У 2015 годзе аматары космасу адзначаюць адразу некалькі знакавых дат — 55-годдзе стварэння Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў і першага атрада касманаўтаў, 50-годдзе першага выхаду лётчыка-касманаўта А.А.Лявонава ў адкрыты космас і 40-годдзе рэалізацыі савецка-амерыканскай праграмы “Саюз — Апалон”. Гэтыя, а таксама многія іншыя цікавыя і актуальныя “касмічныя” пытанні сталі тэмамі выступленняў удзельнікаў XLII грамадска-навуковых чытанняў, прысвечаных памяці першага касманаўта, якія прайшлі ў расійскіх гарадах Гагарыне і Каралёве.
У рабоце чытанняў прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 рэгіёнаў Расіі, а таксама нашы землякі. Мінскую вобласць на чытаннях прадставілі чатыры каманды: са Слуцка, Смалявіч і дзве каманды з Чэрвеня.
У рамках чытанняў было агучана больш за 100 дакладаў, удзел у мерапрыемстве прымалі прафесары, дактары і кандыдаты навук. Годна прадставілі свае работы і вучні з Беларусі, большасць з іх былі адзначаны дыпломамі лаўрэатаў. Гэта Яўген Сівец, навучэнец 9 класа гімназіі № 1 Слуцка (кіраўнік — настаўнік фізікі Таццяна Яўгенаўна Максіменка); Вераніка Канапака і Ілья Купровіч, навучэнцы 10 класа сярэдняй школы № 3 Чэрвеня (кіраўнік — настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла Уладзіміраўна Кацько); Багдан Качан, навучэнец 8 класа, і Веста Якімёнак, навучэнка 7 класа Смалявіцкай раённай гімназіі (кіраўнік — настаўнік фізікі Валянціна Якаўлеўна Лявончанка).
Удзельнікамі чытанняў навучэнцы гэтых устаноў адукацыі становяцца традыцыйна і заўсёды выступаюць на высокім узроўні. Таму аргкамітэт грамадска-навуковых чытанняў адзначыў дыпломамі за арганізацыю даследчай дзейнасці вучняў у галіне касманаўтыкі ўстановы адукацыі Міншчыны, якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Акрамя таго, граматай аргкамітэта за арганізацыю ўдзелу дэлегацый навучальных устаноў Мінскай вобласці ўзнагароджана Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
Вучні слуцкай гімназіі № 1 змаглі паказаць сябе не толькі на Гагарынскіх чытаннях. Паспяхова выступілі яны і на яшчэ адным міжнародным навуковым форуме — VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў і студэнтаў у расійскім горадзе Пратвіно. У горад навукі, як яшчэ называюць Пратвіно, з’ехаліся больш за 600 удзельнікаў канферэнцыі. Навучэнцы слуцкай гімназіі Валерыя Махлай і Аляксей Крот удастоены дыпломаў І і ІІ ступені адпаведна.
Валерыя прымала ўдзел у секцыі “Тэхнічная творчасць” з даследаваннем “Ад папяровага карабліка да радыёкіруемай мадэлі”. Гэта работа адзначана журы як адна з лепшых. Валерыя Махлай займаецца суднамадэляваннем у Слуцкім цэнтры тэхнічнай і прыкладной творчасці вучнёўскай моладзі. Аляксей прадставіў на суд журы секцыі “Прыродазнаўча-матэматычныя навукі” работу “Візуалізацыя гуку ў розных асяроддзях”, якую падрыхтаваў пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі гімназіі № 1 Таццяны Яўгенаўны Максіменка.
Трэба адзначыць, што і на гэтай канферэнцыі беларускія вучні не навічкі. Пастаянныя члены журы добра ведаюць, што хлопцы і дзяўчаты са слуцкай гімназіі прывозяць традыцыйна моцныя работы. Старшыня журы секцыі “Прыродазнаўча-матэматычныя навукі” Уладзімір Алегавіч Салаўёў, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, адзначыў: “Мы даўно заўважылі, што слуцкія гімназісты маюць добрую лабараторыю для правядзення эксперыментаў і паказваюць высокія вынікі ў навуковых спаборніцтвах”.
Дар’я РЭВА.