Рэмантантныя маліны, розныя гатункі парэчак, імбір, чуфа і нават фінікі — усё гэта спрабуюць вырошчваць навучэнцы Мазалаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У нашай установы дастаткова вялікая прылеглая тэрыторыя. Асноўная плошча адведзена пад агарод. Там рэгулярна вырошчваем бульбу, капусту, цыбулю, буракі, моркву, якія накіроўваем у школьную сталовую для патаннення харчавання. Нядаўна да традыцыйных агародных культур дабавіліся плантацыі малін і парэчак, градка з чуфой. Усё гэта — ідэі вучняў, якія яны рэалізуюць у рамках праекта “Юныя аграрыі”, — расказала дырэктар школы Таццяна Свядомская.
Даследаванне рэмантантных малін паспрыяла з’яўленню на прышкольным участку плантацыі гэтых карысных ягад
Паводле яе слоў, праект быў створаны для адпрацоўкі практычных навыкаў навучэнцамі профільных аграрных класаў. Але ініцыятыва хутка захапіла ўсіх школьнікаў старшага і сярэдняга звяна.
— Праз даследчую дзейнасць і непасрэдна работу на зямлі вучні знаёмяцца з біялагічнымі асаблівасцямі раслін. Яны дэталёва вывучаюць глебава-кліматычныя ўмовы на прышкольным участку, тэхналагічныя працэсы раслінаводства. Пад куратарствам педагогаў дзеці самастойна нарыхтоўваюць насенне, вырошчваюць расаду, апрацоўваюць глебу, займаюцца пасадкай, унясеннем угнаенняў, аховай ад шкоднікаў і пустазелля, а пасля і ўборкай ураджаю. Важна і тое, што праект прадугледжвае індывідуалізацыю навучання з улікам інтарэсаў і схільнасцей вучняў, — адзначыла Таццяна Юр’еўна.
Настаўніца хіміі і біялогіі Алена Варапай паказвае ўраджай таматаў
Педагагічны калектыў школы падтрымлівае любыя ідэі навучэнцаў, а дзеці ў сваю чаргу з энтузіязмам адгукаюцца на прапановы сваіх настаўнікаў. Дзякуючы сумеснай зацікаўленасці, за некалькі гадоў ва ўстанове было праведзена мноства даследаванняў, вынікі якіх актыўна выкарыстоўваюцца.
— Доследным шляхам мы высветлілі, што таматы беларускай селекцыі ні ў чым не ўступаюць імпартным. Цяпер у школьнай цяпліцы вырошчваем толькі даследаваныя гатункі — ураджаі радуюць, — паведаміла настаўніца хіміі і біялогіі Алена Варапай.
Навучэнцы самі навучыліся рабіць торфатаблеткі, таму ў школе ніколі не ўзнікае праблем з расадай. Праз вывучэнне чуфы быў выяўлены ідэальны спосаб яе вырошчвання. Градка з незвычайнай культурай прыносіць плады, з якіх дзеці наладзілі выраб арчаты — карыснага для арганізма чалавека напітку.
— Даследаванне беларускіх гатункаў рэмантантных малін перарасло ў высадку плантацыі гэтых ягад. Таксама даследавалі розныя спосабы размнажэння парэчак. Зараз на агародзе ў нас 14 парэчкавых кустоў. Увогуле, на ўсе задумы дзяцей нязменна адказваю: “Спрабуйце!” Падтрымліваю вучняў у іх пачынаннях. У снежні мы разам паспрабавалі вырасціць імбір. Шукалі інфармацыю, падбіралі догляд — і ўсё атрымалася. Нам нават удалося вырасціць з костачак сапраўдныя фінікавыя пальмы, — заўважыла Алена Васільеўна.
Рэалізацыя праекта “Юныя аграрыі” дапамагае навучэнцам Мазалаўскай школы паспяхова раскрываць свае здольнасці. Так, дзевяцікласніца Карына Сакалова яшчэ толькі плануе пайсці ў аграклас, а ўжо ўнесла свой уклад у добраўпарадкаванне навучальнай установы. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дзяўчына самастойна распрацавала кветнік у форме пяціканцовай зоркі як напамін пра подзвіг савецкіх салдат. Работу ўзнагародзілі дыпломам на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Кветкі Перамогі”.
Дырэктар школы дэманструе поспехі вучняў
— Праект дазволіў навучэнцам паспяхова праявіць сябе ў многіх конкурсах і фестывалях. Але самае важнае, што ён працуе як эфектыўная прафарыентацыя. Сёлета палова навучэнцаў агракласа вырашыла звязаць прафесійную будучыню з сельскай гаспадаркай. Адна з выпускніц — Аляксандра Гарбузова — заключыла мэтавы дагавор на навучанне, плануе стаць аграномам і вярнуцца ў родную вёску. Такіх вучняў не адзінкі, — падкрэсліла Таццяна Свядомская. — Нашы вучні штогод паступаюць у сельскагаспадарчыя УВА, і сярод іх заўсёды ёсць тыя, хто плануе вярнуцца на Мсціслаўшчыну, каб жыць і працаваць на малой радзіме.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара