Кіраваць выпадкам — кіраваць жыццём

- 11:49Рознае, Сацыяльны ракурс

За апошнія пяць гадоў колькасць зноў выяўленых дзяцей-сірот значна знізілася — у 2013 годзе на 30% у параўнанні з 2009 і на 50% у параўнанні з 2007 гадамі. Колькасць адмаўленняў бацькоў ад дзяцей за апошнія 12 гадоў таксама стала значна меншай — больш чым у пяць разоў. Змяншаецца і колькасць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. За апошнія пяць гадоў — на 61%. І, наадварот, павялічылася колькасць бацькоў, адноўленых у бацькоўскіх правах.
Усё гэта — вынік мэтанакіраванай работы, якую спецыялісты па ахове дзяцінства называюць ёмістым словам “сямейна-арыентаваны падыход”. І выдатна, што ў гэтую работу з часам уключаюцца і грамадскія арганізацыі.
Пра адметны вопыт такой работы расказалі ўдзельнікі канферэнцыі, арганізаванай цэнтрам сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus і дабрачыннай грамадскай арганізацыяй “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска”.

Дабрачынная грамадская арганізацыя “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска” дзейнічае ў Беларусі з 1994 года, яго мэта — забяспечыць выхаванне дзяцей у клапатлівым сямейным асяроддзі. Фонд з’яўляецца членам міжнароднай грамадскай арганізацыі “SOS-Кіндэрдорф Інтэрнацыяналь”, што дзейнічае ў 132 краінах свету. На сёння ў нашай краіне працуюць тры SOS-Дзіцячыя вёскі: у Бараўлянах, Мар’інай Горцы і Магілёве.
SOS-Дзіцячая вёска аказвае паслугі дзецям, якія рызыкуюць страціць бацькоўскую апеку; дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, і дзецям-сіротам па некалькіх напрамках. Гэта і доўгатэрміновая апека на базе сямейнага выхавання ў SOS-сем’ях. І ўмацаванне сям’і і прафілактыка сацыяльнага сіроцтва — падтрымка сем’яў у цяжкай жыццёвай сітуацыі для іх захавання і ўмацавання. І работа з мясцовымі супольнасцямі, накіраваная на тое, каб супольнасці (уключаючы школы, бальніцы, грамадскія арганізацыі і г.д.) лепш рэагавалі на сітуацыю з дзецьмі, якія знаходзяцца на мяжы страты бацькоўскага клопату.
— Лепшым спосабам падтрымкі паўнавартаснага развіцця дзяцей з’яўляецца ўмацаванне і захаванне сям’і. Таму такая важная прафілактычная работа з сям’ёй, нацэленая на паляпшэнне ўмоў яе жыцця і фарміраванне навыкаў самастойна спраўляцца з цяжкасцямі, — адзначыла падчас канферэнцыі прадстаўнік грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска” Алеся Чарняўская. — Адрозненне работы грамадскай арганізацыі ад дзяржаўных структур па ахове дзяцінства найперш у тым, што мы працуем з сем’ямі на самых ранніх этапах праяўлення нядобранадзейнасці ці нават толькі пры магчымасці ўзнікнення такой сітуацыі, яшчэ да таго, як сям’я афіцыйна атрымала статус той, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Разам з тым нашы спецыялісты працуюць у звязцы з прадстаўнікамі мясцовых сацыяльна-педагагічных цэнтраў па рэабілітацыі тых сем’яў, якія ўжо афіцыйна прызнаны тымі, што маюць патрэбу ў дапамозе.
У рамках напрамку па ўмацаванні сям’і і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва на базе SOS-Дзіцячых вёсак былі створаны падраздзяленні — сацыяльныя цэнтры: Сацыяльны цэнтр маці і дзіцяці імя Германа Гмайнера (Бараўляны), Сацыяльны цэнтр “Шчаслівы малыш” (Мінск), Сацыяльны крызісны цэнтр для жанчын (Магілёў) і Цэнтр “Ранняе прадухіленне сацыяльнага сіроцтва” (Мар’іна Горка).
— Гэтыя сацыяльныя цэнтры працуюць з сем’ямі, у якіх ёсць рызыка адбірання дзяцей, — расказала Юлія Чарняўская. — Часцей за ўсё гэта маладыя сем’і, дзе бацькі з прычыны розных абставін (непадрыхтаванасць да сямейнага жыцця і ўсвядомленага бацькоўства, нізкі дастатак, асаблівасці псіхафізічнага развіцця членаў сям’і, нізкі сацыяльны статус і інш.) не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. У рабоце з сям’ёй спецыялісты SOS-Дзіцячая вёска выкарыстоўваюць метад кіравання выпадкам, або кейс-менеджмент (адпаведна спецыяліст, які працуе з сям’ёй, — гэта куратар сям’і або кейс-менеджар). Гэты падыход быў цалкам укаранёны ў 2013 годзе, а асобныя яго элементы выкарыстоўваліся з 2004 года.
Сям’я групы рызыкі трапляе ў сацыяльныя цэнтры двума шляхамі. Першы — гэта самастойны зварот (непасрэдна ці на тэлефон гарачай лініі) па парадзе знаёмых, спецыялістаў сацслужб, пасля рэкламы ў СМІ, грамадскім транспарце, пасля сустрэчы са спецыялістамі цэнтраў па месцы працы ці вучобы. Другі — па накіраванні тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва або іншых органаў сацыяльнай абароны, з якімі ёсць такая дамоўленасць.
Супрацоўнікі сацыяльных цэнтраў могуць прысутнічаць на наведванні сям’і службамі апекі, а таксама на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх па пытаннях адбірання дзіцяці.
— Міжнародны вопыт паказвае, што эфектыўныя дзеянні па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва немагчымы без укаранення ў сістэму абароны дзяцінства шэрага асноватворных прынцыпаў. Да найбольш важных з іх можна аднесці ранняе выяўленне і мабілізацыю рэсурсаў сям’і, — падкрэсліла спецыяліст. — Ранняе выяўленне сем’яў, якія адчуваюць істотныя цяжкасці ў выхаванні дзяцей, дазваляе аказаць дапамогу на ранніх стадыях, не даводзіць сітуацыю да адбірання дзіцяці і яго перадачы на апеку дзяржавы. Мабілізацыя ўнутраных рэсурсаў сям’і дазваляе аднавіць сацыяльна-педагагічныя навыкі бацькоў больш эфектыўна, чым метады знешняга прымусу. У свеце напрацаваны значны вопыт прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва. У розных краінах склаліся свае, унікальныя сістэмы прадухілення гэтай сацыяльнай з’явы, якія складаюцца з пэўнага набору інстытутаў, форм і метадаў дзейнасці. Адметнай асаблівасцю найбольш паспяховых сістэм з’яўляюцца адраснасць прафілактыкі, сістэмнасць і комплекснасць дапамогі; павышэнне даступнасці паслуг, накіраваных на абарону правоў дзяцей; стандартызацыя дзейнасці па абароне правоў дзяцей пры правядзенні прафілактычных мера-прыемстваў; адмаўленне ад рэпрэсіўнага падыходу ў рабоце з бацькамі, мабілізацыя ўнутраных рэсурсаў сям’і, а таксама актыўнае ўцягванне няўрадавых арганізацый у работу з сям’ёй. У той ці іншай меры названыя прынцыпы прыняты на ўзбраенне і дзяржаўнымі ўстановамі, адказнымі за прафілактыку сіроцтва ў Беларусі.
У той жа час, па меркаванні ўдзельнікаў мерапрыемства, існуе значны рэзерв па павелічэнні выкарыстання сучасных форм і метадаў прафілактыкі. У тым ліку гэта можа ажыццяўляцца і праз супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі на аснове сацыяльнага заказу.
— Прафілактыка, безумоўна, вельмі дарагая рэч, — падсумавалі ўдзельнікі канферэнцыі. — Але яна больш танная, чым сацыяльнае сіроцтва. На аснове аналізу, праведзенага Цэнтрам сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus, урон грамадству ад наступстваў сіроцтва аднаго дзіцяці — з улікам доўгатэрміновага аналізу — складае да 48 тысяч долараў.

Алена МАРКЕВІЧ.