Педагогі садзіка № 4 Чавус: фарміраванне экалагічнай культуры неабходна пачынаць з дашкольнага ўзросту

- 15:12Образование

Педагагічны калектыў дзіцячага сада № 4 Чавус перакананы: фарміраванне экалагічнай культуры дзяцей неабходна пачынаць з дашкольнага ўзросту. У навучальнай установе выбудавалі дзейсныя падыходы да работы ў гэтым кірунку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Разуменне сваёй датычнасці да навакольнага асяроддзя, клопат аб прыродзе, уменне з ёй узаемадзейнічаць — важныя жыццёвыя навыкі. Закладваць іх асновы трэба як мага раней. Мы пачынаем знаёмства малышоў з сукупнасцю экалагічных ведаў з іх першых крокаў у дзіцячым са­дзе. Нашы выхаванцы вывучаюць прыродныя заканамернасці праз разнастайныя назіранні і эксперыменты, — расказала загадчыца Яўгенія Гурынава.

Па яе словах, у дашкольнай установе рэгулярна распрацоўваюцца экалагічныя праекты і акцыі. Малышы з цікавасцю вывуча­юць відавую разнастайнасць раслін і жывёл роднага краю, асвойва­юць уменні рацыянальнага выкарыс­тання энергарэсурсаў. 

— Новы імпульс гэтай рабоце надало з’яўленне дашкольнага лясніцтва “Вясёлка”. Яно створана некалькі месяцаў назад пры падтрымцы Чавускага лясгаса. У шэрагі юных лесаводаў былі прыняты 17 хлопчыкаў і дзяўчынак са старшай групы, — паведаміла Яўгенія Аляксандраўна.

Для дзяцей з дашкольнага лясніцтва рэгулярна ладзяцца тэматычныя заняткі, конкурсы, фес­тывалі, віктарыны. Акрамя таго, малышы далучаюцца да канкрэтных карысных спраў. Разам са спецыялістамі лясгаса яны займаюцца вырошчваннем саджанцаў дуба, а нядаўна прынялі ўдзел у пасадцы прыгожай рабінавай алеі. 

Значна, што ўся дзейнасць па экалагічнай асвеце праходзіць у супрацоўніцтве з бацькамі выхаванцаў. Прыцягненне да гэтай дзей­насці мам і татаў ва ўстанове лічаць асабліва важным. Бо ўпэўнены: выхаванне дзяцей экалагічна дасведчаннымі магчыма толькі ва ўсе­баковым узаемадзеянні з сям’ёй.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара