Як праект «Дзіцячыя цацкі часоў Вялікай Айчыннай вайны» паўплываў на выхаванцаў дзіцячага сада № 2 Шклова

- 11:10Образование

Даследчы праект “Дзіцячыя цацкі часоў Вялікай Айчыннай вайны” дзіцячага сада № 2 Шклова напоўнены асаблівым выхаваўчым сэнсам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Інавацыі ў дзеянні

— У нашым садзе працуюць творчыя і актыўныя педагогі, і гэта галоўны фактар паспяховай інавацыйнай дзейнасці ўстановы, — адзначыла загадчык Людміла Курачкіна. — Пастаянна натхняем адно аднаго вынікамі сваіх педагагічных даследаванняў. Укладаем нашы сілы і веды ў стварэнне рэсурсу для паўнавартаснага развіцця і выхавання дзетак і бачым, які плён гэта дае.

Каманда зацікаўленых спецыялістаў напаўняе адукацыйны працэс унікальнымі навацыя­мі — аўтарскімі медыярэсурсамі з акцэнтам на рэгіянальным кампаненце ў практыцы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дашкольнікаў. Быў пачаты рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль” (2022—2025). На сённяшні момант творчая ініцыятыўная група ў складзе педагога-псіхолага Г.Г.Мікалуцкай, музычнага кіраўніка А.М.Яўсеевай, настаўніка-дэфектолага М.М.Санец і выхавальнікаў В.С.Ганчаровай, В.Б.Грыбанавай, Н.М.Гарцуевай на чале з кіраўніком праекта Л.М.Курачкінай і каардынатарам — намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці С.А.Зубарэвіч рухаюць адказную справу.

— Нашы дзеці — наша будучыня, і нам радасна дапамагаць ім назапашваць веды пра наваколле, сваю малую радзіму, нашу краіну і пра саміх сябе, — падкрэслівае Людміла Мікалаеўна.

Па словах удзельнікаў праекта, найбольшае задавальненне яны атрымліваюць ад вынікаў сваёй дзейнасці. Натхняюцца, калі дзеці задаюць пытанні, калі ў вачах выхаванцаў чытаецца, што ім цікава. Задавальненне атрымліваюць і ад работы ў камандзе, бо лічаць, што ім вельмі пашчасціла працаваць у творчым калектыве педагогаў-­наватараў.

У рабоце па патрыятычным выхаванні падапечных педагогі кіруюцца словамі свайго славутага земляка — Прэзідэнта Беларусі:

— Патрыятызм — гэта не проста размовы пра тое, як мы любім Радзіму. Хоць і гаварыць пра гэта трэба. Гэта штодзённая праца на яе карысць, захаванне гістарычных і культурных традыцый, абарона інтарэсаў дзяржавы і жыцця людзей.

Наша спадчына

Для азнаямлення дашкольнікаў з беларускай культурай, традыцыямі, жыццём, каштоўнасцямі, побытам беларускага народа педагогі разам з баць­камі выхаванцаў стварылі музейную экспазіцыю “Спадчына”. Яна стала міні-музеем, экскурсійнай пляцоўкай і творчай майстэрняй. Незабыўнае ўражанне пакідаюць экскурсіі “Падарожжа ў сялянскую хату”, “Побыт і звычаі сялян”, “Абярэгі ў жыцці беларусаў”. Многія экспанаты суправаджаюцца элементамі дапоўненай рэальнасці. Дзеці з радасцю наведваюць музейныя заняткі “Казкі, міфы і легенды Беларусі”, удзельнічаюць у музычна-гульнявой праграме “Кола беларускіх народных свят”, інтэрактыўных краязнаўчых вандроўках. Этнакультурны патэнцыял экспазіцыі задзейнічаны ў развіцці маўлення дзяцей. Настаўнік-дэфектолаг М.М.Санец стварыла відэаролік “Артыкуляцыйная гімнастыка для маленькіх беларусаў і беларусачак”, з дапамогай якога ў гульнявой форме праводзіць карэкцыйныя заняткі з біяэнергапластыкай пад народную мелодыю “Лявоніха”.

У садку не толькі захоўваюцца традыцыі мінулага, але і закладваюцца новыя. І ў гэтых традыцыях у дашкольнікаў выхоўваюць лепшыя якасці беларускага народа — любоў да Радзімы, працаві­тасць, павагу да памяці продкаў.

Педагогі зрабілі шмат даследаванняў і на іх аснове распрацавалі медыярэсурсы для азнаямлення дашкольнікаў з гістарычнымі, культурнымі, нацыянальнымі, геа­графічнымі, прыродна-экалагічнымі асаблівасцямі нашай краіны. Асаблівую ўвагу ўдзялілі самым прыгожым мясцінам малой ра­дзімы, яе славутасцям, людзям, якія яе праславілі. Яркімі і цікавымі атрымаліся інтэрактыўныя паштоўкі з серыі віртуальна-пазнавальнай вандроўкі “#PRO БЕЛАРУСЬ”, дапаможнік “Беларусь шматгранная”, дыдактычныя гульні “Роднае беларускае”, лато “Мая Беларусь”, “Гербы гарадоў і абласцей Рэспублікі Беларусь”, кросенс-гульня “Мая Радзіма — Беларусь”, ценявыя карцінкі на ліпучках “Жывёлы Беларусі”, “Птушкі Беларусі”, лялькі ў нацыя­нальным беларускім касцюме “Дружная сям’я — мама, тата, я”, макет герба Шклова.

Варта адзначыць уменне педагогаў паказаць і расказаць дзецям найбольш характэрнае для роднага краю. Напрыклад, Вольга Міхайлаўна Ганчарова распрацавала маршрут выхаднога дня “Памятныя месцы нашага горада”, “Шклоў. Travel”.

— Трэба паказаць дзіцяці, што родны горад слаўны сваёй гісторыяй, традыцыямі, славутасцямі, помнікамі, вядомымі людзьмі, — падкрэсліла выхавальніца.

Шляхам мужнасці

Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню ў выхаванцаў уяўленняў аб гераічнай гісторыі сваёй Айчыны, выхаванню гордасці за гераізм і мужнасць беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Педагогі распрацавалі праекты, прымеркаваныя да 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад ­нямецка-фашысцкіх ­захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. На думку загадчыка ўстановы, даследчы праект “Дзіцячыя цацкі часоў Вялікай Айчыннай вайны” напоўнены асаблівым выхаваўчым сэнсам.

Педагогі разам са старшымі дашкольнікамі і іх бацькамі вырабілі 18 рэплік цацак, з якімі гулялі дзеці ў гады ваеннага ліхалецця. Вынікам праекта стала выстава калекцыі рэплік цацак, зробленых з падручнага матэрыялу: абрэзкаў тканіны, галінак, цурак, газеты.

На выставе таксама прадстаўлены фотаздымкі арыгінальных цацак, якія дазваляюць акунуцца ў атмасферу тых суровых гадоў.

— Для кожнага з нас цацкі ваеннага часу — памяць пра Вялікую Айчынную вайну, — адзначылі ­ўдзельнікі праекта.

Дарэчы, праведзеная работа дапамагла высветліць, як дзеці ставяцца да сваіх цацак. Педагогі правялі апытанне сярод выхаванцаў і прыйшлі да высновы: калі раней дзеці адзначалі, што проста любяць свае цацкі, то пасля ўдзелу ў праекце пераважная боль­шасць выхаванцаў пачалі цаніць цацку як падарунак бацькоў, астатнія — як сябра.

Заслугоўвае ўвагі распрацаваная выхавальніцай Вольгай Сяргееўнай Ганчаровай квест-гульня “Пагранзастава”, скіраваная на выхаванне ў дзяцей грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў праз азнаямленне з дзейнасцю пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, каб дакладна перадаць работу пагранічнай заставы, аўтар звярнулася да прагляду перадачы “Адзін дзень на дзяржаўнай мяжы” на канале “Беларусь 1” і да начальніка пагранічнай заставы № 4 “Брузгі” Гродзенскай пагранічнай групы Т.Д.Сіліна.

У квесце-гульні “Пагранзастава” прынялі ўдзел старшыя да­школьнікі, выхавальнікі, бацькі. На працягу гульні яны пера­адольвалі лакацыі “Сапёры”, “Цярністы шлях па лесе”, “Рэчка”, “Мінуем расцяжку”, “Шпіталь”, “Тунэль”. У канцы гульні выявілі парушальніка мяжы — цацачнага мядзве­дзя. Дзякуючы цікаваму вопыту, ­выхаванцы развівалі сілу, спрыт, шпаркасць, каардынацыю рухаў, цягавітасць, уменне згуртавана дзейнічаць у складаных сітуацыях. Гульнявыя моманты выклікалі ў дзяцей яркія ўражанні. Пераадолеўшы квест, выхаванцы атрымалі ўяўленне аб пагранічнай службе, адчулі ўдзячнасць абаронцам Ра­дзімы.

Як паказала работа ў праекце, педагогі стварылі багаты арсенал сродкаў патрыятычнага выхавання дзяцей. Асабліва выклікае павагу іх адкрытасць да інавацый, жаданне ствараць, шчырасць пачуццяў і светлая памяць сэрца.

Адзначаецца рост актыўнасці ўдзелу ў конкурсах, а таксама іх выніковасць. За 2023/2024 навучальны год атрыманы дыпломы. Самыя значныя з іх — дыплом II Міжнароднага дыстанцыйныга творчага конкурсу “Залатая восень”, дыпломы ў раённым аглядзе-­конкурсе “Абрадавыя святы і традыцыі беларусаў” і раённым конкурсе юных паэтаў і празаікаў Шклоўшчыны “Мой родны кут”.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара і з архіва ўстановы