У Пінску склаліся багатыя традыцыі выхавання будучых пагранічнікаў

- 10:48Образование

Дзень пагранічніка адзначаецца сёння. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітаў у сярэднюю школу № 10 Пінска і даведаўся, як выхоўваюць будучых абаронцаў рубяжоў нашай краіны.

Першы ў горадзе

У свае 16 гадоў гэтыя хлопцы і дзяўчаты цудоўна ведаюць, як заступаць на пагранічны нарад, каго назначаюць яго старшым і за што ён адказвае. Яны дакладна назавуць віды ўзбраення і тэхнікі, якая прымяняецца для аховы дзяржаўнай граніцы, а яшчэ бездакорна пройдуць страявым крокам з Дзяржаўным сцягам у руках…

У сярэдняй школе № 10 Пінска ваенна-патрыятычны клас пагранічнай накірава­насці быў створаны 1 верасня 2016 года і стаў першым у горадзе і адным з першых у вобласці. Потым на яго прыкладзе такі ж клас адкрылі ў сярэдняй школе № 2 Іванава, з якой у пінскіх педагогаў і навучэнцаў наладжаны сяброўскія адносіны.

— Ініцыятыва стварэння профільнага класа належыць камандаванню Пінскага пагранічнага атрада, а рэалізавалася ідэя дзякуючы падтрымцы ўпраўлення па адукацыі Пінскага гарвыканкама. Асноўная мэта — дапрафесійная і прафесійная арыентацыя маладых людзей, якія пасля заканчэння школы прадоўжаць навучанне ў Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, іншых установах вышэйшай адукацыі, звязаных з органамі пагранічнай службы. На працягу двух гадоў, акрамя агульнаадукацыйнай праграмы, навучэнцы засвойваюць і прадметы ваеннай, у прыватнасці пагранічнай, накіраванасці, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Мікалаеўна Ракіцкая.

У цэнтры ўвагі

За адказную справу выхавання юных патрыётаў узяўся падпалкоўнік запасу Ва­дзім Яўгенавіч Барысевіч — чалавек з багатым вопытам службы ў Пінскім пагранічным атрадзе, да таго ж педагог па адукацыі, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі, які цудоўна ведае розныя аспекты выхавання будучых абаронцаў Айчыны.

У сваёй рабоце Вадзім Яўгенавіч кіруецца вядомым прынцы­пам “выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт”.

Яскрава гэты прынцып праявіўся ў яго сям’і. Старэйшы сын Вадзіма Яўгенавіча ў 2013 годзе скончыў Ваенную акадэмію Рэс­публікі Беларусь, а малодшы служыць у Смаргонскай пагранічнай групе. Дарэчы, для многіх вучняў ваенна-патрыя­тычнага класа, якіх вы бачыце на здымках, авалоданне ваеннай справай — сямейная традыцыя: іх бацькі служаць у Пінскім пагранічным атра­дзе або працуюць у ваенкамаце.

— Асноўны напрамак дзейнасці класа — прафарыентацыйны. У нас заключаны дагавор з Пінскім пагранічным атрадам і Інстытутам пагранічнай службы. Ра­зам з вучнямі наведваем інстытут, да нас прыязджаюць яго курсанты, афіцэры. Прыхо­дзяць у клас і афіцэры пагранкамітэта. Многія вучні хочуць звязаць сваё прафесійнае жыццё з арміяй. Галоўную ролю тут адыгрывае не толькі прыклад бацькоў. У ваенна-патрыятычны клас яны прыходзяць і па прыкладзе старэйшых таварышаў, — далучылася да размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Вячаславаўна Барычэўская.

І гэта нядзіўна. Юныя пагранічнікі заўсёды ў цэнтры ўвагі: яны актыўныя ўдзельнікі школьных і гарадскіх мерапрыемстваў, старанныя ў вучобе, заўсёды падцягнутыя, носяць ваенную форму. Безумоўна, такімі ж зоркамі хочуць стаць многія вучні 10-й школы.

Пра форму, якую носяць навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа, варта ска­заць асобна. Гэта не проста галоўны элемент, які адрознівае іх ад іншых школьнікаў. Ваенная форма дысцыплінуе, павышае пачуццё адказнасці, у тым ліку і ў стаўленні да вучобы. На форме некаторых вучняў можна заўва­жыць значкі з дзяржаўнай сімволікай. Насіць такі значок даецца права вучням, якія праяўляюць найбольшую актыўнасць у школьным жыцці, за перамогі ў конкурсах.

— Мы право­дзілі анкетаванне ў 10 і 11 класах, і па яго выніках самая высокая сфарміраванасць пачуцця патрыятызму адзначана менавіта ў навучэнцаў ваенна-патрыятычнага класа, — падкрэсліла Ірына Мікалаеўна.

Насычанае жыццё

Жыццё ваенна-патрыятычнага класа насычанае. Акрамя непасрэдна вучобы, гэта рэгулярная абарона гонару ўстановы адукацыі на гульнях “Зарніца” і “Арляня”, удзел у агульнашкольных і гарадскіх мерапрыемствах. Так, з нагоды Дня абаронцаў Айчыны сумесна з пагранічнікамі право­дзіцца ваенізаваная спартыўная эстафета, а 9 мая ра­зам з ваеннаслужачымі вучні 10-й школы ўдзельніча­юць у гарадскім парадзе.

Асаблівы расклад 28 мая. Пасля школьнай лінейкі навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа едуць у госці да пагранічнікаў, каб павіншаваць іх з прафесійным святам. Тут для хлопцаў і дзяўчат праводзіцца ўрок мужнасці, прахо­дзіць сустрэча з камандаваннем, цырымонія ўскладання кветак да помніка пагранічнікам усіх пакаленняў.

За гады дзейнасці ваенна-патрыятычных класаў у сярэдняй школе № 10 Пінска склаліся свае традыцыі і рытуалы. Самым яркім з’яўляецца рытуал прыняцця абавязацельства — своеасаблівы аналаг ваеннай прысягі. У вызначаны дзень у школу на ўрачыс­тую цырымонію запрашаюцца бацькі, камандаванне Пінскага пагранічнага атрада, прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі органаў пагранічнай службы, а таксама дзевяцікласнікі, якіх у наступным годзе чакае такая ж цырымонія, і адзінаццацікласнікі, якія ўжо праходзілі яе. Прыяз­джаюць і выпускнікі школы, якія з’яўляюцца афіцэрамі Пінскага пагранічнага атрада або курсантамі Ваеннай акадэміі, Інстытута пагранічнай службы, Акадэміі МУС.

Асаблівая гордасць школы — сцяганосныя групы, якія па выніках мінулагодняга і сёлетняга конкурсаў прызнаны лепшымі ў горадзе. Такіх груп дзве: у першай задзейнічаны навучэнцы ваенна-патрыя­тычнага класа, у другой (малодшай) — вучні 8—9 класаў.

Сумесная справа

Дыпломы і кубкі навучэнцы заваёўва­юць не толькі на конкурсе сцяганосных груп. Шафы вучэбнага кабінета ваенна-патрыятычнага класа ўпрыгожва­юць і ўзнагароды з абласной квест-гульні “Адна на ўсіх перамога”, абласнога фес­тывалю-конкурсу “У адзі­ным рытме”. Больш за ўсё ўзнагарод з гарадской гульні “Арляня”. Лепшай каманда “Патрыёт” прызнавалася на конкурсах страявой пад­рыхтоўкі,  “Меткі стралок”, “Час каманды”. Таксама наву­чэнцы ваенна-патрыятычнага класа ўзнагаро­джаны ў 2023 годзе кубкам за актыўны ўдзел у грама­дзянска-патрыятычнай кадэцкай змене Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”, якая па традыцыі праходзіць у НДЦ “Зуб­раня”.

— Перамогі майго 10 ваенна-патрыятычнага класа — гэта вынік зладжанай работы ўсяго педагагічнага калектыву школы. Напрыклад, для ўдзелу ў “Арляняці” абавязкова патрэбна веданне мінулага краіны, дзе без дапамогі настаўніка гісторыі не абысціся. Каб паказаць высокія вынікі на паласе перашкод, патрэбна добрая фізічная падрыхтоўка. Тут мы ўзаемадзейнічаем з настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя. А рыхтавацца да абласнога этапу конкурсу “Сэрцам адданыя роднай зямлі” нам дапамагае педагог-харэограф, — паведаміў класны кіраўнік Вадзім Яўгенавіч Барысевіч.

Дзень пагранічніка для наву­чэнцаў ваенна-патрыятычнага класа прахо­дзіць па асаблівым раскладзе. Сёння яны сустракаюцца з ваеннаслужачымі Пінскага пагранічнага атрада, з першых вуснаў знаёмяцца з асаблівасцямі нясення службы на дзяржаўнай граніцы. Школьнікі віншуюць старэйшых таварышаў са святам, а праз некалькі гадоў яно стане прафесійным і для іх.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара