Мяжысецкая сярэдняя школа Магілёўскага раёна на працягу шэрага гадоў з’яўляецца лідарам мясцовых рэйтынгаў практычна па ўсіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці. Не так даўно школа прызнавалася лепшай сельскай установай агульнай сярэдняй адукацыі ў вобласці і нават у краіне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Такія дасягненні — вынік добрасумленнай працы ўсяго педагагічнага калектыву. Для нас галоўнае — не толькі даць кожнаму вучню трывалыя веды, а сфарміраваць яго асобу, выхаваць годным чалавекам, патрыётам сваёй Радзімы, — паведаміў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Андрэй Трэй.
Па яго словах, зараз у школе навучаецца 395 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх створаны ўсе ўмовы для атрымання добрай адукацыі. Па матэрыяльнай базе навучальная ўстанова ні ў чым не саступае гарадскім.
— У нас ёсць сучасныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі. Шматлікія класы абсталяваны мультыбордамі і мультымедыйнымі праектарамі. Але самы каштоўны здабытак школы — настаўнікі. Усе педагогі знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку і развіцці, 68 працэнтаў маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю, — расказаў Андрэй Айвавіч.
Вучэбны працэс настаўнікі імкнуцца арганізоўваць з улікам перадавых адукацыйных методык і тэхналогій. Напрыклад, стандартнай практыкай у школе стала правядзенне бінарных урокаў. Заняткі вядуць адразу некалькі педагогаў, што дазваляе ажыццяўляць міжпрадметныя сувязі і інтэграцыю розных вучэбных дысцыплін.
— Бінарныя ўрокі патрабуюць належнай падрыхтоўкі і выключнага прафесіяналізму настаўнікаў, але і эфектыўнасць відавочна. Вывучэнне пэўнай праблемы ці тэмы на стыку дзвюх навук — гэта заўсёды цікава і захапляльна для вучняў. Такі від дзейнасці павышае пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, матывуе іх на самастойную здабычу ведаў, — патлумачыў Андрэй Трэй.
Вялікую ўвагу педагогі Мяжысецкай школы надаюць раскрыццю здольнасцей вучняў. Настаўнікі стымулююць дзяцей на паглыбленае вывучэнне прадметаў, выбудавалі дзейсныя алгарытмы падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядным руху, інтэлектуальных і даследчых конкурсах. Гэта прыносіць адпаведны плён.
— У нашых вучняў дастаткова высокая паспяховасць. Толькі за мінулы год атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатымі медалямі атрымалі трое выпускнікоў. Навучэнцы бліскуча здаюць цэнтралізаваныя экзамены і тэсціраванне, штогод вызначаюцца дасягненнямі ў алімпіядах, творчых аглядах, спартыўных спаборніцтвах, — адзначыў Андрэй Айвавіч.
Мяжысецкія педагогі клапоцяцца не толькі пра якасць выкладання. У прыярытэце тут і выхаваўчая работа. Яна ў школе рознабаковая, але асаблівы ўпор робіцца на прывіццё дзецям патрыятычных і грамадзянскіх якасцей. Праз пазакласныя мерапрыемствы ва ўстанове далучаюць вучняў да народных традыцый і культуры, вучаць любіць родны край, паважаць мінулае і цяперашняе Беларусі.
— Шырока выкарыстоўваем выхаваўчы патэнцыял шостага школьнага дня. Суботы ў нас заўсёды праходзяць весела і з карысцю. Стараемся падтрымліваць ідэі навучэнцаў. Дзеці наладзілі вытворчасць па вырабе сувеніраў у тэхніцы хахламы па-мяжысецку, выступілі з прапановай правядзення гістарычных квест-тураў. Гэтыя ініцыятывы на справе пацвярджаюць: вучні выдатна ведаюць гісторыю вёскі, папулярызуюць сваю спадчыну, — распавёў Андрэй Трэй.
Мяжысецкай школе сёння ёсць чым ганарыцца, але педагогі тут працягваюць рухацца па шляху да ўдасканалення. У асноўным — праз актыўны ўдзел у інавацыях.
— Рэспубліканскія інавацыйныя і эксперыментальныя праекты рэалізуем пастаянна. Летась скончылі працаваць над ажыццяўленнем прафарыентацыі навучэнцаў праз адукацыйныя падарожжы. Цяпер вывучаем магчымасці аптымізацыі педагагічнай самаадукацыі, бо ўпэўнены: развіццё навучальнай установы цалкам залежыць ад настаўнікаў. Шэраг праектаў распрацавалі таксама па інавацыйным менеджменце і фарміраванні пазітыўнага іміджу школы, — падкрэсліў намеснік дырэктара. — Увогуле ў нас шмат планаў на будучыню. Імкнёмся ўтрымаць дасягнутыя пазіцыі і рабіць усё магчымае, каб нашы выпускнікі маглі знайсці сваё месца ў жыцці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара