У школе закладваюцца асновы свядомага стаўлення да выбару прафесіі. Адным з варыянтаў вырашэння праблемы прафесійнага самавызначэння вучняў з’яўляецца політэхнічная накіраванасць прадметаў прыродазнаўчага цыкла, а менавіта фізікі.
У змесце курса фізікі разглядаюцца пытанні, цесна звязаныя з тэхналагічнымі працэсамі розных прамысловых падраздзяленняў (механічныя, тэрмічныя і электрычныя спосабы апрацоўкі металаў, апрацоўка металаў ціскам і з выкарыстаннем рознага роду выпраменьвання і інш.).
На сваіх уроках ужо з 7 класа пачынаю рыхтаваць вучняў да выбару прафесіі. Так, пры вывучэнні тэмы “Інерцыя” звяртаю ўвагу на немагчымасць хуткага спынення станка, дэталі, якая рухаецца.
У межах тэмы “Ціск цвёрдых цел” гавару пра тое, што, змяняючы S плошчу або F сілу, можна змяняць ціск P = F : S. Прапаную назваць слясарныя і сталярныя інструменты, пры рабоце з якімі гэтая заканамернасць выкарыстоўваецца. У гутарцы высвятляем, якім чынам гэтая прылада створыць вялікі ціск, прадстаўнікі якіх рабочых прафесій павінны добра ведаць гэтую заканамернасць.
У 9 класе, актуалізуючы веды па гэтай тэме, гаворым аб апорах ЛЭП, падмурках будынкаў, збудаванняў. На ўроках па тэме “Дэфармацыя, віды дэфармацый” размова ідзе аб прафесіях муляра, электрыка, сталяра-цесляра, швачкі-матарысткі.
Пры вывучэнні пытанняў тэмы “Дыфузія” разглядаюцца прынцыпы тэхналагічных працэсаў: цэментавання, храміравання, паяння, зваркі, плаўлення, афарбоўкі паверхняў. Гутарым з вучнямі аб прафесіях зваршчыка, маляра і г.д.
Пры вывучэнні асноў малекулярна-кінетычнай тэорыі знаёмлю вучняў з дыфузнымі працэсамі:
- звяртаю іх увагу на эфект уздзеяння лекаў у выглядзе таблетак, пры ўжыванні якіх адбываецца працэс растварэння;
- вучні тлумачаць перавагу інгаляцыі перад іншымі спосабамі ўвядзення лекавых рэчываў у органы чалавека, жывёл (пры расшчапленні прэпарата павялічваецца плошча, якую ён пакрывае, і хуткасць руху часціц);
- тлумачым лячэнне кіслароднага галадання з выкарыстаннем кактэйляў і кіслародных падушак, якія спрыяюць нармалізацыі ўтрымання кіслароду ў крыві чалавека.
Пры вывучэнні цеплавых з’яў і асноў тэрмадынамікі знаёмлю вучняў:
- з дзеяннем сагравальных кампрэсаў, грэлак, кварцавых лямпаў, прынцып работы якіх заснаваны на змене ўнутранай энергіі падчас цеплаперадачы і пашырэнні крывяносных сасудаў;
- з вынікам дзеяння масажу, які заснаваны на змене ўнутранай энергіі падчас выканання механічнай работы;
- з прымяненнем цяпла і холаду пры лячэнні скурных захворванняў, з прымяненнем крыягенных камер;
- з вынікамі анестэзіі — паніжэннем тэмпературы з прычыны выпарэння;
- з метадам дыятэрміі, заснаваным на цеплавым дзеянні току, з мэтай узмацнення кровазвароту, зніжэння ціску на здаўлены хваробай орган: страўнік, мачавы пузыр.
Найбагацейшы матэрыял для прафарыентацыі падлеткаў на медыцынскія спецыяльнасці дае вывучэнне фізікі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Цяжка назваць фізічныя з’явы, вынаходствы, адкрыцці, якія так ці інакш не знайшлі б адлюстравання ў медыцыне. Многія найбуйнейшыя дасягненні чалавечага розуму апошняга часу абумоўлены пераносам вынікаў тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў з адной галіны навукі ў іншую. Таму ў вучэбным працэсе вялікую ролю адыгрываюць міжпрадметныя сувязі. Навучэнцы з задавальненнем абгрунтоўваюць фізічныя заканамернасці ведамі і прыкладамі з біялогіі, геаграфіі, гісторыі.
Аляксандр КЛЕЯНКОЎ,
настаўнік фізікі Капачоўскага дзіцячага сада —
сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна
Магілёўскай вобласці
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі