Як настаўнік вілейскай гімназіі № 2 Аляксандр Пляшак натхняе сваіх вучняў на перамогі

- 16:37Образование

Вілейская гімназія № 2 славіцца спартыўнымі дасягненнямі сваіх вучняў, якіх натхняе на перамогі настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Пляшак. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па колькасці дасягненняў навучэнцаў у спорце гімназія адна з лепшых у вобласці. Прычым асаблівы ўпор робяць на баскетбол: тут гэта даўняя традыцыя.

— Мае сын і дачка захапляюцца баскетболам, — расказвае Аляксандр Пляшак. — Дачка ў 2021 годзе стала пераможцай конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці” ў намінацыі “Спартыўная дзейнасць”. Зараз яна вучыцца ў БДУ на філалагічным факультэце, але з мячом не расстаецца — летась каманда ўніверсітэта, у склад якой яна ўваходзіць, стала бронзавым прызёрам рэспубліканскай універсіяды па баскетболе. Сын — студэнт юрыдычнага факультэта і таксама гуляе за каманду БДУ па баскетболе. Сам я з дзяцінства захапляюся футболам і нават зараз гуляю за зборную ветэранаў спорту нашага раёна. Але дадаткова вывучыўся на трэнера па баскетболе — бачу, якая папулярная сёння гэтая гульня, у тым ліку ў нашай гімназіі. Нягледзячы на тое, што тэхнічна яна вельмі складаная.

Аляксандр Пляшак мае дзве вышэйшыя адукацыі — атрымаў дыплом БДПУ і БДУФК. Вярнуўся ў родны край, каб вучыць вілейскіх дзяцей сябраваць са спортам.

Тройчы зборныя каманды гімназіі № 2 па баскетболе 3×3 станавіліся прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў. Але дасягненні ў вучняў ёсць не толькі ў баскетбольным напрамку: за апошнія 5 гадоў выхаванцы Аляксандра Плешака ў розных відах спорту заваявалі вялікую колькасць дыпломаў раённага ўзроўню, 15 дыпломаў абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі і 6 — заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. А вучаніца гімназіі Аліна Радыёнава з’яўляецца двойчы стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

На пытанне, як зацікавіць дзяцей фізкультурай, настаўнік заўважае:

— Канкурэнцыя з планшэтам ці тэлефонам у фізкультуры сёння, вядома, вялікая. Але ёсць сакрэт, якім хачу падзяліцца з бацькамі: пачынайце як мага раней! З малодшых класаў аддавайце дзяцей у спартыўныя секцыі, натхняйце, хваліце за дасягненні. Мой вопыт паказвае: пасля 5 класа, калі дзеці не прывучаны да рэгулярных заняткаў, шансаў зацікавіць іх спортам будзе мала.

Заняткі Аляксандр Анатолье­віч стараецца будаваць нестандартна — прыдумвае новыя гульні, конкурсы. Нават гартае спартыўныя часопісы 1980-х гадоў — шукае даўно забытыя практыкаванні. У шосты школьны дзень запрашае ў зал ці на спартыўную пляцоўку бацькоў вучняў.

— Я і сам бацька, ведаю, як натхняе дзяцей прысутнасць родных, — падкрэслівае ён. — Праводзім спартландыі “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, віктарыны, чэмпіянаты па валейболе, тэнісе. Кожныя выхадныя наша спартыўная зала поўная дзяцей! Лічу, гэта самы важны паказчык эфектыўнасці маёй работы.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі