Іна Жак — яркая, харызматычная і прыкметная асоба ў прафсаюзным руху, якому аддала 28 гадоў жыцця. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У іншай прафесіі, акрамя настаўніцкай, яна ніколі сябе не ўяўляла, бо літаральна вырасла ў Антопальскай сярэдняй школе Драгічынскага раёна, дзе дырэктарам працавала яе маці Марыя Андрэеўна і педагогам тата Аляксей Рыгоравіч. З ранняга дзяцінства Іна праводзіла шмат часу з бацькамі ва ўстанове адукацыі, нават летам, калі яе рыхтавалі да новага навучальнага года.
— Школа была другім домам, — гаворыць Іна Аляксееўна. — Гледзячы на бацькоў, добра разумела, што буду толькі настаўніцай. Заставалася вызначыцца з профілем. А паколькі даспадобы былі гуманітарныя навукі, то схілялася больш да філалогіі.
Аднак кола інтарэсаў дзяўчыны, якая ўзначальвала школьную маладзёжную арганізацыю і любіла займацца з малодшымі вучнямі, не абмяжоўвалася гэтым. Будучы па натуры творчай і артыстычнай, Іна актыўна ўдзельнічала ў конкурсах чытальнікаў, спявала, іграла на акардэоне.
— Быць узорнай вучаніцай дапамагаў прыклад бацькоў, якія шчыра любілі сваю справу і дасягнулі ў ёй высокага майстэрства, — заўважае Іна Жак. — З’яўляючыся настаўнікам тэхнічнай працы, тата мог вырабіць што заўгодна: трактар, млын, фантан… У нашым садзе заўсёды ўсё цвіло і пахла, а ўласны пчальнік даваў смачны мёд.
Прыклад для пераймання Іна бачыла не толькі ў бацьках, але і ў школьных настаўніках, якіх успамінае з вялікай удзячнасцю і можа назваць імёны кожнага з іх.
Пасля школы залатая медалістка паступіла на псіхолага-педагагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. Актыўная натура дзяўчыны праявілася там напоўніцу. Яна стала старастай групы, з 2 курса ўзначаліла прафсаюзнае бюро факультэта, удзельнічала ва ўсіх універсітэцкіх мерапрыемствах.
— Займацца гэтым было надзвычай цікава, — прызнаецца Іна Жак. — А прафсаюзная работа абвастрыла ўнутраную патрэбу дапамагаць іншым, абараняць чужыя інтарэсы, быць карыснай.
Неўтаймоўнай студэнтцы хацелася хутчэй паспытаць настаўніцкага хлеба, таму чацвёртакурсніцай яна ўжо выкладала музыку і спевы ў роднай школе. Практычны педагагічны вопыт і работа з дзецьмі пераканалі ў правільнасці прафесійнага выбару, хаця па маральных і дзелавых якасцях Іна Жак магла паспяхова рэалізавацца і ў іншай сферы. Гэта добра разумела і кіраўніцтва ўніверсітэта, якое, ацаніўшы патэнцыял маладой актывісткі, прапанавала ёй узначаліць пярвічную прафсаюзную арганізацыю студэнтаў. А педагагічныя ўменні і навыкі Іне Аляксееўне дапамагала адточваць работа на сацыяльна-педагагічным факультэце і ў сярэдняй школе № 9 Брэста.
У тым, што прафсаюзная студэнцкая пярвічка, якую Іна Жак узначальвала на працягу 18 гадоў, стала адной з лепшых у краіне, заслуга каманды такіх жа актыўных і мэтанакіраваных людзей. Студэнты добра ведалі, што прафсаюз надзейна абараняе іх сацыяльныя інтарэсы і знаходзіць у гэтым поўнае паразуменне з кіраўніцтвам універсітэта.
— Цяжкасці не пужалі, а толькі загартоўвалі, — гаворыць Іна Жак. — Прафсаюзная работа са студэнтамі навучыла працаваць у камандзе і над сабой, разбірацца ў нарматыўнай базе, выбудоўваць даверлівыя і канструктыўныя зносіны з сацыяльнымі партнёрамі, вырашаць канфліктныя сітуацыі, згуртоўваць калектыў, чуць іншых, натхняць уласным прыкладам. Без гэтых важных якасцей і прафесіяналізму немагчыма стаць лідарам, здольным павесці за сабой.
Іна Аляксееўна па характары перфекцыяністка, якая не баіцца ставіць высокія мэты, імкнецца быць дасканалай ва ўсім і адпавядаць выклікам часу, любіць бачыць вынікі сваёй працы і займаецца пастаяннай самаадукацыяй. Таму, калі адчула, што патрабуюцца грунтоўныя веды ў галіне правазнаўства, дзяржаўнага і мясцовага кіравання, інфармацыйных тэхналогій, яна тут жа адправілася ў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БрДУ імя А.С.Пушкіна і БДУ.
Важным этапам у прафесійным станаўленні Іны Жак стаў удзел у рэспубліканскім конкурсе “Прафсаюзны лідар”. І няхай з часу яго правядзення мінула ўжо 12 гадоў, Іна Аляксееўна вяртаецца ва ўспамінах да спаборніцтваў зноў і зноў, у чым дапамагаюць захаваныя відэазапісы. Сярод 32 лідараў з усёй краіны прадстаўніца прафсаюзнай арганізацыі БрДУ імя А.С.Пушкіна аказалася лепшай: журы прысудзіла ёй пераканаўчую перамогу ў профільнай намінацыі.
Асабліва запомнілася канцоўка конкурснай праграмы з развагамі: “Я часта пытаюся ў самой сябе: “Ці той справай займаюся?” Адказ відавочны: маючы перакананні, усведамляючы мэты, ставячы задачы, валодаючы магчымасцямі, выкарыстоўваючы слова, шануючы час, абапіраючыся на дружбу і разуменне, адчуваючы падтрымку і ведаючы навошта, ты будзеш дзейнічаць на карысць”.
На працягу апошніх 10 гадоў Іна Жак узначальвае Брэсцкую гарадскую арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, пераход куды стаў цалкам заканамерным у яе прафесійным станаўленні. Новая пасада адкрыла новыя гарызонты і дала новы вопыт.
Сёння гарадская прафсаюзная арганізацыя аб’ядноўвае 145 пярвічак з ліку больш як 13,2 тысячы чалавек, што складае 99% ад усіх работнікаў сістэмы адукацыі Брэста. У прыярытэце — пытанні, звязаныя з выкананнем заканадаўства аб працы і яе аховай, арганізацыяй калектыўна-дагаворных адносін, умацаваннем сацыяльнага партнёрства. Дзякуючы яму, удаецца ствараць камфортныя ўмовы для работы педагогаў, паляпшаць іх матэрыяльны дабрабыт. Двойчы ў год аналізуецца ход выканання гарадскога галіновага пагаднення, што дазваляе аператыўна вырашаць розныя пытанні, якія тычацца працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза.
Вялікая ўвага ўдзяляецца вучобе прафсаюзнага актыву. З гэтай мэтай арганізавана школа маладога старшыні, якая працуе па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Дзейнасць пярвічак рэгулярна разглядаецца на пасяджэннях і асвятляецца ў сацыяльных сетках.
З прыходам Іны Жак жыццё гарадской прафсаюзнай арганізацыі, без перабольшання, набыло другое дыханне: актывізаваліся існуючыя і з’явіліся новыя формы работы. Так, з мэтай замацавання маладых спецыялістаў ва ўстановах адукацыі Брэста разам з сацыяльнымі партнёрамі праводзіцца шэраг цікавых і карысных мерапрыемстваў: адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці” (для педагогаў першага года работы), педагагічная гасцёўня “Працяг будзе?” (для педагогаў другога года работы) і маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. Акрамя таго, быў заснаваны маладзёжны савет гарадской прафсаюзнай арганізацыі, аднавілася дзейнасць савета ветэранаў працы ўстаноў адукацыі Брэста, у рамках якога працуюць клубы па інтарэсах (“Дача”, “Крыніца”, “Натхненне”, “Кіраўнік”) і рэалізуюцца праекты (“Педагагічныя дынастыі”, “Лета на дачы”, “Што ў імені тваім?”, “Педагагічны партрэт”, “Горад у нашым лёсе”, “Ганарымся гісторыяй, шануем сувязь пакаленняў”).
Іна Жак паспявае ўсюды. Разам з гарадской прафсаюзнай арганізацыяй узначальвае і гарадскі каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Публічная дзейнасць не даруе пралікаў і патрабуе нястомнага самаўдасканалення для падтрымання не толькі прафсаюзнага, але і асабістага іміджу і аўтарытэту. Заваяваць іх, як і давер, няпроста, але Іне Аляксееўне гэта ўдаецца. Яе ведаюць, паважаюць і цэняць як прафесіянала, які шчыра перажывае за агульную справу і для якога няма чужой бяды. А інакш, працуючы з людзьмі і для людзей, і немагчыма.
— Чэрпаю сілы на малой радзіме, у сям’і і любімай рабоце, а яшчэ ў моладзі і ветэранах, якія трымаюць у тонусе і натхняюць працаваць лепш. Радуе, што і дачка Віялета працягнула сямейную педагагічную дынастыю: сёння яна з’яўляецца чацвёртакурсніцай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, — падагульняе Іна Жак.
Анатоль Наскоў, начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама:
— Ведаю Іну Аляксееўну амаль 10 гадоў. Яе энергічнасці можна падобраму пазайздросціць. Яна не толькі генерыруе цікавыя ідэі, але і паспяхова ўвасабляе іх у жыццё дзякуючы ўменню згуртоўваць, захапляць і весці за сабой. Для яе няма чужых і невырашальных праблем. У кожнай сітуацыі яна імкнецца зрабіць нават больш, чым можа. Інтарэсы людзей для яе вышэй за ўсё. Іна Аляксееўна ніколі не падвядзе. Яе заразлівы аптымізм і настойлівасць у дасягненні мэты добра матывуюць, надаюць сілы і прымушаюць працаваць над сабой, адкінуўшы ўсе сумненні і перажыванні. Лічу, што сістэме адукацыі Брэста пашанцавала з прафсаюзным лідарам і сацыяльным партнёрам, на якога варта раўняцца іншым.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ