“Імкнёмся з малых гадоў нацэльваць дзяцей на тое, што любая дзейнасць павінна прыносіць грамадству карысць. З такой неабыякавасці і пачынаецца актыўная грамадзянская пазіцыя”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Наталля Баўфалік.
— Педагог працуе з самай далікатнай матэрыяй — сэрцам маленькага чалавека. І актыўная грамадзянская пазіцыя дарослага — найважнейшы ўрок для маленькіх беларусаў.
Галоўным складнікам грамадзянскай пазіцыі лічу жаданне прыносіць карысць грамадству. Калі працаваць менавіта з такім пасылам, то з вынікаў гэтай работы і складаецца працэс паступовага развіцця кожнага кутка Беларусі, дарагога і любага мне Свіслацкага краю.
За гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь наш невялікі і ўтульны горад вельмі змяніўся, а дзякуючы ў тым ліку яскраваму брэндаваму мерапрыемству “Бацькава булка”, набыў гучнасць нават рэспубліканскага значэння. І імідж, і існуючая інфраструктура толькі спрыяюць таму, што ў нашым горадзе хочацца жыць і працаваць, у тым ліку моладзі.
У кожнай справе складаю планы і стаўлю мэты, штораз паўтараючы пытанне “Якая ў гэтым карысць не толькі для мяне асабіста, але і для тых, хто ідзе поруч, для роднага краю, Беларусі?”. Засяроджваю на гэтым і ўвагу сваіх калег.
У нашай установе адукацыі імкнёмся даць магчымасць кожнаму настаўніку рэалізаваць свой патэнцыял. Размова не толькі аб вучнёўскіх перамогах у алімпіядах па вучэбных прадметах. Мы гаворым і пра грамадскую дзейнасць, цікавую арганізацыю адукацыйнай прасторы і многае іншае. Нашы педагогі — актыўныя ўдзельнікі многіх фестываляў і конкурсаў як прафесійнага, так і творчага майстэрства. Ва ўстанове ёсць узорны калектыў. Гэта вакальны ансамбль “Росквіт”, які ў гэтым навучальным годзе паспяхова прадэманстраваў сваё майстэрства на рэспубліканскім узроўні — стаў уладальнікам гран-пры ў адкрытым рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Адзінства”.
Увогуле, “адзінства” — слова, якое заўсёды аб’ядноўвала наш калектыў у моцную каманду. Нашы педагогі актыўна далучаюцца да раённых мерапрыемстваў і акцый, бо дакладна разумеюць іх важнасць. Упэўнена, што заўважаюць і адпаведным чынам ацэньваюць гэта і нашы вучні.
Усім вядома, што лепшы прыклад — уласны. Аднолькава актуальны гэты адукацыйны прынцып як унутры кожнай асобна ўзятай сям’і, так і ўнутры вялікага школьнага калектыву. На працягу многіх гадоў нашы вучні — актыўныя ўдзельнікі акцыі “Помнік” па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў. З 2017 года ў нас фарміруюцца групы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, і колькасць жадаючых трапіць у іх штогод расце. Дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Рубеж”, члены якога летась сталі пераможцамі адкрытай рэгіянальнай прававой алімпіяды “Кадэцкі легіён — 2024”. Як пераможцы гэтага спаборніцтва вясной будзем прымаць каманды з усёй вобласці ўжо на сваіх пляцоўках.
Такім сустрэчам заўсёды рада наша творчая каманда педагогаў, у склад якой уваходзяць 75 педагагічных работнікаў. У 2024 годзе школа занесена на раённую Дошку гонару. На базе ўстановы рэгулярна праходзяць раённыя метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-прадметнікаў. Школа з’яўляецца апорнай у раёне па інтэграваным навучанні і выхаванні. У нас адкрыты інтэграваныя класы, 14 дзяцей навучаюцца дома, у тым ліку па праграмах спецыяльнай адукацыі. Дэвіз нашай установы — “Школа для ўсіх і для кожнага”. Актыўна прапрацоўваецца пытанне пабудовы на тэрыторыі школы басейна. Гэта дапаможа нам стаць пляцоўкай, якая яшчэ больш аб’яднае не толькі педагогаў і навучэнцаў, але і ўсіх жыхароў Свіслацкага раёна. Вялікія планы ў нас і па добраўпарадкаванні спартыўных пляцовак.
Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, прычым значная частка нашага педкалектыву скончыла менавіта 2-ю свіслацкую школу. Такія прыклады можна прыводзіць школьнікам як урок любові да сваёй малой радзімы. І мы актыўна гэта робім. Быць карысным там, дзе нарадзіўся, — важны прыклад актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Тым больш калі размова ідзе аб педагогах.
Настаўнік ва ўсе часы быў правадніком сапраўднай маральнасці, патрыятызму, грамадзянскасці. А сёння, у век інфармацыйнай бязмежнасці, гэтай ролі справядліва адведзена асаблівае значэнне. Упэўнена, што педагогі нашай установы з’яўляюцца не проста праваднікамі ў свет ведаў, але і прыкладам больш чым для 620 школьнікаў. Для кожнага дзіцяці акрэсліваем магчымасці рэалізацыі сябе. Толькі на базе 11-х класаў у нас ёсць групы педагагічнай і аграрнай накіраванасці, сфарміраваны інжынерны клас. А выпускнікі агульнаадукацыйнага класа разам з атэстатам аб заканчэнні школы будуць трымаць у руках і першы дакумент прафесіянала — пасведчанне аб атрыманні рабочай прафесіі швачкі або трактарыста.
Імкнёмся з малых гадоў нацэльваць дзяцей на тое, што любая дзейнасць павінна прыносіць грамадству карысць. З такой неабыякавасці і пачынаецца актыўная грамадзянская пазіцыя. А гэта не толькі права кожнага чалавека, але і абавязак. Як і абавязак аддаць свой голас падчас важнай электаральнай кампаніі. Для сябе даўно вырашыла, што буду галасаваць за моцную і квітнеючую Беларусь, дзе шануюць педагога і паважаюць чалавека працы. Кожнага чалавека!
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара