Правадыр па медыя

- 12:05Суразмоўца

У 13 сярэдніх агульнаадукацыйных установах 1 верасня стартаваў інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі медыяадукацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пры дапамозе развіцця крытычнага мыслення.
Аб актуальнасці праекта, яго ўдзельніках, мэтах і жаданых выніках гутарым з метадыстам вышэйшай катэгорыі Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА распрацоўшчыкам праграмы вучэбнага семінара “Медыяадукацыя як сродак пазнавальнай цікавасці і фарміравання інфармацыйнай культуры навучэнцаў” Аленай Уладзіміраўнай Радзевіч.

— Перш чым пачаць размову аб праекце, хацелася б разабрацца вось з чым: “медыяадукацыя” і “медыяпісьменнасць” — гэта розныя паняцці, іх нельга змешваць?
— Медыяадукацыя ў сучасным свеце разглядаецца як працэс развіцця асобы з дапамогай і на матэрыяле сродкаў масавай камунікацыі (медыя) з мэтай фарміравання культуры зносін з медыя. Гэта працэс, вынікам якога з’яўляецца пэўны ўзровень медыяпісьменнасці. У аснове медыяпісьменнасці — мадэль, якая заахвочвае людзей задаваць пытанні аб тым, што яны глядзяць, чуюць, чытаюць. Медыяпісьменнасць дазваляе людзям аналізаваць медыяпаведамленні. У кожнага чалавека гэты ўзровень ёсць, але ва ўсіх ён розны: у аднаго высокі, у другога нізкі. Наш інавацыйны праект накіраваны на тое, каб праз развіццё крытычнага мыслення павысіць узровень медыя-пісьменнасці як педагогаў, так і вучняў.

— У педагагічнай навуцы вядучых краін свету кірунак “медыяадукацыя” сфарміраваўся ў 60-х гадах XX стагоддзя. А наша сістэма адукацыі толькі цяпер зацікавілася гэтай тэмай, чаму?
— Вядома, позна, але радуе, што гэты працэс пачаўся. У Еўропе ён стаў актыўна развівацца ў 90-я гады. Пазітыўны вопыт нашых суседзяў у медыяадукацыі (Расія, Украіна, Азербайджан) выклікаў і ў нас цікавасць да гэтага. У іх інтэнсіўна развіваецца названы кірунак, ёсць навукоўцы, якія распрацоўваюць тэму. Напрыклад, А.В.Фёдараў — доктар педагагічных навук, прафесар, прэзідэнт Асацыяцыі кінаадукацыі і медыяпедагогікі Расіі, галоўны рэдактар часопіса “Медыяадукацыя”. Ён распрацаваў сістэму дыягностыкі медыякампетэнтнасці навучэнцаў. Ва Украіне ствараюцца медыяклубы, ідзе актыўнае супрацоўніцтва Акадэміі ўкраінскай прэсы і Міністэрства адукацыі Украіны.
У нас ужо распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс “Медыякод”. Ён складаецца з дапаможніка для настаўніка, і асобна для вучня (студэнта), працоўнага сшытка і плаката. Комплекс падрыхтаваны пры ўдзеле FOJO Media Institute, Цэнтра шведскіх даследаванняў (Беларусь).

— Як праводзіўся адбор школ, настаўнікаў для ўдзелу ў інавацыйным праекце?
— Цэнтр развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА праводзіць суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі ад самага пачатку — ініцыіравання ідэі праекта да яго лагічнага завяршэння і забяспечвае арганізацыйна-метадычную падтрымку ўсім зацікаўленым педагогам.
Людзі хочуць працаваць у інавацыйным праекце, але не заўсёды ім лёгка вызначыцца з тэмай. Для таго, каб вызначыць кірунак інавацыйнай дзейнасці, з педагогамі трэба пагаварыць, высветліць моцныя бакі іх установы адукацыі і існуючыя праблемы і цяжкасці. Менавіта на моцныя бакі і трэба абапірацца пры распрацоўцы інавацыйнага праекта. Самая частая праблема, якую выказваюць педагогі, у тым, што вучні пагружаны ў інфармацыйную прастору, актыўна карыстаюцца на ўроку гаджэтамі. Гэта не падабаецца настаўнікам, яны спрабуюць змагацца, але ў той жа час разумеюць, што гэта нібыта змагацца з ветракамі. Каб вырашыць праблему, трэба мінус перавесці ў плюс. Навошта нам з гэтым змагацца, калі можна захопленасць дзяцей эфектыўна выкарыстоўваць на ўроках — у вучэбных і развіццёвых мэтах.

— Праект разлічаны на тры гады. Калі пасля чытання інтэрв’ю раптам у каго-небудзь з педагогаў з’явіцца жаданне далучыцца да ўдзельнікаў інавацыйнага праекта, гэта магчыма?
— Магчыма. Хто ўжо захапіўся медыяадукацыяй, можа знайсці ў нашых наватараў падтрымку і да іх далучыцца. Ёсць ідэя арганізаваць новы праект, які прыкладна будзе гучаць так: “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў”. Ён таксама будзе звязаны з медыяадукацыяй.

— Вы зараз праанансавалі новы інавацыйны праект. Значыць, можна звяртацца да вас тым, хто хоча стаць яго ўдзельнікам?
— Так.

— Калі ў свеце ёсць станоўчы вопыт медыяадукацыі, то чаму ж яго нельга проста запазычыць? Абавязкова трэба распрацаваць айчынную мадэль медыяадукацыі?
— Як і ў любой інавацыі, мы стараемся абапірацца на існуючы вопыт, каб не вынаходзіць веласіпед. Вельмі цікавы вопыт Швецыі ў медыяадукацыі школьнікаў. Там медыяадукацыя інтэгравана ў нацыянальныя вучэбныя планы. Натуральным лічыцца выкарыстоўваць на ўроках, акрамя падручнікаў, розныя медыярэсурсы, у тым ліку створаныя самімі вучнямі. У гімназіях ёсць профіль, звязаны з медыя. Заняткі могуць праводзіць два настаўнікі — педагог па роднай мове ці грамадазнаўстве і медыяпедагог. Яны разам плануюць і распрацоўваюць заняткі, ацэньваюць эфектыўнасць праграмы. Усё гэта вынік паспяховай рэалізацыі праграмы па медыяпісьменнасці, прынятай у Швецыі многа гадоў назад.
Асабліва цікавыя для нас напрацоўкі нашых бліжэйшых суседзяў — Украіны і Расіі. Мы можам узяць тое, што падыходзіць нам, але нам патрэбны праграмы, методыкі, якія б працавалі ў нашых рэаліях. Толькі тады будзе станоўчы вынік.

— Да 2017 года ўдзельнікі інавацыйнага праекта павінны прапанаваць педагогам рэспублікі пэўныя праграмы, распрацоўкі заняткаў?
— У праекце задзейнічана 13 устаноў адукацыі. Яны розныя, сярод іх ёсць і гімназіі, і сярэднія школы, і сельскія маленькія школкі. І гэта выдатна. Кожны можа ісці сваім шляхам. Нам бы хацелася, каб адны распрацавалі метадычныя рэкамендацыі па інтэграванні медыя ў розныя прадметы, а іншыя арганізавалі школьныя кінаклубы, наладзілі выпуск школьных газет у розных фарматах, стварылі банк вучэбных відэаролікаў ці сацыяльнай рэкламы пры актыўным удзеле вучняў і падрыхтавалі метадычны дапаможнік па медыяадукацыі.
Многія педагогі выказваюць незадаволенасць падручнікамі. Рэаліі такія, што, якім бы выдатным ён ні быў, усё роўна хутка маральна састарэе, таму што інфармацыйныя патокі мяняюцца з велізарнай хуткасцю. Які сэнс тады падручніку ўдзяляць столькі ўвагі? Падручнік — гэта адзін з інфармацыйных рэсурсаў. Трэба навучыць педагога актыўна карыстацца медыярэсурсамі, якія могуць даць шмат сучаснай актуальнай інфармацыі па розных прадметах.
Калі мы гэты праект задумвалі, то планавалі, што ў першую чаргу медыяпісьменнасць трэба развіваць у педагога, таму што ён павінен сам інакш ставіцца да медыя-рэсурсаў. Многія нашы работнікі адукацыі стэрэатыпна мысляць і забараняюць дзецям карыстацца на занятках мабільнымі тэлефонамі і гаджэтамі. Чаму сёння аўтарытэт настаўніка знізіўся? Калі раней ён быў асноўным носьбітам інфармацыі і да яго ставіліся як да чалавека, які шмат ведае, то цяпер ён — адзін з многіх крыніц інфармацыі. І калі прыходзіць настаўнік і пачынае тлумачэнне матэрыялу, абапіраючыся на падручнік, які маральна састарэў, а дзеці могуць праз мабільны тэлефон у інтэрнэце знайсці іншую інфармацыю, якая можа супярэчыць таму, што кажа настаўнік, то адкуль будзе давер да настаўніка ў гэтым выпадку? А калі настаўнік выкарыстоўвае ў сваёй рабоце розныя крыніцы, паказвае гэта дзецям і развівае ў іх крытычнае мысленне — гэта ўжо іншае стаўленне да педагога, прызнанне і павага яго як знаўцы.
Аснова медыяадукацыі — развіццё крытычнага мыслення, таму што інфармацыйных крыніц шмат і кожная са сваёй мэтай уздзейнічае на чытача. Задача настаўніка — навучыць дзіця аналізаваць інфармацыю, выбіраць важнае, бачыць дэзынфармацыю, хлусню, розныя інтэрпрэтацыі.

— Каб навучаць дзяцей, педагогі павінны быць самі медыякампетэнтныя. Для наватараў праводзяцца вучэбныя курсы, семінары? Хто іх арганізуе?
— У першую чаргу Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. З верасня на базе акадэміі Цэнтрам прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі былі праведзены тры двухдзённыя семінары. З устаноў, дзе праходзіць апрабацыя, прыязджалі цэлымі камандамі на чале з намеснікам дырэктара, але былі і не ўдзельнікі праекта, а проста зацікаўленыя гэтай тэмай педагогі. Яшчэ ладзілі выязныя семінары ва ўстановах адукацыі.
Два дні для таго, каб паглыбіцца ў тэму, мала, таму ўжо распрацавана тыднёвая праграма павышэння кваліфікацыі для педагагічных работнікаў. Мы разглядаем медыяадукацыю з двух бакоў — як уменне карыстацца сучаснымі гаджэтамі, самастойна ствараць і размяшчаць медыяпрадукты, працаваць з адукацыйнымі парталамі, а таксама вучым педагогаў аналізаваць інфармацыю, дэкадзіраваць яе, развіваем у іх крытычнае мысленне.

— Ці ёсць у Беларусі навукоўцы, якія зацікавіліся медыяадукацыяй і вядуць у гэтым кірунку свае навуковыя пошукі?
— Упэўнена, што сярод навукоўцаў ёсць зацікаўленыя гэтай тэмай. Напрыклад, супрацоўнік БДПУ імя Максіма Танка Таццяна Сцяпанаўна Жылінская. Некаторыя педагогі пачынаюць пісаць дысертацыі па медыяадукацыі. Гэта навуковы супрацоўнік лабараторыі сацыякультурнай адукацыі НІА Алена Аляксандраўна Палейка, дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Ала Мікалаеўна Лазіцкая, метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела метадычнага забеспячэння пачатковага навучання НІА Ірына Аляксандраўна Буторына і інш. Спадзяёмся, што даследаванняў па медыяадукацыі будзе значна больш.

— У нашай рэдакцыі працуе некалькі выпускнікоў БДПУ імя Максіма Танка, па дыпломе яны настаўнікі беларускай мовы і журналісты, іх спецыялізацыя звязана з дзіцячай і юнацкай журналістыкай. Напэўна, гэтых маіх калег і можна лічыць першымі айчыннымі медыяпедагогамі? На жаль, як мне вядома, сёння такіх спецыялістаў універсітэт не рыхтуе…
— Вельмі б хацелася, каб у нашых ВНУ з’явілася такая спецыяльнасць. Гэта патрабаванне часу. Важна, каб былі спецыялісты, якія б маглі працаваць як у газетах і часопісах, так і ва ўстановах адукацыі. Выдатна было б, каб у нашых школах з’явіліся медыяпедагогі. Яны б праводзілі кінаклубы, інфармацыйныя гадзіны, спецыяльныя ўрокі, маглі б быць памочнікамі настаўніка ў падборы медыяматэрыялаў для ўрокаў, вялі б сайты ўстаноў адукацыі…

— Калі вы заняліся вывучэннем медыяадукацыі, то ці сталі па-іншаму ўспрымаць інфармацыю?
— Сапраўды, для сябе я шмат новага адкрыла. Калі адбываецца нейкая падзея, то стараюся паглядзець, як яе падаюць розныя СМІ, перш чым даць ёй сваю ацэнку. Мне патрэбен час, каб абдумаць, прыняць рашэнне.
Любая інфармацыя з розных медыякрыніц мае свой пасыл, яе мэта — прымусіць чалавека думаць пэўным чынам, выклікаць у яго пэўныя эмоцыі, перажыванні. Таму важнай часткай медыяадукацыі з’яўляецца свядомае стаўленне чалавека да інфармацыі, якая яго акружае. Педагог і дзіця павінны разумець, што гэта канструкцыя рэальнасці. Каб яе зразумець, трэба валодаць нейкім інструментарыем. Важна не спяшацца, а спакойна і разважліва вызначыць для сябе, якая крыніца паведаміла інфармацыю, хто за ёй стаіць; якіх дзеянняў і думак чакае ад цябе медыяпасыл і г.д.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.