Настаўніца пачатковых класаў гімназіі Калінкавіч Вольга Злобін расказала аб цікавых школьных традыцыях

- 9:00Главная, Образование

Талент настаўніка раскрываецца тады, калі яму ўдаецца захапіць дзіця на ўроку, зацікавіць яго настолькі, каб яму хацелася спазнаць новае. Няма такога конкурсу, творчага спаборніцтва, у якім бы не ўдзельнічалі вучні 3 “Г”. Яны разам з настаўніцай пачатковых класаў гімназіі Калінкавіч Вольгай Злобін пакараюць новыя вяршыні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На працягу ўсяго навучальнага года ўрокі для гімназістаў былі самымі займальнымі і пазнавальнымі і, вядома, праляцелі непрыкметна. На занятках дзеці актыўна працавалі, цягнулі рукі ўгору, і кожны змог адчуць сябе нават настаўнікам, калі тлумачыў аднакласнікам каля дошкі спосаб рашэння задачы.

— Настаўнік пачатковых класаў — важны чалавек у лёсе кожнага дзіцяці. Гэта не проста прафесіянал, але і чараўнік, і псіхолаг, і лепшы сябар, — лічыць Вольга Васільеўна. — За 23 гады работы ў малодшых класах у гэтым я змагла асабіста пераканацца. За час выкладання навучылася бачыць асобу, талент кожнага дзіцяці, і мая задача — развіць іх прыродныя здольнасці, падабраць адпаведныя сродкі навучання, знайсці пункт росту для паспяховай работы з адоранымі дзецьмі. Люб­лю сваіх навучэнцаў, таму заўсёды стаўлюся да іх з трапятаннем і клопатам, наладжваю кантакт з бацькамі, бо менавіта яны незаменная дапамога і надзейная падтрымка для сваіх дзяцей. Імкнуся з’яд­наць свой клас, каб усе былі дружнымі, арганізаванымі. І ў мяне атрымліваецца! Дзеці стаяць гарой адно за аднаго, падтрымліваюць, дапамага­юць. Упэўнена, што мае выхаванцы вырастуць добрымі людзьмі. Бацькі маіх навучэнцаў бачаць ува мне не толькі настаўніка, але і блізкага чалавека для іх дзяцей. І сапраўды, я ў любой сітуацыі побач з вучнямі, хвалююся за іх, таму для мяне яны мае дзеці. Заўсёды гавару ў класе, што ў нас дзве сям’і: адна — дома, а другая — у гімназіі, і мы павінны быць дружнымі.

— Колькі ў вашай школьнай сям’і дзяцей?

— У ёй гарэзлівыя, дапытлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі — 27 выдатных дзетак. З імі маленькімі і ўпэўненымі крокамі ідзём за руку да поспехаў і дасягненняў. Напрыклад, мае навучэнцы — пераможцы, дыпламанты раённых алімпіяд, інтэлектуальных конкурсаў раённага і абласнога ўзроўняў. Поспехаў дасягнулі на конкурсе інтэлектуалаў “ДзетКІ”, наша каманда “Савяняты” ўзнагароджана дыпломам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і пераходным кубкам. Праявілі сябе і ў іншых важных мерапрыемствах, скажам, у конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка”, конкурсе талентаў “Как прекрасен этот мир”, фестывалі даследчых і творчых работ “Книга — начало начал каждой науки”. Імкнуся не адставаць ад вучняў і сама: прымаю актыўны ўдзел у розных конкурсах прафмайстэрства — “Настаўнік года”, “Метадычная вясна”, “Свет настаўніка”, у якім у намінацыі “Прафесійныя будні” атрымала дыплом I ступені, конкурсе эсэ Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны “Настаўнік — маё прызванне”. Штогод транслірую свой вопыт у прадметных тыднях пачатковых класаў. Некаторыя распрацоўкі ўрокаў друкаваліся ў СМІ.

Памяць аб першай настаўніцы застаецца ў сэрцы чалавека і суправаджае яго на працягу ўсяго жыцця. Педагогі пачатковых класаў з першых дзён вучобы і падтрымліваюць, і выхоўваюць, і духоўна накіроўваюць маленькіх чамучак.

— Як лічыце, што самае галоўнае ў вашай рабоце з дзецьмі?

— Трэба любіць тое, што робіш, і тых, для каго з кожным днём стараешся стаць лепшым. Кожнаму дзіцяці імкнуся даць веру ў тое, што яно ўнікальнае і можа многае. А разгледзеўшы талент, спрабую развіваць, накіроўваць вучняў у патрэбнае рэчышча.

— Раскажыце, чаму выбралі менавіта педагогіку.

— У маёй сям’і педагогаў не было, спадзяюся, што менавіта з мяне і пачнецца слаўная дынастыя. У дзяцінстве заўсёды падабалася гуляць у школу з сябрамі. Памятаю, што ў старшых класах дзейнічаў вучэбна-вытворчы камбінат, ён даваў магчымасць свядома падрыхтавацца да выбару прафесіі. Засвоіўшы базавыя навыкі выхавальніка дашкольнай установы, падчас практыкі адчула прывабнасць прафесіі. Таму смела магу сказаць, што выбрала спецыяльнасць са школы. Я стала настаўніцай пачатковых класаў менавіта таму, што люблю ву­чыць малышоў.

— Цяпер шмат гавораць пра прафесійнае выгаранне, але, зыходзячы з вашай актыўнасці і жыццярадаснасці, выгаранне вам не пагражае.

— Кожны дзень нас чакае нешта новае, загадкавае і цікавае. Тут не да выгарання. Я сама даволі актыўны чалавек, напэўна, таму і мае дзеці хутка прывыка­юць быць у цэнтры ўвагі і падзей. Не магу сядзець на месцы і нічога не рабіць. Я ў пастаянным пошуку ідэй і крэатыўных рашэнняў. У маіх вучняў ёсць цікавасць да таемнага і нязведанага, таму яны з радасцю пускаюцца ў даследчы працэс, у чарговы праект. Пазакласнай работай захапляюцца не толькі навучэнцы. Не так даўно актыўна падключыліся і бацькі да работы над чарговым даследаваннем: дапамагалі сваім дочкам і сыночкам збіраць інфармацыю пра першацветы. Мамы не маглі прайсці або праехаць міма цвітучай расліны. Вынікам сумеснай работы стала даследчая работа і дыплом I ступені на раённым конкурсе.

— Што да крэатыўных ідэй, то банты і значкі ў колер дзяржаўных сімвалаў Беларусі надаюць асаблівую ўрачыстасць маленькім школьнікам. Гэта таксама ваша задума?

— Калісьці гэтую маю ідэю падтрымалі ўсе, дзяўчынкам падабаюцца зялёна-чырвоныя прыгожыя банты, а хлопчыкам — значкі. Дзеці вылучаюцца на любым мерапрыемстве, бацькі бачаць, што вялікая работа праводзіцца ў тым ліку ў грамадзянска-патрыятычным кірунку. Гэта яднае дзіцячы калектыў.

— Адкуль чэрпаеце сілы і натхненне?

— Кожны дзень мяне натхняюць вучні: у іх гараць вочы на ўроках, яны цягнуць рукі, каб хутчэй даць адказ. Назіраючы за гэтым, мне хочацца ра­зам з імі шукаць і знаходзіць нязведанае і абавязкова цікавае. Цяпер дзеці больш актыўныя, чым 20 гадоў назад, але галоўнае — іх, як і раней, трэба ўмець зацікавіць, любіць.

— Цытата дня: што часцей чуюць ад вас вучні?

— Абавязкова гавару сваім дзецям, што ў іх усё атрымаецца, што яны самыя лепшыя, самыя разумныя. Веру ў поспех кожнага з іх. Яны самыя добрыя і адкрытыя, дораць свой добры настрой, актыўнасць і запал і павінны атрымліваць цяпло ўзамен.

— Падзяліцеся самай яркай класнай традыцыяй.

— Мы кожную чвэрць адпраўляемся ў вандроўку па гарадах нашай славутай Радзімы. У Мінску былі з экскурсіяй у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гаварылі пра падзеі, якія сталі паваротным пунктам у сусветнай гісторыі. Не так даўно наведалі музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”. Дзецям вельмі спадабалася займальнае падарожжа ў свет старадаўняга побыту і прафесій. Майстры ім расказалі і паказалі, як каваць, як ткаць, якія ўнікальныя прадметы атрымліваюцца з саломы. Імкнуся, каб у дзяцей засталіся яркія ўражанні пасля кожнай сумеснай паездкі. Важна паказаць ім, што наша краіна поўная талентаў і цікавых людзей, Беларусь — цудоўная! А яшчэ ў нашым класе любім адзначаць святы, напрыклад, дзень імянінніка. Прызнацца, мае гімназісты чакаюць гэтую ўрачыстасць з нецярпеннем. Здавалася б, нічога звышнатуральнага, толькі святочная атмасфера, упрыгожаная дошка, салодкія пачастункі і цёплыя пажаданні з днём нараджэння, аднак нават навучэнцы 11-х класаў сумуюць па нашых традыцыях. Прыемна, што з цягам часу ў дзяцей застаюцца ў памяці яркія ўспаміны пра пачатковую школу.

— Ці застаецца час для хобі?

— Калі я не ў школе, то займаюся ландшафтным дызайнам на тэрыторыі свайго дома, квітнеючым садам. Мне падабаецца, калі ўсё вакол ахутана зелянінай. Кветкі — маё хобі, больш за ўсё падабаюцца лілеі, іх у мяне шмат, розных адценняў, іх водар насычаны і такі цудоўны, па-сапраўднаму летні. Я магу не толькі навесці прыгажосць на зямлі, але і самастойна замяніць разетку, адрамантаваць свяцільні. Мой муж электрык, за гады сумеснага жыцця навучылася ў яго шмат чаму.

— Кажуць, ні адно жаданне не можа спраўдзіцца, пакуль яму не падорыш крылы веры. Якому ўласнаму жаданню далі б крылы?

— У гэтым годзе мой малодшы сын Яўгеній — выпускнік 11 класа. Вельмі спадзяюся, што ён працягне маю прафесійную справу і ў будучыні таксама стане на­стаўнікам. Ён захоплены спортам і таму бачыць сябе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. У мяне як мамы і педагога змешаныя пачуцці радасці і хвалявання, няхай гэты выбар будзе яму па душы.

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара