Прыгожыя абгорткі

- 9:37Авторские колонки, Мнение

Пад Новы год і Раство хочацца паразважаць пра штосьці лёгкае, бліскучае, прамяністае. І не, гэта будуць развагі не пра мішуру-­серпанцін і не пра ёлачныя цацкі…

Іван ЖДАНОВІЧ

У пару, калі паўсюль пераліваецца столькі рознакаляровых агеньчыкаў, і настрой міжволі прыўзнімаецца, сэрца поўніцца пазітывам. І будзённая шэрасць бясснежнай зімы нібыта “адпаўзае ў кут далёкі”, гэта значыць, у закуткі свету — і нашай падсвядомасці.

А ці заўважалі вы, што з падсвядомасцю і нават свядомасцю ўвогуле могуць адбывацца таямнічыя рэчы? У тонкім свеце думак, эмоцый, пачуццяў дзівосным чынам праяўляецца неверагодная, здавалася б, сітуацыя, калі быццам не сабака хвастом круціць, а хвост сабакам… Вось трапляеш у вясёлую атмасферу — і табе становіцца весялей, бо знешняя сітуацыя-хвост у такім разе цябе “крутнула”. Гармоны-эндарфіны? Як па мне, то яшчэ цікавейшым эфект бывае, калі згарманізаванасць і радасць гараць-іскрацца ўнутры чалавека. І так яны праменяць, што мы самі запальваем агні: робім падарункі, добрыя справы, клапоцімся пра бедных, слабых, абяздоленых… Карацей, упрыгожваем свет.

Пра тых, каму ўдалося дасягнуць стану паўсядзённай унутранай радасці, часам кажуць: як прыйшоў, то з ім усё навокал і пасвятлела.

Кожны з нас — падсвядома — імкнецца да святла, прыгажосці. Часцей тое праяўляецца ў жаданні камфорту як унутранага, так і знешняга. Што ж, рабіць свет больш прыгожым, утульным, камфортным — жаданне цалкам зразумелае. Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва даўно апрабавалі шлях прыгажосці як найбольш надзейны да сэрцаў мужчын. Яны, кожная ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, густам і адметным культурным кодам, расстаўляюць патрэбныя акцэнты ў сваёй знешнасці. Свет унутраны дае водбліск у свет знешні. Як вам квест: па прыгожай абгортцы, па маскараднай масцы знайсці тое ўнутранае, што нам падыходзіць, найбольш даспадобы?

Пад Новы год маскарад жыцця ў поўным разгары! У імкненні да прыгажосці ўсё нам хочацца падаць у бліскучых абгортках — з кветкамі-банцікамі, рознакаляровай мішурой. І мы ставім у нашым рэдакцыйным калідоры ёлачку, а пад ёй штогод кладзём такія прыгожыя пакункі-падарункі — вачэй не адвесці. У сваім дзяцінстве такіх не прыпомню… Адна з калег неяк жартам прызналася: “Хоць і ведаю, бо ўжо вялікая і дзеці мае павырасталі, што гэта проста скрыначкі ў каляровых абгортках, але ж рукі чэшуцца і хочацца які з пакуначкаў растрыбушыць…” Во якія, пасмяяліся разам, непраяўленыя жаданні ёсць у нашай падсвядомасці.

Альбо, можа, гэта нейкія няспраўджаныя дзіцячыя мары-чаканні самага сапраўднага не маскараднага цуду?..

Пасля шчырага прызнання было й мне лёгка ўспомніць, як у дзяцінстве мне падарылі невялічкі гармонік. Хросны бацька вельмі хацеў, каб я навучыўся іграць хоць на такім. Але ж не даў, ві­даць, Бог таленту, і не было каму вучыць мяне ў невялічкай вёсцы… Папілікалі з братам колькі дзён, а можа з тыдзень. А тут старэйшыя хлопцы падкруціліся: “Навучым!” Аднойчы я заўважыў, як яны з братам, узяўшы гармонік і нож, крадком пайшлі за хлеў. Западозрыў няладнае, таму, каб не падымаў крыку, паабяцалі мне многа маленькіх гармонікаў.

Так і стала. Падаставаныя з растрыбушанага інструмента галасы потым, падзеленыя, спявалі рознымі тонамі па ўсёй вёсцы. І мне далі нешта: устаўляеш у рот і дзьмеш ці ўдыхаеш — іграе. Але ні прыгажосці, ні вялікай радасці ад той разабранай на кавалачкі музыкі ўжо не было.

…Спрабуючы адшукаць сваю музыку, мелодыю ўласнай душы ў гэтым свеце, мы доўга кідаемся на розныя бліскучыя фанцікі. Спрабуем дзьмуць альбо танцаваць пад чужыя дудкі гэтак, як нам заказваюць іншыя. Чаму? Бо да пары да часу мы і сапраўды ўпэўнены, што прыгожыя абгорткі — гэта і ёсць сутнасць жыцця.

Пэўны час мы не разумеем, не адчуваем, што сапраўдная музыка ёсць толькі ўнутры нас саміх. А знешняе — гэта праява, водбліск таго, што ў сабе маем. Больш глыбокага, велічнага і бясконца прыгожага. Самога Жыцця, жывою часцінкай якога кожны з нас ёсць ад самага нараджэння.

Кажуць яшчэ, што і пра­цэс навучання, школьнага ў тым ліку, — гэта нібыта паступовае ўспамінанне намі таго, што спрадвеку закладзена ў душы, дадзена Богам. Тое ж і з пачуццямі: яны не проста выхоўваюцца — гарманічна праяўляюцца альбо не вельмі, як тыя асобныя галаскі з гармоніка. Урэшце ж кожны музыкант ці спявак, ці мастак, ці настаўнік выяўляе ў знешнім свеце сваю ўнутраную прыгажосць пры дапамозе нейкіх знешніх сродкаў: інструментаў, голасу, карцін, урокаў. Прыгожая душа ва ўсёй сваёй прамяністасці выяўляецца ў дзейнасці, якая ёй найбольш даспадобы.

Унутранае і знешняе… Наколькі ж глыбока разумеў іх таямнічую суаднесенасць Антуан дэ Сент-Экзюперы, калі ў творы “Маленкі прынц” стварыў такі вобраз: “Вось табе скрынка. І ў ёй ся­дзіць такі баранчык, якога табе хочацца…” Пустая нібыта скрынка, у якой кожны зможа ўбачыць “свайго баранчыка”: такога, які ўяўляецца яму.

Ды не кожны здольны ў скрыначку душы заглянуць…

Прыгадваю сцэну з фільма “Адзін дома”, які раней часта круцілі пад Новы год. Памятаю, як уразіла мяне дзікае шаленства, з якім амерыканскія дзеткі трыбушаць бліскучыя абгорткі баць­коўскіх падарункаў. Яркі вобраз таго, што, не ўмеючы бачыць і цаніць прыгажосць знешнюю, ты ніколі не знойдзеш яе ні за морам-акіянам (па фільме — у святочным, напоўненым духам Раства Хрыстова Парыжы), ні ўнутры сябе самога. Па ходзе фільма, дарэчы, тая бруднаватая гнілізна ў браціках галоўнага героя Кевіна і праступае — праз усе абгорткі знешняй прыстойнасці.

Якія мы ёсць у глыбіні, на самай справе? Напярэдадні Новага года самы час, падводзячы вынікі чарговага этапу жыцця зямнога, паспрабаваць заглянуць у сваю чароўную скрынку, цераз прыгожыя абгорткі ўгледзецца туды, адкуль віруе само Жыццё.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА