Патрыёт — той чалавек, хто сэрцам любіць сваю зямлю, паважае людзей, з якімі ён побач жыве і разам працуе. Хто добрасумленна выконвае сваю работу, клапоціцца аб родных і Радзіме, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова.
— Калі мы сёлета прысутнічалі на ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” (сярод адзначаных высокай узнагародай было Полацкае кадэцкае вучылішча), падзея была з ліку тых, якія запамінаюцца на ўсё жыццё. Напэўна, для чалавека такія імгненні духоўнай блізкасці з аднадумцамі, чыстай радасці і натхнення важнейшыя за любыя матэрыяльныя каштоўнасці. Мне вельмі хацелася б перадаць кожнаму дзіцяці як звышкаштоўнасць гэтае хвалюючае адчуванне гордасці і адказнасці за родную Беларусь і яе слаўную часцінку — любімую Полаччыну, за справы землякоў і нашу агульную справу, якую робім рупліва і дружна.
Поўнасцю падзяляю меркаванне кіраўніка дзяржавы пра тое, што духоўнасць і патрыятызм адно без аднаго проста не могуць існаваць. На гэтым грунтуецца мая грамадзянская пазіцыя. Духоўнасць і патрыятызм ляжаць у аснове выхавання чалавека, яны непарыўна звязаны паміж сабой. Што значыць быць патрыётам тут і зараз? Патрыёт — той чалавек, хто сэрцам любіць сваю зямлю, паважае людзей, з якімі ён побач жыве і разам працуе. Хто добрасумленна выконвае сваю работу, клапоціцца аб родных і Радзіме, шчыра гатовы дапамагчы блізкаму ў бядзе і падзяліцца радасцю, асабіста заклапочаны вынікамі дзейнасці і адказны за тое, што ён робіць. Сапраўдная любоў выяўляецца ў справах і ўчынках, сапраўдная адказнасць вырастае не з жадання атрымаць заахвочанне ці са страху пакарання, а з зацікаўленасці і любові. Безумоўна, немагчыма палюбіць роднае, калі яго не ведаеш. Таму надзвычай важна вывучаць з дзецьмі нашу гісторыю, культуру і традыцыі, знаёміць з дасягненнямі продкаў і сучаснікаў, арганізоўваць экскурсіі і сустрэчы з людзьмі, чый прыклад стане для вучняў добрым арыенцірам у жыцці. З дашкольнага ўзросту трэба выхоўваць разуменне, што не ад некага там далёка — ад цябе асабіста таксама залежыць сучаснасць і будучыня Радзімы. Усё ў нашых руках.
Духоўнасць для мяне азначае высокія маральныя якасці. Нездарма мы гаворым “баліць душа”, “суперажываць душой”, а звяртаючыся да біблейскага — “палюбі блізкага свайго, як самога сябе”. Калі ў чалавеку жывуць міласэрнасць і дабрыня, імкненне развівацца і ўдасканальвацца — не выключна для сябе, але і дзеля іншых людзей, сям’і, працоўнага калектыву, роднага горада, краіны, калі ён сумленны і праўдзівы, то жыць і працаваць ён будзе гэтак жа, бо інакш не зможа. Працуй якасна на сваім рабочым месцы, з дабром стаўся да людзей — на маю думку, якраз гэта і ёсць аснова канструктыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Як сфарміраваць усе названыя якасці ў дзіцяці? Ключавы момант — супрацоўніцтва з бацькамі. Таму што сям’я і школа разам павінны закласці правільныя духоўна-каштоўнасныя арыенціры, зыходзячы з якіх чалавек у далейшым будзе ўспрымаць, засвойваць або адвяргаць любую інфармацыю ў якасці кіраўніцтва да дзеяння.
Вылучаючы асаблівасці сістэмы выхаваўчай работы на Полаччыне, абавязкова трэба адзначыць: магутныя дадатковыя магчымасці нам дае рэгіянальны патэнцыял, унікальная гісторыка-культурная спадчына краю, праваслаўныя традыцыі, якія ў нас маюць вялікую сілу.
У супрацоўніцтве мы робім вельмі многае для выхавання і грамадзянскасці, і патрыятызму, і духоўнасці. У раёне назапашаны адметны, каштоўны вопыт, прычым мы яго пастаянна выкарыстоўваем і ўдасканальваем. Асобна варта сказаць пра сумесную праектную дзейнасць. Паказчыкам запатрабаванасці гэтага вопыту з’яўляецца тое, што некаторыя нашы праекты з часам набываюць абласны і рэспубліканскі статус, як здарылася, напрыклад, са “Скарынаўскімі днямі ў Полацку”.
Традыцыйна, калі мы рэалізуем раённы праект, да яго далучаюцца ўсе без выключэння нашы ўстановы адукацыі. І галоўнае для нас — нават не вызначаная фінальная мэта праекта (скажам, для “Полацкага рубяжа” гэта даследаванне гісторыі Полацкага ўмацаванага раёна, вывучэнне, захаванне і добраўпарадкаванне помнікаў гісторыі, стварэнне сістэмы турыстычных маршрутаў, каб кожны жадаючы мог прайсці па месцах баявой славы), а менавіта выхаванне моладзі праз удзел у калектыўнай творчай справе.
Нядаўна мы далі старт новаму праекту “Помніць, каб жыць”. Зноў жа ініцыятыва актуальная, запатрабаваная, значная для грамадства. Наколькі мне вядома, у гэтым кірунку мы першымі ў Беларусі пачалі работу, і ўжо зараз відавочна, што праект варты далейшага маштабавання. А ў цэлым у педагагічнай дзейнасці працуе той жа прынцып, што і ў дэсантнікаў: “Ніхто, акрамя нас”. Педагог вядзе за сабой дзіця, таму ад яго ўмення навучыць залежыць лёс чалавека і тое, што ён пакіне пасля сябе, ці будзе шчаслівы сам, ці зможа дарыць шчасце іншым, ставіць грамадскія інтарэсы вышэй за ўласныя. Адпаведна, залежыць дабрабыт грамадства і краіны, мір на зямлі. Гэта спрадвечная, найглыбейшая ісціна.