Над павышэннем якасці падручнікаў спецыялісты Акадэміі адукацыі ў супрацоўніцтве з аўтарскімі калектывамі працуюць пастаянна. Асноўны складнік паспяховай дзейнасці ў гэтым напрамку — узаемадзеянне з настаўнікамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Эфектыўным інструментам арганізацыі такога ўзаемадзеяння з’яўляецца доследная праверка падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, якая праводзіцца штогод пры ўдзеле настаўнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.
У 2023/2024 навучальным годзе ў адпаведнасці з загадам міністра адукацыі доследную праверку праходзяць 26 вучэбных выданняў, у тым ліку і падручнік па біялогіі для 6 класа (аўтар Мікалай Дзмітрыевіч Лісаў), выдадзены ў 2021 годзе.
У доследнай праверцы ўдзельнічалі педагогі і навучэнцы з 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Мы сабралі меркаванні настаўнікаў — удзельнікаў доследнай праверкі.
Пра значэнне такой праверкі расказала Людміла Уладзіміраўна Амельчанка з Бярозавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці:
— Настаўнікі, якія ўдзельнічаюць у доследнай праверцы, на працягу года не проста працуюць з падручнікам, яны аналізуюць яго адукацыйны, выхаваўчы і метадычны патэнцыял, адпаведнасць тэкстаў і заданняў узроставым асаблівасцям вучняў, мэтазгоднасць ілюстрацый. Затым даюць рэкамендацыі па ўдасканаленні падручніка. Вельмі важна, што пры падрыхтоўцы падручнікаў да паўторнага выпуску ўлічваецца практычны вопыт работы з імі настаўнікаў і навучэнцаў.
Перавагі падручніка “Біялогія” для 6 класа пералічыла Ганна Іванаўна Кароткая з Сіняўскай сярэдняй школы Клецкага раёна Мінскай вобласці:
— Падручнік адпавядае ўзроставым асаблівасцям шасцікласнікаў. Развіццю матывацыі вучняў да вывучэння вучэбнага прадмета спрыяюць рубрыка “Гэта цікава”, праблемныя пытанні, задачы, доследы і назіранні.
Яе калега з сярэдняй школы № 108 Мінска Ірына Рыгораўна Багіна дадала:
— Падручнік напісаны зразумелай для шасцікласнікаў мовай, ёсць дадатковая інфармацыя для пашырэння кругагляду вучняў, індывідуальныя заданні для зацікаўленых. Пасля кожнай главы падагульняльны матэрыял прадстаўлены ў выглядзе апорна-лагічных схем. Усё гэта спрыяе павышэнню якасці навучання прадмету.
Па меркаванні настаўніцы біялогіі Усходаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Наталлі Аляксееўны Архіпавай, гэты вучэбны дапаможнік для шасцікласнікаў адрозніваецца ад папярэдняга: з’явілася больш каляровых ілюстрацый, а рубрыка “Падвядзём вынікі” дапамагае хутка паўтарыць вывучаны матэрыял.
Педагогі гаварылі і пра тое, як ставяцца вучні да падручніка. Наталля Архіпава паведаміла, што яе навучэнцам вельмі спадабалася рубрыка “Індывідуальныя дамашнія даследаванні”. Яны з задавальненнем выконвалі іх самастойна. Вынікі афармлялі ў выглядзе схем або малюнкаў, што вельмі важна для набыцця практычных навыкаў.
Людміла Амельчанка заўважыла, што яе шасцікласнікам спадабаліся рубрыкі “Паўторым галоўнае” і “Падвядзём вынікі”, якія дапамагаюць хутка паўтарыць і замацаваць вывучаны матэрыял.
Педагогі выказалі і свае прапановы па ўдасканаленні вучэбнага выдання. Наталля Анатольеўна Ільінава з гімназіі № 1 Жлобіна лічыць, што мэтазгодна ўключыць у падручнік алгарытм работы з мікраскопам, лупай і алгарытм правядзення біялагічнага доследу.
А Людміла Амельчанка прапаноўвае дабавіць спасылкі на дадатковыя рэсурсы па пэўных тэмах, якія навучэнцы змогуць паглядзець дома. Гэта дапаможа разнастаіць працэс навучання.
Вольга ДУБОЎСКАЯ