кандыдатаў — валоданне англійскай мовай, без якой у сучасных рэаліях нікуды.

— А ці ёсць настаўнікі, з якімі вы на рэгулярнай аснове займаецеся падрыхтоўкай такіх алімпіяднікаў?

— Так, сярод іх — настаўнікі геаграфіі гімназіі № 1 Ліды Уладзімір Мечыслававіч Валюк і гімназіі № 2 Віцебска Сяргей Мікалаевіч Крывенка, а таксама Людміла Рыгораўна Альгамец з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Яны самі зацікаўлены ў падборы і падрыхтоўцы сваіх вучняў да алімпіяд, пастаянна трэніруюць іх, прычым на вельмі высокім узроўні. І толькі пасля да гэтага працэсу далучаемся мы — універсітэцкія выкладчыкі. Аднак затым мы з імі ўзаемадзейнічаем і на конкурсах навуковых работ, дзе нашы ўжо агульныя вучні паказваюць доб­рыя вынікі.

Часцей за ўсё будучыя алімпіяднікі прыязджаюць са Слуцка, Гродна, часам і з іншых гарадоў і раённых цэнтраў. Мы шмат працуем з дырэктарам сталічнай гімназіі № 5 і настаўніцай геаграфіі Жаннай Яўгеньеўнай Гвозд і разам рыхтуем будучых удзель­нікаў алімпіяд. Знаходзім адораных вучняў і ў школах юнага географа і геолага, што пры БДУ. У іх выкладаюць настаўнікі з Барысава і Мінска. Мы з імі ўзаемадзейнічаем і таксама паказваем вынікі. Варта аддаць належнае гэтым настаўнікам, бо яны рыхтуюць разумных, хоць і даволі амбіцыйных, вучняў, якія лічаць, што ўсё веда­юць. Але калі ім паказваеш, што нават я, выкладчык, не ўсё ведаю, то яны адгукаюцца і ўключаюцца ў работу. Пошук адказаў заўсёды збліжае.

— Напэўна, вы часта праводзіце розныя майстар-класы, лекцыі для школьных педагогаў?

Так. БДУ ўвогуле рэгулярна арганізуе майстар-класы для настаўнікаў і курсы павышэння кваліфікацыі (https://fpk.bsu.by), заняткі па падрыхтоўцы да алімпіядных заданняў або навукова-даследчых работ. На іх лепшыя ўніверсітэцкія майстры слова дзеляцца сваім вопытам і напрацоўкамі. Сам перыядычна выступаю ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, расказваю пра алімпіяды і тое, як можна спрагназаваць іх тэматыку, аналізуючы заданні папярэдніх гадоў. Бо яны, па-першае, паўтараюцца з пэўнай цыклічнасцю, а па-другое, адлюст­роўваюць набалелыя сусветныя пытанні.

Школьнікам часта прапаноўваю выязныя заняткі, асабліва тым, каго рыхтую да спаборніцтваў па геалогіі. Так, сёлета мы наведалі помнік рэспубліканскага значэння “Агаленне Мурава” і нават правялі даследчую работу, якую затым прадставілі на алімпіядзе. Я перакананы, што нашым юным алімпіяднікам карысна не толькі мець тэарэтычныя веды, але і на практыцы быць знаёмымі з помнікамі сваёй краіны.

— На ваш погляд, школьныя настаўнікі маюць патрэбу ў прафесійным суправаджэнні вопытнага ўніверсітэцкага выкладчыка?

— Нашы настаўнікі валодаюць вельмі вялікай адукацыйнай базай. Яны здольны даць не толькі асновы геаграфіі, але і па­дзяліцца тым, што цікава ім самім. Канечне, саюз паміж школай і ўніверсітэтам абавязковы. Тым больш як бы нашы навукоўцы ні стараліся хуценька пісаць падручнікі, усё роўна да моманту выдання яны крышачку старэюць. Геаграфія ж развіваецца даволі імкліва. У гістарычнай геалогіі, палеанталогіі, палеагеаграфіі мы бачым вялікую колькасць новых даных, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш. Безумоўна, усімі новымі звесткамі мы, выкладчыкі, дзелімся з нашымі настаўнікамі і вучнямі, і такі пра­цэс навучання бесперапынны. Бо калі задача школы — даць адукацыю і дапамагчы вучням выбраць свой шлях, то задача УВА — прафесійнае навучанне, важна паказаць, як вучыцца і быць спецыялістам у сваёй прафесіі, а яшчэ дапамагчы ўжо студэнту рэалізаваць свае магчымасці.

— Як настаўніку геаграфіі захапіць сучасных вучняў сваім прадметам?

— Самае галоўнае — педагог сам павінен любіць свой прадмет. Як мяне вучыў мой настаўнік Аляксандр Мікалаевіч Матузка, неабходна стаць на адзін узровень з тым, каму ты выкладаеш прадмет, і не саромецца прызнацца, што і ты нечага не ведаеш, што і табе неабходна нешта паўтарыць. Бо ведаць усё немагчыма, а вучні, асабліва алімпіяднікі, задаюць вельмі каверзныя пытанні, на якія адразу і не адкажаш.

Да таго ж геаграфія — прадмет, які неабходна вывучаць у прыродзе, выкарыс­тоўваючы разнастайныя мадэлі і прыстасаванні. Я пастаянна сачу за навінкамі, што з’яўляюцца ў нашых магазінах, ёсць шэраг выдатных мадэлей, прычым не складаных і не дарагіх. Між іншым і ў навуковых работах школьнікаў часта прадстаўлены праекты, якія заслугоўваюць прамысловага ўвасаблення.

— Уладзімір Віктаравіч, вы распрацоўшчык многіх вучэбных праграм, удзельнік навукова-папулярных фільмаў і праектаў, кансультант па пытаннях геалогіі, геаграфіі і турызму, а яшчэ кіраўнік палеанталагічнага аддзе­ла музея землязнаўства БДУ. Што вас натхняе на такую актыўную дзейнасць?

— Любоў да навукі, якой я займаюся. Мая непасрэдная прафесія — палеантолаг. На жаль ці на шчасце, калі заходзіш ва аўдыторыю і гаворыш, што ты палеантолаг, то ўсе адразу ўспамінаюць пра дыназаўраў і мамантаў. (Усміхаецца.)

Палеанталогія ж настолькі шматгранная і дзівосная, што немагчыма не дзяліцца сваёй любоўю да яе, што я і раблю як са школьнікамі-алімпіяднікамі, так і са студэнтамі, якім выкладаю прадметы “Палеагеаграфія”, “Палеанталогія” і “Гістарычная геалогія”.

Зараз працую над тэмай палеаглеб. Здавалася б, ужо ўсё вывучана, але на тэрыторыі Беларусі гэта яшчэ вялікі задзел для даследавання. Уявіце сабе, што ў такіх глебах можна знайсці, напрыклад, арэх, якому 96 тысяч гадоў. Палеаглебы вельмі старажытныя, утварыліся яны 100 тысяч гадоў назад, а можа, і больш. Іх вывучэнне дазваляе скласці ўяўленне пра былыя ландшафты.

Сёння многія вучоныя гавораць пра пацяпленне, але палеантолаг скажа, што ранейшыя яго этапы былі ў шмат разоў мацнейшымі. І хоць чалавецтва робіць пэўны ўклад у пацяпленне клімату, але прыродны складнік куды большы, і гэта нармальны працэс, які ідзе хістальна і перыядычна. Вялікія спрэчкі вядуцца і наконт таго, што зараз адбываецца — пацяпленне ці пахаладанне, і пакуль яшчэ ніхто не даў дакладнага адказу.

— Ведаю, не без вашага ўдзелу ў мінулым годзе ў БДУ была адкрыта новая спецыяльнасць “Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзей­насць”. Якія прадметы неабходна здаваць пры паступленні на яе і каму яна падыдзе?

— Я практыкуючы экскурсавод з 2009 года. Прычым экскурсійны вопыт дапамагае мне ў рабоце і са школьнікамі, і са студэнтамі, якіх, як і турыстаў з розных краін, неабходна зацікавіць. (Усміхаецца.)

Гэтая спецыяльнасць сапраўды неабходная, бо яшчэ шмат галін турызму ў нашай краіне знаходзіцца ў зародкавым стане. Нам неабходны спецыялісты ў галіне экалагічнага турызму. Вельмі вялікі попыт і на навуковы турызм. Напрыклад, нядаўна нас наведвалі навукоўцы з Англіі, якія захацелі паслухаць птушыныя спевы, але, як высветлілася, у нас адзінкавыя спецыялісты могуць расказаць пра іх.

Увогуле, географ і геолаг — унікальныя прафесіі, якія падыходзяць аматарам вандровак і тым, хто імкнецца да чагосьці новага, бо гэта асаблівы стыль жыцця. Калі да нас прыходзяць старшакласнікі, то яны заражаюцца гэтым, і я радуюся, калі яны імкнуцца даведацца больш пра нашу краіну, яе прыроду, славутасці, старажытныя сядзібы і помнікі гісторыі. Недалёка ад Мінска знаходзіцца гарадзішча на Менцы, зараз там ідуць археалагічныя раскопкі. Думаю, што пасля таго, як архео­лагі напішуць свае навуковыя працы, мы атрымаем яшчэ адзін турыстычны аб’ект з вялікай гісторыяй, які будзе прывабліваць мноства турыстаў.

Развіваюцца і рэгіёны. Там з’яўляюцца новыя экскурсійныя аб’екты, якія таксама нехта павінен абслугоўваць, таму гэтая спецыяльнасць вельмі запатрабаваная. Каб паступіць на яе, неабходна здаць рускую або беларускую мову, геаграфію і матэматыку.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва героя