“Наш калектыў стараецца не проста даваць моладзі грунтоўныя веды, а развіваць духоўна-маральныя якасці, прывіваць павагу да спрадвечных каштоўнасцей беларускага народа”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар сярэдняй школы № 1 імя М.І.Пашкоўскага Бялыніч Таццяна Балдышэўская.
— Я настаўнічаю ўжо амаль чатыры дзесяцігоддзі. Прайшла шлях ад педагога да дырэктара і хачу сказаць, што ганаруся сваёй прафесіяй!
Зараз часта можна пачуць спрэчкі наконт ролі настаўніка. Многім здаецца, што будучыня — за электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, дыстанцыйным навучаннем. Але я пераканана: жывое слова педагога не зможа замяніць нішто. Аднак важна, каб настаўнік не быў урокадаўцам, які адбывае свой час у школе, а працаваў з душой.
У нашай навучальнай установе менавіта такі калектыў педагогаў. Сваёй ключавой задачай бачым як адукацыю, так і выхаванне падрастаючага пакалення. Стараемся не проста даваць моладзі грунтоўныя веды, а развіваць духоўна-маральныя якасці, прывіваць павагу да спрадвечных каштоўнасцей і традыцый беларускага народа, фарміраваць беражлівыя адносіны да гісторыі роднай зямлі і гордасць за дасягненні краіны. Адным словам, імкнёмся выхоўваць дзяцей добрымі людзьмі і дастойнымі грамадзянамі. Як мы гэта робім? Формы работы розныя, але ўсё зводзіцца да асабістага прыкладу настаўніка, бо выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт. Тое, што будзе закладзена ў асобу дзіцяці, шмат у чым залежыць ад характару, кампетэнтнасці і прафесіяналізму педагога.
Многае залежыць і ад сям’і, таму выхаваўчую работу выбудоўваем у цесным узаемадзеянні з бацькамі. Цяпер вядзецца нямала размоў аб тым, што наведванне дзяцей дома — неўласцівая настаўнікам функцыя. Мы прытрымліваемся меркавання, што ўсё якраз наадварот: педагог абавязкова павінен ведаць, чым жывуць яго вучні. А траекторыю развіцця дзіцяці трэба вызначаць у тандэме з бацькамі.
Вялікую ўвагу ўдзяляем прафарыентацыі, усяляк дапамагаем навучэнцам знайсці сваё месца ў жыцці. І тут значнай дапамогай служаць профільныя класы. У нашай установе іх чатыры, сярод якіх ёсць ваенна-патрыятычны і педагагічныя. Арганізацыяй работы ў педкласах асабліва ганарымся: ужо тры выпускнікі гэтага профілю сталі настаўнікамі і вярнуліся працаваць у нашу школу.
Мы ўвогуле вельмі ганарымся сваімі вучнямі. Яны рэгулярна праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, даследчых конкурсах, спорце і творчасці. У гэтых дасягненнях немалая заслуга педагогаў. Але ўмовы для навучання таксама значны фактар. Дзякуючы ўсебаковай падтрымцы з боку дзяржавы, у школе сёння ёсць усё неабходнае, па матэрыяльна-тэхнічным аснашчэнні яна нічым не саступае ўстановам адукацыі ў вялікіх гарадах.
Дзяржаўную падтрымку адчуваюць і настаўнікі. Па гэтай прычыне педагагічнай грамадскасці зараз трэба згуртавацца і стаць у цэнтры знакавай палітычнай падзеі — выбараў дэпутацкага корпуса. Я сама ўваходжу ў склад раённага Савета дэпутатаў і магу пацвердзіць: гэты орган улады сапраўды ўносіць важкі ўклад у развіццё краіны. Праявіць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў маючай адбыцца выбарчай кампаніі павінен кожны. У адзіны дзень галасавання мы разам вызначым, як будзем жыць далей. Асабіста мой выбар будзе за суверэнітэт і незалежнасць нашай любімай Беларусі.