Мяжысецкая сярэдняя школа з’яўляецца лідарам мясцовых рэйтынгаў па многіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці

- 9:00Образование

Мяжысецкая сярэдняя школа Магілёўскага раёна на працягу шэрага гадоў з’яўляецца лідарам мясцовых рэйтынгаў практычна па ўсіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці. Не так даўно школа прызнавалася лепшай сельскай установай агульнай сярэдняй адукацыі ў вобласці і нават у краіне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Такія дасягненні — вынік добрасумленнай працы ўсяго педагагічнага калектыву. Для нас галоўнае — не толькі даць кожнаму вучню трывалыя веды, а сфарміраваць яго асобу, выхаваць годным чалавекам, патрыётам сваёй Радзімы, — паведаміў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Андрэй Трэй.

Па яго словах, зараз у школе навучаецца 395 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх створаны ўсе ўмовы для атрымання добрай адукацыі. Па матэрыяльнай базе навучальная ўстанова ні ў чым не саступае гарадскім.

— У нас ёсць сучасныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі. Шматлікія класы абсталяваны мультыбордамі і мультымедыйнымі праектарамі. Але самы каштоўны здабытак школы — настаўнікі. Усе педагогі знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку і развіцці, 68 працэнтаў маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю, — расказаў Андрэй Айвавіч.

Вучэбны працэс настаўнікі імкнуцца арганізоўваць з улікам перадавых адукацыйных методык і тэхналогій. Напрыклад, стандартнай практыкай у школе стала правядзенне бінарных урокаў. Заняткі вядуць адразу некалькі педагогаў, што дазваляе ажыццяў­ляць міжпрадметныя сувязі і інтэграцыю розных вучэбных дысцыплін.

— Бінарныя ўрокі патрабуюць належнай падрыхтоўкі і выключнага прафесіяналізму настаўнікаў, але і эфектыўнасць відавочна. Вывучэнне пэўнай праблемы ці тэмы на стыку дзвюх навук — гэта заўсёды цікава і захапляльна для вучняў. Такі від дзейнасці павышае пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, матывуе іх на самастойную здабычу ведаў, — патлумачыў Андрэй Трэй.

Вялікую ўвагу педагогі Мяжысецкай школы надаюць раскрыццю здольнасцей вучняў. Настаўнікі стымулююць дзяцей на паглыбленае вывучэнне прадметаў, выбудавалі дзейсныя алгарытмы падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядным руху, інтэлектуальных і даследчых конкурсах. Гэта прыносіць адпаведны плён.

— У нашых вучняў дастаткова высокая паспяховасць. Толькі за мінулы год атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатымі медалямі атрымалі трое выпускнікоў. Навучэнцы бліскуча зда­юць цэнтралізаваныя экзамены і тэсціраванне, штогод вызначаюцца дасягненнямі ў алімпіядах, творчых аглядах, спартыўных спаборніцтвах, — адзначыў Андрэй Айвавіч.

Мяжысецкія педагогі клапоцяцца не толькі пра якасць выкладання. У прыярытэце тут і выхаваўчая работа. Яна ў школе рознабаковая, але асаблівы ўпор робіцца на прывіццё дзецям патрыятычных і грамадзянскіх якасцей. Праз пазакласныя мерапрыемствы ва ўстанове далучаюць вучняў да народных традыцый і культуры, вучаць любіць родны край, паважаць мінулае і цяперашняе Беларусі.

— Шырока выкарыстоўваем выхаваўчы патэнцыял шостага школьнага дня. Суботы ў нас заўсёды праходзяць весела і з карысцю. Стараемся падтрымлі­ваць ідэі навучэнцаў. Дзеці наладзілі вытворчасць па вырабе сувеніраў у тэхніцы хахламы па-мяжысецку, выступілі з прапановай правя­дзення гістарычных квест-тураў. Гэтыя ініцыятывы на справе пацвярджаюць: вучні выдатна ведаюць гісторыю вёскі, папулярызуюць сваю спадчыну, — распавёў Андрэй Трэй.

Мяжысецкай школе сёння ёсць чым ганарыцца, але педагогі тут працягваюць рухацца па шляху да ўдасканалення. У асноўным — праз актыўны ўдзел у інавацыях.

— Рэспубліканскія інавацыйныя і эксперыментальныя праекты рэалізуем пастаянна. Летась скончылі працаваць над ажыццяўленнем прафарыентацыі навучэнцаў праз адукацыйныя падарожжы. Цяпер вывучаем магчымасці аптымізацыі педагагічнай сама­адукацыі, бо ўпэўнены: развіццё навучальнай установы цалкам залежыць ад настаўнікаў. Шэраг праектаў распрацавалі таксама па інавацыйным менедж­менце і фарміраванні пазітыўнага іміджу школы, — падкрэсліў намеснік дырэктара. — Увогуле ў нас шмат планаў на будучыню. Імкнёмся ўтры­маць дасягнутыя пазіцыі і рабіць усё магчымае, каб нашы выпускнікі маглі знайсці сваё месца ў жыцці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара