Міласэрнасць, гуманізм, спачуванне… Як выхаваць такія якасці ў дзецях, ведаюць у 47-­й школе Гомеля

- 16:28Дело неравнодушных

Дапамагае ў гэтым унікальны школьны музей, прысвечаны дзейнасці Чырвонага Крыжа. Кіраўнік музея Ірына Рэпіна стала лепшым валанцёрам года Гомельшчыны па рабоце з дзецьмі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Другое дыханне

Навучэнцам школы добра вядома імя швейцарскага бізнесмена Анры Дзюнана, які лічыцца заснавальнікам міжнароднай арганізацыі Чырвонага Крыжа. У 1859 годзе ён прыехаў у Італію і стаў сведкам пакут тысяч параненых байцоў — удзельнікаў бітвы пры Сальферына. Многія з іх былі пакінуты паміраць з-за адсутнасці догляду. Тыя моцныя ўражанні і неабыякавасць падштурхнулі Анры напісаць не проста кнігу “Успаміны пра Сальферына”, а кнігу-заклік, звернутую да ўсіх краін свету, стварыць арганізацыі для дапамогі ахвярам вайны, незалежна ад нацыянальнасці. І яго пачулі. Так у 1863 годзе з’явілася самая вялікая і моцная міжнародная дабрачынная арганізацыя. Сёння дзейнасць Чырвонага Крыжа аб’ядноўвае 192 краіны. Дэвізам сталі словы заснавальніка Tutti Fratelli, якія азнача­юць “Усе мы браты”.

Яшчэ адно імя чырвонымі літарамі ўпісана ў гісторыю Чырвонага Крыжа. Флорэнс Найцінгейл у час Крымскай вайны аказвала дапамогу параненым у ваенным шпіталі. Яна распрацавала сістэму дапамогі, якая дазволіла зменшыць смяротнасць параненых у два разы. Яе называлі “жанчына з ліхтаром”, таму што начамі яна абыходзіла байцоў з ліхтаром у руках. Такая ж выява Флорэнс засталася на медалі, названым у яе гонар. Гэты медаль лічыцца найвышэйшай узнагародай, якой удастойваюцца лепшыя сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны 46 савецкіх медсясцёр былі ім узнагароджаны, у тым ліку шэсць беларусак. Сярод іх дзве гамяльчанкі — Марыя Гарачук і Соф’я Голухава. Падчас вайны яны выратавалі жыццё сотням байцоў. Менавіта яны сталі ганаровымі гасцямі на адкрыцці музея Чырвонага Крыжа, які быў створаны ў школе яшчэ ў 1986 го­дзе. Ён быў адзіны на прасторы Савецкага Саюза і зараз застаецца ўнікальным дзякуючы сваёй экспазіцыі і рабоце, якая тут праводзіцца. Ля вытокаў стварэння музея стаялі Алена Пад’ялец, першы дырэктар школы, Валянціна Бондар, намеснік дырэктара, Алена Крэмерава, кіраўнік клуба інтэрнацыянальнай дружбы. Усе гады свайго існавання музей быў у цэнтры школьнага жыцця, тут праходзілі шматлікія сустрэчы з ветэранамі, выхаваўчыя мерапрыемствы.

Па словах сённяшняга дырэктара школы Наталлі Шыкінай, з часам экспанатам музея стала цесна ў невялікім школьным пакоі, таму было прынята рашэнне адвесці пад музей больш прасторнае памяшканне. Ідэю падтрымала Ала Смаляк, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Урачыстае адкрыццё абноўленага музея адбылося ў студзені 2024 года з удзелам генеральнага сакратара БАЧК Дзмітрыя Шаўцова.

Залаты фонд

Сёння тут сабрана больш за 600 экспанатаў, палова з іх — сапраўдныя рэчы і дакументы. Ёсць падзякі сёстрам міласэрнасці і патранажным сёстрам Чырвонага Крыжа. Адна з іх выдадзена Лідзіі Кудраўцавай і падпісана генералам П.І.Батавым, пад кіраўніцтвам якога праходзіла вызваленне Лоева, і Героем Савецкага Саюза Аляксеем Марэсьевым.

Прыцягвае ўвагу калекцыя значкоў: донар І, ІІ ступені, ганаровы донар Савецкага Саюза, нагрудны знак прафесара Мікалая Пірагова за заслугі ў дзейнасці грамадскага аб’яднання Чырвонага Крыжа…

Залатым фондам музея па праве можна лічыць шматлікія лісты, якія дасылалі на адрас школы савецкія сёстры міласэрнасці, якія былі ўзнагароджаны медалём Флорэнс Найцінгейл. У кожным — словы падзякі стваральнікам музея за іх імкненне захаваць памяць аб франтавых медыках, а таксама аповед пра той шлях, пакуты і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі ў час вайны. У музеі ёсць форма і набор інструментаў Валянціны Волкавай, якая ў 19 гадоў добраахвотнікам адправілася на фронт, прайшла ўсю вайну і дэмабілізавалася ў 1947 годзе. Марыя Шкарлетава была санінструктарам стралковай роты. У адным з баёў на подступах да Варшавы замяніла забітага кулямётчыка і не падпусціла фашыстаў да параненых байцоў, якіх эвакуіравала з поля бою. За гэты подзвіг яна была ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза.

— Перачытваць гэтыя лісты без слёз немагчыма. Людзі павінны ведаць пра гераізм і мужнасць звычайных дзяўчат. Хіба можа пакінуць абыякавым гісторыя Марыі Афа­насьеўны Гарачук, якая пісала, што яе гімнасцёрка была прамочана крывёю і потам салдат. На брацкай магіле яна паклялася: пакуль будзе жыць, будзе рас­казваць пра мужнасць і подзвіг савецкага народа. І стрымала слова. У мірны час яна прысвяціла сябе гэтаму, сустракалася са школьнікамі Гомеля, прымала іх у піянеры, — расказвае Ірына Рэпіна. — Папаўняецца экспазіцыя і зараз дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню музея з абласной і раённымі арганізацымі Чырвонага Крыжа, з пошукавымі атрадамі. Мы супрацоўнічаем з пошукавым атрадам “Рубеж” з Калінкавіч. Яны перадалі нам у мінулым годзе сумку медсястры часоў вайны. Пошукавы атрад “Гонар ветэрана” са Жлобіна знайшоў шкляныя бу­тэлькі з-пад медыкаментаў тых гадоў, яны таксама зараз у нашым музеі. Гомельскі клуб калекцыянераў “Юнона” дапамагае нам у рэканструкцыі ваеннай вопраткі. Не застаюцца ўбаку і неабыякавыя жыхары горада. На Дзень донара Лілія Уладзіміраўна Гаджыева перадала нам сваю ўзнагароду — нагрудны знак “Ганаровы донар Рэс­публікі Беларусь”.

Праектаў вялікая колькасць

Ірына Рэпіна працуе ў школе 25 гадоў настаўніцай нямецкай мовы. З верасня 2023 года з’яўляецца кіраўніком музея і працягвае актыўна праводзіць работу па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі на аснове прынцыпаў Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. У гэтым годзе стала лепшым валанцёрам па рабоце з дзецьмі на Гомельшчыне.

— Перш за ўсё мая задача — раска­заць дзецям пра мужнасць савецкіх сясцёр міласэрнасці. Падчас экскурсій засяроджваю ўвагу на тым, што, магчыма, адна з іх выратавала іх прадзедаў, таму сёння яны жы­вуць на гэтым свеце. Імкнуся азнаёміць з гісторыяй арганізацыі, растлумачыць сутнасць і шматграннасць дзейнасці Чырвонага Крыжа. У многіх яна часцей за ўсё асацыіруецца з донарствам. На самай справе праектаў вялікая колькасць: дапамога хворым лю­дзям, дзецям, дзецям-сіротам, падтрымка тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі не толькі ў ваенны, але і ў мірны час, — тлумачыць Ірына Аляксандраўна.

На базе музея працуе аб’яднанне па інтарэсах “Юныя экскурсаводы”. Яго ўдзельнікі — пяцікласнікі. Яны вельмі старанна і адказна падыходзяць да заняткаў. Настаў­ніца раздае ім персанальныя заданні па тэме Чырвонага Крыжа. Дзеці рыхтуюцца, а потым адно аднаму расказваюць сабраную інфармацыю. Прыемна адзначыць, што да такой работы актыўна далучаюцца і бацькі дзяцей. А самі навучэнцы пачалі ўжо праяўляць ініцыятыву.

— У гэтым годзе дзеці ў Міжнародны дзень валанцёра самі прапанавалі правесці сустрэчы з навучэнцамі малодшых класаў. Падзяліліся на групы, надзелі камі­зэлькі і пайшлі ў 2 і 3 класы. Прадэманстравалі ім фільм пра Гомельскае аб’яднанне Чырвонага Крыжа, расказалі, хто такія валанцёры, чым яны займаюцца і чаму гэта важна, — расказвае Ірына Аляксандраўна.

Вынікі плённай работы аб’яднання па інтарэсах адзначаны дыпломам ІІ ступені ў абласным конкурсе “Юны экскурсавод”, дыпломам І ступені ў Міжнародным фестывалі школьных музеяў, дыпломам у конкурсе “Панарама педагагічнага вопыту ў школьных музеях”.

Удзельнікаў аб’яднання добра ведаюць і ў горадзе, і ў раёне. Навучэнцы прымаюць удзел у акцыях Чыр­вонага Крыжа. Не пакі­даюць без увагі памятныя даты арганізацыі і гісторыі. На базе школы праходзяць семі­нары абласнога Чырвонага Крыжа.

— Ходзім на экскурсіі ў іншыя школьныя музеі, каб вучыцца ў іншых. Праводзім тэлемасты не толькі з установамі адукацыі вобласці, а і з расійскімі гімназіямі. Так, адбыліся два тэлемасты з гімназістамі Бранска і Санкт-Пецярбурга. Папулярызавалі дзей­насць Чырвонага Крыжа такім жа спосабам з навучэнцамі Асіповіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Уваравіцкай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна, — дзеліцца кіраўнік музея і дадае: — Калі рас­казваю дзецям пра гераізм і муж­насць нашых сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа падчас ваенных канфліктаў, заўсёды ахоплівае пачуццё гордасці за наш народ, за тых людзей, якія аддалі сваё жыццё дзеля іншых. Калі расказваю пра сучасную дзей­насць валанцёраў ЧК, заўсёды падкрэсліваю, што і ў мірны час ёсць месца для подзвігу. З 2009 года дзевяць беларусак узнагароджаны медалём імя Флорэнс Найцінгейл. Адна з іх — Вольга Гейцава з Мазыра. Гэтыя жанчыны не імкнуліся да ўзнагароды, а праяў­лялі міласэрнасць, спачуванне і цярпенне да лю­дзей.

Ірыне Аляксандраўне прыемна назі­раць, як дзеці мяняюцца ў лепшы бок. Па-іншаму пачынаюць адносіцца да іншых і адно да аднаго, з гатоўнасцю адгукаюцца на заклік дапамагчы. Школа стаіць на беразе возера, і кожны год падтопліваецца прыватны сектар, дзе жывуць і навучэнцы. І дзеці ў чырвоных камізэльках прыходзяць на дапа­могу.

Марына ЖДАНАВА