Свята настольных гульняў прайшло ў Барысаве. На мерапрыемства ў гарадскі Палац культуры прыходзілі цэлымі сем’ямі. Малыя і дарослыя спаборнічалі ў гульнях “Хобіт”, “Ці ўмеюць парсючкі лятаць?”, “Сем гномаў”, “Ква!”, “Зеллеварэнне” і многіх іншых, а па гульні “Каркасон” нават прайшоў турнір.
Свята гульні барысаўчанам падарылі ўдзельнікі клуба ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент” Барысава — актыўныя, крэатыўныя і неабыякавыя да праблем моладзі. Амаль год назад яны пачалі рэалізоўваць праект “Гульнялэнд”, каб адцягнуць дзяцей розных узростаў ад камп’ютараў. У якасці альтэрнатывы віртуальнай рэальнасці вырашылі прапанаваць настольныя гульні. Удзельнікі маладзёжнага парламента лічаць, што праект “Гульнялэнд” дапаможа вярнуць дзецям гульнявую культуру, аб’яднаць аднагодкаў жывымі зносінамі, наладзіць партнёрства з дарослымі, бо сёння, калі ў кожным доме ёсць камп’ютар, мала хто збіраецца ў двары або гуляе ў настольныя гульні. І нават збіраючыся разам, дзеці не ўмеюць арганізаваць свой вольны час з карысцю.
Кожную суботу юныя парламентарыі прывозілі настольныя гульні ва ўстановы адукацыі раёна, аздараўленчыя лагеры, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання, запрашалі дзяцей пагуляць у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада. Свята настольных гульняў у Барысаве стала кульмінацыяй праекта “Гульнялэнд”. Арганізатары былі задаволены вынікамі сваёй работы: і вялікай колькасцю жадаючых здзейсніць падарожжа ў краіну гульняў, і тым настроем і захопленасцю, з якімі дзеці і бацькі аддаліся гэтаму занятку. Парадавала і тое, што не раз дзеці выказвалі меркаванне, што такі вольны час, насамрэч, больш цікавы, чым камп’ютарныя гульні.
“Гульнялэнд” — гэта толькі адна з мноства цікавых і карысных ініцыятыў, якія рэалізоўваюць удзельнікі маладзёжнага парламента. Гэтая арганізацыя з’явілася ў Барысаве 5 гадоў назад. Пачыналі работу з малога. Былі праведзены невялікія акцыі “Няма чым заняцца? Звяртайся да нас!”, “Флікер — твой талісман”, “Чарнобыльскі звон”. Пазней сталі спрабаваць свае сілы ў арганізацыі і правядзенні ўласных праектаў: даследчы праект “Кола гісторыі”, добраахвотніцкія праекты “Форум валанцёраў” і “Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў”, фестывалі клубаў ЮНЕСКА Мінскай вобласці. Традыцыйнай формай зносін з юнымі гараджанамі стаў маладзёжны форум “Пабудуем горад разам!”, які быў праведзены ўжо тройчы. У ходзе работы форумаў дзяцей і падлеткаў горада пазнаёмілі з праектамі “Маладзёжная біржа працы”, “Маладзёжны вольны час”, “Моладзь — за здаровы лад жыцця”, экалагічным праектам “Планета — наш дом”, праектамі па сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця “Роўныя магчымасці” і “Мы розныя, але добра нам толькі разам”. Усе мерапрыемствы ўдзельнікі парламента праводзяць у супрацоўніцтве з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі Барысаўшчыны, удзельнікі якіх таксама імкнуцца зрабіць свет лепшым.
Удзельнікі парламента пастаянна шукаюць новыя формы работы. Яны праводзяць майстар-класы для сваіх аднагодкаў па аратарскім майстэрстве, гульнявых тэхналогіях, прафілактыцы ВІЧ/СНІДу, рыхтуюць валанцёраў для работы з дзецьмі з інваліднасцю па праграме “Лячэбная магія”. У якасці трэнераў-мультыплікатараў іх часта запрашаюць у НДЦ “Зубраня”.
Юныя парламентарыі ніколі не сядзяць на месцы. Штогод арганізоўваецца дзевяцідзённы лагер, дзе яны праводзяць валанцёрскую экалагічную работу, наведваюць знакавыя месцы і вывучаюць гісторыю роднага краю. Маладыя людзі сплаўляліся на лодцы па рацэ, на аўтобусе аб’ехалі Мінскую, Брэсцкую, Магілёўскую і Гродзенскую вобласць, пабывалі ў Мірскім і Нясвіжскім замку, касцёлах і цэрквах і мала каму вядомых сядзібах, пабудаваных у пачатку мінулага стагоддзя. Парламент супрацоўнічае з аналагічнымі арганізацыямі ў іншых гарадах нашай краіны, а таксама пашырае міжнароднае супрацоўніцтва: яго члены прынялі ўдзел у міжнародных праектах у Расіі і Украіне.
Маладзёжныя ініцыятывы ў Барысаве знаходзяць падтрымку не толькі ў жыхароў, але і ў кіраўніцтва горада. Штомесяц старшыня Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Уладзіміравіч Мірановіч і прадстаўнікі структур райвыканкама сустракаюцца з моладдзю па пытаннях адукацыі, вольнага часу, спорту. У ходзе сустрэч падлеткі могуць задаць любыя пытанні і атрымаць на іх адказы.
Маладзёжны парламент за нядоўгі час свайго існавання стаў цудоўнай пляцоўкай для рэалізацыі лідарскіх і арганізацыйных здольнасцей дзяцей, іх лепшых памкненнняў, сапраўднай кузняй лідараў. “Маладое пакаленне ўносіць значны ўклад у развіццё грамадства. Удзел дзяцей і падлеткаў у сацыяльным жыцці спрыяе навучанню і развіццю, фарміруе жыццёвы вопыт, — лічыць Алена Сяргееўна Шапавалава, куратар клуба ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент”. — Удзел у рабоце клуба дае добрую пуцёўку ў дарослае жыццё. Усе 16 выпускнікоў нашага парламента з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дзе сталі актывістамі студэнцкага самакіравання”. Акрамя таго, у 2012 годзе Васіль Дзямідчык, на той час старшыня парламента, быў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года”. У мінулым годзе эстафету прыняў намеснік старшыні клуба Арцём Смірноў і стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.