Імёны раней невядомых салдат-вызваліцеляў, якія пахаваны ў аграгарадку Лань, што ў Нясвіжскім раёне, устанавілі настаўнікі мясцовай школы разам з вучнямі. Сёлета да Дня Перамогі на брацкай магіле ў аграгарадку ўстаноўлены новы помнік — з імёнамі ўсіх пяці ўжо вядомых герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Пазнакі болю і подзвігаў
Чаму і сёння мы клапоцімся пра месцы пахавання герояў, ахвяр Вялікай Айчыннай вайны? Разважаючы пра тое, навошта трэба зберагаць памяць пра загінуўшых, Роберт Раждзественскі ў паэме “Рэквіем” напісаў: “Это нужно — не мёртвым, это надо — живым”. Знакамітыя радкі ведаюць, памятаюць многія нашчадкі воінаў-пераможцаў, іх выбіваюць на мемарыяльных плітах і абелісках. І хоць, як раней казалі, даўно адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай, але ж памяць пра вайну ў Беларусі — жывая. Па ўсёй тэрыторыі краіны стаяць сотні помнікаў, ёсць дагледжаныя магілы вядомых і невядомых герояў тых падзей. Гэта маўклівыя напаміны ўсім нам, хто жыве на гэтай зямлі, пра велізарную цану, якую мае Вялікая Перамога.
Мільёны жыццяў… Па гэтых пазнаках болю і подзвігаў можна прасачыць шматлікія шляхі да вызвалення Беларусі ў 1944-м, да Перамогі ў 1945-м. Прычым у кожнага салдата, хто не вярнуўся з вайны, пры жыцці было імя, прозвішча, былі родныя людзі, якія чакалі яго дадому. І таму надпіс “Невядомы” на магільнай пліце, напэўна, ва ўсіх спагадлівых, адэкватных людзей выклікае спачуванне і жаданне ўстанавіць імя героя. Мы ж ведаем: родзічы-сваякі і сёння шукаюць хоць нейкія звесткі пра тых, хто згінуў у небыцці, спадзяюцца знайсці месца спачыну бацькі, брата, мужа, а цяпер ужо і дзеда, прадзеда.
“…І роспачны крык маці”
На грамадскіх могілках у аграгарадку Лань летам 1944 года пахавалі загінулых воінаў: Барыса Якаўлевіча Негадаева і двух невядомых. Дарэчы, да 1977 года і прозвішча Негадаева на магільнай пліце таксама не было пазначана: невядомых было трое. Аднак у той час, дзякуючы пошукавай рабоце навучэнцаў Ланскай сярэдняй школы, піянераў атрада імя Марата Казея, удалося ўстанавіць: адзін з пахаваных — Барыс Якаўлевіч, ураджэнец Арэнбургскага краю. Піянеры напісалі яго родным, паведамілі пра ўстаноўленае месца пахавання воіна. І тады ж на адрас школы прыйшоў ліст — напісала дачка Барыса Негадаева.
Вось радкі з таго ліста, які захоўваецца ў школьным музеі: “Давайце мы з вамі пастараемся заўсёды памятаць тыя незабыўныя, цяжкія ваенныя гады. Мы, народжаныя ў 1941-м, жылі з героямі ў той жа час, дыхалі тым жа паветрам, бачылі слёзы ў вачах маці.
Мы спачатку не ўсведамлялі ўсю веліч тых гістарычных падзей, але адчувалі сваімі маленькімі, гарачымі сэрцамі, што нам, дзецям вайны, не хапае моцных мужчынскіх рук, не хапае бацькоўскай усмешкі, клопату…
Што памятаю я са свайго маленства? Як пахнуць салдацкія шынялі, як баляць сколатыя іголкай пальчыкі (бо мы з мамай мылі салдацкую бялізну, прышывалі гузічкі на салдацкія шапкі, з чырвонымі зоркамі). У кішэнях гімнасцёрак я тады знаходзіла часам толькі сляды махоркі, але ж нідзе не было ні вестачкі пра бацьку. Ясны сонечны дзень, чысціня ў хаце і роспачны крык маці я добра памятаю: не стала бацькі…”
Вось так, праз гора страт і радасць вызвалення, парадніліся вёска Лань Нясвіжскага раёна і такі далёкі расійскі Арэнбургскі край, пра які ў нашых мясцінах ведалі хіба што з папулярнай у той час песні “Оренбургский пуховый платок”. Да прызначанай даты, 9 Мая 1977 года, на магілу Барыса Негадаева ў Лань прыехалі яго жонка і дачка: Ганна Антонаўна Негадаева і Ганна Барысаўна Бачарова. Піянерскай дружыне школы ганаровыя госці падарылі кнігу “Край Оренбургский” з памятным надпісам: “Пионерам отряда им. Марата Казея от родных Негодаева Бориса Яковлевича, павшего в бою за освобождение нашей Родины. Май 1977 года, дочь: Бочарова А. Б., жена: Негодаева А. А. Город Оренбург, площадь братьев Коростелёвых, дом № 17”.
Ад рэдакцыі. Сярод герояў, імёны якіх устанавілі пошукавікі з Ланскай школы, ёсць ураджэнец Узбекістана Нурхан Баймуратаў. Мы перадалі гэтую інфармацыю ў Пасольства Узбекістана ў Беларусі. Там выказалі вялікую зацікаўленасць у тым, каб ушанаваць памяць земляка, пашукаць яго родзічаў у Бухарскай вобласці. Спадзяёмся, што працяг у гэтай гісторыі будзе.
96-я гвардзейская стралковая дывізія
У 1977-м адно імя, дзякуючы школьным пошукавікам, вярнулася з небыцця, але ж яшчэ два на помніку засталіся невядомымі. Хто яны? Хто канкрэтна загінуў, вызваляючы летам 1944-га нашу вёску Лань? Ведаючы, што з гадамі адкрыліся, сталі даступнымі ў інтэрнэце каштоўныя архіўныя дакументы, мы вырашылі паспрабаваць у новых гістарычных умовах адшукаць імёны пахаваных герояў. І свой пошук пачалі з апытання старажыла аграгарадка Лань Аліны Вікенцеўны Коканавай. Яе хата стаіць каля грамадскіх могілак. Нам было вядома, што жанчына ў Лані жыве даўно: больш за пяцьдзясят гадоў. Яна расказала пра месца пахавання загінулых герояў і што сама была там, калі ў маі 1977 года адкрывалі помнік у гонар Барыса Негадаева і невядомых герояў.
А потым былі доўгія пошукі ў дакументах Цэнтральнага архіва Мінабароны Расійскай Федэрацыі, пададзеных у Аб’яднаным банку даных “Подвиг народа в Великой Отечественной войне 1941—1945 гг.” — цяпер ён вядомы як рэсурс “Память народа”. Урэшце пошукі мелі плён: была знойдзена інфармацыя пра вайсковыя часці, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі. Далей выяўлялі канкрэтныя фарміраванні, якія ў чэрвені — ліпені 1944 года вызвалялі Клецкі раён, суседнія Нясвіжскі і Ляхавіцкі. Пачалі, у прыватнасці, больш дэталёва вывучаць баявы шлях 96-й гвардзейскай стралковай дывізіі. У журнале яе баявых дзеянняў знайшлі каштоўную інфармацыю: “291-й стрелковый полк овладел: Космовичи, Лань, Осмолово, околоток Осмолово, Волковщизна, Пукелевщина, застенок Осовец, Хрысты, Быховщина, Митьковичи, военный поселок Совкова, Ходатовичи, Каменка. К 21.00 полк вышел на рубеж западнее окраины Каменка — западнее окраины Зарытова”.
Чытаючы такое, абавязкова трэба для нагляднасці мець перад сабою карту буйнога маштаба. Тады лягчэй будзе ўявіць сабе, як летам 1944-га разгортвалася наступленне. На падставе тых звестак мы і зрабілі выснову: жорсткія баі былі тады за нашу мясцовасць. І, вядома ж, былі ахвяры з боку Чырвонай Арміі. Далей у АБД “Память народа” нам удалося знайсці журнал беззваротных страт той самай 96-й дывізіі.
Урэшце выявілі імёны воінаў, якія ў нашай мясцовасці загінулі альбо памерлі ад ран. Знайшлі канкрэтна тых, чый зямны шлях закончыўся ў Лані: разам з Нягадаевым былі пахаваны Канстанцін Цімафеевіч Атрошчанка і Андрэй Рыгоравіч Андронаў.
Знайшлі яшчэ адну магілу!
Вывучаючы журнал незваротных страт, мы былі нямала здзіўлены, што там зроблены запіс: магіла № 1. Бо гэта азначала, што ў вёсцы ёсць іншыя пахаванні. Нам пашанцавала знайсці дадатак № 45960 да карты — дакумент, на якім была схема пахаванняў загінулых воінаў. Пад дакументам стаіць пячатка 96-й стралковай дывізіі, подпіс яе камандзіра і дата пахавання: 11.07.1944. З дакумента вынікала, што гэта брацкія магілы і магілы памерлых ад ран, пахаваных медсанбатам № 170 — той жа 96-й дывізіі. Прывядзем звесткі на мове арыгіналу:
“Могила № 1: 1. Негодаев Борис Яковлевич. 2. Отрощенко Константин Тимофеевич. 3. Андронов Андрей Григорьевич.
Могила № 2: 1. Черепанов Владимир Мартынович. 2. Баймуратов Нурхан”.
Далей у журнале беззваротных страт 96-й дывізіі мы шукалі ўжо Чарапанава і Баймуратава — і знайшлі! Праінфармавалі пра гэта органы мясцовай улады. У 2022 годзе афіцыйна звярнуліся да Таццяны Шумоўскай (тады яна ўзначальвала сельвыканкам) і ваеннага камісара Капыльскага і Нясвіжскага раёнаў Максіма Уласава з просьбай увекавечыць імёны чатырох раней невядомых герояў, пахаваных на могілках у аграгарадку Лань. Атрымалі згоду, і ўрэшце так і сталася.
У працэсе даследавання разам са мной працавалі калегі, вучні. Асаблівую зацікаўленасць у пошуках праяўлялі Алена Мікалаеўна Чыжык, намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце, і Надзея Багдановіч, вучаніца цяпер ужо 8 класа. Мы ўстанавілі прозвішчы, імёны, воінскія званні, час гібелі, ранейшыя дамашнія адрасы двух невядомых воінаў, пахаваных у магіле № 1 разам з Барысам Негадаевым: Андрэя Андронава і Канстанціна Атрошчанкі. Таксама ўстаноўлены звесткі пра герояў, пахаваных у магіле № 2: Уладзіміра Чарапанава і Нурхана Баймуратава, прызванага ў войска Гузарскім райваенкаматам Бухарскай вобласці Узбекістана.
У выніку пошукаў родных і блізкіх пахаваных воінаў нам удалося наладзіць кантакт з унукам Уладзіміра Чарапанава. І Вячаслаў Чарапанаў прыязджаў да нас у Лань з Расіі ў святочны дзень — 9 Мая 2023 года. Усклалі разам кветкі на магілу яго дзеда, ушанавалі памяць герояў.
І сёлета ў Дзень Перамогі ў чарговы раз мы ладзілі памятнае мерапрыемства. Дзякуючы кіраўніцтву ААТ “Лань — Нясвіж” і Ланскаму сельскаму выканаўчаму камітэту, да Дня Перамогі быў устаноўлены новы помнік з імёнамі ўсіх пяці — ужо вядомых! — герояў Вялікай Айчыннай вайны.
А пошукі родзічаў загінуўшых працягваем, бо ведаем: памяць жывая, пакуль мы самі памятаем герояў. І робім усё неабходнае, каб надпісаў “Невядомы” ў мемарыяльных месцах было як мага менш. Дарэчы, працягваем пошукі звестак і пра нашых землякоў, якія не вярнуліся з вайны. З Ланскага сельсавета пайшлі на фронт у 1944 годзе, пасля вызвалення тэрыторыі ад фашыстаў, 375 чалавек, а вярнуліся дадому толькі 207. І не пра ўсіх загінуўшых родныя ведаюць, дзе яны пахаваны.
Мы памятаем і пра тое, што ў ліку абаронцаў Айчыны былі педагогі Ланскай школы. Ветэран вайны Захар Паўлавіч Петрачкоў быў кавалерам ордэнаў Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. А былы франтавік Генрых Яраслававіч Пузіноўскі захапляўся краязнаўствам, стварыў школьны музей у 1985 годзе. Нашы настаўнікі Віктар Адольфавіч Гумінскі, Васіль Фаміч Кандрукевіч у час вайны змагаліся разам з партызанамі. Мы памятаем пра герояў, ушаноўваем іх памяць.
Уладзімір МЯКІШ,
настаўнік гісторыі,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ланскай сярэдняй школы
Фота з архіва Ланскай сярэдняй школы





