Скокнуць з парашутам і перамагчы ў анлайн-конкурсе. Прафлідар Мельніцкай школы Валянціна Мірчук паспявае ўсё

- 13:07Профсоюзный лидер

Настаўніца хіміі Мельніцкай базавай школы Валянціна Мірчук узначаліла прафсаюзную пярвічку толькі ў студзені гэтага года, а ўжо зрабіла нямала. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Лінія старту

Валянціна Мікалаеўна — карэнная жыхарка аграгарадка Мельнікі, што на Маларытчыне. У свой час была выпускніцай школы, у якую ў 2006 годзе пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і дэкрэтных водпускаў вярнулася працаваць настаўніцай. На той момант у іх з мужам ужо было двое дзяцей, пазней нарадзілася і трэцяе дзіця. Але мнагадзетная маці заўсёды на ўсё знахо­дзіць час, з уласцівай ёй актыўнасцю і нязменным аптымізмам бярэцца за любыя справы.  

Валянціна Мірчук выкладае хімію ў Мельніцкай базавай школе, а таксама суседняй Замшанскай базавай школе. У Мельніцкай, акрамя гэтага, вядзе працоўнае навучанне ў дзяўчынак. Адказвае за вырошчванне ў школьным парніку расады агародніны, якую школа рэалізуе мясцовым жыхарам, а на атрыманыя сродкі кожны год ро­біць добрыя рамонты. А яшчэ яна выдатны класны кіраўнік, у гэтым навучальным годзе право­дзіць у дарослае жыццё ўжо трэці свой выпуск дзевяцікласнікаў. Яны разам ходзяць у паходы, ла­дзяць лыжныя прабежкі, клапоцяцца аб помніках героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, ез­дзяць на экскурсіі.

— Я не магу не даць сваім дзецям тое, што мне некалі даў мой класны кіраўнік Яўген Іосіфавіч Дземідзюк. Дзякуючы яму, наша пазакласнае жыццё было вельмі насычаным і цікавым, і гэта помніцца праз гады. Лічу, цяпер мая чарга, — адзначае мая суразмоўніца. — Дарэчы, Яўген Іосіфавіч быў настаўнікам хіміі і біялогіі, і менавіта яго станоўчы прыклад паўплываў на мой выбар прафесіі.

Валянціна Мікалаеўна пяць гадоў уваходзіла ў прафкам школы, адказвала за культурна-масавы сектар, работу з ветэранамі працы. А ў студзені гэтага года калектыў даручыў ёй узначаліць прафсаюзную ячэйку. Прызнаецца — было прыемна, але крыху страшнавата. З людзьмі ёй працаваць вельмі падабаецца, але хвалявалася, ці справіцца належным чынам з дакументацыяй, справаздачамі. Аднак усё атрымалася. З любым пытаннем настаўніца заўсёды можа звярнуцца да сваіх папярэдніц на месцы старшыні пярвічкі, у школе працягваюць працаваць дзве з іх. Пры неабходнасці дапамагае слушнымі парадамі старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Сцяпанаўна Бурштын. Добрае сацыяльнае партнёрства склалася з дырэктарам школы Андрэем Віктаравічам Васільевым — кіраўніком маладым, ініцыятыўным. 

Па словах маёй суразмоўніцы, вялікую падтрымку ва ўсіх пачынаннях яна атрымлівае ад членаў прафкама. Аб кожным з іх Валянціна Мікалаеўна расказвае з такой цеплынёй, што становіцца відавочна — гэта не проста даніна ветлівасці. Намеснікам старшыні пярвічкі з’яўляецца настаўніца геаграфіі і біялогіі Таццяна Мікалаеўна Кірылава, якая са шчырай сардэчнасцю адносіцца да кожнага члена калектыву, ведае іх клопаты і заўсёды гатова дапамагчы. За ахову працы адказвае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віталь Ануфрыевіч Пішчык, перакананы прыхільнік здаровага ладу жыцця. Творчыя рашэнні забяспечвае настаўніца пачатковых класаў  таленавіты музыкант Ларыса Іванаўна Саковіч, якая кожнае мерапрыемства ператварае ў свята. А лабарант Эдуард Сцяпанавіч Лаўранюк, які перамяшчаецца з дапамогай крэсла-каляскі, з уласцівай яму ўважлівасцю і адказ­насцю сочыць за парадкам з дакументацыяй прафкама.

  Жыццё ў аб’ектыве

— Я лічу, што прафсаюзны лідар — гэта той жа настаўнік, толькі ўжо не для вучняў, а для педагогаў. Яго задача калектыў згуртаваць, накіраваць, палепшыць умовы працы і разнастаіць жыццё цікавымі падзеямі, — дзеліцца думкамі мая суразмоўніца.

Ахоп прафсаюзным членствам — 100%. Пярвічка аб’ядноўвае 36 чалавек, з іх 24 работнікі школы і 12 былых членаў калектыву, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

Святы тут праходзяць вельмі душэўна і творча, ці гэта асабісты юбілей, ці чырвоныя даты календара. Разам удзельнічаюць у спартакіядах, выязджаюць на экскурсіі. У ліку апошніх — наведванне Хатыні, Кургана Славы, музея займальных навук “Квантум” у Мінску. Заўсёды запрашаюць з сабой у паездкі ветэранаў працы. Увогуле, былыя члены калектыву ахоплены рознабаковым клопатам. Іх запрашаюць на школьныя мерапрыемствы, віншуюць са святамі, пры неабходнасці дапамагаюць. Некаторыя з ветэранаў працы працягваюць удзельні­чаць у жыцці школы. Так, Галіна Сцяпанаўна Братчук, якая выкладала рускую мову і літаратуру, па-ранейшаму піша вершы да конкурсаў і праграм. 

Трэба адзначыць, што жыццё прафсаюзнай пярвічкі актыўна не толькі ідзе, але і асвятляецца. Валянціна Мікалаеўна не спыняецца на тым, што піша тэксты і ро­біць фотаздымкі, яна яшчэ здымае відэасюжэты, прычым вельмі якасныя, як сапраўдны прафесіянал. Усё гэта выкладваецца ў іх педагагічны чат у месенджары.

Дарэчы, актыўнасць прафсаюзнага лідара не абмяжоўваецца толькі школьнымі пытаннямі. Паколькі ўстанова адукацыі з’яўляецца цэнтрам культурнага і сацыяльнага жыцця вёскі, Валянціна Мірчук вырашыла зрабіць важную справу для ўсіх аднавяскоўцаў. Стварыла Viber-групу “Мельнікі. Навіны” і рэгулярна напаўняе яе кантэнтам. Дарэчы, у ёй ужо 344 удзельнікі. Акрамя навін і фотаздымкаў, дорыць землякам і свае натхняльныя відэасюжэты.

— Мне падабаецца, як лю­дзі ў ТікТок з любоўю паказваюць свае вёскі, я вырашыла таксама гэта зрабіць. Гэтай вясной з’ездзіла на малочнатаварную ферму, зняла, як даяркі дояць кароў і гадуюць цялят. Пабывала ў полі, дзе працавалі трактары. У самой вёсцы крыху паздымала, хто як агарод садзіць ці вокны ў хаце мые. Звяла ўсё гэта ў адзін сюжэт, дабавіла нашай беларускай музыкі. Лю­дзям вельмі спадабалася, просяць здымаць яшчэ, — расказвае яна. 

Члены школьнай пярвічкі — актыўныя ўдзельнікі прафсаюзных анлайн-конкурсаў фотаздымкаў. Так, Валянціна Мірчук заняла 1-е месца ў фотаконкурсе “Настаўнік — гэта прызванне” Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. А ветэран працы Ніна Сцяпанаўна Смаль перамагла ў конкурсе “Мая сям’я праз гады”. У яе з мужам тры сыны, тры нявесткі, шэсць унукаў і два праўнукі, і ўсе яны сабраліся ра­зам, каб зрабіць цёплае сямейнае фота.

Хаця пярвічка ў школе адносна невялікая, у калектыўным дагаворы прапісаны шэраг актуальных дадатковых мер сацыяльнай падтрымкі. У ліку найбольш запатрабаваных — матэрыяльная дапамога і аплатныя дні адпачынку ў выпадку нараджэння дзіцяці, смерці блізкага сваяка. Мнага­дзетным бацькам дапамагаюць падрыхтаваць дзетак да новага навучальнага года. Карыстаюцца члены прафсаюза і матэрыяльнай дапамогай з прычыны атрымання дзецьмі платнай адукацыі.

Тыя работнікі, якія хочуць палепшыць сваё здароўе ў прафсаюзных здраўніцах, атрымліваюць кампенсацыю за пуцёўку да 80% ад яе кошту. Дарэчы, найбольшай папулярнасцю ў іх карыстаецца санаторый “Буг”, што ў Жабінкаўскім раёне Брэстчыны.

Шэраг бонусаў прапісаны ў калектыўным дагаворы для маладых спецыялістаў, але зараз работнікаў з такім статусам у школе няма. А вось надбаўкі і заахвоч­ванні за высокія дасягненні ў працы запатрабаваны — вучні мельніцкіх настаўнікаў не раз перамагалі ў алімпіядах і спаборніц­твах раённага і абласнога ўзроўняў, дасягалі іншых поспехаў. А нядаўна ў калектыўны дагавор унеслі дадатковы прыемны бонус для тэхнічнага персаналу і работнікаў харчаблока — права ўзяць ужо не 2, а да 5 дадатковых за­ахвочвальных дзён да адпачынку.

Палёт нармальны!..

Валянціна Мірчук з усмешкай расказвае, што яна нарадзілася 12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі, і ў дзяцінстве яе жартам звалі Валянцінай Церашковай. Шмат гадоў у настаўніцы была мара — скокнуць з парашутам. І нядаўна яна разам з дачкой Ганнай яе ажыццявіла. Што і казаць, такі ўчынак лепш за любыя словы паказвае валявы і рашучы характар нашай гераіні. З такім прафсаюзным лідарам калектыў дакладна не засумуе!..  

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з архіва гераіні