У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адбылося пасяджэнне па тэме арганізацыі здаровага харчавання ў нашай краіне. У гутарцы прынялі ўдзел дэпутаты, прадстаўнікі сістэмы адукацыі, аховы здароўя, супрацоўнікі НАН Беларусі, вытворчых прадпрыемстваў, работнікі ўстаноў адукацыі. Адной з тэм, якія былі вынесены на абмеркаванне ўдзельнікаў мерапрыемства, стала дзіцячае харчаванне, арганізацыя яго ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, пашырэнне асветніцтва ў пытанні харчавання дзяцей сярод бацькоў, выпрацоўка адпаведнай заканадаўчай базы для гэтай сферы.
Вёў пасяджэнне старшыня міжведамаснай рабочай групы па каардынацыі дзейнасці, звязанай з пытаннямі харчавання насельніцтва, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы М.М.Іванчанка.
Здаровае харчаванне грамадзян — гэта нацыянальная бяспека нашай краіны, таму пытанне харчавання з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў умацавання здароўя людзей і павышэння якасці іх жыцця. Актуальнасць сустрэчы ў парламенце пацвярджаецца і тым, што гэтымі днямі ў сталіцы Італіі Рыме прайшла Міжнародная канферэнцыя па арганізацыі харчавання і па развіцці здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва краін свету. Улічваючы міжнародны вопыт у гэтым кірунку, была прынята дэкларацыя да ўрадаў краін аб прыняцці праграмы дзеянняў у гэтай сферы з улікам існуючых міжнародных тэндэнцый. Трэба заўважыць, што прадстаўленая сістэма харчавання дзяцей Беларусі была ўспрынята ўдзельнікамі канферэнцыі з вялікай прыхільнасцю. Асабліва калі яны даведаліся, што ў нас гарачым харчаваннем ахоплена 98 працэнтаў школьнікаў. Іншыя краіны не могуць пахваліцца такой лічбай.
— Праблема харчавання складаная, шматгранная і патрабуе ўзаемадзеяння паміж органамі дзяржаўнага кіравання ўсіх узроўняў, паміж многімі галінамі, міністэрствамі і ведамствамі, грамадскімі арганізацыямі і канкрэтнымі вытворцамі і спажыўцамі, — падкрэсліў М.М.Іванчанка. — Пры сённяшнім дастатку прадуктаў у гандлёвай сетцы неабходна сфарміраваць граматную сістэму іх спажывання, праводзіць асветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва аб здаровым харчаванні, весці прапаганду прадуктаў айчыннай вытворчасці. Перш-наперш гэта скіравана на здаровае харчаванне нашых дзяцей.
Л.А.Лёгкая, начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя, адзначыла, што сёння не трэба нікому даказваць, што здароўе нашых дзяцей звязана ў першую чаргу з харчаваннем. На 80 працэнтаў здароўе чалавека залежыць ад харчавання і ад ладу жыцця. У перыяд росту і развіцця дзіцячага арганізма, імклівага энергетычнага абмену правільнае рацыянальнае харчаванне вельмі неабходна. Але ў многіх дзяцей сёння назіраецца шмат хвароб, якія выкліканы парушэннем працэсу харчавання. У першую чаргу гэта карыес, затрымка росту, адхіленні ў рабоце шчытападобнай залозы, рахіт, атлусценне, захворванні органаў стрававання. У апошнія гады адзначаецца рост сярод дзяцей захворванняў на цукровы дыябет, які выкліканы ў першую чаргу атлусценнем, празмерным ужываннем цукру. Гэтая хвароба негатыўна ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, на дзейнасць суставаў, органаў дыхання. Асабліва адзначаецца рост атлусцення ў гарадскіх дзяцей, што выклікана нізкім узроўнем фізічнай актыўнасці, празмерным захапленнем камп’ютарам. У процівагу гарадскім у сельскіх дзяцей такія хваробы амаль адсутнічаюць.
Начальнік Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта А.П.Мурашкевіч закранула пытанне бяспекі прадуктаў харчавання, якія паступаюць на беларускі прылавак, асабліва з боку замежных імпарцёраў. Кантроль за якасцю вырабаў харчовай прамысловасці застаецца найважнейшай задачай дзяржаўнай інспекцыі. Кожная партыя харчовых тавараў, якая ўвозіцца ў нашу краіну, правяраецца на паказчыкі бяспекі і якасці прадукцыі, і калі яна адпавядае неабходным крытэрыям, то накіроўваецца ў гандлёвую сетку.
У ходзе праверак па Віцебскай вобласці было выяўлена, што істотная частка прадукцыі ў магазінах не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням. Як вядома, сокі, напрыклад, прызначаны для хворых, аслабленых людзей, а таксама дзяцей. Але, відаць, для расійскіх пастаўшчыкоў гэта не аргумент. Праверка гранатавых, вінаградных сокаў расійскіх прадпрыемстваў паказала нізкую іх якасць. А ад чаго ёй быць высокай, калі гэты сок быў зроблены з канцэнтрату, разбаўленага вадой, з дабаўленнем араматызатараў, кансервантаў і фарбавальнікаў. Многія рыбныя кансервы па рэальнай вазе не адпавядалі маркіроўцы. Больш за тое, у некаторыя замест аднаго віду рыбы была пакладзена іншая, больш танная. Безумоўна, гэтым прадуктам не месца на нашым спажывецкім рынку.
Пры праверцы прадуктаў дзіцячага харчавання было выяўлена, што імпарцёры рэалізоўваюць прадукцыю без наяўнасці якасных пасведчанняў, альбо яны носяць фармальны характар. У суправаджальных дакументах былі істотныя недакладнасці. Напрыклад, у адных напісана, што дзіцячае харчаванне належыць дзецям з 5 месяцаў, а па іншай інфармацыі — з 3 месяцаў. А гэта істотная розніца для немаўлят. Акрамя таго, сухая малочная сумесь прадавалася без пратакола выпрабаванняў альбо быў прадстаўлены састарэлы, 5-гадовай даўнасці. Такую прадукцыю мы не можам прапусціць на наш рынак, замежная прадукцыя павінна адпавядаць айчынным стандартам, і толькі тады ёй месца на нашых прылаўках, заявіла начальнік абласной інспекцыі. Усе прэтэнзіі кантралёры прад’яўляюць імпарцёрам, а тавар, які не адпавядае ўстаноўленым нормам, канфіскоўваецца. Справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што прадпрыемствы з іншых краін выконваюць патрабаванні з боку кантралюючых органаў і паўторнага ўвозу няякаснага тавару звычайна не бывае.
У Беларусі рэалізоўваецца рэспубліканская праграма па арганізацыі дзіцячага харчавання. Яе асноўная задача — нарошчваць вытворчы патэнцыял па выпуску якаснай і запатрабаванай прадукцыі для дзяцей. З улікам гэтага навукова-практычны цэнтр па харчаванні НАН Беларусі распрацаваў больш як 455 найменняў плодаагародніннай, малочнай і мясной прадукцыі для дзяцей. Яна запатрабавана і за мяжой, у тым ліку ў Расіі. Па некаторых групах прадуктаў экспарт за апошнія пяць гадоў павялічыўся ў 4 разы.
А.М.Маргунова, намеснік генеральнага дырэктара навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН Беларусі, адзначыла, што ў галіне вытворчасці харчовых прадуктаў трэба выкарыстоўваць свае нацыянальныя асаблівасці. З улікам гэтага цэнтр актыўна займаецца распрацоўкай айчынных прадуктаў, большасць якіх прызначаецца дзецям. Перш-наперш гэта фруктовыя сокі і сокі з агародніны, нектары, у склад якіх замест цукру ўваходзіць фруктоза, вітаміны, мінеральныя рэчывы. Акрамя таго, прадстаўлены шырокі асартымент хлебабулачных вырабаў, якія маюць павышаную харчова-біялагічную каштоўнасць. Прыкметным сярод дзяцей стала пячэнне “Зайка-зазнайка”. Разнастайнасць тавару характэрна і для так званай малочнай лініі. Шматлікія ёгурты і тваражкі, маянэз “Школьны” прыйшліся даспадобы нашым дзецям. Арганізаваны выпуск мясных і мясараслінных прадуктаў для дзіцячага прафілактычнага харчавання. Напэўна, стане любімым і напітак “Мікола”, зроблены на аснове бульбянога соку.
Але, як адзначыла прадстаўнік НАН, прадстаўленыя распрацоўкі з цяжкасцю ўдалося ўкараніць у вытворчасць. Межы тэрміну ўкаранення складаюць цэлы год, а гэта, безумоўна, вельмі доўга, што не можа не хваляваць. Усё ж найлепшыя распрацоўкі нацыянальных прадуктаў павінны ўкараняцца намнога аператыўней.
Сёння шмат зроблена па захаванні бяспекі харчовай сыравіны і прадукцыі. Практычна ўся прадукцыя, якую вырабляюць нашы прадпрыемствы, з’яўляецца бяспечнай. Аднак якасць прадукцыі не рэгламентавана і аддадзена на водкуп вытворцам, што звязана з канкурэнтаздольнасцю таго ці іншага вытворцы. Таму ў цэнтры ўдзяляецца вялікая ўвага менавіта сэнсарным характарыстыкам харчовай прадукцыі, дзе прадстаўлены паказчыкі яе якасці. З мэтай даследавання якасці прадуктаў створаны дэгустацыйныя камісіі, якія працуюць па ўсіх кірунках харчовай прамысловасці. Усю новаствораную прадукцыю эксперты праводзяць праз прызму гэтых даследаванняў, і толькі потым яна паступае ў вытворчасць. Акрамя таго, камісіі арганізоўваюць дні якасці, калі праводзіцца закупка тавару ў гандлі і старанна даследуецца яго якасць. Калі прадукцыя не адпавядае неабходным крытэрыям, то на прадпрыемства накіроўваецца патрабаванне зняць яе з вытворчасці.
Начальнік сектара кансервавай галіны канцэрна “Белдзяржхарчпрам” А.А.Андрэева адзначыла, што апошнім часам істотна ўзраслі магутнасці вытворчасці дзіцячага харчавання, у прыватнасці пладовага і з агародніны. Нашы дзеці цалкам забяспечаны айчыннай прадукцыяй, і вырашаецца пытанне яе імпартазамяшчэння.
Нашы прадпрыемствы могуць вырабляць 40 млн умоўных шклянак з дзіцячым харчаваннем пры патрэбнасці ўнутранага рынку ў 30 млн. Рэзервы можна экспартаваць на сусветны рынак.
Сёння асартымент пладова-агародніннага харчавання налічвае 280 найменняў. Гэта розныя сокі, нектары, фруктовыя пюрэ, пюрэ з дабаўкай круп і шэраг іншых. Пастаянна вывучаецца ўзровень попыту на асартымент прадукцыі, і тыя прадукты, якія ўжо не карыстаюцца попытам, знімаюцца з вытворчасці, а на прылавак прыходзяць новыя, больш якасныя і карысныя для немаўлят.
Нельга забываць пра якасць і бяспеку той сыравіны, з якой рыхтуюцца прадукты дзіцячага харчавання. Асноўнымі відамі сыравіны ў краіне з’яўляюцца морква, кабачок, гарбуз і яблык. Да морквы, напрыклад, прад’яўляецца патрабаванне, каб яна была без нітратаў, а яблыкі мелі высокае ўтрыманне сухіх рэчываў і нізкую кіслотнасць. Каб утрымліваць сыравіну пад сваім кантролем, з 33 арганізацый па вытворчасці дзіцячага харчавання амаль палова мае асабістыя сыравінныя зоны. (У прадпрыемстваў іншых краін СНД такіх сыравінных зон няма.)
У такіх зонах пасаджаны сады з адпаведнымі гатункамі яблынь, ягадныя кусты, традыцыйная агародніна, а таксама квяцістая капуста, гарошак. Акрамя таго, прадпрыемствы выпускаюць дзіцячае харчаванне і з экзотыкай — з дабаўленнем банана, абрыкоса, персіка. На ўсіх прадпрыемствах наладжаны цэласны цыкл вытворчасці — ад апрацоўкі сыравіны да вытворчасці дзіцячага харчавання. Вытворцы сёння вельмі ўважліва сочаць за рэцэптурай сваёй прадукцыі, зніжаюць колькасць цукру, солі, якія вельмі шкодны для арганізма, асабліва для дзіцячага. З айчыннай прадукцыі дзіцячага харчавання ўвогуле выключаны кансерванты. Стаіць на кантролі і праблема забруджанасці глебы на некаторых тэрыторыях краіны, што ўплывае на якасць сельгаспрадукцыі, якая там вырошчваецца. Таму плануецца ўкараніць дзяржаўную экалагічную сертыфікацыю тэрыторый, што дазволіць вызначаць менавіта тую глебу, дзе можна гарантаваць вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі.
Галоўны інжынер-тэхнолаг па харчаванні ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Т.М.Фінская паведаміла, як арганізавана харчаванне дзяцей у дашкольных і школьных установах. Яна адзначыла, што сёння вельмі цяжка ўкамплектаваць кадрамі харчаблокі дзіцячых садоў і школ. Нягледзячы на тое, што ва ўсіх абласцях вядзецца падрыхтоўка кухараў у поўным аб’ёме, укамплектаваць штаты работнікаў харчаблокаў ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі не ўдаецца. І першая прычына гэтага — нізкі заробак, які сёння складае ўсяго 1,5 млн рублёў. Калектывы харчаблокаў у асноўным складаюцца з людзей перадпенсіённага і пасляпенсіённага ўзросту. А маладых не ўтрымаць. Пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі яны звальняюцца. Не змог выправіць сітуацыю і перавод маладых работнікаў на кантрактную сістэму, што дазваляе выкарыстоўваць у большай меры прэміяльны фонд. Сёння кіраўнікі ўстаноў адукацыі вымушаны браць на работу ў харчаблок работнікаў нават без разраду, і ў працэсе работы яны могуць павышаць свой прафесійны ўзровень. Неабходны чацвёрты разрад маюць толькі 40 працэнтаў работнікаў.
Выклікае заклапочанасць пастаянны рост цэн і неадпаведнасць грашовых норм натуральным. Індэкс спажывецкіх цэн на тавары па краіне за кастрычнік адносна снежня мінулага года складае 114,8 працэнта. Несуаднясенне грашовых і натуральных норм прыводзіць да незбалансаванасці ў харчаванні. Органы кіравання адукацыяй рэгіёнаў займаюцца пошукам шляхоў патаннення харчавання. Так, у прыватнасці, работа па забеспячэнні прадуктамі харчаблокаў з вытворцамі вядзецца без пасрэднікаў, нарыхтоўка сельгаспрадукцыі і яе перапрацоўка праводзіцца самастойна, не дапускаюцца факты пакупкі неабгрунтавана дарагіх прадуктаў з боку арганізатараў харчавання ва ўстановах адукацыі.
Пры ўсім гэтым сярэдні працэнт выканання норм харчавання складае па краіне толькі 80 працэнтаў. Існуе і праблема аснашчэння абсталяваннем харчаблокаў у сістэме адукацыі. Безумоўна, за апошнія гады ў гэтым ёсць істотныя зрухі. Калі раней патрабавалі замены 80 працэнтаў тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання харчаблокаў, то сёння гэтая лічба істотна змянілася. Трэба прызнаць той факт, што недастаткова выдаткоўваецца сродкаў на абнаўленне абсталявання, укараненне больш сучаснага. Напрыклад, не ўдаецца абсталяваць харчаблокі ўстаноў адукацыі высокатэхналагічнымі параканвектаматамі, якія дазваляюць забяспечыць стапрацэнтна дыетычны рэжым харчавання. Сёння па рэкамендацыях органаў аховы здароўя дзеці павінны есці менавіта дыетычныя стравы, але ў жарачных шафах старой мадыфікацыі такія стравы прыгатаваць немагчыма. Выкарыстанне параканвектаматаў дало б двайную выгаду. Можна было б забяспечыць якаснай і бяспечнай прадукцыяй нашых дзяцей, а гэта значыць умацаваць іх здароўе. Акрамя таго, новае абсталяванне дазволіла б аблегчыць працу кухараў і даць магчымасць працаваць работнікам без разраду, і такім чынам прыцягнуць новыя кадры ў калектывы харчаблокаў устаноў адукацыі.
Сёння спецыялістаў клапоціць і культура харчавання, якая павінна фарміравацца ў грамадстве, і ў першую чаргу ў сям’і. Калі дзіцяці з дзяцінства прывіць асновы правільнага паўнацэннага харчавання, яму будзе прасцей выконваць іх на працягу ўсяго жыцця. Але, як паказвае практыка, тэрмін “культура харчавання” ўвогуле не знаёмы нашым бацькам. Перш-наперш у сем’ях бесклапотна ставяцца да так званага нездаровага харчавання, у прыватнасці да чыпсаў, кірыешкаў, газіраванай вады і шэрага іншай прадукцыі, якая так прываблівае яркай упакоўкай малых дзяцей.
У дзіцячых садках многія дзеці не ведаюць элементарных страў, якія звычайна гатуюцца дома. Напрыклад, ім не знаёмы многія салаты, у тым ліку з агародніны, многія віды фруктаў яны бачаць упершыню. Ёсць факты, што некаторыя выхаванцы дзіцячых садоў ядуць толькі пячэнне з малаком. Многія дзеткі прыносяць з дому сваю яду — тыя ж кіндар-сюрпрызы, чыпсы — і пачынаюць есці з самай раніцы, тым самым зніжаюць апетыт перад гарачым снеданнем і абедам. Як бачна, дзеці нясуць ва ўстанову свае правілы харчавання, у якіх цалкам адсутнічае яго культура. Таму, безумоўна, з боку органаў аховы здароўя, адукацыі неабходна весці сярод бацькоў і дзяцей асветніцкую работу, прапагандаваць здаровы лад жыцця, расказваць пра карысць і шкоду тых ці іншых прадуктаў, асабліва імпартных. Магчыма, неабходна зняць са шкодных для здароўя дзяцей прадуктаў, якія сёння прадаюцца ў магазінах, дзіцячую сімволіку і вынесці ў маркіроўку забараняльны для дзяцей тэкст. Пры тым што нельга цалкам забараніць харчовыя дабаўкі ў прадуктах, было б мэтазгодна зрабіць на ўпакоўцы папярэджвальны надпіс.
У мэтах здаровага харчавання, магчыма, можна выкарыстоўваць і так званую антырэкламу. Напрыклад, аб абмежаваным ужыванні такіх рэчываў, як цукар, соль, больш паказваць па тэлебачанні перадачы, у друкаваных СМІ — публікаваць артыкулы, якія тычацца здаровага харчавання, з прыцягненнем прадстаўнікоў аховы здароўя, сістэмы адукацыі, рэкламаваць айчынную прадукцыю і весці так званую фільтрацыю рэкламы страў, якая наносіць шкоду здароўю. На жаль, сёння рэклама па прасоўванні шкоднай прадукцыі прэваліруе над рэкламай здаровага ладу жыцця, і гэта трэба тэрмінова выпраўляць.
Важна пры гэтым уключаць новыя падыходы ў асвеце сярод насельніцтва, у прапагандзе здаровага харчавання і такім чынам фарміраваць новае мысленне аб значнасці аховы здароўя, здаровага харчавання. І пачынаць гэта трэба з сям’і, з дзіцячага садка, а потым весці гэтую работу ў школе ў цесным узаемадзеянні з бацькамі.
Як было прызнана, сёння многія арганізацыі займаюцца пытаннем харчавання, але функцыі іх разрозненыя альбо дубліруюць адно аднаго, адсутнічае каардынацыя дзеянняў той ці іншай арганізацыі. Таму паўстае пытанне аб фарміраванні адпаведнай дзейснай структуры, дзе былі б сканцэнтраваны ўсе кірункі, звязаныя з пытаннямі харчавання насельніцтва. У канцэпцыі здаровага харчавання ў нашай краіне неабходна прадставіць усіх вытворцаў харчовых прадуктаў, дзяржаўны кантроль і надзор, формы прапаганды і рэкламы тавараў на спажывецкім рынку, нормы аховы здароўя, навуковае забеспячэнне харчавання нашых грамадзян.
Усе прапановы і заўвагі, якія прагучалі ў час пасяджэння ў парламенце, будуць абмеркаваны на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па каардынацыі дзейнасці, звязанай з пытаннямі харчавання насельніцтва, і самыя слушныя будуць перададзены ў міжведамасную камісію па бяспецы харчавання, якую ўзначальвае намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
Ала КЛЮЙКО.