На базе цэнтра дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі ў брэсцкай школе № 27 плануюць стварыць музей

- 9:00Главная, Образование

Павысіць эфектыўнасць грамадзянска­-патрыятычнага выхавання моладзі дапамагае цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, створаны ў брэсцкай сярэдняй школе № 27 імя Героя Савецкага Саюза І.П.Барсукова. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Дзейнасць цэнтра, адкрытага чатыры гады назад, ажыццяўляецца ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння з установамі адукацыі Ленінскага раёна ­Брэста па падрыхтоўцы вучняў да вайсковай службы і фарміраванні ключавых кампетэнцый у аказанні першай дапамогі пацярпелым, — гаворыць загадчыца цэнтра Таццяна Федзюкова.

Цэнтр уяўляе сабой чатыры спецыялізаваныя кабінеты, аснашчаныя сучаснымі сродкамі навучання і неабходным абсталяваннем, у тым ліку трэнажорам-манекенам для адпрацоўкі прыёмаў сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, макетамі аўтамата Калашнікава і інш.

У адукацыйным працэсе задзейнічаны вопытныя педагогі: падпалкоўнік у адстаўцы кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі Сяргей Журбенка, капітан у адстаўцы, лектар курсаў павышэння кваліфікацыі Брэсцкага абласнога ІРА, куратар мемарыяльнага атрада школы, які нясе Варту Памяці на Пасту № 1 у Брэсцкай крэпасці-героі, Юрый Салюк, а таксама Людміла Кандрацюк і Алена Блоцкая.

— Вучэбныя заняткі праводзяцца блочным метадам, — расказвае Таццяна Федзюкова. — Настаўнікі падбіраюць эфектыўныя метады, прыёмы і сродкі навучання з улікам тэмы ўрока, яго мэты і задач, магчымасцей канкрэтнага класа і матэрыяльнай базы цэнтра і ціра. На занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы выкарыстоўваюцца аўтарскія фільмы. Сярод іх — “Дзеянні салдата ў баі” і “Асаблівасці вядзення бою ў наступленні” (аўтар Сяргей Журбенка), а таксама тэматычныя прэзентацыі, падрыхтаваныя вучнямі розных школ.

— Кожны вучэбны дзень пачынаецца з пастраення асабовага складу ўзвода і яго праверкі, — працягвае Сяргей Журбенка. — Урокі будуюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі агульнавайсковых статутаў. На занятках юнакі збіраюць і разбіраюць аўтаматы Калашнікава, страляюць з пнеўматычных вінтовак, займаюцца страявой падрыхтоўкай, вывучаюць асноўныя спосабы абароны ад праціўніка, знаёмяцца з азамі армейскай дысцыпліны. Акрамя таго, у рамках міжпрадметных сувязей і факультатыву “Ваенны пераклад” школьнікі перакладаюць з англійскай на рускую мову тэхнічныя тэксты па тактыка-тэхнічных характарыстыках узбраення замежных дзяржаў і мадэлююць сітуацыі допыту ваеннапалонных для фарміравання адпаведных навыкаў.

— Галоўны прынцып выкладання медыцынскай падрыхтоўкі — лёгка выратаваць жыццё чалавека, калі ведаеш як, — адзначае Таццяна Федзюкова. — Педагогі ра­зам з вучнямі распрацоўваюць неабходныя плакаты, дапаможнікі, муляжы і дыдактычныя матэрыялы, тэматычныя відэаролікі, віктарыны, анаграмы, рэбусы, калажы і электронныя гульні. На занятках школьнікі адпрацоўваюць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым у надзвычайных сітуацыях, догляду хворых, паводзін у незнаёмых абставінах і інш.

На працягу навучальнага года ў цэнтры праходзяць падрыхтоўку каля 1,5 тысячы юнакоў і дзяўчат. Дзесяцікласнікі ўдзель­нічаюць у вучэбна-палявых зборах і медыцынскай практыцы, арганізаваных на базе 111-й гвардзейскай артылерыйскай Кёнігсбергскай ордэна Кутузава 2-й ступені брыгады, 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай Венскай Чырванасцяжнай брыгады, в/ч 5526 МУС Беларусі, абласнога ўпраўлення МНС, музея гарадской аптэкі № 3, ТЦСАН Маскоўскага раёна Брэста, гарадской бальніцы № 2, Брэсцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа і гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа.

— Педагогі актыўна далучаюць вучняў да баявой гісторыі Радзімы, на фактах і праз справы паказваюць яе веліч і духоўныя каштоўнасці, — заўважае Таццяна Федзюкова. — З гэтай мэтай цэнтр узаемадзейнічае з гарадскім і абласным ваеннымі камісарыятамі, гарадскім штабам грамадзянскай абароны, гарадской арганізацыяй ДТСААФ, установамі аховы здароўя і адукацыі, якія рыхтуюць кадры для Узброеных Сіл і медыцынскай сферы, вайсковымі часцямі і абласным упраўленнем МНС.

Лагічным этапам работы цэнтра стаў ­удзел школы ў рэспубліканскім інавацыйным праекце па ўкараненні рэгіянальнай сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі вучняў. Ва ўстанове адкрыты ваенна-патрыятычныя класы, якія дзейнічаюць на аснове дагавора аб супрацоўніцтве з Чырванасцяжнай пагранічнай групай імя Ф.Э.Дзяржынскага.

У рамках прафарыентацыі частымі гасцямі цэнтра з’яўляюцца выпускнікі школы — студэнты УВА ваеннага і медыцынскага профіляў. Запатрабаваны тэматычныя экскурсіі для школьнікаў з улікам іх узроставых асаблівасцей. Выхаванцы цэнтра распрацавалі нават ваенныя рознаўзроставыя гульні.

Цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай пад­рыхтоўкі стаў рэсурсным цэнтрам для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ўстаноў адукацыі Ленінскага раёна ­Брэста, а таксама пляцоўкай для правя­дзення нарад рознага ўзроўню. У будучыні на базе цэнтра плануюць стварыць музей баявой славы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА