Выпускнікі профільных хіміка-біялагічных класаў сярэдняй школы № 3 Хойнікаў паступаюць, як правіла, у медыцынскія ўніверсітэты. І гэта шмат у чым заслуга настаўніц біялогіі Ганны Даніленка і хіміі Вольгі Каральчук. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Педагогі з’яўляюцца трэнерамі па рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі Хойніцкага раёна, рыхтуюць іх да алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў. Трапіць у 3-ю школу на хіміка-біялагічны профіль сёння імкнуцца навучэнцы з розных устаноў раёна.
— 3-я школа — мая родная, — прызнаецца Ганна Аляксандраўна. — У мяне былі вельмі моцныя настаўнікі яшчэ старой савецкай загартоўкі. Мне нават пашчасціла з імі папрацаваць. Пра іх метады выкладання звычайна гавораць: “Крэйда, дошка, падручнік”. Дык у чым быў сакрэт іх прафесійнага поспеху? У самой асобе педагога, яго глыбокіх ведах і велізарным жаданні данесці іх дзецям. Гэта былі настаўнікі з вялікай літары, якія маглі ўдзяліць дастаткова часу вучню, застацца з ім пасля ўрокаў, каб пазаймацца. Сёння ў скарбонцы настаўніка ёсць сучасныя методыкі і тэхналогіі, сродкі навучання, інтэрактыўныя дошкі, электронныя мікраскопы і іншае абсталяванне. Але галоўнае, зацікаўленасць у выніках сваёй работы. Калі не будзе матываванага педагога, то не будзе і паспяховага вучня.
…Любоў да біялогіі з’яўляецца ў вучняў з 6 класа, калі гэты прадмет толькі пачынаецца. Тады дзецям цікава ўсё, асабліва праводзіць эксперыменты, бо яны адчуваюць сябе маленькімі навукоўцамі. Хоць уседлівасці ім яшчэ не хапае, не заўсёды могуць належным чынам аформіць вынікі сваіх доследаў. Часам дзеці здзіўляюць Ганну Аляксандраўну нечаканымі і складанымі пытаннямі: “Усё навакол створана Богам ці ўзнікла натуральным шляхам?”, “Няўжо такія складаныя рэчы маглі выпадкова ўзнікнуць?”. Калі з часам цікавасць да прадмета ў дзяцей не згасае, то ўжо ў 9 класе пры вывучэнні курса анатоміі чалавека некаторыя вучні прымаюць рашэнне звязаць сваё жыццё з медыцынай, свядома ідуць у 10-ы профільны клас.
— Да нас у госці час ад часу прыходзяць былыя вучні — студэнты медуніверсітэтаў — прысутнічаюць на ўроках, размаўляюць з дзецьмі ў нефармальнай атмасферы, матывуюць іх і разам з тым расказваюць пра цяжкасці медыцынскай прафесіі, — гаворыць настаўніца. — Дапамагаюць мне ў рабоце і паспяховыя старшакласнікі, якіх я далучаю да заняткаў з малодшымі ў рамках гурткоў і факультатываў, пры падрыхтоўцы да алімпіяд. Калі ёсць аддача ад школьнікаў, то і часу на заняткі з імі не шкада. Мне вельмі хочацца, каб мае вучні штогод набіралі добрыя балы на тэсціраванні, выйгравалі алімпіяды.
Так, у мінулым годзе на абласной алімпіядзе па біялогіі дыплом ІІІ ступені атрымала сямікласніца Ірына Назаранка. У 2020 годзе Вераніка Гарбар набрала 100 балаў па біялогіі і па беларускай мове і амаль сотку па хіміі. Яна была медалісткай. І як вынік — паступленне на стаматалагічны факультэт сталічнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе яна паспяхова вучыцца. У тым жа годзе ўсе 9 вучняў хіміка-біялагічнага профілю 3-й школы паступілі ў медыцынскія ўніверсітэты краіны. Па біялогіі яны набралі больш за 90 балаў.
Ганна Аляксандраўна — прыхільніца класічных, традыцыйных урокаў. Асабліва ў рабоце са старшакласнікамі. Элементы праблемнага, праектнага, інтэрактыўнага навучання, работу ў групах, забаўляльны кантэнт часцей выкарыстоўвае ў канцы чвэрці, на адкрытых уроках, на школьных тыднях біялогіі, і ў асноўным у сярэднім звяне.
У кабінет біялогіі 3-й школы некалькі гадоў назад паставілі новае абсталяванне, муляжы, PH-метры, вымяральныя прыборы, напрыклад, для вымярэння ўтрымання газаў у паветры, электронныя мікраскопы з падсветкай і вялікім разрозненнем, гербарый, інтэрактыўную дошку, мэблю, прынтар.
— Добрыя вынікі будуць, калі займацца прадметам на рэгулярнай аснове, калі ёсць сістэма навучання, — адзначае Ганна Аляксандраўна. — З аднаго боку, мы павінны выконваць вучэбную праграму і адпрацоўваць з вучнямі старшых класаў рашэнне тэставых заданняў. З другога — трэба ўлічваць з’яўленне вуснага экзамену, таму практыкаваць вусныя адказы. Гарантаваць атрыманне ведаў і прымальны вынік можна, калі строга адносіцца да вучэбнай дысцыпліны. А як інакш? У нас няпросты прадмет, у перспектыве — сур’ёзныя спецыяльнасці ў прэстыжных універсітэтах.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара