Розныя патрэбы — роўныя магчымасці: як рэалізуецца прынцып інклюзіі ў вышэйшай школе

- 12:12Интервью

Як укараняецца прынцып інклюзіі ва УВА, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты абмеркавала з рэктарам БДПУ Аляксандрам Жуком. Універсітэт — базавая арганізацыя дзяржаў — удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагогаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі.

— Адзін з ключавых прынцыпаў адукацыйнай палітыкі Беларусі — прынцып інклюзіі. Якія спецыяльныя адукацыйныя ўмовы з улікам асаблівых патрэб і індывідуальных магчымасцей навучэнцаў створаны ў краіне сёння?

— Пытанням сацыяльнай і адукацыйнай інтэграцыі асоб з АПФР удзяляецца асаблівая ўвага на ўсіх узроўнях адукацыі. Каля 30 гадоў рэалізуецца практыка інтэграванага навучання і выхавання на ўзроўнях да­школьнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У нас функцыянуе сістэма ранняй комплекснай дапамогі дзецям з АПФР, а таксама з фактарамі рызыкі ў развіцці. Унесены змяненні і ў падрыхтоўку педагагічных работнікаў на ўзроўні вышэйшай адукацыі. У прыватнасці, уведзена вучэбная дысцыпліна “Інклюзіўная адукацыйная практыка”. Яна забяспечвае фарміраванне ў будучых педагогаў базавых прафкампетэнцый па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў дзіцячых садах і школах у кантэксце прынцыпу інклюзіі. Да таго ж у час педпрактык нашы студэнты авалодваюць уменнямі ўключаць у адукацыйны працэс дзяцей з АПФР і вучацца ўзаемадзейні­чаць з імі.

— Аляксандр Іванавіч, як у цэлым вы ацэньваеце рэалізацыю прынцыпу інклюзіі ў вышэйшай школе?

— З аднаго боку, існуе запыт з боку грамадства на забеспячэнне даступнасці вышэйшай адукацыі для маладых людзей з АПФР і стварэнне адпаведных умоў для іх. Ужо нават ёсць пэўны вопыт у гэтым аспекце. З іншага боку, варта канстатаваць недастатковую гатоўнасць УВА да рэалізацыі сацыяльна-педа­гагічнага і псіхалагічнага супра­ваджэння асаблівых студэнтаў. Цяжкасць у тым, што асаблівыя адукацыйныя патрэбы такіх студэнтаў даволі шырокія пры вялікай варыятыўнасці праяўлення іх абмежаванняў. Акрамя таго, стратэгія мадэлявання спецыяльных адукацыйных умоў вызначаецца спецыфікай авалодання пэўнай спецыяльнасцю.

Важнай праблемай стала і вызначэнне пераліку медыцынскіх паказанняў і супрацьпаказанняў для навучэнцаў з АПФР, якія імкнуцца да атрымання вышэйшай адукацыі. Бо варта ўлічваць і актуальны ўзровень сфармі­раванасці іх функцыянальных уменняў у розных галінах, і патэнцыял далейшага развіцця. Акрамя таго, неабходна не толькі канстатаваць магчымасць атрымання адукацыі па той ці іншай спецыяльнасці, але і прагназаваць гатоўнасць спецыяліста да наступнай паўнавартаснай прафесійнай дзейнасці і самастойнага жыцця. У краіне ёсць як станоўчы, так і адмоўны вопыт.

— Якія задачы, на ваш погляд, трэба яшчэ вырашаць?

— Па-першае, важна даследаваць асаблівыя адукацыйныя патрэбы студэнтаў з АПФР, якія ўзнікаюць у ходзе іх навучання ва ўніверсітэтах. Гэта паслужыць асновай для стварэння неабходных умоў для мяккай адаптацыі і навучання ва УВА, а таксама дапаможа выявіць стратэгію для іх эфектыўнага ўключэння ў сумесны адукацыйны працэс і выпрацаваць падыходы да адэкватнага адбору адпаведных дыдактычных інструментаў.

Па-другое, патрабуецца якасная падрыхтоўка прафесарска-выкладчыцкага складу. Вынікі анкетавання паказваюць, што неабходна распрацаваць адзіныя падыходы да збору інфармацыі пра абітурыентаў з інваліднасцю і АПФР (толькі 33% рэспандэнтаў адзначылі, што гэтую інфармацыю ім паведамілі ў дэканаце). Палова апытаных выкладчыкаў ведаюць пра асаблівыя адукацыйныя патрэбы студэнтаў з інваліднасцю, пры гэтым толькі 29% адказваюць на пытанне, якія рэсурсы неабходны для іх задавальнення. Дарэчы, большасць выкладчыкаў прызнаецца, што ім трэба павышаць сваю кваліфікацыю ў пытаннях арганізацыі суправаджэння студэнтаў з інваліднасцю.

— Што менавіта неабходна асвоіць выкладчыкам для стварэння спецыяльных адукацыйных умоў студэнтам з АПФР?

— Выкладчыкаў важна ўзброіць не толькі пэўнымі спосабамі, прыёмамі і сродкамі выхавання і навучання, але і акцэнта­ваць іх увагу на развіцці асобаснага патэнцыялу — гатоўнасці да прыняцця “іншага” студэнта і пошуку эфектыўных сродкаў уключэння такіх маладых людзей у адукацыйны працэс і сацыяльнае ўзаемадзеянне са звычайнымі студэнтамі. У гэтым можа дапа­магчы замацаванне за асаб­лівым студэнтам, напрыклад, аднагрупніка-валанцёра, які будзе аказ­ваць неабходную дапамогу. Асаблівая роля ў гэтым пра­цэсе, безумоўна, будзе належаць універсітэцкай сацыяльна-псіхалагічнай службе.

Трэба будзе папрацаваць над навукова-метадычным забеспячэннем працэсаў сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага суправаджэння студэнтаў з інваліднасцю і АПФР: ёсць патрэба ў распрацоўцы метадычных рэкамендацый па сацыяльнай адаптацыі, мадэляванні спецыяльных адукацыйных умоў і аказанні сі­туацыйнай дапамогі.

Важна наладжваць сеткавае ўзаемадзеянне паміж УВА. Як паказвае аналіз вопыту Расіі, мэтазгодным можа стаць стварэнне адзінага цэнтра кампетэнцый, у функцыі якога ўваходзіла б каардынацыя пытанняў сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага суправаджэння студэнтаў з інваліднасцю ці АПФР. Таксама ёсць патрэба ў стварэнні адзінага інфармацыйнага рэсурсу для ўніверсітэцкіх супрацоўнікаў, дзе будзе сабрана ўся важная інфармацыя па пытаннях сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага суправаджэння асаблівых студэнтаў.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Вольгі АНТОНЕНКАВАЙ