Іна Халадзінская: «Патрыятызм пачынаецца з дзіцячага сада»

- 13:17Моя гражданская позиция

“Мая дзяржаўная пазіцыя як кіраўніка дашкольнай установы — клапаціцца пра тое, каб дзеці змалку атрымлівалі веды, якія дазволяць ім вырасці дастойнымі грамадзянамі сваёй Радзімы”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Лагойска “Лясная казка” Іна Халадзінская.

— Я вельмі ўдзячна лёсу за тое, што мне як загадчыцы дашкольнага цэнтра давялося працаваць з самымі маленькімі грамадзянамі краіны — выхаванцамі нашай установы. Маё глыбокае перакананне: пачы­наць выхоўваць асобу з правільнай, адказнай грамадзянскай пазіцыяй трэба як мага раней, яшчэ з маленства. Ведаю, як добра ў краіне наладжана работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў. У дашкольных цэнтрах і дзіцячых садах гэтаму таксама ­ўдзяляецца шмат увагі.

У нашым дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці 304 выхаванцы наведваюць 11 груп, 8 з іх інтэграваныя. Работы шмат, адказнасць вялікая. Якімі дзеці пой­дуць у далейшае жыццё, зале­жыць у тым ліку ад нас, педагогаў. Як праца­ваць з такімі малышамі? Ім не ўсё магчыма растлума­чыць словамі, але можна паказаць сваім добрым прыкладам. Можна расказаць ім добрую казку, у якой дабро заўсёды перамагае зло, паказаць спектакль, проста паразмаўляць з імі пра Радзіму, беларускую прыроду. І дзеці адгукаюцца! Толькі так — казкамі, гульнямі, душэўнымі гутаркамі — можна дастукацца да маленькіх сэрцаў, але важна ўмець правільна гэта рабіць.

У нашай “Лясной казцы” з дзецьмі працуюць вопытныя педагогі. Прыходзяць да нас і маладыя спецыялісты — у гэтым годзе іх 5, усе ініцыятыўныя, адказныя, бяруцца за справу, як кажуць, з палаючымі вачыма. Усе нашы педагогі працуюць у звязцы, у нас добра развіта прафесійная пераемнасць. Музычныя кіраўнікі, выха­вальнікі дашкольнай адукацыі, педагогі-дэфектолагі, кіраўнікі фізічнага выхавання — адна вялікая каманда.

Вядома, працуем у цесным узаемадзеянні і з бацькамі выхаванцаў, таму што, каб выгада­ваць сапраўдных патрыётаў, пачы­наць трэба з сям’і. Праводзім з баць­камі сумесныя сустрэчы, суботнікі, гутаркі пра грамадзянскае і духоўна-маральнае выхаванне дзяцей. Удзяляем шмат увагі і гендарнаму аспекту выхавання дзяцей: правільныя арыенціры павінны быць закладзены з маленства. Праводзім з дзецьмі заняткі па прафесійным арыентаванні — важна, каб яны ўжо зараз задумаліся, чым будуць карысныя Радзіме, калі стануць дарослымі. Арганізоўваем для іх тэматычны дыдактычныя гульні. Дзеткі, хоць яшчэ зусім маленькія, здольныя зразумець многія важныя рэчы. Напрыклад, тое, што наша Зямля вялікая, але ўсе людзі на ёй — адна сям’я. Мы даём дзецям першапачатковыя веды пра родны край, дзяржаўныя сімвалы, расказ­ваем пра вядомых беларусаў, якія праславілі нашу краіну.

Іна Халадзінская — дэпутат Лагойскага раённага Савета дэпутатаў, сакратар аддзялення партыі “Белая Русь” Лагойскага раёна, загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Лагойска “Лясная казка”: “Дзеці — наша надзея на добрую будучыню. Менавіта дашкольнае дзяцінства — час, калі закладваюцца асновы асобы, варта пра гэта не забываць”.

Мая дзяржаўная пазіцыя як кіраўніка дашкольнай установы — клапаціцца пра тое, каб дзеці змалку атрымлівалі веды, якія дазволяць ім вырасці дастойнымі грамадзянамі сваёй Радзімы. У нашым дашкольным цэнтры асаблівую ўвагу ўдзя­ляем рознабаковаму выхаванню дзіцяці як асобы: ідэалагічнаму —
адлюстроўваем сутнасць беларускай дзяржаўнасці; духоўна-маральнаму — штодзень размаўляем з дзецьмі пра дабрыню, сяброўства, сумленнасць, узаемадапамогу; працоўнаму і прафесійнаму — прывіваем дзецям асноўныя бытавыя навыкі, у тым ліку догляду раслін, жывёл; культурна-бытавому — вучым малышоў прыбіраць свой пакой, даглядаць уласныя рэчы, сумесна з дарослымі гатаваць простыя стравы, сервіраваць стол; эканамічнаму — з дапамогай гульняў знаёмім выхаванцаў з элементамі эканамічнай граматы. Дзіця — гэта цэлы сусвет, складаны і рознабаковы, таму да кожнага патрабуецца індывідуальны падыход. І гэта вялікая і адказная праца педагогаў дашкольнай адукацыі.

З мэтай папулярызацыі рабочых прафесій у рамках ранняй прафесійнай арыентацыі да­школьнікаў выкарыстоўваем серыю выданняў “Славим Родину трудом”, падрыхтаваную выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” па заказе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выданні для работы з маленькімі дзецьмі проста цудоўныя: “Кто нам строит новый дом?”, “Кто нам шьет одежду?”, “Кто нас учит?”, “Кто выращивает цветы?”, “Кто еду готовит нам?”, “Кто чинит автомобили?”. Такія сумесныя чытанні выклікаюць у дзяцей жывую цікавасць. Акрамя работы ў сценах нашага дашкольнага цэнтра, мы право­дзім для выхаванцаў экскурсіі па гістарычных месцах Лагойшчыны.

Да таго ж для дзяцей і іх баць­коў арганізоўваем конкурсы, інтэрактыўныя пляцоўкі, розныя акцыі і суботнікі. Наш горад знаходзіцца недалёка ад сталіцы, таму прываблівае шмат маладых сем’яў з дзецьмі. Рада адзна­чыць, што колькасць дзяцей у школах і дашкольных установах Лагойска павялічваецца, у тым ліку і ў нашым цэнтры. Павялічваецца і адказнасць за іх будучыню. Ганаруся тым, што мне як загадчыцы і дэпутату лёс даверыў ролю выхавання нашых дзяцей — з вялікай радасцю і ахвотай выконваю сваю работу.