Пра што могуць расказаць рэйтынгі

- 14:46Суразмоўца

Сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт стракацяць вынікамі розных рэйтынгаў. Асаблівую цікавасць выклікаюць рэйтынгі УВА — кожны з нас так ці інакш звязаны з універсітэтам. Як не разгубіцца сярод такога мноства? Што трэба ведаць аб рэйтынгах, каб аб’ектыўна да іх ставіцца? Па адказы мы звярнуліся да Аляксея Леанідавіча ТОЛСЦІКА, прарэктара па вучэбнай рабоце БДУ.

— Аляксей Леанідавіч, вызначэнне лепшага ўніверсітэта — гэта вынаходніцтва нашага часу? Ці, можа, нешта падобнае праводзілася і раней?
— Куды лепш пайсці вучыцца, у які ўніверсітэт укладваць больш грошай — ва ўсе часы вызначалі, якая УВА лепшая. Пытанне закранае як бацькоў і іх дзяцей, якія плануюць стаць студэнтамі, так і ўлады. У свой час у Савецкім Саюзе выдзялялі 25 лепшых універсітэтаў. БДУ ўвайшоў у гэты спіс і як бонус атрымаў дадатковыя стаўкі для навукоўцаў. Такое ранжыраванне праводзіла Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР.
Агенцтвы, якія мы ведаем зараз, з’явіліся 10—15 гадоў назад. Аднак асаблівую цікавасць з боку нашых універсітэтаў рэйтынгі набылі прыблізна 5 гадоў назад. Дарэчы, у Расіі не так даўно з’явілася спецыяльная праграма па ўваходжанні 5 расійскіх УВА ў топ-100 сусветных рэйтынгаў. Гэтыя ўніверсітэты маюць істотнае дадатковае фінансаванне.

— Апошнім часам праводзіцца вельмі многа рэйтынгаў. Якія з іх можна лічыць найбольш аўтарытэтнымі?
— На мой погляд, адзін з найбольш аб’ектыўных і аўтарытэтных рэйтынгаў — рэйтынг QS. Акрамя інфармацыі, атрыманай з інтэрнэту, супрацоўнікі, якія складаюць рэйтынг, абапіраюцца на водгукі экспертаў. Яны ўжо стварылі вялікую базу даных, у якую ўваходзяць больш за 30 тысяч чалавек, як работадаўцаў, так і вядучых навукоўцаў.
БДУ сам актыўна ўдзельнічае ў QS. Прыемна, што ў 2014 годзе мы ўпершыню ўвайшлі ў 500 лепшых універсітэтаў свету.

— Неаднойчы даводзілася чуць, што рэйтынгі праводзяцца, каб прасунуць інтарэсы пэўнага ўніверсітэта. Ці можна пагадзіцца з такой думкай?
— Часам такая думка напрошваецца, аднак гэта не так. Напрыклад, рэйтынг QS праводзіць брытанскае агенцтва, аднак гаварыць пра засілле англійскіх універсітэтаў не прыходзіцца. Яшчэ прыклад: у спісе Webometrics, які праводзіць іспанская лабараторыя, іспанскія ўніверсітэты займаюць далёка не першыя месцы. Лідзіруючыя пазіцыі, як правіла, належаць амерыканскім УВА, аднак там на парадак вышэйшае фінансаванне, чым у Еўропе. Ва ўніверсітэты, якія трапляюць у першую сотню, могуць укладваць мільярды долараў у год. Мы займаем прыкладна 500-е месца, і наша фінансаванне складае каля 100 мільёнаў долараў.

— Аляксей Леанідавіч, якія крытэрыі часцей за ўсё ўлічваюцца пры складанні рэйтынгаў?
— Рэйтынгі ацэньваюць УВА па розных паказчыках. Webometrics, напрыклад, аналізуе ўніверсітэты на аснове тых даных, якія ёсць у інтэрнэце: вядомасць сайта, колькасць размешчаных дакументаў, якасць навуковых публікацый. Лепшыя публікацыі вызначаюцца па цытаванні.
Аднак большасць арганізацый, якія праводзяць рэйтынгі, звяртаюцца ва ўніверсітэт. Напрыклад, QS запытвае інфармацыю аб складзе ўніверсітэта, аб выкладчыках, навуковых супрацоўніках, студэнтах (колькасць нашых, колькасць замежных студэнтаў, якія ступені маюць выкладчыкі і г.д.). Некаторыя рэйтынгавыя агенцтвы цікавяцца фінансамі ўніверсітэта.
Што да навуковых публікацый, яны таксама маюць вагу пры ацэнцы дзейнасці ўніверсітэта. Інфармацыя аб іх не запытваецца, яна аналізуецца з баз даных. Магчыма, не заўсёды правільна аналізаваць навуковую работу па колькасных паказчыках. Эйнштэйн, які не меў вялікай колькасці публікацый і не меў высокага індэкса цытавання, унёс істотны ўклад, значна большы, чым навукоўцы, якія маюць мноства публікацый. Так што да навуковых рэйтынгаў трэба ставіцца акуратна.

— Ацэньваючы навуковую дзейнасць універсітэта, замежныя рэйтынгавыя агенцтвы ўлічваюць толькі англамоўныя публікацыі, рускамоўныя застаюцца па-за ўвагай. Ці можна лічыць такі падыход у вызначэнні якасці навукі ва ўніверсітэце цалкам аб’ектыўным?
— Засілле англамоўнага падыходу да публікацый ёсць. Лічу, што гэта няправільна, аднак такія правілы гульні, з гэтым трэба лічыцца. Нават у Расіі пры выдзяленні грантаў часта глядзяць на індэксы, якія дае Scopus, дзе аналізуюцца толькі англамоўныя публікацыі. Добра, што ёсць альтэрнатыва — РІНЦ (Расійскі індэкс навуковага цытавання). У гэтай базе даных, акрамя ангаламоўных, ёсць і рускамоўныя публікацыі.

— Аляксей Леанідавіч, з кожным годам БДУ займае больш высокія пазіцыі ў рэйтынгах. Напэўна, існуе свая стратэгія прасоўвання ўніверсітэта…
— Паўплываць на адказы экспертаў, напрыклад, у рэйтынгу QS можна толькі добрай работай на працягу многіх гадоў. Што да бачнасці публікацый нашых выкладчыкаў у свеце, то над гэтым мы працуем. Раім друкавацца ў тых часопісах, якія маюць добрыя індэксы цытавання. У нас існуе свая сістэма ўзнагароджання за добрыя публікацыі.
Да таго ж пры нашай Фундаментальнай бібліятэцы мы стварылі электронную, якая займае прыблізна 100-е месца ў свеце. У электроннай бібліятэцы мы размяшчаем публікацыі нашых выкладчыкаў, манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі. У ёй ужо размешчана каля 70 тысяч матэрыялаў.

— Напэўна, БДУ і сам праводзіць ацэнку сваёй дзейнасці. Ці ладзяцца конкурсы сярод сваіх факультэтаў і падраздзяленняў?
— У нас ёсць свая сістэма, якая аналізуе факультэты па тых жа параметрах, што і Webometrics. Аднак свой рэйтынг у гэтым годзе мы мадэрнізавалі і прапаноўваем ужо групу параметраў, куды ўвойдуць і навукаметрычныя параметры, і статыстычныя даныя аб студэнтах і прафесарска-выкладчыцкім складзе, і вынікі анкетавання студэнтаў. Гэта наша распрацоўка, падобнага ранжыравання ў іншых УВА краіны няма.

— Аляксей Леанідавіч, вялікі дзякуй за размову.

Святлана ШЫЯН.