Падручнік па замежнай мове — кніга асаблівая

- 12:01Суразмоўца

Сённяшні наш суразмоўца — Аляксандр Мікалаевіч Кандрацюк, настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 32 Брэста. Гэта неабыякавы педагог і ўважлівы чытач “Настаўніцкай газеты”. Нядаўна на адрас нашай электроннай пошты прыйшоў яго водгук-роздум на газетныя артыкулы. З імі, канечне, можна пагаджацца ці, наадварот, аспрэчваць, але для нас, журналістаў, вельмі важнай з’яўляецца зваротная сувязь з чытачом. Яна — наш галоўны матыватар. І мы вельмі ўдзячны Аляксандру Мікалаевічу, што ён знайшоў час не проста пачытаць нашу газету, але і адгукнуцца на прачытанае.
І паколькі яго зачапілі артыкулы, прысвечаныя вучэбна-метадычнай літаратуры і вывучэнню замежнай мовы (“Масавая вучэбная кніга”, “Замежная мова: традыцыі і навізна”, “Пашыраць вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні” ў № 4 за 15 студзеня 2015 г.), то і размова наша адбылася менавіта ў гэтым рэчышчы.

— Аляксандр Мікалаевіч, пачнём усё ж такі з урокаў. Вы прыхільнік традыцыйных урокаў або прымаеце новыя методыкі і тэхналогіі?
— Нейкі час даводзілася працаваць з замежным вучэбна-метадычным комплексам, прывык. Потым пазнаёміўся з айчынным. Адчуў розніцу. Проціпастаўленне “традыцыйнага” і “іншага” метадаў у навучанні — некарэктнае. Гэта заўсёды нейкі сплаў. Школьнікі, узрост якіх дасягнуў 7—10 гадоў, новую мову засвойваюць не тое што па-іншаму, а “іншымі мазгамі” (навука гэта даказала). Ігнараваць родную мову па-за моўным асяроддзем пасля дасягнення гэтага ўзросту не ўяўляецца магчымым. А наогул камунікатыўны метад — гэта той метад, які спрыяе ўсведамленню: калі цябе навучэнцы не разумеюць, то ў іх могуць быць праблемы.
Я належу да старэйшага пакалення педагогаў, але знаёмы з сучаснымі ЭСН і разумею, што такое інтэрактыўная дошка. Таксама ўяўляю магчымасці, кошт і прыкладную колькасць гэтых дошак на колькасць вучняў у нашых школах і як трапіць па раскладзе ў той кабінет, дзе ёсць дошка, і ці гатовы ў настаўніка матэрыял для гэтай часам капрызнай штукі.
Не думаю, што інтэрактыўная дошка для вывучэння замежнай мовы з’яўляецца вельмі неабходным звяном. Значна важней сёння даць магчымасць кожнаму настаўніку выкарыстоўваць на кожным уроку камп’ютар, плэер CD і тэлевізар, а лепш — усё разам.

— З вашых разважанняў, дасланых у рэдакцыю, я зразумела, што вы даволі скептычна ставіцеся да ВМК па англійскай мове. Як працуеце?
— Я працую па рэкамендаваным праграмай падручніку. Хаця многія калегі з іншых школ рэкамендуюць бацькам набываць іншыя вучэбныя дапаможнікі. Падручнік па замежнай мове — кніга асаблівая па многіх прычынах. Пры вывучэнні новай мовы галоўным і практычна адзіным кансультантам для навучэнцаў у атрыманні інфармацыі на замежнай мове з’яўляецца настаўнік.
Але пры гэтым ён, настаўнік замежнай мовы, часцей за ўсё з’яўляецца замежнікам у той культуры, мову якой выкладае, г.зн. ён не валодае ў дастатковай ступені сацыякультурнай кампетэнцыяй — культурным кодам нацыі мовы, якая выкладаецца.
У яго няма той фаналагічнай, граматычнай кампетэнцыі, як у роднай мове. У настаўніка няма дастатковых асацыяцый (канатацыі) у чужой мове. Гэтую сітуацыю пагаршае адсутнасць натуральнага моўнага асяроддзя. Па гэтай прычыне настаўнік павінен мець самую поўную інфармацыю па курсе мовы, якую выкладае, а гэта абсалютна поўны комплекс метадычнага забеспячэння.
Добры падручнік — гэта той падручнік, які зроблены ва ўмовах разумення, што стварэнне падручніка — справа дзяржаўнай важнасці і аматарства тут недарэчы, што нават самы класны спецыяліст, выбітны педагог не гарантуе напісанне добрага падручніка. Стварэнне добрага падручніка — кнігі для навучэнца — магчыма пры наяўнасці самапавагі, прафесійнай і нацыянальнай годнасці і адкрытасці ў вырашэнні праблем іншамоўнай адукацыі.

— Аляксандр Мікалаевіч, асобна хачу спытаць пра метадычную літаратуру для педагогаў. Вам як настаўніку-практыку патрэбны сцэнарыі ўрокаў, метадычныя парады або і тое, і другое?
— Настаўнік — гэта рэжысёр. Але, у адрозненне ад іншых прадметаў, дзе пастаноўка ажыццяўляецца ў “прозе” і можа быць творчы экспромт і адступленні, на замежнай мове — гэта “пастаноўка ў вершах”, дзе адступленні рабіць значна складаней, а часам немагчыма па зразумелых прычынах.
У сувязі з абмежаванасцю інфармацыйнага ўздзеяння на навучэнца для засваення іншай мовы адводзіцца часу значна менш, чым патрабуецца. Калі параўнаць час, які даецца для вывучэння мовы ў школе (105 гадзін у год), з тым часам, якое дзіця траціць, засвойваючы родную мову ў звычайнай абстаноўцы (прыкладна 12 гадзін у дзень на працягу 365 дзён, а гэта роўна 4380 гадзінам у год), то мы ўбачым 40-кратную розніцу. І калі павелічэнне гадзін на вывучэнне замежнай мовы не ўяўляецца магчымым, то ўзнікае неабходнасць больш жорсткіх, больш рацыянальных падыходаў да вырашэння пытання.
Гаворка ідзе не аб жорсткім рэгламенце кожнага ўрока, а аб прынцыповым падыходзе. Тут недарэчы бытавое разуменне праблем асваення мовы. Тут павінны быць навуковыя падыходы да падрыхтоўкі і якасці вучэбна-метадычнага комплексу, да падачы матэрыялу. Можна, вядома, гаварыць пра выкладчыкаў — носьбітаў мовы, пра індывідуальныя заняткі ў сістэме сярэдняй адукацыі (між іншым, індывідуальныя заняткі на парадак больш эфектыўныя, чым групавыя, і гэта адзін са шляхоў інтэнсіфікацыі навучання), але гэта пажаданні, рэальнасць жа пакуль іншая.

— Сёння настаўнікі-замежнікі працуюць па новых стандартах, з новай канцэпцыяй. Акрамя таго, у нас адзінаццацікласнікі пачалі здаваць абавязковы выпускны экзамен па замежнай мове. І ўсё гэта было распрацавана і ўведзена з мэтай павышэння моўнай кампетэнцыі вучняў.
— Але праблемы застаюцца. І, каб іх вырашыць, на мой погляд, неабходна накласці мараторый на выданне вучэбных дапаможнікаў без якаснай экспертызы. Нельга друкаваць падручнікі без кнігі для настаўніка, без прадастаўлення зацвярджаючаму органу ўсяго вучэбна-метадычнага комплексу. Тады не будзе спакусы пісаць падручнік у кароткія тэрміны або даваць указанні аб падрыхтоўцы дапаможніка да “заўтрашняга дня”.
Інстытут адабрэння публікацый (рэцэнзаванне) альбо варта адмяніць, альбо ён павінен паглыбіцца ў суаўтарства. У любым выпадку ён павінен быць дэфармалізаваны. А ўвогуле, калі нешта і трэба рэцэнзаваць, дык гэта ўвесь вучэбна-метадычны комплекс, і ў першую чаргу кнігу для настаўніка, напісаную ў аб’ёмным дачыненні да падручніка прыкладна як 6:1. Менш проста не атрымаецца.
Агульныя філасофска-педагагічныя разважанні карысныя, але імі хай займаецца “высокая” навука. І педагог іх з задавальненнем прачытае, калі аўтары, падрыхтаваўшы сапраўды карысную кнігу, аптымізуюць яго дзейнасць і ў педагога з’явіцца больш часу для самаўдасканалення.
Гукавой мове неабходна навучаць з дапамогай гукаў. Увесь матэрыял падручніка павінен быць агучаны. Без гэтага складана навучыцца нават чытанню.
І яшчэ. Трэба рэаніміраваць (адрадзіць / стварыць / аптымізаваць — гэта вызначаецца рэальным станам згаданай навукі) навукова-метадычную думку краіны з усімі вынікаючымі наступствамі. Напрыклад, камунікатыўная методыка сёння адна з тых тэм, якія абмяркоўваюцца пры навучанні замежнай мове. Але гэты метад нават не даследаваны належным чынам. Дзяжурныя фразы, розныя кампіляцыі аб перавагах камунікатыўнай методыкі не могуць разглядацца як сур’ёзнае навуковае абгрунтаванне.
І ў нас, па маім меркаванні, пакуль няма якаснага нацыянальнага вучэбна-метадычнага комплексу па замежнай мове, на аснове якога мы маглі б гаварыць пра новыя падыходы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.
А замест пастскрыптума хочацца прывесці словы, якія пачуў на адным з рэспубліканскіх семінараў: “У сучасных вучэбна-метадычных комплексах па замежных мовах улічаны асноўныя прынцыпы дзейнасці айчыннай педагогікі, маецца свой нацыянальны складнік, калі хочаце, свой нацыянальны каларыт”. Але гэта няправільна, калі якасць прадукцыі ацэньвае той, хто яе вырабляе.

— Аляксандр Мікалаевіч, вялікі дзякуй за размову і ўважлівае прачытанне артыкулаў нашай газеты.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.