Педагог павінен быць творцам, бо без творчага падыходу да работы паспяховае навучанне і выхаванне дзяцей немагчыма. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Чэрыкава Алена Жэмская, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Педагогіка дасталася Алене Сяргееўне ў літаральным сэнсе ў спадчыну. Многія родныя ў яе сям’і — настаўнікі.
— Каштоўнаснае стаўленне да педагагічнай працы ў мяне сфарміравалася яшчэ ў дзяцінстве. Перад вачыма пастаянна быў наглядны прыклад у асобе бабулі, цёткі, сястры. Іх самаадданасць прафесіі заўсёды ўражвала. Напэўна, гэта і паўплывала на мой жыццёвы выбар, — падзялілася Алена Жэмская.
Настаўніцкі дыплом Алена Сяргееўна атрымала ў Мінскім лінгвістычным універсітэце і маладым спецыялістам вярнулася на малую радзіму. Больш за тое, працаваць прыйшла ў родную школу. З таго часу мінула ўжо амаль сямнаццаць гадоў. Зараз Алена Жэмская — дасведчаны педагог з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і ўласнай сістэмай эфектыўнага навучання.
На ўроках Алена Сяргееўна выкарыстоўвае разнастайныя методыкі і тэхналогіі. Яна гарманічна спалучае паміж сабой традыцыйныя і сучасныя адукацыйныя прыёмы. На занятках настаўніца не проста дае навучэнцам набор ведаў, а фарміруе ў іх жаданне вучыцца самастойна.
— Шырока выкарыстоўваю элементы праблемнага і праектнага навучання. Актыўна прымяняю і інфармацыйныя тэхналогіі. Гаджэты, інтэрнэт-рэсурсы і вэб-сайты, якія так прывабліваюць сённяшніх вучняў, таксама выкарыстоўваю ў адукацыйных мэтах, — паведаміла Алена Жэмская.
Адметна, што любую сітуацыю на ўроку Алена Сяргееўна ператварае ў дыялогавую, стараючыся максімальна ўключыць дзяцей у гутарку. Педагог упэўнена: вывучыць замежную мову магчыма толькі тады, калі на ёй бесперапынна размаўляць.
— Даволі часта праводжу заняткі ў нестандартнай форме. Гэта ўрокі-канферэнцыі, экскурсіі, падарожжы. Такі фармат павышае цікавасць навучэнцаў да прадмета, развівае іх маўленчыя і камунікатыўныя навыкі, — расказала Алена Жэмская.
Вельмі значным Алена Сяргееўна лічыць выкарыстанне выхаваўчага патэнцыялу ўрока. Яна пераканана: праз асваенне англійскай мовы можна далучыць вучняў да глыбокага ўсведамлення айчыннай культуры.
— Рэгулярна ўкараняю ў структуру ўрокаў краязнаўчы кампанент, магчымасці музейнай педагогікі. Па-англійску вучні расказваюць пра наш горад і краіну, аналізуюць уклад знакамітых землякоў у развіццё грамадства. Гэта спрыяе станаўленню патрыятычных і грамадзянскіх якасцей навучэнцаў, — падкрэсліла Алена Жэмская.
Прыярытэтнае месца ў педагагічнай дзейнасці Алены Сяргееўны займае работа з адоранымі дзецьмі. Яна імкнецца заўважыць таленты кожнага навучэнца.
— Ва ўсіх дзяцей ёсць пэўныя здольнасці. Педагог павінен умець іх разгледзець і накіраваць у патрэбнае рэчышча. Ужо на ўроках пачынаю далучаць вучняў да даследаванняў і праектавання. Тых, хто сур’ёзна захапіўся прадметам, арыентую на алімпіядны рух. Кірую раённым рэсурсным цэнтрам па падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядах, які функцыянуе на базе нашай школы. З навучэнцамі сустракаюся не толькі вочна, для адточвання ведаў распрацавала спецыяльны сайт з лексіка-граматычнымі заданнямі. Не забываюся і пра маральную падтрымку, заўсёды настройваю дзяцей на поспех. Гэта прыносіць адпаведны плён. Навучэнцы пераможна выступаюць на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, даследчых і інтэлектуальных конкурсах, — адзначыла Алена Жэмская.
Акрамя вучнёўскіх, у Алены Сяргееўны нямала і асабістых перамог. Настаўніца неаднаразова ўваходзіла ў лік прызёраў розных конкурсаў прафесійнага майстэрства, узнагароджвалася граматамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі.
Па выніках работы за мінулы год педагог атрымала званне “Лепшы па прафесіі” ў раёне.
— Лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо праца мне ў задавальненне. Вучні паказваюць высокі ўзровень ведаў, выдатна здаюць уступныя іспыты, працягваюць адукацыю ў вышэйшых навучальных установах. Вельмі прыемна, што некаторыя з выпускнікоў пайшлі педагагічнай дарогай, сталі настаўнікамі замежнай мовы. Яшчэ больш радуе, што абсалютна ўсе былыя вучні — дастойныя грамадзяне, добрыя спецыялісты, патрыёты. Менавіта ў гэтым бачу сваё галоўнае педагагічнае дасягненне, — запэўніла Алена Жэмская.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара