Наталля Кохава: школа прызначана навучыць дзяцей прымяняць атрыманыя веды на карысць Радзімы і чалавека

- 12:01Моя гражданская позиция

Наталля Кохава, дырэктар гімназіі № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава: “Школа прызначана навучыць дзяцей прымяняць атрыманыя веды на карысць Радзімы і чалавека. Гэта маё перакананне і мая грамадзянская пазіцыя”.

Я заўсёды старалася прыносіць карысць грамадству. Так мяне выхоўвалі бацькі: тата, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, абаронца Ленінграда, і маці. Яны ўсё жыццё працавалі на Аршанскім ільнокамбінаце. Так мяне выхоўвалі ў школе, дзе я была камсоргам, у БДУ, куды я паступіла, каб стаць настаўнікам, і дзе была прафсаюзным лідарам курса. Пасля заканчэння ВНУ вярнулася ў родны і любімы горад Оршу, дзе працую ў адным месцы — гімназіі № 1, раней — сярэдняй школе № 19.

За гады незалежнасці нашай Беларусі мой горад змяніўся. Прыгожыя дамы, добраўпарадкаваныя дарогі, зялёныя насаджэнні, скверы, паркі, адноўленыя храмы, нанава ўзведзеныя будынкі музея К.С.Заслонава — усё гэта стварае аблічча сучаснага горада, у якім хочацца жыць і працаваць.

Разам з нашай краінай мянялася і сістэма адукацыі. З’явіліся гімназіі, ліцэі. Пастаянна ўдасканальваюцца вучэбныя планы. У 90-я гады ў нашай установе былі адкрыты класы агульнаэстэтычнай накіраванасці, профільныя класы. Гэтыя напрамкі мы захоўваем і развіваем. З’явілася магчымасць удзельнічаць у інавацыйных праектах, каб дынамічна развівацца. Усё гэта і вызначыла лёс нашай школы: яна стала гімназіяй.

“Навучаючы, выхоўвай!” — прынцып, на якім будуецца адукацыйны працэс нашай установы. З 2001 года мы супрацоўнічаем з Аршанскім ГРАНС: разам стваралі класы дапрафесійнай падрыхтоўкі будучых ратавальнікаў-пажарных. Цяпер гэта ваенна-патрыятычныя групы і ваенна-патрыятычны клуб “Памяць”. За гэтыя гады больш за 100 выпускнікоў звязалі сваё жыццё з абаронай Айчыны: ратуюць людзей, абараняюць межы нашай Радзімы як на зямлі, так і ў небе. Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, створаны на базе гімназіі, дае магчы­масць прыцягнуць да гэтага напрамку работы навучэнцаў іншых устаноў адукацыі. А штогадовы ўдзел каманды гімназіі ў грамадзянска-патрыятычнай змене НДЦ “Зубраня” “За гонар Айчыны!” у рамках мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы выхоўвае гордасць за краіну, у якой мы жывём.

Як кіраўнік я бачу падтрымку дзяржавы ва ўмацаванні матэ­рыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі. Камп’ютары, ноўтбукі, мабільны клас, інтэрактыўныя дошкі, мультыборды, праграмнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу — гэта ўсё, што дазваляе даваць якасныя веды навучэнцам, арыентаваць іх на выбар прафесій, якія прыно­сяць карысць людзям і грамадству, у групах педагагічнай і інжынернай накіраванасці.

Я глыбока пераканана, што будучых грамадзян фарміруе тое асяроддзе, у якім яны жывуць. І мы імкнёмся кожны дзень паказваць дзецям станоўчыя прыклады і далучаць да важных спраў. Напярэдадні вялікага свята Перамогі навучэнцы, педагогі, баць­кі, жыхары мікрараёна, дзе знахо­дзіцца ўстанова адукацыі, паўдзельнічалі ў міжнароднай акцыі “Праспяваем “Кацюшу” ра­зам!”. Гэтае маштабнае мерапрыемства паказала наша адзінства і згуртаванасць. Не застаёмся ў баку і ад добрых навагодніх традыцый. Разам з іншымі беларусамі стараемся падарыць ра­дасць і душэўную цеплыню дзецям і пажылым людзям падчас даб­рачынных акцый.

Наш народ памятае сваю гісторыю, ганарыцца сваёй сучаснасцю, будуе мірную будучыню, якую мы павінны перадаць нашым дзецям.

Фота Ігара ГРЭЧКІ