Як ператварыць вучэбны кабінет у імправізаваны філіял мінералагічнага музея, ведае Ігар Корган

- 9:00Главная, Образование

Як ператварыць звычайны вучэбны кабінет сельскай установы адукацыі ў імправізаваны філіял мінералагічнага музея, ведае настаўнік геаграфіі і біялогіі Ігар Корган з Малецкай санаторнай школы-інтэрната Бярозаўскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Каб сабраць у шкляных ві­трынах больш за 270 адметных экспанатаў з ліку прыродных мінералаў, горных парод і палеанталагічных знаходак, педагогу спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе. Але любімая справа, мэтанакіраванасць і настойлівы пошук зрабілі гэты доўгі шлях амаль незаўважным.

Незабыўныя ўражанні

Будучы па натуры рамантыкам, Ігар Іванавіч з юнацтва за­хапляўся турыстычнымі паходамі і прыгажосцю навакольнай прыроды. Дом у вёсцы, дзе ён жыў, знаходзіўся побач з лесам, адкуль даносілася птушынае шматгалоссе і дзе, як здавалася, хаваліся вялікія таямніцы. Спачатку цікаўны юнак хацеў стаць аграномам, дзеля чаго планаваў паступіць пасля васьмігодкі ў Ляхавіцкі сельскагас­падарчы тэхнікум, але жыццё­вая дарога па волі выпадку прывяла ўчарашняга школьніка на факультэт прыродазнаўства тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.

— На жаль, мары пра геалагічную практыку і світанкі ў гарах у розных кутках Савецкага Саюза засталіся нерэалізаванымі ў студэнцкія гады з-за распаду СССР, — гаворыць настаўнік. — Але айчынная прырода падарыла не менш яркіх і незабыўных уражанняў.

А з горамі ён усё ж такі пазнаёміўся. Сяброўства з любімымі Карпатамі пачалося яшчэ ў інстытуце і прадоўжылася пасля вучобы. Некалькі разоў пасталелы рамантык узыходзіў на гару Гаверла.

Аматар геалогіі

Педагагічная дзейнасць Ігара Коргана звязана толькі з Малецкай санаторнай школай-інтэрнатам, дзе ён працуе ўжо 28 гадоў. Менавіта тут настаўнік сур’ёзна захапіўся чароўным светам мінералаў. Разам з дзецьмі неаднаразова адпраўляўся ў мелавы кар’ер каля мясцовай вёскі Кабакі, дзе іх чакала шмат цікавага.

— Найчасцей шукалі крэмній, з якім звязана старажытная гісторыя Зямлі, — расказвае настаўнік. — Асаблівую ўвагу прыцягвалі акруглыя камяні — канкрэцыі з поласцямі з крышталікамі горнага крышталя. Па вытанчанасці форм яны нічым не саступаюць рукатворным скульптурам.

Сапраўдным упрыгажэннем калекцыі з’яўляюцца акамянелыя ракавіны розных марскіх істот, якім каля 70 мільёнаў гадоў. Адзін з вучняў знайшоў нават зуб старажытнай акулы! Гісторыя планеты ў руках — чым не лепшая матывацыя для вывучэння геаграфіі і біялогіі?

Але не ўсе экспанаты Ігар Іванавіч здабыў з выхаванцамі непасрэдна ў зямных нетрах. Некаторыя з іх ён набыў на выставах і ў спецыялізаваных магазінах, знайшоў на распрацоў­ках, атрымаў у дар ад іншых калекцыя­нераў, прафесійных геолагаў і нават знаёмых, якія, ведаючы пра захапленне Ігара Коргана, рэгулярна прывозяць яму з падарожжаў не­звычайныя камяні. Таму іх геаграфія даволі шырокая: ад Індыі і Туркменістана да Ірландыі і Бразіліі. У калекцыі ўбачыш і вулканічны попел з Везувія, і застылую лаву з невялікага вострава ў Індыйскім акіяне.

Як сапраўднаму натуралісту педагогу не сядзіцца на адным месцы. Дзякуючы працягламу летняму адпачынку, увесь вольны час ён праводзіць у вандроўках, дзе, дарэчы, сустрэў будучую жонку, такога ж апантанага падарожніка. У Крыме распрацаваў уласныя маршруты па горных сцяжынах. Шмат яркіх уражанняў пакінулі польскія Татры, горныя пячоры ў Чэхіі, азёры Венгрыі, музей прыродазнаўства ў Вене…

Ігар Іванавіч застаецца настаўнікам геаграфіі і біялогіі і вялікім аматарам геалогіі нават у адпачынку. Разам з жонкай ён пабываў на радовішчах граніту ў розных рэгіёнах Беларусі. З мінулагодняй паездкі ў Карэлію настаўнік прывёз рэдкі мінерал шунгіт, які здабываецца толькі там.

У пошуку новага і нязведанага Ігар Корган гатовы не толькі ўзабрацца на высокую горную вяршыню, але і апусціцца пад зямлю. Так, у пачатку 2000-х яму давялося адчуць сябе, няхай усяго і на некалькі гадзін, сапраўдным шахцёрам у адной з данбаскіх шахт. Напамінам пра спуск з’яўляецца кавалак чорнага вугалю адтуль.

— Без вялікай уважлівасці, спецыяльных ведаў і ўдумлівых адносін да прыроды ў зборы мінералаў не абысціся, — заўважае Ігар Іванавіч. — Чалавеку без адпаведнай адукацыі “паляваць” на камяні не па сілах. Але тым, хто адужаў гэтую нялёгкую навуку, не толькі адкрываецца іх унікальная прыгажосць, але і прыходзіць ра­зуменне таго, як мала мы яшчэ ведаем пра зямлю, на якой жывём.

Прыгажосць у звычайным

За шклянымі вітрынамі вучэбнага кабінета можна ўбачыць не толькі апрацаваныя ўзоры. Але ўсе яны здзіўляюць адмысловымі фарбамі і формамі: апатыт, чорны шунгіт, граніт, галіт, сільвініт, тынгуаліт, онікс, андэзіт, натраліт, чараіт, пірыт, эўдыяліт, лазурыт… Сярод найбольш адметных экспанатаў — аметыст насычанага фіялетавага колеру, які па бляску сапернічае з дыяментам, бурштын з закансерваваным насякомым, магнітны жалязняк, антрацыт і горны крышталь з уключэннямі хларыту. Не хапае, бадай, толькі абсідыяну — прыроднага вулканічнага шкла.

Акрамя мінералаў, шмат у школьнай калекцыі і палеанталагічных знаходак. Так, увагу прыцягваюць артацэрас з Паўночнай Афрыкі — галаваногі малюск даўжынёй да 2 метраў, які жыў у морах ад 480 да 250 мільёнаў гадоў назад, а таксама аманіт з Ірландыі — галаваногі малюск з надзвычай прыгожымі ракавінамі памерам ад 1 сантыметра да 2 мет­раў у дыяметры.

— У кожнага экспаната свая гісторыя, да якой можна літаральна дакрануцца, і свая энергетыка, якую можна адчуць нават скрозь мільёны гадоў, — падкрэслівае Ігар Корган. — Гэта неверагодна зачароўвае не толькі дзяцей, але і дарослых. Засмучае толькі, што з-за профілю школы і зменнага характару вучняў яны не могуць займацца паўнацэннай даследчай дзейнасцю. 

Але педагог з лёгкасцю кампенсуе гэты недахоп уласнымі прафесійнымі пошукамі. З нядаўняга часу іх кола пашырылася: ён зацікавіўся пяскамі. Пясчаная калекцыя ўжо змяшчае ўзоры пяс­ку з Ладажскага возера, пустыні Каракумы, мясцовага кар’ера… Новае захапленне Ігара Іванавіча дазваляе яго выхаванцам выву­чаць прыроду ва ўсёй разнастайнасці. Што ні кажы, а з нагляднасцю малецкім школьнікам вельмі пашанцавала! Больш за тое, на экскурсіі сюды часта прыязджаюць вучні з іншых устаноў адукацыі раёна. Настаўнік падрабязна расказвае ўсім цікаўным пра гісторыю і асаблівасці кожнага экспа­ната, паказвае яго ўнікальнасць.

Спасцігаючы навуку пра Зямлю, школьнікі вучацца заўважаць непрыкметнае і бачыць прыгажосць у звычайным, а галоўнае — шанаваць і берагчы навакольны свет, такі крохкі і безабаронны перад неразумным чалавечым умяшаннем.

Ігар Іванавіч добра ўсведамляе, што сабраць узоры ўсіх прыродных мінералаў і горных парод яму наўрад ці ўдасца, але ён усё роўна натхнёна працуе ў гэтым кірунку. Калекцыя ўжо ледзь змяшчаецца ў шкляных шафах аднаго вучэбнага кабінета і патрабуе дадатковых плошчаў. Дзейнасць педагога знаходзіць падтрымку ў кіраўніцтва школы, якое ў свой час дапамагло з вітрынамі. Можна не сумнявацца, што і ў далейшым не адмовіць у гэтым: як-ніяк імправізаваны мінералагічны музей — адна з фішак не толькі канкрэтнай установы, але і ўсёй сістэмы аду­кацыі Бярозаўшчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва школы-інтэрната