Настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 1 Лунінца Юрый Швед займае актыўную жыццёвую пазіцыю як у штодзённай дзейнасці, так і ў грамадскай рабоце. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Выхаванне працай
У сям’і Юрыя Міхайлавіча раней ніколі не было настаўнікаў, а потым гэтую прафесію выбралі і ён сам, і родная сястра. З дзяцінства ў яго добра атрымлівалася майстраваць розныя вырабы, захапляўся разьбой па дрэве. Таму спецыяльнасць выбраў адпаведную — настаўнік працоўнага навучання. У 1991 годзе скончыў Аршанскае педвучылішча, у 2003-м — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна.
Свой працоўны шлях пачаў настаўнікам у Запроскай базавай школе Лунінецкага раёна. У хуткім часе ажаніўся з маладой калегай, якая па размеркаванні працавала ў сярэдняй школе № 1 Лунінца, нарадзіліся сын і дачка. Услед за жонкай Юрый Міхайлавіч таксама перайшоў у гэтую ўстанову адукацыі. Настаўнічае тут ужо 23 гады.
— Мне падабаецца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, дапамагаць ім стаць больш майстравітымі, крэатыўнымі, палюбіць працу. Часам маці навучэнцаў падыходзяць да мяне і расказваюць: гадуюць сына без мужа, на мяне ўся надзея, што навучу яго мужчынскім гаспадарчым справам. Заўсёды супакойваю — не хвалюйцеся, абавязкова навучу. Прычым імкнуся прывіць базавыя працоўныя навыкі не толькі хлопчыкам, але і дзяўчынкам. Ёсць такая практыка, калі яны прыходзяць на заняткі па працоўным навучанні да мяне, а хлопцы да іх настаўніцы. І трэба сказаць, дзяўчаты займаюцца з вялікай цікавасцю, — адзначае мой суразмоўнік.
Навучэнцы педагога актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху. Штогод падрыхтаваныя ім школьнікі ўваходзяць на раённых спаборніцтвах у лік пераможцаў. Лепшыя работы вучняў дэманструюцца на розных выставах. Унікальныя аўтарскія вырабы самаго Юрыя Шведа ўпрыгожваюць тэрыторыю школы, а да свят ён заўсёды тэматычна афармляе хол установы адукацыі.
Таксама настаўнік выкладае дапрызыўную падрыхтоўку. Ён нязменны кіраўнік гурткоў “Юны канструктар” і “Юны стралок”. Заўсёды дапамагае ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў, ад рамонту інвентара да афармлення работ на конкурсы і выставы. Працы шмат, але Юрый Міхайлавіч знаходзіць час і для грамадскай дзейнасці. Шмат гадоў з’яўляецца членам прафсаюза, пяць з якіх узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю роднай школы. За гэты час ахоп калектыву прафсаюзным членствам вырас да 99 працэнтаў. Літаральна днямі на агульным сходзе яго перавыбралі старшынёй пярвічкі яшчэ на пяць гадоў.
На сёння з 60 устаноў адукацыі раёна толькі ў дзвюх прафсаюзныя пярвічкі ўзначальваюць мужчыны. Для іх гэта адказна ўдвая.
— Я заўсёды быў актыўным, яшчэ са школьных гадоў. У 7 класе быў сцяганосцам, у старшых — старшынёй піянерскай дружыны, потым сакратаром камсамольскай арганізацыі. Я не баюся адказнасці, люблю кантактаваць з людзьмі, знаходзіцца ў цэнтры падзей, — дзеліцца настаўнік. — Тое, наколькі паспяховай будзе работа прафсаюзнага лідара, у многім залежыць ад калег, з якімі працуеш. Мне ў гэтым плане пашанцавала. Калектыў у школе дружны, прафсаюзны актыў — мая апора ва ўсіх пытаннях. З дырэктарам Вольгай Пятроўнай Капусціч заўсёды знаходзім агульную мову, бо мэта ў нас адна — каб людзям было добра.
На сёння з 60 устаноў адукацыі раёна толькі ў дзвюх прафсаюзныя пярвічкі ўзначальваюць мужчыны. Акрамя Юрыя Міхайлавіча, прафсаюзным лідарам з’яўляецца таксама настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 2. Мой суразмоўнік заўважае, што адносіны з калегамі па грамадскай працы складваюцца вельмі добрыя — больш вопытныя ахвотна даюць слушныя парады, падтрымліваюць. За кампетэнтным адказам на любое пытанне заўсёды можна звярнуцца да старшыні Лунінецкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Неллі Анатольеўны Рафаловіч.
Рука дапамогі
Юрый Швед справядліва падкрэслівае, што ўдзел у прафсаюзнай арганізацыі павышае ўзровень сацыяльнай абароненасці работнікаў. У іх калектыўным дагаворы прапісаны шэраг актуальных мер падтрымкі, якія дапаўняюць замацаваныя заканадаўствам агульныя нормы.
Так, для маладых спецыялістаў у дадатак да агульнарэспубліканскай надбаўкі ўсталявана максімальна дазволеная надбаўка за работу па кантракце — 50% акладу. Прычым калі чалавек вырашае застацца пасля абавязковай адпрацоўкі, надбаўка захоўваецца яшчэ на год. Часткова кампенсуюцца затраты на наём жылля — у памеры да дзвюх базавых велічынь (на сёння гэта 80 рублёў) у месяц. Дарэчы, калі малады спецыяліст хоча, яму дапамагаюць засяліцца ў інтэрнаты працуючых у горадзе прадпрыемстваў.
Для вопытных педагогаў калектыўным дагаворам прадугледжаны надбаўкі за настаўніцтва, за высокія дасягненні ў працы. Калі педагог падрыхтаваў пераможцу рэспубліканскай ці абласной алімпіяды, яму штомесяц на працягу года выплачваецца заахвочванне ў памеры 70% базавай стаўкі (на сёння гэта 175 рублёў). Даплачваюць і за добрыя вынікі на раённых алімпіядах.
Калі ў сям’і нараджаецца дзіця, шчаслівы бацька можа ўзяць тры выхадныя дні і атрымаць матэрыяльную дапамогу. Мамам і татам вучняў 1—4 класаў даюць выхадны ў іх першы вучэбны дзень, 9 і 11 класаў — у апошні. Сем’ям работнікаў дапамагаюць аплаціць дзіцячыя пуцёўкі ў летнія загарадныя лагеры. Мнагадзетным штогод выдзяляецца матэрыяльная дапамога: адны бяруць яе напярэдадні новага навучальнага года, другія — перад пачаткам сезона халадоў ці з іншай прычыны. Падтрымліваюць і бацькоў з няпоўных сем’яў.
Не забылі ў калектыўным дагаворы пра інтарэсы дзядуляў і бабуль. Яны могуць разлічваць на тры выхадныя дні з нагоды нараджэння ўнука, а таксама на выхадны ў першы вучэбны дзень, калі дзіця ідзе ў 1 клас.
У калектыўным дагаворы ўлічаны сямейныя інтарэсы як бацькоў, так і дзядуляў і бабуль.
Калі чалавек едзе ў прафсаюзныя здраўніцы, яму кампенсуецца да 55% ад кошту пуцёўкі. Паколькі Лунінецкі раён адносіцца да рэгіёнаў, найбольш пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, настаўнікі штогод суправаджаюць вучняў у санаторыі на аздараўленне без адрыву ад навучання. За такую няпростую працу ім гарантавана дадатковая надбаўка.
Цікава жыць
Членам прафсаюза прапаноўваецца шмат цікавых актыўнасцей, да якіх многія далучаюцца. Удзельнічаюць як у раённых спартакіядах, турзлётах, так і ў разнастайных школьных мерапрыемствах. Ва ўстанове адукацыі ёсць выдатная традыцыя праводзіць спаборніцтвы паміж камандамі настаўнікаў і старшакласнікаў — як па спартыўным, так і па творчым кірунках, накшталт гульні КВЗ.
У школе склалася выдатная традыцыя праводзіць спаборніцтвы паміж камандамі настаўнікаў і старшакласнікаў.
Рэгулярна арганізоўваюцца экскурсіі. У ліку апошніх — паездкі ў Ліду, у парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”. Экскурсаводам выступае настаўнік гісторыі, і, па агульным прызнанні, ён выдатна спраўляецца з даручанай місіяй. У такія паездкі запрашаюць як супрацоўнікаў школы з членамі сем’яў, так і ветэранаў працы, якія з задавальненнем карыстаюцца гэтай магчымасцю.
Трэба адзначыць, увага педагогам, якія аддалі настаўніцтву шмат гадоў і зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, — важны кірунак дзейнасці прафсаюза. Іх запрашаюць у школу на знакавыя мерапрыемствы, віншуюць са святамі, а адзінокім людзям дапамагаюць па гаспадарцы.
Усе гэтыя разнастайныя фарматы дзейнасці пярвічкі вельмі важныя, падкрэслівае мой суразмоўнік. Яны робяць жыццё людзей больш насычаным, дапамагаюць ім развівацца і пазбягаць прафесійнага выгарання. У наступныя пяць гадоў на пасадзе старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі школы ён плануе зрабіць яшчэ шмат карыснага.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена суразмоўнікам