Парламентарыі-­педагогі расказалі пра сваю дзейнасць, якая скіравана на развіццё нашай краіны

- 12:15Моя гражданская позиция

Напярэдадні выбарчай кампаніі, фарміравання новага складу Нацыянальнага сходу “Настаўніцкая газета” прадстаўляе дзейнасць сённяшніх парламентарыяў-­педагогаў, якая скіравана на развіццё нашай краіны і захаванне інтарэсаў грамадскасці. 

Парадак дня як дэпутатаў, так і сенатараў насычаны дзелавымі кантактамі з Міністэрствам адукацыі, рэалізацыяй сумесных праектаў, акцый, іншых мерапрыемстваў з навучэнскай моладдзю. Многае ў гэтым напрамку робіцца ў цесным узаемадзеянні з грамадскімі аб’яднаннямі, Беларускай Праваслаўнай Царк­вой. З сацыяльнымі партнёрамі праводзяцца сустрэчы па пытаннях грама­дзянска-патрыятычнага выхавання, захавання гістарычнай памяці і рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, павышэння статусу сям’і ў грамадстве. Гэтая размова аб галоўным вядзецца праз рэальныя сустрэчы, жывыя зносіны, калі трапным становіцца кожнае слова.

Прыкладам супрацоўніц­тва заканатворцаў і сістэмы адукацыі з’яўляецца стварэнне пры галіновым міністэрс­тве грамадска-кансультатыўнага савета. У яго склад уваходзяць парламентарыі, прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці, сферы культуры і спорту, іншых галін. Галоўнай функцыяй савета з’яўляецца абмеркаванне найбольш актуальных і сацыяльна значных пытанняў у сферы адукацыі. Ён таксама займаецца фарміраваннем рэкамендацый пры падрыхтоўцы змяненняў заканадаўства ў галіне адукацыі. Члены Савета Рэспублікі цесна ўзаемадзейнічаюць з моладдзю. Расце колькасць маладых парламентарыяў. Маладзёжны савет наведвае мерапрыемствы Савета Рэспублікі, каб навучыцца працаваць у парламенце, умець вычленіць галоўныя кірункі дэпутацкай дзейнасці, думаць па-дзяржаўнаму, быць прыкладам служэння дзяржаве і народу.

Несці выхаваўчы пасыл

Сярод пяці камісій Савета Рэспублікі паўнавартаснае месца ў савеце займае Пастаянная камісія па адукацыі, культуры, навуцы і сацыяльным развіцці, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі адукацыі, медыцыны, спорту, вытворчасці, сацыяльнай сферы. Узначальвае камісію кандыдат педагагічных навук дацэнт Ірына Старавойтава.

У сістэме адукацыі Ірына Анатольеўна прайшла шлях ад настаўніка да першага намесніка міністра адукацыі. Па меркаванні сенатара, задача настаўніка — не толькі фарміраванне ведаў, уменняў, навыкаў у навучэнца, але і станаўленне асобы сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны, выхаванне ў дзяцей маральных каштоўнасцей, адданасці Радзіме, адказнасці за яе развіццё.

— Школа павінна несці магутны выхаваўчы пасыл, які быў бы падхоплены ўсім нашым грамадствам, — адзначае І.Старавойтава. — Мы сваёй працай, па сутнасці, працягваем выхаваўчую місію. Сустракаючыся з педагагічнай грамадскасцю, навучэнскай моладдзю, з кіраўнікамі адукацыйнай галіны, мы вя­дзём шчыры дыялог аб выхаванні маладога пакалення, умацаванні ў нашым грамадстве галоўных жыццёвых пастулатаў — быць сапраўдным грамадзянінам і патрыётам сваёй Радзімы.

Гэтыя нормы маюць трывалы падмурак у заканадаўчай дзейнасці. Для стварэння цэласнасці і адзінства заканадаўства ў сістэме адукацыі ў сугуччы з Кодэксам аб адукацыі ўнесены змяненні ў шэраг заканадаўчых дакументаў. Асаблівую ўвагу выклікаюць новыя нормы, унесеныя ў Закон “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”. Яны тычацца аказання падтрымкі ініцыятыў маладзёжных грамадскіх арганізацый і іх праектаў, накіраваных на развіццё маладзёжнага руху, а значыць, павышэння актыўнасці маладых людзей у рэалізацыі творчых праектаў, скіраваных на карысць дзяржавы.

Па словах Ірыны Старавойтавай, пры стварэнні любога закона неабходна ўсведамляць, наколькі кожная яго норма будзе прыменена на практыцы.

Таму маніторынг заканадаўства важна рабіць ва ўзаемадзеянні з грамадскасцю, на сустрэчах, дыялогавых пляцоўках, быць і працаваць ва ўнісон з грамадскай думкай. Гэта важная місія сенатара.

Зваротная сувязь

Каліна Капуцкая, дырэктар маладзечанскай сярэдняй школы № 14, работу кіраўніка ўстановы адукацыі сумяшчае з заканатворчай дзейнасцю. Яна намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

— На кіраванне навучальнай установай уплываюць прафесійныя навыкі парламентарыя, — адзначае К.Капуцкая. — Як сенатар успрымаю кіраўніцкую дзейнасць глабальна, выбудоўваю лінію кіраўніцтва, успрымаючы яе як дзяржаўную місію.

У цэлым вопыт дзейнасці ў Савеце Рэспублікі дапамагае сенатару ў зносінах з калегамі, дзецьмі, іх бацькамі. Уменню выбудаваць гэтае ўзаемадзеянне дырэктар у многім навучылася, сустракаючыся са сваімі выбаршчыкамі.

У асноўным, гэта жыхары Маладзечаншчыны, Вілейшчыны і Мядзельшчыны, якія мяне выбіралі ў парламент. Кожны раз у дні сустрэч з грамадзянамі адчуваю, як расце пранікнёнае стаўленне да нас, сенатараў. Людзі просяць вырашыць не толькі нейкае бытавое пытанне, але і давяраюць сваю душу, гатовы падзяліцца самым патаемным. Іншы раз мае выбаршчыкі выказваюць слушныя прапановы, якія заслугоўваюць замацавання на заканадаўчым узроўні, і я абмяркоўваю іх са сваімі калегамі ў камісіі, — расказвае Каліна Віктараўна. — Урэшце такія прапановы знізу, як кажуць, могуць стаць заканадаўчай нормай. Зваротная сувязь — гэта выдатны паказчык цеснага ўзае­мадзеяння заканатворцаў з грамадскасцю.

У Каліны Капуцкай шмат спраў у сенатарскім графіку. Гэта дзейнасць на сесіях, сумесныя пасяджэнні Савета Рэспублікі з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, дні інфармавання, сустрэчы на вытворчасці, у сацыяльнай сферы, у органах улады, міжведамасных структурах. 

Сёння мы бачым апору для нашай дзяржавы ў выхаванні падрастаючага пакалення, якому належыць будучыня развіцця нашай краіны. Выконваць гэтую місію мы імкнёмся ў нашай школе, якая мае дэвіз “Школа, дзе кожны паспяховы”.

Гэты дэвіз пацвярджаецца ў рэальных справах, у высокай якасці навучання і выхавання навучэнцаў. Навучальная ўстанова ганарыцца пераможцамі прадметных алімпіяд усіх узроўняў, якія паказалі выдатныя вынікі па матэматыцы, фізіцы, замежнай мове і іншых прадметах. Больш за 80% выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, істотная іх частка — ва ўніверсітэты педагагічнага профілю. Многія выпускнікі школы выбіраюць сярэднюю спецыяльную адукацыю і тым самым пац­вярджаюць варыятыў­насць прафесійнай траекторыі, якая адкрывае перспектывы ў далейшым працоўным жыцці.

Ганаровае званне настаўніка

Намеснік старшыні Пас­таяннай камісіі Савета Рэс­пуб­лікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні дырэктар сталічнай гімназіі № 13 Марына Ільіна ўпэўнена, што вялікі педагагічны вопыт дапамагае ёй у сенатарс­кай дзейнасці.

— Як дырэктар я кожны дзень бачу вынік сваёй працы, — дзеліцца Марына Аляксандраўна. — Як рас­туць мае вучні, як мяняюцца, як пашыраецца іх кругагляд, фарміруецца характар. Гэта матывуе і ў асабістай дзейнасці. Адказнасць на нас, педагогах, вялікая, мы працуем у галіне, ад якой залежыць наша будучыня. Галоўнае ў рабоце любога педагога — гэта ўзаемаразуменне, павага да калег, да дзяцей, што дазваляе паспяхова ўзаема­дзейнічаць. 

Пры ўсім паступальным руху сістэмы адукацыі вялікая ўвага сёння ўдзяляецца выхаванню нашых дзяцей і моладзі, ідзе пошук новых, найбольш эфектыўных кірункаў у фарміраванні асобы на аснове грамадзянска-патрыя­тычных якасцей. На думку Марыны Аляксандраўны, адзін з галоўных кірункаў адукацыі — практыкаарыентаванасць, кампетэнтнасны падыход. Педагогу мала даць вучэбны кампанент, трэба навучыць сваіх выхаванцаў, як прымяняць атрыманыя веды ў жыцці. Пры гэтым трэба ўлічыць індывідуальныя схільнасці кожнага і імкнуцца іх развіваць.

Гімназія на працягу сваёй дзейнасці мае прыярытэтны кірунак — паглыбленае вывучэнне фізікі і матэматыкі, ёсць факультатывы па матэматыцы, логіцы, робататэхніцы. А цяпер з’явіўся інжынерны профіль.

— Лічу, што сістэма профільных класаў дазволіць правільна арыентаваць навучэнцаў у патрабаваннях эканомікі і прыярытэтнасці яе галін, — адзначае Марына Аляксандраўна. — Адметна, што ў нашы інжынерныя класы прыйшлі нават вучні з іншых школ і гімназій горада.

Нельга не адзначыць важнасць педагагічных класаў. Гэта нават не праект, а цэлы рух, які скіраваны на правільны выбар прафесіі педагога, у якую не могуць трапляць выпадковыя людзі.

Увогуле, прафесійную ары­ентацыю мэтазгодна пачы­наць ужо з 1 класа. Гэта выклік часу. Настаўніцкі лёс няпросты: педагог заўсёды пад пільным поглядам грамадства. І каб адпавядаць яго запытам, педагогу вельмі важна ўвесь час вучыцца і ўнутрана расці. Сёння важна ўзняць прэстыж прафесіі педагога. У асноўным яго стварае сам педагог — любоўю і павагай да дзяцей, сваім талентам, творчасцю, ініцыятывай, адказным стаўленнем да сваёй справы.

Ала КЛЮЙКО