Быць грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны значыць мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, быць адданай сваёй справе, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак.
— Што значыць быць патрыётам сваёй краіны? Любоў да Радзімы ўласціва любому чалавеку цвярозага розуму. Нельга не любіць зямлю, на якой ты нарадзіўся, вырас і жывеш. Нельга не любіць краіну, якую збераглі для нас нашы продкі.
Мой тата быў вайскоўцам, і па абавязку службы наша сям’я пераехала ў Беларусь, у Баранавічы. Тут прайшло маё сталенне. Спачатку школа, потым інстытут, замужжа, сям’я і прафесійнае самавызначэнне. Мая асабістая грамадзянская пазіцыя і каштоўнасныя жыццёвыя арыенціры даўно сфарміраваны і дакладна вызначаны. Я вельмі люблю сваю краіну Беларусь і родны горад.
Пры выбары жыццёвага шляху я не задумвалася, кім мне быць, бо дакладна ведала, што буду працаваць з дзецьмі, вучыць іх мысліць, любіць Радзіму, садзейнічаць фарміраванню самых лепшых чалавечых якасцей.
Быць грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны для мяне значыць мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, быць адданай сваёй справе.
Якасная работа ў сучаснай сістэме адукацыі можа быць пабудавана толькі з апорай на актыўную грамадзянскую пазіцыю ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Ніхто не нараджаецца з ужо сфарміраванай сістэмай перакананняў і ўяўленняў, толькі з набыццём ведаў, вопыту, пашырэннем кругагляду адбываецца разуменне пэўных каштоўнасцей.
Нельга забываць аб прынцыпе залатога трохвугольніка, які вызначае навучэнцаў, педагогаў і бацькоў як раўназначных, паўнапраўных удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Сапраўды, фарміраванне сталай грамадзянскай асобы пачынаецца ў сям’і і можа быць эфектыўна працягнута ў навучальных установах толькі з апорай на сямейныя традыцыі і культуру. Менавіта таму ў сістэме адукацыі Баранавіч вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням узаемадзеяння і супрацоўніцтва з бацькоўскай грамадскасцю. Мы імкнёмся пабудаваць работу такім чынам, каб кожны чалавек не проста меў магчымасць звярнуцца да кіраўніка навучальнай установы або ўпраўлення па адукацыі, але і быў па-сапраўднаму пачуты, атрымаў адказы на пытанні, якія яго цікавяць, вырашыў хвалюючыя праблемы, знайшоў падтрымку сваіх ініцыятыў.
Дзяржава прызнае адукацыю адной з найважнейшых сфер дзейнасці. У нашым горадзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для рэалізацыі права на адукацыю, забеспячэння даступнасці адукацыі для ўсіх катэгорый грамадзян, вядзецца сістэмная работа па павышэнні якасці адукацыі, бо ад гэтага ў многім залежыць будучы дабрабыт краіны.
Вялікая ўвага сёння ўдзяляецца пытанням выхавання падрастаючага пакалення. Грамадзянскія якасці фарміруюцца пад уплывам сацыяльнага і адукацыйнага асяроддзя. Пачуццё любові да Радзімы, маральныя якасці, адказнасць за свае ўчынкі і дзеянні, ініцыятыўнасць, самастойнасць — найважнейшую ролю ў працэсе фарміравання гэтых якасцей адыгрывае асабісты прыклад, у першую чаргу педагога.
Настаўнікі, якія працуюць у сістэме адукацыі горада, — гэта каманда прафесіяналаў, якія рэалізуюць свой творчы патэнцыял у сацыяльна значнай дзейнасці. Валодаючы арганізатарскімі здольнасцямі, ініцыятывай і стараннасцю, яны здольны аказаць дапамогу і падтрымку ў дасягненні высокіх вынікаў у вучэбнай дзейнасці, стаць прыкладам для сваіх вучняў на шляху фарміравання маральных арыенціраў і патрыятычных якасцей.
Упраўленне па адукацыі прыкладае ўсе намаганні для стварэння такой каманды. У мэтах задавальнення кадравай патрэбы горада і прыцягнення перспектыўнай таленавітай моладзі вядзецца работа па выдачы мэтавых накіраванняў выпускнікам школ горада на эканамічна запатрабаваныя спецыяльнасці ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы краіны, аказваецца падтрымка маладым спецыялістам.
З мэтай ранняй прафесійнай арыентацыі навучэнцаў на працягу 2023 года ўпраўленнем па адукацыі арганізавана шэсць шырокамаштабных мерапрыемстваў “Кірмашы мэтавай падрыхтоўкі” з прыцягненнем арганізацый — заказчыкаў кадраў, вядучых прадпрыемстваў Баранавіч. У кірмашах прынялі ўдзел каля 4000 школьнікаў. Гэта дазволіла значна павялічыць колькасць заявак на мэтавыя месцы ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У 2023 годзе па мэтавым наборы ў навучальныя ўстановы Беларусі паступілі 135 чалавек.
Можна сцвярджаць, што актыўная грамадзянская пазіцыя — гэта неабходная і актуальная якасць
для кожнага кіраўніка, асабліва кіраўніка сістэмы адукацыі — сацыяльна значнай сферы жыцця дзяржавы. Мы нясём адказнасць за стварэнне такога адукацыйнага асяроддзя, у якім будуць закладзены асновы грамадзянскай самасвядомасці маладога пакалення.
Наталля КАСТЭНКА