Фарміраванне ўяўленняў аб разнастайнасці прафесій неабходна пачынаць з дашкольнага ўзросту. Ранняя прафарыентацыя — своеасаблівы падмурак, які дапаможа дзіцяці зрабіць правільны прафесійны выбар. У гэтым пераканана выхавальніца дзіцячага сада № 6 Чэрыкава Таццяна Зубарава, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Дашкольныя гады — найважнейшы перыяд развіцця асобы. У гэты час закладваюцца рысы характару, фарміруюцца звычкі, набываецца першасны жыццёвы вопыт. Вядома, прафесійнае самавызначэнне адбудзецца ў старшых класах школы, але пачынаць знаёмства са светам прафесій трэба менавіта ў раннім дзяцінстве, — лічыць Таццяна Уладзіміраўна.
Азнаямленне выхаванцаў з прафесіямі Таццяна Зубарава ажыццяўляе як цэласны і арганічны працэс з улікам інтэграцыі адукацыйных сфер, прымяняючы розныя формы і метады работы.
— Часта праводжу з малышамі тэматычныя гутаркі з выкарыстаннем наглядна-дэманстрацыйнага матэрыялу. Дзеці пашыраюць кругагляд, вучацца ўзаемадзейнічаць. Замацаваць веды выхаванцаў дапамагаюць дыдактычныя і настольна-друкаваныя гульні, творчая дзейнасць, вывучэнне прыказак, вершаў і песень, — адзначыла Таццяна Уладзіміраўна.
Для арганізацыі бесперапыннай прафарыентацыі педагог аформіла ў групе прадметна-прасторавае асяроддзе. Вельмі падабаюцца выхаванцам куткі з захапляльнымі гульнявымі модулямі. Дзеці з вялікім задавальненнем вывучаюць прафесіі праз тэатралізаваныя і сюжэтна-ролевыя гульні. Малышы могуць паспрабаваць сябе ў ролі будаўніка, кухара, пажарнага, урача, цырульніка і інш.
— Прафесіі выхаванцы вывучаюць і на экскурсіях. Разам з дзеткамі мы пабывалі ў сталовай і магазіне. Назіранне за работай дарослых спрыяе фарміраванню больш дакладных уяўленняў у дзяцей, — расказала Таццяна Зубарава.
Прафарыентацыйная работа, якую праводзіць Таццяна Уладзіміраўна, ужо мае вынікі. Абсалютна ўсе яе выхаванцы праяўляюць цікавасць да прафесій у сваёй сям’і і не толькі. Дзеці ведаюць асаблівасці спецыяльнасцей, мадэлююць у гульні адносіны паміж людзьмі розных прафесій, разумеюць грамадскую значнасць працы.
— Некаторыя дзеці ўжо нават гавораць пра тое, кім бачаць сябе ў будучыні, — падкрэсліла Таццяна Зубарава. — Наперадзе ў маіх малышоў яшчэ школьныя гады. Магчыма, іх схільнасці памяняюцца, але я ўпэўнена, што веды, атрыманыя ў дзіцячым садзе, стануць трывалай асновай, якая дапаможа ім свядома вызначыцца з прафесіяй.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара