Мінчанін года Мікалай Курыловіч: «Місія школы ў тым, каб кожны вучань стаў паспяховым у сваёй галіне»

- 12:07В гостях у «Настаўніцкай», Знак качества

Гэтым разам госцем “Настаўніцкай газеты” стаў уладальнік ганаровага звання “Мінчанін года” ў галіне сярэдняй адукацыі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 111 Мінска імя Міхаіла Каснерыка Мікалай Курыловіч.

На сустрэчы ў рэдакцыі М.Курыловіч падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт шляхоў павышэння якасці адукацыі, выхавання грамадзяніна-патрыёта, выкарыстання ў адукацыйным працэсе гаджэтаў, павышэння іміджу педагагічнай прафесіі, прыцягнення ў яе маладых спе­цыялістаў. Пагаварылі і аб сённяшняй сістэме адбору абітурыентаў, дзейнасці класаў прафесійнай накіраванасці.

Незвычайнае ў звычайным

— Мікалай Юр’евіч, віншуем вас з атрыманнем ганаровага звання “Мінчанін года”! Што адчулі падчас узна­гароджання?

— Шчыра кажучы, эмоцыі перапаўняюць і зараз. Нечакана, ганарова і ў той жа час вельмі адказна. Мне здаецца, што ўсе 13 чалавек, хто атрымаў гэтае званне, святочны момант будуць памятаць усё жыццё. Калі мэр нашай сталіцы ўручае ўзнагароду, то за некалькі хвілін перад вачыма нібыта праносіцца ўсё жыццё: і звычайныя працоўныя моманты, і святочныя мерапрыемствы, і вучні, і калегі-нас­таўнікі…

Вельмі ўдзячны кіраўніцтву горада, тым, хто бачыць працу чалавека на яго рабочым месцы. Гэта вельмі важна для кожнага мінчаніна. Калі ты старанна працуеш, робіш гэта якасна, адкрыта, з дабрынёй, дапамагаеш людзям, якія побач, то цябе абавязкова заўважаць і ацэняць.

— З канца жніўня вы займаеце пасаду намесніка дырэктара. Як працуецца ў новай якасці?

— Па-рознаму. Цікава, нова, але ёсць чаму павучыцца. Я сумяшчаю новую па­саду з абавязкамі настаўніка-прадметніка: праводжу ў 10—11 класах урокі беларус­кай мовы і літаратуры, рыхтую школьнікаў да алімпіяды, разам з імі працую над новым праектам. І гэта для мяне вельмі важна. Мне здаецца, што калі застаешся настаўнікам, працуеш з дзецьмі, то ты на хвалі часу, бачыш і ведаеш, хто чым жыве.

Як намеснік дырэктара курырую ў школе пытанні лічбавізацыі, алімпіядны, конкурсны рух. Тут ужо трэба думаць не толькі пра свой прадмет, але і пра іншыя вучэбныя прадметы.

На маю думку, алімпіяда — адно з самых складаных і патрэбных для школьнікаў спаборніцтваў. Першыя гадоў пяць сваёй працоўнай дзейнасці я не рыхтаваў вучняў да іх, бо лічыў, што мне яшчэ самому неабходна набыць багаж метадычных ведаў і ўменняў. А потым паступова ўключыўся ў гэтую дзейнасць і магу сказаць, што ёй неабходна жыць.

Дарэчы, сярод настаўнікаў сталіцы склаліся даверлівыя, цёплыя адносіны, калегі гатовы дапамагаць адно аднаму, дзяліцца тымі альбо іншымі метадычнымі матэрыяламі. Развіццю і ўмацаванню такіх прыязных адносін паміж калегамі-філолагамі ўсебакова спрыяе метадыст МГІРА Валянціна Душэўская і іншыя супрацоўнікі названай установы. Па параду кожны настаўнік краіны заўсёды можа звярнуцца і ў Акадэмію адукацыі, дзе атрымае кампетэнтны адказ. Гэта дакладна.

Неяк мой вучань Ілья Валынец, цяпер ужо выпускнік, сказаў, што падрыхтоўка да алімпіяды па беларускай мове (а хлопец яшчэ і выдатны фізік, матэматык) навучыла яго на многія рэчы глядзець па-іншаму, бачыць незвычайнае ў звычайным: нават у пахмурны, дажджлівы дзень можна зірнуць на дрэва, якое гайдаецца ад ветру, і прыгадаць цудоўны твор беларускай літаратуры. І ўжо дзеля гэтага, мяркую, трэба рыхтаваць вучняў да алімпіяд.

Кіраваць людзьмі — няпростая задача. Калі ты настаўнік, то адказваеш за сябе і за дзяцей, з якімі працуеш. А калі ты намеснік дырэктара, то павінен стаць настаўнікам настаўнікаў. Таму варта развіваць свае прафесійныя кіраўніцкія навыкі.

З дабрынёй і клопатам

— Як павысіць прэстыж настаўніцкай прафесіі? Як яшчэ ў школьныя гады матываваць навучэнцаў на атрыманне педагагічнай спецыяльнасці? Як потым у маладых спецыялістаў не адбіць жаданне працаваць у школе?

— Павышаць прэстыж прафесіі і матываваць навучэнцаў дапамагае ўнікальны рэсурсны цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі “Педагагічны кластар буду­чыні”, створаны ў нашым Ленінскім раёне. Асаблівая ўвага ў цэнтры ўдзяляецца навучэнцам педагагічных класаў і маладым педагогам. Яны падзяляюцца на тры групы: вучні педкласаў і маладыя настаўнікі першага года работы (куратар — дырэктар сярэдняй школы № 134 імя Т.С.Марыненка Юлія Кулакоўская), педагогі другога года работы (куратар — дырэктар гімназіі № 28 імя У.Караткевіча Алеся Зяневіч) і педагогі, якія працуюць трэці і чацвёрты год (куратар — дырэктар сярэдняй школы № 54 імя Я.У.Клумава Таццяна Тарасава). Для ўдзельнікаў праекта праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, майстар-класы, майстэрні, педагагічныя экскурсіі.

Як прыцягнуць маладых спецыялістаў у школу? У першую чаргу дабрынёй, як бы дзіўна гэта ні гучала. Усе мы хочам, каб побач з намі была дабрыня: добрыя людзі, добрыя ўчынкі, добрыя падзеі.

Зараз, стаўшы намеснікам дырэктара, на адны і тыя ж добра знаёмыя рэчы гляджу пад іншым вуглом. Я вельмі ўдзячны нашаму дырэктару Святлане Пратасевіч, якая вучыць і маладых, і вопытных намеснікаў па-добраму ставіцца да ўсіх педагогаў, бачыць і максімальна раскрываць патэнцыял кожнага. На згуртаванне калектыву нацэлены творчыя майстэрні, студыі для настаўнікаў, турыстычныя злёты.

У нашай школе пануе спрыяльная, доб­разычлівая атмасфера. Кожная ініцыятыва і паспяховы ўдзел у конкурсе ці спабор­ніцтве заахвочваюцца словам, граматай, рублём. Ніводны педагагічны савет не абыходзіцца без слоў удзячнасці настаўніку. Гэта падтрымліваецца і на раённым, і на гарадскім узроўні. Згадзіцеся, кожнаму чалавеку прыемна атрымаць ва ўрачыстай атмасферы тую ці іншую ўзнагароду за сваю працу.

Каб настаўніку было камфортна на рабочым месцы, адміністрацыя клапоціцца і пра ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Практычна ва ўсіх кабінетах заменена вучэбная мэбля, ёсць сучасныя тэхнічныя сродкі навучання, выхад у інтэрнэт. А калі педагогі бачаць клопат і ўвагу, яны застаюцца ў прафесіі.

— Мікалай Юр’евіч, якое значэнне ў прафесійным станаўленні мае вопыт старэйшых калег?

Ужо 16 гадоў я працую ў школе і цвёрда перакананы, што настаўнікам трэба нарадзіцца і толькі пасля гэтага стаць. У справе прыцягнення маладых педагогаў у школу ўсё залежыць ад асабістай зацікаўленасці чалавека, а таксама ад людзей, якія сустрэнуцца на яго шляху. Мне ўсё жыццё шчасціла з настаўнікамі, пачынаючы са 169-й мінскай школы, якую я заканчваў. Іх мудрыя парады, метады і прыёмы работы і зараз выкарыстоўваю ў сваёй дзейнасці. А калі сустракаюся з маімі выкладчыкамі БДУ на канферэнцыях і семінарах, прыемна ўзаемадзейнічаць з імі на роўных.

У прафесійнай дзейнасці мне ў свой час вельмі дапамагала настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 109 Валянціна Дзяргай. Яна раскрывала мне, маладому спецыялісту, тонкасці прафесіі. Дырэктар школы Людміла Кузняцова падтрымлівала ўсе пачынанні і іні­цыятывы. Увогуле, я ўдзячны кожнаму кіраўніку і калектыву, дзе працаваў, бо кожная ўстанова і яе педагогі далі мне пэўныя веды і навыкі. У 142-й школе я навучыўся правядзенню шыкоўных выхаваўчых мерапрыемстваў, пабудове мадэлі выхаваўчай работы, у 144-й школе — асновам кіраўніцкай культуры.

Вялікае развіццё ў 111-й школе атрымала настаўніцтва, калі маладога педагога прафесійна суправаджае настаўнік з вялікім стажам работы. Моладзь бачыць, як працуюць вопытныя педагогі, і самі хочуць стаць часткай зладжанай каманды. Напрыклад, творча працуе, дэманструючы высокія вынікі, настаўнік фізічнай культуры Дзяніс Троцкі побач з вопытнымі калегамі Аляксандрам Клімовічам і Наталляй Чырыца.

Сёння ў нашай установе працуюць сем маладых педагогаў, якія з’яўляюцца яе выпускнікамі розных гадоў. Гэта ўнутраны паказчык правільнасці выбранага курсу, калі нашы вучні вяртаюцца працаваць у якасці настаўнікаў і становяцца калегамі. Прыемна, што навучэнцы 11 класа звяр­таюцца з пытаннем, дзе і як атрымаць мэтавыя накіраванні, і ідуць вучыцца на педагагічныя спецыяльнасці ва УВА.

Павышэнню прэстыжу настаўніцкай прафесіі садзейнічае і дзейнасць гарадскога клуба “Вялікі перапынак”, які сваёй галоўнай задачай бачыць не проста прафесійныя зносіны перадавых педагогаў сталіцы, але і пагружэнне іх у атмасферу пошуку і сумеснай творчасці. Кожная сустрэча ў клубе нібы свята. Ніякага напружання, негатыву, усе настаўнікі гатовы дзяліцца сваімі эмоцыямі, знаходкамі, напрацоўкамі. Нашы куратары Людміла Венцарава і Ала Міхеева — майстры выстройвання педагагічнай камунікацыі. Летась на восеньскіх канікулах я ўпершыню паўдзельнічаў у міжнародным педагагічным фестывалі, і мне вельмі спадабалася. Падчас такіх мерапрыемстваў ты вучышся, набіраешся вопыту, узбагачаеш­ся духоўна. А пазаўчора з калегай Інгай Ціханавецкай на ХІІ Мінскім мала­дзёжным фес­тывалі педагагічных ідэй і рашэнняў мы прадставілі майстар-клас па штучным інтэлекце.

Для вучэбнай мэты — гаджэты

— Чаму вы імкняцеся навучыць школьнікаў?

У першую чаргу чалавечнасці, добрым адносінам да ўсіх, любові да бацькоў, блізкіх, да роднага слова, культуры, да Ра­дзімы. Заўсёды гавару дзецям радком з песні: “Самая главная в жизни профессия — быть человеком”. Хтосьці стане праграмістам, хтосьці — настаўнікам, хтосьці — урачом. Для гэтага ёсць усе ўмовы. Але калі ты вадзіцель — будзь прафесійным вадзіцелем, калі ты настаўнік — будзь прафесійным настаўнікам і г.д. Вучу сваіх выхаванцаў разуменню таго, што калі хочаш чагосьці дасягнуць, то варта прыкласці намаганні.

Мая задача, як і ўсяго педагагічнага калектыву школы, — убачыць у кожным вучню адметныя якасці і здольнасці, якія дапамогуць яму выбраць правільны жыццёвы шлях і прафесію. Вучу дзяцей быць карыснымі не толькі сабе, але і тым, хто іх акружае. Калі гэта карысна табе, значыць гэта будзе карысна і тваім таварышам. У гэтым яны самі змаглі пераканацца.

Адна з тэм, якая выклікае цяжкасці ў дзяцей пры вывучэнні беларускай мовы, — фразеалогія. З навучэнцамі майго класа мы стварылі інтэрактыўны комплекс па фразеалогіі “Цуды з праявамі”. Распрацавалі NFC-слоўнік для школьнікаў, дзе сабраны фразеалагізмы, якія часта сустракаюцца на ЦЭ, у школьнай праграме, размясцілі іх на NFC-картах і кожную дадаткова аснасцілі шрыфтам Брайля. Дзякуючы гэтаму, выйшлі на супрацоўніцтва са сталічнай спецыяльнай школай № 188, дзе вучацца дзеці з парушэннямі зроку. Аўтары праекта былі ўражаны водзывамі на яго і вырашылі: нягледзячы на тое, што яны ўжо выпускнікі, зімой наведаць гэтую ўстанову ў межах акцыі “Нашы дзеці”.

Працуючы з дзецьмі, многаму вучуся ў іх. Нейкі час назад і не думаў, што буду максімальна пагружаны ў пытанні лічбавізацыі беларускай мовы. Да гэтага мяне падштурхнулі мае выхаванцы.

— Гаджэты перашкаджаюць вучыцца?

Ва ўсім павінен быць баланс. Гаджэты ёсць сёння ва ўсіх, усе імі карыстаюцца. Задача настаўніка — зрабіць так, каб тэлефон працаваў для дасягнення вучэбнай мэты. Так, у практыцы мы актыўна выка­рыстоўваем матэрыялы адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, а таксама ўласныя распрацоўкі ў галіне лічбавізацыі па вывучэнні беларускай мовы.

Першым праектам, які ствараўся ва ўмовах пандэміі і меў на мэце падрыхтоўку вучняў да ЦТ, стала адукацыйная платформа “БМВ: беларуская мова вучням”. Яна ўяўляе сабой сем дадаткаў, якія мы аб’ядналі ў адно цэлае. Усе матэрыялы збіралі самі, толькі звярталіся па кансультацыю ў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. І атрымаўся добры сістэмны лічбавы прадукт, які і цяпер працуе. У камплекце не толькі правілы і слоўнікі, але і больш за 200 практыкаванняў. Усё гэта суправаджаецца тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці і галасавым памочнікам. Для іх выкарыстання нават не патрэбны інтэрнэт. Вучань едзе на трэніроўку альбо ў гурток і паўтарае выключэнні з правіл ці прахо­дзіць тэст.

Пазалетась для дзяцей сярэдняга звяна быў распрацаваны вучэбна-гульнявы інтэрактыўны комплекс “Ясь” — настольная гульня з элементамі робататэхнікі. А ў мінулым годзе мы прадставілі інтэрактыўны комплекс “Цуды з праявамі”. З гэтым прадуктам мы перамаглі ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера”. Работа працягваецца. Спадзяюся, што сёлета прадставім новы праект па лексіцы.

Рэпетытары не патрэбны

— 2024 год аб’яўлены Годам якасці. Наколькі якасную падрыхтоўку дае навучэнцу сучасная школа? Ці можна абысціся пры паступленні ва УВА без рэпетытараў?

— Магу з упэўненасцю сказаць, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны вучань у той ці іншай ступені атрымаў якасную адукацыю. Гэта і перадпрофільная падрыхтоўка, і профільнае навучанне, і дзейнасць класаў прафесійнай накіраванасці, і магчымасць атрымаць спецыяльнасць у межах працоўнага навучання. Кожны вучань можа рэалізаваць свае здольнасці: у алімпіядным руху, даследчай і праектнай дзейнасці.

У нас распрацаваны выдатныя вучэбныя дапаможнікі. І пра гэта я ведаю не па чутках: працую ў складзе рэспубліканскай экспертнай групы па доследнай праверцы вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове. Мы назіраем, як вучні працу­юць па дапаможніках, як успрымаюць тыя ці іншыя заданні, што неабходна замяніць і перапрацаваць, праводзім анкетаванні бацькоў. І пасля такой работы атрымліваюцца добрыя вучэбныя дапаможнікі. Выкарыс­тоўвай падручнікі, працуй на ўроку, удзельнічай у праектнай дзейнасці — і ніякія рэпетытары і заняткі ў іншых навучальных установах будуць не патрэбны.

Для дасягнення якасці адукацыі ў нашай школе арганізаваны дадатковыя заняткі па ўсіх вучэбных прадметах. Гэта і падтрымліваючыя, і стымулюючыя заняткі, дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах на пазабюджэтнай аснове.

Радасна адзначыць, што ўся наша дзейнасць мае добры вынік: навучэнцы атрымліваюць высокія вынікі на ЦТ і ЦЭ, перамагаюць у рэспубліканскіх спаборніцтвах рознага ўзроўню. Некалькі дзён назад мы аналізавалі паступленне нашых выпускнікоў 2024 года. З 60 адзінаццацікласнікаў 50 паступілі ва УВА і 13 чалавек працягнулі навучанне на педагагічных спецыяльнасцях, трое з іх атрымалі мэтавыя накіраванні (усяго іх было ўзята шэсць). У выпуску ёсць пераможцы рэспубліканскага этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай і рускай мовах. Чатыры вучні на ЦЭ і ЦТ атрымалі 100 балаў.

Лічу, калі кожны на сваім працоўным месцы прыкладае ўсе магчымыя і нават немагчымыя намаганні, каб выканаць свае абавязкі, то ў цэлым працэс можна лічыць якасным. Місія школы заключаецца ў тым, каб кожны вучань змог стаць паспяховым у сваёй галіне. І гэта работа не аднаго чалавека, а цэлай каманды: дзяцей, педагагічнага калектыву, упраўлення адукацыі на чале з Наталляй Кучынскай. Супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі заўсёды гатовы падказаць, дапамагчы, аказаць метадычную дапамогу. Яны здольны зацікавіць той ці іншай ідэяй усіх. Так было з раённым конкурсам смарт-кабінетаў, які даў штуршок стварэнню смарт-асяроддзя ў нашай установе адукацыі. Традыцыйным стаў раённы конкурс рытарычнага майстэрства “Ты будзеш звінець, мая родная мова!” на базе школы, правядзенне якога таксама было падтрымана начальнікам упраўлення.

Асабістым прыкладам

— Мікалай Юр’евіч, як выхаваць сапраўднага грамадзяніна-патрыёта сваёй краіны?

Згодны са словамі нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, што патрыёта можа выха­ваць толькі патрыёт. Калі вучні бачаць, што настаўнік бескарысліва працуе для вучняў, іх бацькоў, на якасць адукацыі, не шкадуе свайго часу, гатовы прапаноўваць свае ідэі, задумы і робіць усё для іх рэалізацыі, то яны самі імкнуцца адпавядаць, укладвацца ў агульную справу.

Выхаваць патрыёта, перакананы, можна толькі асабістым прыкладам. Праз мясцовы матэрыял важна фарміраваць любоў і павагу да роднай зямлі, мовы, Радзімы. Усё пачынаецца з класнага кіраўніка, але ў работу ўключаны ўвесь калектыў на чале з адміністрацыяй. У нас праводзіцца многа мерапрыемстваў, у якіх разам з дзецьмі ўдзельнічае дырэктар Святлана Пратасевіч. Яна, фізік па адукацыі, можа захапляльна правесці экскурсію ў музейным пакоі “Героі сыходзяць у неба”, прысвечаным пілоту-канструктару Міхаілу Каснерыку, расказаць пра асабістыя рэчы героя. А гэта, згадзіцеся, дарагога варта.

Мікалай Курыловіч — уладальнік тытула “Лепшы класны”, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Лідар лічбавай адукацыі” і ўладальнік інтэрнэт-прэміі БРСМ за распрацоўку тэматычнага сайта для навучэнцаў па беларускай мове, які накіраваны на пашырэнне кола карыстальнікаў роднай мовы, прывіццё любові да яе і нацыянальных традыцый.

Нядаўна ў нашым раёне прайшоў фес­тываль “Рэліквіі маёй сям’і”. Ён знайшоў вялікі эмацыянальны водгук у дзяцей і дарослых.

Значны ўплыў на выхаванне патрыётаў аказвае і БРСМ, дзякуючы якому дзеці вучацца жыць і працаваць у камандзе. Па-рознаму складваўся ўдзел у конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, які я называю своеасаблівай школай жыцця. Не заўсёды ў нас былі пераможныя дыпломы. Я гавару выхаванцам: “Паражэнне — гэта таксама перамога, перамога асобасная. Ты чамусьці навучыўся, убачыў іншыя праекты”. І вельмі добра, што арганізатары конкурсу робяць усё магчымае, каб вучнёўскія ініцыятывы атрымалі сваё ўвасабленне.

— На вашу думку, наколькі эфектыўная дзеючая сістэма адбору абітурыентаў да паступлення ва ўніверсітэт?

— Новаўвядзенні мінулай уступнай кампаніі ацэньваю станоўча. Упэўнены, што не кожная краіна можа пахваліцца такой сістэмай. Усё максімальна празрыста, строга, аб’ектыўна. Як паказала практыка, новаўвядзенні дазволілі адкрыць дадатковыя магчымасці матываваным абіту­рыентам.

Стварэнне класаў прафесійнай накіраванасці — гэта дапамога дзецям у выбары прафесіі, для многіх — шлях да поспеху. Багаж ведаў, атрыманы ў школьныя гады, спрыяе пераходу ў канкрэтную прафесію. Прычым падрыхтоўка вядзецца па спе­цыяльнасцях, найбольш запатрабаваных у нашай краіне. Навучэнец можа вы­браць тую спецыяльнасць, да якой у яго найбольшая цікавасць, у пэўных выпадках нават праявіць сябе на практыцы і зразумець, наколькі гэтая прафесія яму падыходзіць. Больш за тое, узаемадзеянне профільных класаў з установамі вышэйшай адукацыі пачынаецца задоўга да паступлення. Гэтае супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае: універсітэтам патрэбны матываваныя студэнты, якія разумеюць, што іх чакае ў канчатковым выніку. У сваю чаргу навучэнцы профільных класаў атрымліваюць пэўны ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі.

У бягучым навучальным годзе ў нашай школе дзейнічаюць інжынерная група (супрацоўнічаем з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі), групы медыцынскай (заключана дамоўленасць з БДМУ) і ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

Задача класнага кіраўніка і педагогаў — максімальна даходліва растлумачыць вучням магчымасці паступлення па выніках агульнаўніверсітэцкіх алімпіяд, навучання па мэтавых накіраваннях, перавагі навучання ў класах прафесійнай накіраванасці і г.д. Нават абавязковую адпрацоўку вучні адэкватна ўспрымаюць. Зусім нядаўна на базе 224-й школы прайшоў раённы баць­коўскі сход для татаў і мам адзінаццацікласнікаў. Мы ўбачылі вялікую зацікаўле­насць бацькоў у пытаннях выніковай атэстацыі і паступлення.

— Мікалай Юр’евіч, а як вы адпачы­ваеце ад работы? Як удаецца пазбя­гаць прафесійнага выгарання?

— Апошнім часам адкрыў для сябе тэатр: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага і інш. Ходзім туды разам з дзецьмі. За перамогу ў алімпіядзе або конкурсе, на дзень нараджэння лепшы падарунак для маіх вучняў — білет у тэатр.

Дакладна бачу клопат пра педагогаў з боку кіраўніцтва горада, раёна, камітэта па адукацыі, галіновага прафсаюза. Для нас арганізоўваюцца шматлікія мерапрыем­ствы: выязныя экскурсіі, наведванне музеяў, тэатраў, забаўляльныя праграмы. Адным словам, сумаваць не даводзіцца.

Работа настаўніка абсалютна не руцінная. Мы кожны раз пераконваемся, што ад нас саміх залежыць, наколькі цікавым і насычаным будзе наша прафесійнае жыццё.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА