Кожная ўстанова адукацыі мае свае традыцыі: як арганізаваны летні адпачынак дзяцей у Хоцімскім і Касцюковіцкім раёнах

- 16:18Пресс-тур «Настаўніцкай»

Урок мужнасці правялі для прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” шасцікласнікі сярэдняй школы № 1 Хоцімска, які стаў адным з самых яркіх і эмацыянальных момантаў прэс-­туру па Магілёўскай вобласці. Хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся легендарнымі гісторыямі сваякоў, якія абаранялі краіну падчас Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шасцікласнікі 1-й хоцімскай школы правялі каласальную пошукавую работу. Яны разам з бацькамі і класным кіраўніком Наталляй Мяньшэнінай сабралі ўнікальную інфармацыю, апрацавалі яе і цяпер прадстаў­ляюць на школьных мерапрыемствах. Лісты з фронту прадзедаў, гісторыі лёсаў простых салдат і жыхароў, якія знайшлі ў сабе сілы змагацца з ворагам, выкліка­юць буру эмоцый. Навучэнцы ганарацца сваімі продкамі і разумеюць, што, дзякуючы іх маленькім і вялікім подзвігам, могуць жыць у мірнай краіне.

Увогуле, у 1-й хоцімскай школе грамадзянска-патрыятычны напрамак рэалізуецца і ў час летніх канікул. У навучальнай установе дзейнічае музей, які з’яўляецца пляцоўкай для арганізацыі мерапрыемстваў для дзяцей, якія наведваюць школьны лагер. Музейная экспазіцыя ахоплівае розныя перыяды развіцця Хоцімшчыны і налічвае не адну сотню экспанатаў.

Работу ў гэтым напрамку развіваюць і ў хоцімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і мола­дзі “Ветразь надзей”. У прыватнасці, педагог Надзея Кавалёва расказала пра гістарычныя вандроўкі з дзецьмі, падчас якіх вядзецца адпаведная пошукавая дзей­насць. Напрыклад, яны здолелі знай­сці пацвярджэнні генацыду падчас вайны ў адносінах да землякоў. Зразумела, што ў летні перыяд не робіцца перапынак у такой дзейнасці. Адпаведная работа працягваецца.

Да таго ж у цэнтры творчасці арганізаваны лагер “Родничок”. Тут дзеці адпачываюць, займаючыся творчасцю. Зрабіць аплікацыю або намаляваць аўтапартрэт у поўны рост — вельмі захапляльна. Як і паўдзельнічаць у спартыўных гульнях, відавочцамі якіх мы сталі ў сярэдняй школе № 2 Хоцімска. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім азартам бегалі, скакалі, лоўка штурхалі перад сабой гімнастычныя палкі і спрытна пераапраналіся ў гімнасцёркі. Тут арганізаваны аздараўленчы лагер “Патрыёт” і рэалізуецца праект “Мая малая радзіма”. Дзеці разам з педагогамі вывучаюць славутасці роднага краю і гісторыі герояў, чые імёны носяць вуліцы пасёлка. Разна­стаіць адпачынак можна ў басейне, які нядаўна пабудавалі на тэрыторыі школы, і на новай спартыўнай пляцоўцы, абсталяванай сучаснымі трэнажорамі.

Як адзначыў начальнік аддзела па адукацыі Хоцімскага райвыканкама Алег Ткачоў, у раёне падчас летняй аздараўленчай кампаніі кожная навучальная ўстанова не толькі імкнецца арганізаваць арыгінальную забаўляльную праграму, але і робіць кожны дзень для хлопчыкаў і дзяўчынак карысным. У рэгіёне пільна сочаць за харчаваннем і рэжымам дня дзяцей.

***

У Касцюковіцкім раёне падчас другога дня прэс-туру прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” мы таксама знаёміліся з арганізацыяй летняга адпачынку дзяцей і падлеткаў.

У Касцюковіцкай раённай гімназіі дзейнічае аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Ра­зумнікі і разумніцы”. Як адзначыла яго начальнік Наталля Моціна, у аснове дзейнасці — распрацоўка модульных праектаў. Гэтым летам педагогі і навучэнцы працу­юць над ініцыятывай “Галактык.by”, у межах якой дзеці праз творчасць, тэматычны пазнавальны матэрыял вывучаюць космас. А натхніла гімназічных педагогаў на рэалізацыю такога напрамку першая беларуская жанчына-касманаўт Марына Васілеўская. Нам жа была прадстаўлена творчая справаздача дзейнасці гімназічнага лагера. Дзеці ў песнях, танцах і вершах падзяліліся сваімі ўражаннямі: ім вельмі падабаецца такі адпачынак.

Шырокім спектрам дзейнасці ўразіў Касцюковіцкі раённы цэнтр дзіцячай творчасці. Тут арганізаваны аздараўленчы лагер мастацкага профілю “Мара”. У мінулым годзе яго ўдзельнікі атрымалі дып­лом ІІ ступені ў акцыі “Правільнае лета” ў намінацыі “Дзіцячы аўтапоезд”. Цяпер “Мару” з задавальненнем наведваюць 40 школьнікаў. І гэта нядзіўна, бо педагогі цэнт­ра — людзі творчыя і апантаныя. Напрыклад, дырэктар Аляксандр Перапечын займаецца гістарычнай рэканструкцыяй (у 2011 годзе стварыў клуб “Ратнік”) і робіць гэта прафесійна. Кальчугі, мячы, коп’і, шлемы, шатры — усё выглядае сапраўдным, таму прыцягвае ўвагу і дзяцей, і дарослых.

У сярэдняй школе № 1 Касцюковіч ужо не першы год арганізоўваецца профільны аздараўленчы лагер “Абаронца Айчыны”, які наведваюць 65 вучняў. Дырэктар школы Святлана Касцянкова расказала, што напрыканцы змены заўсёды праводзіцца ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, дзе дзеці дэманструюць свае спартыўныя і ваенныя навыкі. У гэтым годзе яна праходзіла з удзелам начальніка групы прызыву на вайсковую службу Касцюковіцкага РВК маёра Паўла Гарбачова.

У Мурынборскай сярэдняй школе ў лагеры працы і адпачынку “Імпульс” навучэнцы працуюць на школьным агародзе і не толькі. Тэрыторыя навучальнай установы ўражвае сваёй дагледжанасцю: роўны газон, прыгожыя кветнікі і праполатыя грады, на якіх ­растуць морква, буракі, цыбуля, капуста, бульба. Акрамя таго, як зазначыла дырэктар школы Ніна Дыліка, ужо трэці раз вучні школы далучацца да ўдзельнікаў сельскагаспадарчага студэнцкага атрада “Зорка” імя воіна-інтэрнацыяналіста М.К.Брындзікава, дзе змогуць падзарабіць.

Падводзячы вынікі сустрэчы, начальнік аддзела па адукацыі Касцюковіцкага райвыканкама Алена Хомчанка заўважыла, што летні адпачынак дзяцей і працоўная дзейнасць падлеткаў у раёне арганізаваны з улікам пажаданняў школьнікаў і бацькоў.

“Кожная ўстанова адукацыі мае свае традыцыі, але штогод імк­нёмся прыўносіць нешта новае, каб усім было цікава”, — адзначыла Алена Сямёнаўна.

І атрымліваецца сапраўды цікава, бо ў кожнай з наведаных устаноў мы бачылі эмоцыі дзяцей — радасць, захапленне, натхненне і задавальненне.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА