З акцэнтам на духоўнасці арганізуюць адукацыйны працэс у Добраўскай сярэдняй школе

- 9:00Главная, Духовность и патриотизм, Образование

Сфарміраваць у дзяцей маральныя ўстоі і правільныя духоўныя арыенціры. Для педагогаў Добраўскай сярэдняй школы Горацкага раёна гэта адзін з прыярытэтаў адукацыйнай дзейнасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сучасныя наву­чэн­цы ўсюды акружаны інфармацыйнымі патокамі, дзе папулярызуюцца матэрыяльныя даброты. Паняцці адказнасці, прыстойнасці, чалавекалюбства перастаюць быць дамінантнымі ў свядомасці большасці маладых людзей. У гэтых умовах маральнае выхаванне набывае асаблівую значнасць. Усім калектывам імкнёмся ствараць у школе адаптыўнае асяроддзе, якое са­дзейнічае духоўнаму станаўленню дзяцей, — расказала дырэктар Марына Блахіна.

Духоўна-маральны складнік уваходзіць ва ўсе кампаненты вучэбнага працэсу. На ўроках, перапынках, выхаваўчых мерапрыемствах педагогі далучаюць вучняў да праваслаўных каштоўнасцей, стараюцца закласці ў дзіцячыя душы правільныя перакананні. Разумець асновы хрысціянства школьнікі вучацца на факультатыве “Духоўна-маральная культура і патрыятызм”.

— На занятках шмат гаворым вучням аб праваслаўных традыцыях, нацыянальных якасцях, уласцівых беларускаму народу. Сумесна абмяркоўваем знакавыя гістарычныя падзеі, канкрэтныя прыклады праяўлення патрыятыз­му. Даволі часта арганізуем тэматычныя тэатралізаваныя пастаноўкі па матывах праваслаўных свят. Усё гэта ў комплексе дапамагае выхоўваць сумленнасць і міласэрнасць, фарміруе ў дзяцей любоў да блізкіх і адданасць Радзіме, — паведаміла настаўніца пачатковых класаў Наталля Клачкова.

Навучэнцы актыўнічаюць у сацыяльна значных справах і даб­рачыннасці. Разам з педагогамі яны шмат робяць для захавання гістарычнай памяці пра воінаў — абаронцаў Айчыны. Школьні­кі заўсёды гатовы адгукнуцца і прыйсці на дапамогу ветэранам, адзінокім пажылым людзям, аднагодкам, якія маюць абмежаваныя магчымасці.

— Усе мерапрыемствы арганізуем у цесным узаемадзеянні з сем’ямі навучэнцаў. Мы ўпэўнены: плён будзе тады, калі ідэалы, якія трансліруюцца ў школе, падтрымліваюцца ў сям’і. У выхаванні дзяцей бацькі — галоўныя памочнікі настаўнікаў. У нас дзейнічае баць­коўскі клуб “Дамашні ачаг”. Для мам і татаў рэгулярна право­дзяцца круг­лыя сталы, камунікатыўныя пляцоўкі, — адзначыла Наталля Аляксандраўна.

Добраўская школа цесна супрацоўнічае з прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Асабліва трывалыя кантакты ва ўстанове наладжаны з настаяцелем храма Божай Маці “Спадарожніца хлябоў”, размешчанага ў Горках.

— Іерэй Мікіта Храмянкоў — часты госць школы. Ён удзельнічае ў святах, праводзіць духоўныя гутаркі з навучэнцамі і бацькамі. Адкрытыя размовы прыносяць вынік. Шэраг нядоб­ранадзейных сем’яў пасля дыялогаў са святаром перагледзелі свае паводзіны, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вікторыя Ісакава.

Багаты вопыт выхаваўчай работы калектыў школы зараз абагульняе ў рамках рэалізацыі рэс­публіканскага інавацыйнага праекта. Знакавым дасягненнем стала стварэнне рэсурснага цэнтра і перамога ў рэспубліканскім конкурсе “Выхаваць чалавека”, прысвечаным памяці Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта.

— Духоўна-маральнае развіццё асобы з’яўляецца складаным, шматпланавым працэсам. І тут патрэбна аб’яднанне намаганняў сям’і, школы і святароў. У нашай навучальнай установе многае зроблена ў гэтым напрамку, але на дасягнутым не спыняемся. Педагогі распрацавалі лэпбукі, прэзентацыі, відэазамалёўкі, наглядныя дыдактычныя матэрыялы. У найбліжэйшы час плануем адк­рыць тэматычна аформлены кабінет, дзе будзем праводзіць метадычныя мерапрыемствы, заняткі для вучняў, — падкрэсліла Марына Блахіна. — У планах таксама пошук новых эфектыўных форм выхавання. Будзем працягваць укладваць у сэрцы дзяцей праваслаўныя ісціны з надзеяй на тое, што гэтыя нормы стануць асновай іх светапогляду.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара