Эфектыўны сродак навучання: правілы работы з пытаннямі

- 12:31Знак качества, Образование, Портфолио

Як ператварыць асноўны інструмент настаўніка — пытанне — у сродак зацікаўленай размовы пра сябе, жыццё і пра тое галоўнае, што вывучаецца ў школе. Як далучыць вучняў да актыўнай пазнавальнай дзейнасці.

У цэнтры нашай увагі знаходзяцца не абстрактныя рэчы і з’явы, а правілы, выкананне якіх рэальна павышае выніковасць вучэбных заняткаў. У перадачы “Што? Дзе? Калі?” было калісьці такое пытанне: Адзін вядомы педагог рэкамендаваў настаўнікам так ацэньваць свае ўрокі: 1 бал — калі на ўроку ў асноўным гаворыць настаўнік, 5 балаў — калі вучань. За што можна паставіць 10 балаў? А 50?” Самыя высокія балы — за спрэчку: 10 — паміж настаўнікам і вучнем, 50 — паміж вучнямі. А такія спрэчкі гарантуюць менавіта пытанні!

Шмат хто з настаўнікаў з’яўляецца сапраўдным майстрам фармулёўкі пытанняў, якія абуджаюць у вучняў цягу да разважанняў, стымулююць уяўленне, інтуіцыю, жаданне вучыцца, даследаваць, быць паспяховымі. Разам з тым у практыцы іх пастаноўкі выяўляецца нямала недахопаў. Некаторыя з іх змешчаны ў табліцы.

Недахопы

Іх наступствы

Пытанні тычацца другарадных аспектаў вучэбнага зместу

Вучні могуць не заўважыць галоўнае ў змесце ўрока

Пастаноўка занадта вялікай колькасці закрытых пытанняў аб фактах і дэталях

Адсутнічае дыялог. Вучні страчва­юць цікавасць да вучобы. Развіваецца ў лепшым выпадку рэпрадуктыўны тып мыслення

Пастаноўка незразумелых вучням пытанняў

Навучэнцы апынаюцца ў сітуацыі збянтэжанасці. Траціцца час на дадатковыя тлумачэнні

Пастаноўка аднатыпных пытанняў, якія, напрыклад, аднолькава пачынаюцца

Эканоміцца час, алга­рытмізуецца разумовая дзей­насць вучняў. Зніжаецца іх пазнавальная цікавасць і актыўнасць

Настаўнік не рэагуе на няправільныя адказы вучняў

Адказы страчваюць пазітыўны сэнс. Вучні ўводзяцца ў зман

Прымяняюцца пытанні толькі для вузкай групы асоб (у асноўным для паспяховых вучняў)

Слабыя вучні адпачываюць. Яны адчуваюць сваю другараднасць, дрэнна ўспрыма­юць школу

Адсутнасць у вучняў часу, каб падумаць над пытаннем

Меланхолікі не паспяваюць за ходам урока і адключаюцца, выпадаюць з дзейнасці

Пастаноўка пытанняў у сітуацыях, калі іншыя сродкі былі б больш эфектыўнымі

Зніжаецца адукацыйны эфект вучэбных заняткаў

Настаўнік сам адказвае на пастаўленыя ім пытанні

Зніжаецца ціка­васць вучняў і іх актыў­насць

Пытанні не тычацца працэсу вучэння

Вучні могуць не ўсведамляць сваю дзейнасць, у іх зніжаецца матывацыя

Настаўнік зніжае адзнаку за памылковы адказ

Навучэнцы асцерагаюцца памыліцца, у іх зніжаецца пазнавальная актыўнасць, знікае жаданне думаць, удзельнічаць у абмеркаванні

Вучні не ўцягваюцца ў практыку фармулёўкі пытанняў

Зніжаецца развіццёвы эфект вучэбных заняткаў

Такім чынам, у пытальнай дзейнасці некаторых настаўнікаў нямала праб­лем. Спадзяёмся, што чытачы пакажуць сваю дасціпнасць, здольнасць адмовіцца ад стэрэатыпаў і возьмуць на ўзбраенне прадстаўленыя ніжэй правілы работы з пытаннямі, якія мы сфармулявалі на падставе рэкамендацый педагогаў і псіхолагаў, а таксама вопыту паспяховых настаўнікаў.

Правіла першае. Вызначыце мэту пытанняў. Гэта можа быць высвятленне, наколькі вучні гатовы да засваення новага матэрыялу, ці валодаюць яны неабходнымі для гэтага апорнымі ведамі. Магчымы іншыя мэты: арганізацыя эўрыстычнага пошуку, самаацэнкі, рэфлексіі; скіраванасць на развіццё мыслення і інш. Менавіта мэтавая ўстаноўка дазволіць вам выбраць тыпы пытанняў, якія трэба задаваць навучэнцам на канкрэтным уроку: рэпрадуктыўныя, адкрытыя, праблемныя з альтэрнатывай адказу і г.д.

Правіла другое. Далучайце вучняў да работы з пытаннямі пасля параграфаў пад­ручніка. Тут могуць быць розныя варыянты: дзеці могуць праверыць сябе, наколькі ўсвядомлена яны запомнілі змест параграфа; падумаць, з якой мэтай аўтары падручніка прапанавалі менавіта гэтыя пытанні; адказаць на пытанні ў групе сваім аднакласнікам і г.д.

Правіла трэцяе. Адыходзьце ад пастаноўкі пытанняў з вядомымі для вас адказамі, а таксама ад закрытых пытанняў, аддавайце перавагу пытанням адкрытым. Напрыклад, замест пытання “Якая будова?” лепш выкарыстаць “Чым абумоўлена менавіта такая будова?”. Замест “Што называецца электрычным токам?” — “Як вы разумееце гэтую з’яву — электрычны ток?”. Гэта значыць, замест закрытага пытання, адказ на якое настаўнік ведае, ён пытаецца аб тым, чаго сам не ведае: як вучань разумее гэтую з’яву. Пры гэтым вучню становіцца відавочна, што для настаўніка галоўным з’яўляецца не электрычны ток, а ён, вучань, яго разуменне гэтай з’явы. Не задавайце пытанні, адказ на якія навучэнец можа адгадаць, бо тады ён будзе атрыманы па няправільнай прычыне. Карысна да закрытых пытанняў прапаноўваць вучням падказкі, якія са­дзейнічаюць пашырэнню іх карціны свету, а не проста стымулююць адгадванне. Напрыклад: “У якім годзе нара­дзіўся Янка Купала?” Падказка першая — у адзін год з Якубам Коласам; падказка другая — 60-гадовы юбілей паэта адзначалі ў Маскве ў 1942 годзе.

Правіла чацвёртае. У пачатку ўрока прапануйце вучням ключавое пытанне (галоўнае пытанне па тэме). Па ходзе ўрока разам з навучэнцамі зноў і зноў вяртайцеся да ключавога пытання. Падчас урока — каб высветліць, як ідзе працэс пошуку адказу, а на выхадзе з урока — які гэта адказ, ці знайшлі яго.

Правіла пятае. Старайцеся фармуляваць пытанні не толькі да вучэбнага зместу, але і ў адносінах да іншых складнікаў урока: пытайцеся пра мэты, формы, метады і сродкі навучання, дзейнасць навучэнцаў, дзейнасць настаўніка, вынікі навучання і спосабы іх кантролю і ацэнкі. Дзякуючы гэтаму, у вучняў складзецца разу­менне, што важныя не толькі веды, але і спосабы іх атрымання.

Правіла шостае. Заахвочвайце пошук навучэнцамі адказаў на пытанні ў парах. Гэта стымулюе іх пазнавальную актыў­насць, на ўроку працуюць усе вучні, развіваюцца камунікатыўныя і кааператыўныя здольнасці школьнікаў. Яны лепш ра­зумеюць матэрыял, калі тлумачаць яго партнёру.

Правіла сёмае. Давайце вучням час на абдумванне адказу на пытанне. Пры гэтым павялічваецца верагоднасць, што ўсе (ці многія) думаюць і прыйдуць да правільнага адказу або да цікавай яго версіі.

Правіла восьмае. Увядзіце правіла: навучэнцы не павінны падымаць руку, каб адказаць на пытанне настаўніка. У адваротным выпадку застанецца апытваць толькі паспяховых вучняў і тым самым выклю­чыць менш паспяваючых з практыкі пошуку адказу на пытанні. Навошта ду­маць над адказам, калі выдатнік падніме руку і яго выклічуць адказваць? У настаўніка па адказах лепшых вучняў можа скласціся памылковае меркаванне пра клас як пра калектыў, цалкам гатовы да вывучэння новага матэрыялу. Гэта можа прывесці да адставання некаторых навучэнцаў. Калі ў класе ёсць правіла непадымання рукі, то гэта зніжае магчымасць проста адсядзецца. Выклікайце вучня для адказу з дапамогай жараб’ёўкі. Добра, калі на ўроку з вуснаў настаўніка дзеці пачуюць наступнае: “Дзеці, зараз я задам пытанне. У кожнай пары нехта дасць адказ, а потым вы яго абмяркуеце. У вас будзе на гэта 40 секунд (час даецца ў залежнасці ад узроўню складанас­ці пытання). Руку паднімаць не трэба. Хто будзе адказваць, вызна­чыць жараб’ёўка”. Гэта паляпшае атмасферу ў класе, ро­біць яе больш камфортнай для навучання. Дзеці павінны ведаць, чаму настаўнік прапануе такі спосаб атрымання адказаў. Трэба ім растлумачыць, што настаўнік хоча, каб усе былі ўцягнуты ў пра­цэс і паспяхова вучыліся.

Правіла дзявятае. Давайце вучням права не адказваць на пытанне. Для гэтага можна з імі дамовіцца аб нейкім знаку, з дапамогай якога навучэнец можа па­даць сігнал, што ён пакуль не гатовы да адказу (яшчэ ў развагах). Варта абмежаваць колькасць магчымасцей адмаўляцца адказваць. Калі вучань празмерна карыстаецца гэтым, яго трэба заахвоціць усё ж рызык­нуць адказаць на пытанне. Яшчэ вучням пажадана даць права выбару пытанняў для адказу. Гэта дае дадатковую перавагу, бо ў настаўніка фарміруецца дакладнае ўяўленне, якія з пытанняў выклікаюць цяжкасці, над чым ім яшчэ трэба папрацаваць.

Правіла дзясятае. Кожны навучэнец павінен ведаць, што ён можа памыліцца (даць няправільны адказ) і не будзе за гэта пакараны. Бо ніхто не можа заўсёды правільна адказваць на пытанні. Школа — гэта тое месца, дзе гэтаму вучацца.

Правіла адзінаццатае. Калі навучэнцам прапанаваць на выбар некалькі адказаў на адно пытанне, то настаўнік атрымае важную інфармацыю для далейшага навучання. Аднак самае галоўнае — гэта не выбар адказу, а яго абгрунтаванне з далейшым абмеркаваннем. Калі многія ці некаторыя навучэнцы адказваюць памылкова на пытанне, то яны могуць вярнуцца да тэмы. Таксама ім можна прапанаваць папрацаваць у парах, каб хутчэй знайсці памылку. Узаемнае навучанне карыснае.

Правіла дванаццатае. Тэсты з варыянтамі адказаў на пытанні прымяняйце не толькі для кантролю, але і для навучання (глядзіце “Настаўніцкую газету” ад 23 лютага 2024 года).

Правіла трынаццатае. Важным з’яўляецца ўменне задаваць пытанні самому сабе. Чаму я выбраў менавіта гэты варыянт? На чым будуецца маё перакананне? Якія яшчэ могуць быць аргументы на карысць правільнасці агучанай версіі? Праводзьце мэтанакіраваную работу па навучанні задаваць пытанні. Вучыце дзяцей падчас чытання інфармацыі знаходзіць адказ на пытанне, узнаўляць пытанне, на якое атрыманы гэты адказ.

Правіла чатырнаццатае. Карэктна рэагуйце на адказы навучэнцаў нават тады, калі яны памылковыя. Часам пытайцеся ў дзяцей: “Ці правільна я задаю пытанні? Ці зразумела я іх фармулюю? Што, на ваш погляд, мне трэба змяніць у пастаноўцы пытанняў?”

Правіла пятнаццатае. На ўроку прытрымлівайцеся пазіцыі не кантралёра, а партнёра ў працэсе навучання. Паспяховасць пытальнай дзейнасці настаўніка вызначаецца тым, наколькі ён добра ўмее наладжваць зносіны, ці гатовы звяртацца з пытаннямі не толькі па вучэбным матэрыяле, але і па формах і метадах яго засваення.

Навучэнцы лёгка прымаюць гэтыя правілы. Заўважана, што яны больш падабаюцца не вельмі паспяховым школьнікам. Моцныя вучні спачатку могуць быць не задаволены, паколькі бачаць на ўроку менш магчымасцей для праяўлення сваёй актыўнасці і дасведчанасці. З часам яны рэалізуюць свой патэнцыял, тлумачачы складаныя пытанні сваім аднакласнікам.

Некаторыя настаўнікі скардзяцца, што ім цяжка вытрымліваць паўзу, якая наступае пасля пастаноўкі пытання. Ва ўяўленні вучняў і настаўніка такі перапынак успрымаецца як няёмкае маўчанне. Настаўнік хацеў бы хутка атрымаць правільны адказ, аднак даваць час падумаць — адна з самых магутных стратэгій мыслення. Паўза пасля пастаноўкі настаўнікам пытання неабходна, каб ва ўсіх вучняў была магчымасць падрыхтавацца да адказу. Таму навучэнцы павінны ўсведамляць, што гэтая паўза патрэбна для разважанняў.

Для абуджэння разумовай дзейнасці вучняў падыдуць спецыяльныя пытанні:

  • на рэфлексію і аб супрацоўніцтве (“Што вы думаеце пра гэта?”, “З чым вы згодны і з чым не згодны?”, “Якое падобнае пытанне вы маглі б задаць самі?”, “Як вы можаце пераканаць нас у гэтым?”, “Як вы можаце даказаць аднакласнікам, што гэта праўда?”, “Ці ёсць іншы спосаб вырашыць гэтую праблему?”, “Чаму гэты адказ мае для вас сэнс?”, “Як проста сказаць аб тым, што вы думаеце пра гэта?”, “Вы будзеце шукаць адказ на маё пытанне індывідуальна ці з суседам па парце?”);
  • пытанні на пошук прычын (“Як вы думаеце, чаму гэта працуе?”, “Ці заўсёды гэта будзе добрае рашэнне?”, “Чаму вы лічыце, што гэта правільна?”, “Чаму гэта адбылося?”, “Як вы можаце гэта даказаць?”, “Якім чынам можаце падвесці вынік?”, “Якія контраргументы вы можаце прывесці?”);
  • пытанні на аналіз (“Якія падабенствы і адрозненні вы тут бачыце?”, “Наколькі дакладна паказана структура працэсу?”, “Якія яшчэ адказы можна сфармуляваць?”, “Якія яшчэ рашэнні вы бачыце?”).

Такім чынам, у настаўніка ёсць эфектыўны сродак навучання — пытанні. Як бачыце, паважаныя чытачы, ёсць правілы, прытрымліванне якіх дазваляе павы­сіць іх адукацыйны патэнцыял. Ключ да добрых узаемаадносін паміж настаўнікам і вучнямі — актыўнае слуханне: версій і здагадак, адказаў на пытанні. Пры гэтым вучняў трэба чуць і падбадзёрваць. А каб яны адчувалі сябе ў бяспецы, не баяліся памыліцца, не стаўце адзнакі на этапе навучання. Яны патрэбны на этапе кантролю.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі адукацыі;
Галіна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава, настаўнік-метадыст
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі