Інтэрактыўную карту помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны стварылі ў Валішчанскай сярэдняй школе

- 14:22Образование

Інтэрактыўныя карты на ўроках гісторыі фарміруюць у школьнікаў цікавасць да мінулага, матывуюць да яго вывучэння, выхоўваюць гордасць за дасягненні продкаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У Беларусі шмат мясцін, звязаных з рознымі гістарычнымі падзеямі, жыццём выдатных людзей і адметнымі прыроднымі аб’ектамі, — расказвае настаўніца гісторыі Алена Бунькевіч з Валішчанскай сярэдняй школы Пінскага раёна. — Ёсць такія мясціны і на тэрыторыі Валішчанскага сельвыканкама. На жаль, у час імклівага тэхнічнага прагрэсу некаторыя людзі рэдка ўспамінаюць пра гераічнае мінулае малой радзімы, нашы духоўныя вытокі, нацыянальныя традыцыі і фальклорную спадчыну.

Каб гэтага не было, у школе арганізавана краязнаўчая работа, у рамках якой больш за 10 гадоў працуе аб’яднанне па інтарэсах “Мой край і я”. Акрамя таго, у межах прадмета “Гісторыя Беларусі” праводзіцца ўрок “Наш край”. На ім дзеці знаёмяцца з гістарычным развіццём рэгіёна, вывучаюць гісторыка-дакументальную хроніку гарадоў і раёнаў Беларусі.

— Падчас краязнаўчай работы школьнікі даведваюцца, што іх малая радзіма не заўсёды была такой, якой яны бачыць яе зараз, што ў нашай вёскі і яе жыхароў багатае і слаўнае мінулае, — працягвае педагог. — Дзеці не толькі з цікавасцю займаюцца даследчай дзейнасцю, але і прыцягваюць да яе бацькоў, родных і вяс­коўцаў.

Разнастайная тэматыка праектаў дазваляе кожнаму знайсці справу па душы. За апошнія гады вучні даследавалі тапанімічныя аб’екты роднай мясцовасці, гісторыю ўзнікнення і легенды вёсак Валішча, Хваросна, Клятная і Сакалоўка, удзельнічалі ў экспедыцыях уздоўж Агінскага канала. Вялікую ўвагу прыцягвае гераічнае мінулае малой радзімы. На тэрыторыі Валішчанскага сельвыканкама нямала помнікаў Першай і Другой сусветных войнаў.

— Краязнаўства выхоўвае творчую ініцыятыву, самастойнасць у выкананні розных заданняў, — заўважае Алена Бунькевіч. — Скіроўваем увагу дзяцей на тое, што яны адказныя за тыя матэрыялы, якія будуць вывучаць іх пераемнікі. Таму, збіраючы інфармацыю, трэба падыходзіць да сучаснай гісторыі крытычна, выказваць розныя пункты гледжання на праблемы. Інакш кажучы, быць даследчыкамі і адказваць за навуковасць і правільнасць інфармацыі.

Школьнікі вывучаюць гісторыю роднага краю ў адзінстве мінулага, сучаснасці і будучыні. Гісторыя ўзнікнення вёскі заўсёды выклікае ў вучняў вялікую цікавасць, а падзеі становяцца для іх больш яркімі і запамінальнымі, калі ў іх удзельнічалі канкрэтныя людзі, найперш родныя ці знаё­мыя. Плённая сумесная работа дзяцей, іх бацькоў, настаўнікаў і старажылаў вёскі дазволіла сабраць багаты матэрыял, які лёг у аснову экскурсійнага маршруту па малой радзіме. Але яго поспех залежыць ад таго, як экскурсавод ведае мясцовасць і яе гісторыю, ці ўмее зацікавіць іншых.

— Пасля сістэматызацыі матэрыялу па гісторыі вёскі Валішча і яе ваколіц была створана інтэрактыўная карта “Тут радзімы маёй пачатак”, — гаворыць педагог. — На занятках аб’яднання па інтарэсах вучні сабралі асноўныя звесткі па распрацаваным маршруце, зрабілі фотаздымкі самых цікавых мясцін, якія сталі асноўнымі турыстычнымі аб’екта­мі. З дапамогай ІКТ яны былі нанесены на інтэр­актыўную карту. Кожны жадаючы можа адправіцца ў захапляльнае падарожжа па малой радзіме. Карта і QR-код размешчаны на школьным сайце.

Месцы, дзе ўвекавечаны імёны тых, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, ёсць амаль у кожным беларускім горадзе ці вёсцы. На тэрыторыі Валішчанскага сельвыканкама гэта помнік землякам у цэнтры аграгарадка Валішча, помнік-абеліск ахвярам фашызму ў вёсцы Азарычы, безыменная магіла лётчыка паміж вёскамі Сакалоўка і Клятная, а таксама абеліск ахвярам фашызму ў вёсцы Клятная.

Апошнім часам актывізавалася работа па захаванні памяці пра генацыд беларускага народа. Вучні знаёмяцца з сямейнымі архівамі, адпраўляюцца ў экспедыцыі па малой радзіме, каб атрымаць неабходную інфармацыю, працуюць з архіўнымі дакументамі. Усё гэта робіцца для таго, каб было менш безыменных магіл, каб родныя загінуўшых байцоў ведалі месца іх апошняга спачыну.

— Удзел школьнікаў у добраўпарадкаванні помнікаў і акцыях “Варта Памяці”, “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” і “Я гэты край Радзімаю заву” дазваляе не толькі захаваць мемарыялы, але і азнаёміць з імі ўсіх, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі, — адзначае Алена Бунькевіч. — Інтэрактыўную карту помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама звесткі пра іх можна знай­сці па QR-кодзе.

Распрацаваныя інтэрактыўныя карты простыя ў выкарыстанні, даступныя і інфарматыўныя, што робіць іх выдатным наглядным дапаможнікам для ўрокаў, выхаваўчых мерапрыемстваў і турыстычных маршрутаў. Работа над картамі разнастайвае адукацыйны працэс, робіць падлеткаў яго актыўнымі ўдзельнікамі і падштурхоўвае да творчасці.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ