Беларускі фонд міру ініцыіраваў новыя праекты, да якіх актыўна далучаюцца Школы міру. І Герой Беларусі касманаўтка Марына Васілеўская будзе непасрэдна ўдзельнічаць у іх рэалізацыі, бо выбрала для сябе, вярнуўшыся з космасу, міратворчую дзейнасць. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дзе і чаму “прызямлілася” касманаўтка
“Марына Вітальеўна выказала жаданне працаваць у Беларускім фондзе міру, і мы з радасцю прынялі яе ў міратворчую сям’ю, — паведаміў старшыня праўлення Максім Місько. — Яна заняла пасаду намесніка старшыні. На такі выбар, казала, паўплывала тое, што бачыла Зямлю ўжо не з ілюмінатара самалёта — з космасу. І “прызямлілася” ў нас таму, што вельмі глыбока, сэрцам прачула: само жыццё — найвялікшая каштоўнасць. Убачыла з арбіты, як у халоднай цемры ляціць наша планета: маленькі прытулак для жыцця ў велізарным космасе. І востра ўсвядоміла: жыццё, а значыць, і мір на Зямлі, трэба высока цаніць, мірам трэба даражыць і ўсімі сіламі яго абараняць. Яе ўчастак работы ўключае і Школы міру. Плануем сустрэчы Марыны з дэлегацыямі юных міратворцаў у абласных цэнтрах. Гэтым часам яна ў Маскве як прадстаўнік нашага Фонду міру ў дэлегацыі ад Беларусі. Будзе сустракацца і з юнымі міратворцамі Расіі, уручаць некаторым з іх нашы ўзнагароды, сувеніры”.
І тут варта перайсці да падзеі, якая адбылася летам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, — пашыранага пасяджэння праўлення Беларускага фонду міру. На ім аднагалосна прынялі “Зварот “Беларускага фонду міру” ад імя беларусаў да лідараў еўрапейскіх дзяржаў і кіраўнікоў міжнародных арганізацый па пытанні аб недапушчальнасці прымянення санкцый у дачыненні да Беларусі”. Чарговы раз шырокая грамадзянская супольнасць, у тым ліку і кіраўнікі розных канфесій, нацаб’яднанняў, прадстаўнікі творчых саюзаў, бізнес-супольнасці, Школ міру, пацвердзіла вернасць ідэям узаемавыгаднага супрацоўніцтва, мірнага суіснавання народаў. Як адзначалася па ходзе пасяджэння, юныя міратворцы краіны вучацца справамі ўмацоўваць мір і згоду ў грамадстве, весці канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі розных краін і народаў, адчуваюць персанальную адказнасць за лёс планеты, будучыню краіны. Школ міру ў Беларусі ўжо 220, колькасць іх павялічваецца.
“Мы і раней звярталіся да кіраўнікоў заходніх краін, лідараў міжнародных арганізацый, — гаворыць Максім Місько. — Абгрунтоўвалі, што санкцыі супраць Беларусі, асобных яе грамадзян парушаюць міжнародныя дамоўленасці. Як вядома, народ Беларусі велізарныя ахвяры панёс у гады Вялікай Айчыннай вайны, таму мы вельмі добра ведаем цану міру. Больш за тое, у нас ёсць сувязі з грамадскімі арганізацыямі ў краінах Еўрасаюза, праз іх актывістаў атрымліваем звесткі: санкцыі б’юць і на Захадзе па здароўі, дабрабыце людзей, многія з іх супраць эскалацыі напружанасці, хочуць з намі жыць у міры. У пасланні ёсць такі пасыл: калі нас не пачуюць і эскалацыя прадоўжыцца, то мы адправім тысячы пісем простым людзям заходніх краін, бізнес-супольнасцям, урачам і настаўнікам, прадстаўнікам творчых саюзаў… Няхай як мага больш людзей зразумеюць нас. Калі коратка: заклікаем у імя будучыні, у імя міру спыніць супрацьстаянне, жыць у дружбе”.
Лепшы міратворчы праект
Сярод удзельнікаў падзеі ў Нацыянальнай бібліятэцы былі прадстаўнікі як 27-й Школы міру Гомеля, так і 121-й мінскай Школы міру. Апошняя носіць імя вядомага міратворца Марата Фёдаравіча Ягорава, ветэрана вайны, які шмат гадоў стаяў на чале Беларускага фонду міру.
“Мы два гады носім ганаровае званне Школы міру і пашыраем сваю дзейнасць, — адзначыла ў размове са мной намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце 121-й школы Ірына Анатолеўна Мазанік. — Сёлета паспяхова паўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе Фонду міру на лепшы міратворчы праект Школ міру: наш праект “Звон міру” заняў 1-е месца па Мінску. Яшчэ мы праводзім дыялогавыя пляцоўкі па тэматыцы 80-годдзя вызвалення Беларусі, прадоўжым іх і да 80-годдзя Перамогі. Для таго збіраем вучняў і настаўнікаў з розных рэгіёнаў краіны, каб яны прадставілі свае патрыятычныя праекты. Ідзе абмен вопытам работы, і мы ведаем, чым заняты калегі з іншых школ. Мы штогод праводзім фестывалі міру, фестывалі міратворцаў. Запрашаем гасцей з розных мінскіх школ і маем надзею пашыраць такі фармат на ўсю краіну. Таму і задумалі праект “Звон міру” — як вялікі фестываль для міратворцаў, прычым у адкрытым фармаце. Чарговы раз ён пройдзе 21 верасня ў нас у школе. Будуць дыялогавыя пляцоўкі, квесты, форумы… Адна з фішак: прадстаўнікі міжнароднай асацыяцыі юрыстаў і медыятараў праводзяць для юных міратворцаў заняткі па медыяцыі. Прытым дзеці расказваюць пра свае праекты па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. У нашай школе 800 вучняў, мы шмат усяго цікавага праводзім. Працуе клуб ЮНЕСКА, ёсць рэсурсны гарадскі цэнтр па выхаваўчай рабоце і грамадскай дзейнасці. Што да міратворцаў, то прымаем дзяцей у такую каманду па іх жаданні. У міратворчых праектах заняты чалавек 300, у тым ліку і ў вялікай пошукавай рабоце”.
Пасля разгляду пытанняў, вынесеных на пасяджэнне праўлення Фонду міра, узнагароджваліся актыўныя міратворцы, сярод іх — педагогі, вучні Школ міру.
Нядаўна зацверджаны фондам новы медаль “Юны міратворац” атрымалі тыя, хто найбольш праявіў сябе ў такой дзейнасці. Ужо больш за 100 юных міратворцаў маюць ганаровую ўзнагароду.
Няхай гучаць імёны тыя!
На пасяджэнні ў Нацыянальнай бібліятэцы ўпершыню грамадскасці быў прадстаўлены праект Фонду міру і яго партнёраў “Вязні. Памяць. 1941—1945”, да якога далучаюцца Школы міру па ўсёй краіне.
“У год 80-годдзя вызвалення Беларусі, рыхтуючыся адзначыць 80-годдзе Вялікай Перамогі, мы ўсе асэнсоўваем гісторыю краіны, — гаворыць Максім Місько. — Мы ж прапаноўваем паглыбіцца і ў дэталі таго, што перажыта-перапакутавана беларускім народам. І настала пара актывізаваць адпаведныя пласты народнай памяці. У “юбілейны”, напоўнены асаблівай энергетыкай час каманда з актывістаў Беларускага фонду міру, Дэпартамента па архівах і справаводстве Мінюста, Беларускай Праваслаўнай Царквы падрыхтавала праект стварэння Партала памяці ахвяр генацыду Беларусі ў 1941—1944 гады і вязняў фашысцкіх канцлагераў. Трэба ўвекавечыць як іх памяць, так і памяць пра іх герояў-вызваліцеляў. Думаем, што для шырокай аўдыторыі звесткі, факты, дакументы, фотаздымкі ў лічбавым фармаце будуць даступныя на партале uzniki.by (Узники.бай)”.
Чаму такое важна зрабіць? Не ўсе ведаюць, скажам, што тысячы беларусаў былі вязнямі фінскіх фашысцкіх канцлагераў, створаных у Карэліі. З ліку тых вязняў і мінчанка Галіна Змушко, якая з братам Мікалаем Дзенісевічам доўгі час дабівалася, каб месца, дзе гінулі сотні мірных людзей, дзе яны самі ў дзяцінстве прайшлі праз вялікія пакуты, хоць неяк было пазначана. Беларускі фонд міру дапамог валанцёрам групы “Пошук” папрацаваць у архівах Петразаводска. І нядаўна валанцёр Кацярына Луткоўская мне расказала: справа тая зрушылася! “Разам з Галінай Ігнатаўнай мы нядаўна зноў былі ў Петразаводску, нас там гасцінна сустракалі, у тым ліку і суайчыннікі-беларусы на чале са Святланай Барташэвіч. Мы даведаліся: работа ў архівах прадаўжаецца, і Наталля Левашова знайшла імёны ўжо больш як 180 загінуўшых. У пасёлку Ільінскі Аланецкага раёна ўстанавілі падноўлены, большы крыж памяці на месцы былога канцлагера. Кіраўнік адміністрацыі раёна Ірына Філіна пад пошукі, мемарыялізацыю месцаў масавых зняволенняў людзей атрымала расійскія гранты. Створана аператыўная аланецкая група, праведзены першыя раскопкі. Знойдзены месцы іншых канцлагераў… Вось так беларусы паспрыялі аднаўленню страчаных старонак гісторыі вайны, агульных для Беларусі і Расіі. Там ужо і музей адкрыты, а на месцы канцлагера, дзе сям’я маёй сяброўкі Галіны Ігнатаўны гаравала, паставілі каплічку: цяпер можна свечку запаліць у памяць пра замучаных, загінуўшых”.
Заслугоўвае павагі, што валанцёры групы “Пошук” хутка перададуць каштоўныя матэрыялы, прывезеныя з Карэліі, для работы ў 70-ю школу Мінска. Яе дырэктар Яўгенія Рудава пабывала ў тых месцах, дзе былі зняволены беларусы. Разам з землякамі з Петразаводска педагогі школы разгортваюць сумесную працу, правялі ўжо летась “Урок мужнасці” ў ратушы Мінска.
Актывісты Беларускага фонду міру распрацавалі апытальны ліст, з якім школьнікі, педагогі, прадстаўнікі мясцовых органаў сацыяльнай абароны і СМІ, царквы будуць наведваць былых вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гаворачы пра тое, каардынатар праекта з Фонду міру Раман Вяпрыцкі падкрэсліў, што надзвычай важна праводзіць падобныя сустрэчы нефармальна, з вялікай павагай да ветэранаў, іх памяці.
Максім Місько выказаў надзею, што да праекта “Вязні. Памяць. 1941—1945”, які ўключае ў сябе вялікую працу ў архівах, асэнсаванне і афармленне, алічбоўванне атрыманых звестак і фактаў, далучацца ўсе Школы міру.
На сайце фонду з’явіліся першыя публікацыі на падобную тэматыку. Скажам, вучні Бярозаўскай базавай школы імя А.М.Застаўнога сустрэліся ў Бярозе з Верай Міхайлаўнай Казловай, вязнем фашысцкіх працоўных лагераў. Пра пакутныя гады за калючым дротам памятае, расказвае — нібы ўчора было. Згадала пра заўсёдны голад, цяжкую і брудную працу: дзеці абдзіралі іржу з нямецкіх параходаў, затым іх фарбавалі…
У хуткім часе Беларускі фонд міру аб’явіць пра чарговы конкурс міратворчых праектаў для Школ міру, запусціць творчыя тэматычныя конкурсы для ўсіх навучэнцаў краіны. А міратворчая дзейнасць касманаўткі Марыны Васілеўскай, мяркуем, паспрыяе таму, каб шэрагі юных міратворцаў, Школ міру ў краіне пашыраліся.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Беларускага фонду міру