Ветэран прафсаюзнага руху з Чэрвеня Мінскай вобласці Людміла Кузьмінічна Паддубіцкая не проста лідар самай вялікай грамадскай арганізацыі ў сістэме адукацыі — гэта сапраўдны прафсаюзны важак. Гэтая вытанчаная, інтэлігентная, разумная, пяшчотная жанчына з тых людзей, што складаюць залаты фонд галіновага прафсаюза. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Адданая справе
Прафсаюзныя лідары ў большасці сваёй працуюць не па абавязку службы, а па поклічы душы. Гэта людзі, якіх прывяла ў прафсаюзны рух прага дапамагаць чалавеку працы, клапаціцца пра яго, адстойваць яго інтарэсы. Гэтаму нельга навучыць ва ўніверсітэце, такія якасці ёсць толькі ў людзей з палымяным сэрцам. Такім, як у Людмілы Кузьмінічны.
Людміла Паддубіцкая больш за 44 гады працавала ў сістэме адукацыі, з іх 31 год аддала рабоце ў галіновым прафсаюзе, узначальвала Чэрвеньскую раённую арганізацыю. Мае вялікую колькасць узнагарод за руплівую працу, сярод якіх вылучае найвышэйшую ўзнагароду Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — нагрудны знак “За адданасць галіноваму прафсаюзу”. Усё яе жыццё — гэта служэнне на карысць настаўніка.
…З гэтай цікавай жанчынай я пазнаёмілася крыху больш за год назад, калі мы разам са старшынёй Мінскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Таццянай Валянцінаўнай Апраніч ладзілі сумесную акцыю, падчас якой узнагароджваліся самыя актыўныя ветэраны прафсаюзнага руху Міншчыны падпіскай на “Настаўніцкую газету”. Сярод прафсаюзных лідараў Людміла Кузьмінічна адразу вылучалася незвычайнай яркасцю, адкрытасцю і неверагоднай улюбёнасцю ў жыццё. Яна так расказвала пра сваё камсамольскае юнацтва, што мне адразу стала зразумела: гэтаму чалавеку варта даць слова на старонках нашага выдання.
Праз год я вярнулася да гэтай думкі — і вось ужо сяджу ва ўтульнай кватэры маёй гераіні, частуюся духмянай гарбатай з прысмакамі і слухаю, слухаю, слухаю…
Праменьчык дабрыні
— Школа мяне выгадавала, — пачынае аповед Людміла Кузьмінічна, — я шчыра люблю прафесію настаўніка. У мяне выкладалі тры заслужаныя настаўнікі Беларусі: Ядвіга Казіміраўна Шалькевіч, Аляксандр Мікалаевіч Сеўбо і Марыя Серафімаўна Юрэвіч. Усё, што яны гаварылі, я памятаю да гэтай пары, хоць прайшло столькі гадоў — я скончыла Смілавіцкую сярэднюю школу ў 1965 годзе. А наш клас (13 хлопчыкаў і 13 дзяўчынак) сябруе дагэтуль: збіраемся, успамінаем школьныя гады… Гэта той самы выпадак, калі школа дала сваім выпускнікам пуцёўку ў жыццё.
Памятаю, як стыльна апраналіся настаўнікі, як мне хацелася быць на іх падобнай. Мы, дзеці савецкай эпохі, раслі вельмі адказнымі, самастойнымі. Ніхто не адлыньваў ад фізічнай працы. Калі я была вучаніцай 5 класа, мне давяралі быць нянькай у двух маленькіх пляменнікаў, пакуль мой старэйшы брат і яго жонка былі на рабоце. І я спраўлялася! Карміла малышоў, выходзіла з імі на прагулку, укладвала спаць, мыла пялюшкі — памперсаў жа не было.
Вялікую ролю ў нашым жыцці адыгрывалі грамадскія арганізацыі — акцябраты, піянеры, камсамольцы. Каб уступіць у іх шэрагі, трэба было быць дысцыплінаваным, сумленным, актыўным, мець прыкладныя паводзіны. У гэтых арганізацыях выхоўваліся характар, адказнасць за даручаную справу, самастойнасць.
З маладым запалам
Па прафесіі Людміла Кузьмінічна настаўніца біялогіі, у свой час скончыла Мінскі дзяржаўны педінстытут імя А.М.Горкага (зараз — БДПУ). Цяга да вывучэння навукі аб жыцці з’явілася ў маёй гераіні яшчэ ў школьныя гады, калі яна была брыгадзірам вучнёўскай брыгады, загадвала летняй школьнай практыкай і нават самастойна выдавала вучням даведкі аб тым, што летняя практыка паспяхова пройдзена.
Як успамінае Людміла Кузьмінічна, вучнёўскія брыгады ствараліся ў гады яе дзяцінства па прыкладзе брыгад Стаўрапольскага краю. Ветэран прафсаюзнага руху і цяпер памятае эксперымент, які праводзіла яе вучнёўская брыгада: як уплываюць калійныя ўгнаенні на ўраджай бульбы. Бульбяное поле было разбіта на тры дзялянкі, і на кожнай з іх школьнікі выкарыстоўвалі розныя ўгнаенні, а пасля рабілі высновы, якія з іх лепш падыходзяць для мясцовых глеб.
— Памятаю, як мама мяне дакарала, што я цэлае лета быццам прывязана да сваіх бульбяных палёў, — усміхаецца Людміла Кузьмінічна, — і зусім не адпачываю. Затое наша брыгада была вядома ва ўсёй Беларусі. Мы ўдзельнічалі ў злётах і нават вазілі вырашчаную прадукцыю і прадстаўлялі вынікі даследаванняў на ВДНГ.
Ёй тым разам у Маскву з’ездзіць не ўдалося, затое пашчасціла стаць дэлегатам 18-га з’езда камсамола. У 11 класе члены вучнёўскай вытворчай брыгады маглі атрымліваць дазвол на ваджэнне аўтамабіля або трактара. Наша гераіня выбрала трактар, бо не пераносіла пах бензіну ў кабіне аўтамабіля, і зараз мае пасведчанне трактарыста. Не проста мае — можа сесці ў кабіну трактара і кіраваць ім!
Дарэчы, у інстытут Людміла Кузьмінічна паступіла не адразу, год працавала ў роднай школе піянерважатай. Дырэктар і настаўнікі прасілі выпускніцу ісці на завочнае аддзяленне, абяцалі даць адразу гадзіны па прадмеце, і дзяўчына пагадзілася: вучылася і адначасова працавала. На пачатку 70-х гадоў актыўную маладую настаўніцу заўважылі: спачатку выбралі другім сакратаром Чэрвеньскага райкама камсамола, а потым і першым. У тыя часы ёй давялося быць кіраўніком экскурсійных груп моладзі, якія накіроўваліся ў паездкі ў Германію, Венгрыю, Югаславію. Так моладзь спазнавала свет, і ад таго мацнейшай станавілася ў маладых сэрцах любоў да Беларусі. А ў 1978 годзе Людміла Кузьмінічна пачала свой шлях у прафсаюзным руху, які працягнуўся да 2009 года. Шлях, пра які яна расказвае з гордасцю і замілаваннем.
Для людзей і сярод людзей
— На ўсіх этапах развіцця нашай краіны галіновы прафсаюз рашуча выступаў у абарону жыццёвых інтарэсаў айчыннага настаўніцтва, — гаворыць Людміла Кузьмінічна. — На долю нашага пакалення выпала шмат складаных выпрабаванняў. Аднак мы ніколі не страчвалі веры ў ідэалы гуманізму, розуму і справядлівасці. Мы ганарымся тым, што Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах прафесіяналаў адукацыйнай галіны, сапраўдную інтэлігенцыю. Ганаруся, што мне пашчасціла шмат гадоў працаваць з сапраўдным лідарам прафсаюзнага руху Тамарай Іосіфаўнай Чобатавай.
Людміла Кузьмінічна Паддубіцкая дзеліцца шматлікімі ўспамінамі з жыцця, прычым памятае ўсіх, з кім давялося працаваць за доўгія дзесяцігоддзі. Шчыра кажучы, мне б такую памяць.
— Калі я прыязджала ў школу, то адразу пачынала размову з вахцёрам ці тэхнічным работнікам, — дзеліцца вопытам прафсаюзны лідар. — Пыталася ў чалавека пра сям’ю, дзетак, магчымыя праблемы і цяжкасці ў жыцці. Часта раіла звярнуцца ў прафсаюз па дапамогу, каб можна было матэрыяльна падтрымаць работніка. Людзі — галоўнае ў нашай рабоце. І цяперашнім прафсаюзным работнікам я пра гэта нагадваю. Неяк зайшла ва ўстанову адукацыі, а супрацоўнікі нават галоў на мяне не паднялі, бо над паперамі працуюць. Я ім гавару: “Дзяўчаты, так нельга! Ніякія дакументы не заменяць звычайную чалавечую ўвагу”.
Голас айчыннага галіновага прафсаюза ва ўсе часы быў моцным, яго чулі ў тым ліку кіраўнікі сістэмы адукацыі. Таму што адзін з прынцыпаў нашай работы — працаваць для людзей і сярод людзей, дзеля іх дабрабыту, абароны іх правоў. І гэта прафсаюзных лідараў да многага абавязвае, шмат чаго ад нас патрабуе. Так было заўсёды: у савецкія часы і зараз. Трэба таксама разумець, што наш прафсаюз аб’ядноўвае не самую забяспечаную катэгорыю работнікаў бюджэтнай сферы. Асноўная частка членаў галіновага прафсаюза — гэта работнікі разумовай працы, людзі з высокім інтэлектам, з шырокім кругаглядам і разам з тым лёгкаранімыя, з абвостраным пачуццём несправядлівасці. Улічваючы гэта, для многіх з іх падтрымка з боку роднага прафсаюза ў складаных жыццёвых сітуацыях бясцэнная.
Людміла Кузьмінічна Паддубіцкая — чалавек, у якога не проста можна, а неабходна вучыцца сучасным прафсаюзным лідарам. Вучыцца настойлівасці і працавітасці. Вучыцца аптымізму, лёгкасці і адкрытасці. Вучыцца цвёрдасці і эфектыўнасці. Гэтаму не вучаць ва ўніверсітэце, але гэтаму можна навучыцца, калі знаходзішся побач з такім чалавекам — прафесіяналам сваёй справы.
— Я зараз разумею, чаму пенсіянеры такія гаваркія, — разважае напрыканцы нашай сустрэчы Людміла Кузьмінічна. — Мы хочам увагі, хочам звычайных чалавечых зносін. Таму я ўдзячна старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяне Раманаўне Якубовіч і яе намесніку Валянціне Аляксееўне Ільіной, кіраўніцтву галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама і асабіста начальніку ўпраўлення Мікалаю Мікалаевічу Башко, а таксама старшыні Мінскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Таццяне Валянцінаўне Апраніч, што яны заўсёды падтрымаюць, запросяць на мерапрыемства, выслухаюць. Увага да чалавека — самае важнае ў жыцці. Асабліва ў жыцці прафсаюза.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара